Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2017
Высновы:
- у кастрычніку ўлады ў цэлым працягвалі палітыку рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека зафіксавана не было;
- 2 кастрычніка з СІЗА № 1 г. Мінска ў сувязі са зменай меры стрымання быў вызвалены бухгалтар і старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза РЭП Ігар Комлік, які 2 жніўня быў змешчаны пад варту ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Раней беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі І. Комліка палітычным вязнем і запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення;
- у месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітры Паліенка;
- 23 кастрычніка ПЦ "Вясна" стала вядома, што суд аб пераводзе палітвязня Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым утрымання не адбудзецца ў сувязі з тым, што «адпалі прычыны» для яго правядзення;
- нягледзячы на тое, што дэманстрацыя 21 кастрычніка і пікет 29 кастрычніка ў Мінску, арганізаваныя прадстаўнікамі некаторых апазіцыйных сіл, прайшлі без сілавога ўмяшання з боку праваахоўных органаў, шэраг актывістаў і лідараў апазіцыі былі прыцягнутыя да адміністрацыйных арыштаў, таксама былі зафіксаваныя адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў напярэдадні заяўленых мерапрыемстваў у розных гарадах краіны;
- шырока анансаваныя уладай змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” і ўвядзенне заяўнага прынцыпу правядзення некаторых статычных відаў масавых мерапрыемстваў (пікетаў, сходаў, мітынгаў) у спецыяльна адведзеных рашэннямі мясцовых органаў выканаўчай улады месцах істотна не палепшылі сітуацыю з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў;
- на працягу месяца былі адзначаны факты затрыманняў і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці праваабаронцаў ПЦ "Вясна" ў розных рэгіёнах краіны;
- 19-21 кастрычніка ў г. Вільні (Літоўская Рэспубліка) адбыўся IV Беларускі праваабарончы форум, падчас працы якога была прынятая Рэзалюцыя «Аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
Бухгалтара Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і старшыню Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза Ігара Комліка вечарам 2 кастрычніка вызвалілі з СІЗА № 1 г. Мінска ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Пад вартай палітвязень правёў два месяцы. Ён распавёў, што ўвесь гэты час адмаўляўся даваць паказанні следству.
Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
3 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні Ігара Комліка палітычным зняволеным, у якой адзначылі палітычны матыў гэтай крымінальнай справы і запатрабавалі спынення пераследу яго фігурантаў і неадкладнага вызвалення Ігара Комліка.
Як стала вядома ПЦ "Вясна", пасля месячнага ўтрымання ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), якое завяршылася 4 кастрычніка, палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымаў яшчэ два дысцыплінарныя спагнанні — кожнае па 10 сутак — у ШІЗА. Адміністрацыяй калоніі было пастаўлена пытанне аб замене рэжыму адбыцця пакарання на больш строгі — пераводзе М. Жамчужнага на турэмны рэжым.
10 кастрычніка М. Жамчужнага даставілі ў памяшканне калоніі, дзе праходзіла пасяджэнне выязнога суда Горацкага р-на. Тое, што ў той дзень павінен адбыцца судовы працэс па пераводзе яго ў турму, Жамчужны даведаўся толькі на месцы. Палітвязень адмовіўся ўдзельнічаць у судзе і запатрабаваў забяспечыць яму абарону. Міхаілу Жамчужнаму прапанавалі скарыстацца паслугамі мясцовага адваката, але ён адмовіўся і запатрабаваў удзелу ў працэсе адваката, з якім у палітвязня заключана дамова. Пасля гэтага яго вярнулі ў камеру.
24 кастрычніка быў прызначаны чарговы судовы працэс па пераводзе палітвязня Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зняволення.
Пасля таго, як стала вядома дата суда над Міхаілам Жамчужным, праваабаронцы ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Павел Сапелка звярнуліся ў суд Горацкага раёна з просьбай аб забеспячэнні магчымасці іх прысутнасці ў судовым пасяджэнні.
У верасні кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі звяртаўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па забеспячэнню Міхаілу Жамчужнаму тых умоваў адбыцця пакарання, пры якіх яму б гарантавалася бяспека і захаванне асноўных правоў і свабодаў.
23 кастрычніка Праваабарончы цэнтр "Вясна" атрымаў інфармацыю, што суд не адбудзецца, паколькі «адпалі падставы» для яго правядзення.
Ціск на праваабаронцаў
30 кастрычніка суддзя Баранавіцкага суда Аксана Копач вынесла рашэнне па справе супраць праваабаронцы з Баранавічаў Аляксандра Вайцешыка, якога абвінавацілі ў абразе і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. У выніку праваабаронца аштрафаваны на 30 базавых велічынь за абразу супрацоўніка міліцыі (арт. 23.5 КаАП) і на 10 базавых велічынь за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтаў (арт. 23.4 КаАП), што ў агульнай складанасці склала 920 рублёў.
Першы раз Аляксандр Вайцешык быў затрыманы 11 кастрычніка падчас суда над расійскім філосафам Пятром Рабавым. Яго даставілі ў мясцовы ГУУС, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях — па арт. 23.5 КаАП "Абраза супрацоўніка міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў" і 23.4 КаАП "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў". На наступны дзень павінен быў адбыцца суд, аднак пасяджэнне перанеслі на 17 кастрычніка, паколькі Вайцешык запатрабаваў паслугі абаронцы. Другі раз праваабаронцу затрымалі 16 кастрычніка, напярэдадні суду, калі той спрабаваў сфатаграфаваць дэпартуемага з Беларусі Пятра Рабава на баранавіцкім вакзале. На Вайцешыка быў складзены яшчэ адзін пратакол па арт. 23.4 КаАП. Ноч да суда праваабаронца правёў у ізалятары.
Падчас першага пасяджэння, суддзя аб'яднала ўсе тры пратаколы ў адну справу. Затым суд два разы пераносіўся. 30 кастрычніка былі дапытаныя апошнія сведкі і прынята канчатковае рашэнне. Аляксандр Вайцешык быў аштрафаваны па першых двух пратаколах, складзеных 11 кастрычніка, а па трэцім, за 16 кастрычніка, апраўданы з-за "малазначнасці правапарушэння".
10 кастрычніка гродзенскія праваабаронцы Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель, Эдвард Дмухоўскі і Віктар Сазонаў падчас "Тыдня супраць смяротнага пакарання" наведалі людныя месцы горада і раздалі гараджанам тысячу буклетаў "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання".
18 кастрычніка усім праваабаронцам патэлефанаваў прадстаўнік Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка і паведаміў, што па факце раздачы ўлётак ідзе службовая міліцэйская праверка. Праваабаронцы У. Хільмановіч і В. Сазонаў былі выкліканы ў РУУС, дзе ў іх былі ўзятыя тлумачэнні. Пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на дадзены момант не складаліся.
Актывістку валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Анісію Казлюк, якая ўвечары 22 кастрычніка вярталася з Вільні, беларускія памежнікі затрымалі для надгляду рэчаў. Актывістка вярталася ў Беларусь аўтобусам пасля ўдзелу ў працы IV Беларускага праваабарончага форуму і была падвергнутая асабістаму агляду. Падчас агляду былі ўважліва правераны ўсе асабістыя рэчы, канфіскаваная кніга Алеся Бяляцкага. Праз некаторы час быў складзены акт агляду, кнігу Алеся Бяляцкага вярнулі, зрабіўшы копію вокладкі.
Парушэнне свабоды асацыяцыяў
4 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі Сацыяльна-хрысціянскага руху.
Дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст кіраўнік руху Вольга Кавалькова і яе намеснік Максім Гацак падалі ў канцы чэрвеня. Але Мінюст знайшоў ва статутных дакументах два парушэнні: памылка ў імені па бацьку адной з удзельніц ўстаноўчага сходу і тое, што ў спісе кіраўніцтва грамадскага аб'яднання сем кіраўнікоў пазначаныя як сябры савета. У міністэрстве палічылі, што Вольга Кавалькова павінна была быць пазначаная не як сябра савета, а як старшыня.
Варта адзначыць, што ў папярэдні раз заснавальнікі падавалі ў Мінюст гэтыя ж дакументы і тады ніякіх заўваг у рэгіструючага органа не было. Падставай да адмовы ў рэгістрацыі аб'яднання ў мінулы раз стала тое, што ў дакументах не быў пазначаны нумар кабінета, арандаванага заснавальнікамі для размяшчэння юрыдычнага адрасу.
Дадзеныя падставы да адмовы ў рэгістрацыі аб'яднання ніякім чынам не звязаны з дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцыяў, усталяванымі арт. 22 МПГПП. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе парадак рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, робіць магчымым выбіральнасць падыходу дзяржаўных рэгіструючых органаў пры прыняцці рашэнняў аб рэгістрацыі або адмовы ў рэгістрацыі таго ці іншага грамадскага аб'яднання.
Па тых жа недапушчальным падставах у Віцебску ўпраўленне юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі гісторыка-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Хайсы». Чыноўнікі прычапіліся да дробных недахопаў пададзеных на рэгістрацыю дакументаў.
Парушэнне права на мірныя сходы, свабоды выказвання меркаванняў
Права грамадзян на мірныя сходы па-ранейшаму адвольна абмяжоўваецца; парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах цягне адміністрацыйную адказнасць. У практыку судоў зноў грунтоўна ўвайшлі адміністрацыйныя арышты, якімі суддзі караюць грамадскіх актывістаў і палітыкаў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" падкрэслівае, што грамадзяне, прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту за ажыццяўленне сваіх асноўных правоў і свабод, на перыяд адбыцця гэтага спагнання з'яўляюцца палітычнымі вязнямі, якія падлягаюць неадкладнаму вызваленню і рэабілітацыі.
2 і 3 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска праходзіў разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў акцыі пратэсту супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017». Мітынг і шэсце былі прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы і прайшлі 8 верасня ў сталіцы.
Зміцер Кавалгін, Алена Тоўстая, Аляксандр Абрамовіч былі пакараныя буйнымі штрафамі. Павел Севярынец, Андрэй Шарэнда, Наталля Папкова падвергнуты адміністрацыйным арыштам тэрмінам да 15 сутак.
16 і 17 кастрычніка суды разгледзелі адміністрацыйныя справы актывістаў "Моладзі БНФ", якія ўдзельнічалі ў раздачы стужачак з нацыянальным арнаментам у Мінску 25 верасня, а таксама ўдзельнікаў акцыі 1 верасня ў Слуцку, якая была прымеркавана да Дня ведаў. Дзяніс Мандзік і Кацярына Шуст, Багдан Сакалоў у Мінску, Аліна Нагорная і Антон Лагвінец у Слуцку былі аштрафаваныя на 20-25 базавых велічынь. Алесь Пушкін атрымаў штраф у 5 базавых велічынь, Алесь Лагвінец — 50 базавых велічынь.
19 кастрычніка ў Чыгуначным судзе Гомеля за ініцыятыву салідарнасці гамяльчан з незалежнай журналісткай Ларысай Шчыраковай Барыса Анікеева, Уладзіміра Няпомняшчых і Віктара Рубцова арыштавалі на 5 сутак, саму Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 575 рублёў за таблічку на шыі з надпісам «Я — нячэсны журналіст».
У святле тэндэнцыі да ўзмацнення жорсткасці пакарання за ўдзел у мірных сходах паказальны выпадак лідара руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка: за ўдзел у акцыі пратэсту супраць ваенных вучэнняў «Захад-2017», якая адбылася 8 верасня, ён быў пакараны штрафам у памеры 45 базавых велічынь (1 035 руб). Раённая пракуратура вынесла пратэст з прычыны мяккасці спагнання і хадайнічала аб пераглядзе справы. Мінскі гарадскі суд 11 кастрычніка пастанавіў накіраваць справу на новы разгляд, і 16 кастрычніка актывіст быў пакараны адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 5 сутак.
Палітык Мікалай Статкевіч, які атрымаў за гэтую ж акцыю адміністрацыйны арышт тэрмінам на 5 сутак, затрыманы і адпраўлены адбываць спагнанне толькі 30 кастрычніка. Інфаграфіка па выніках разгляду пратаколаў за акцыю 8 верасня ад валанцёраў "Вясны" тут.
«Маршу абураных беларусаў 2.0», які прайшоў 21 кастрычніка, папярэднічалі масавыя прэвентыўныя адвольныя затрыманні актывістаў у рэгіёнах.
30 кастрычніка суддзя суда Мінскага раёна Аляксей Крапачоў разгледзеў справу актывіста Дзмітрыя Сільчанкі па ч. 3 арт. 23.34 КаАП і за ўдзел у акцыі "Марш абураных беларусаў 2.0" 21 кастрычніка прызначыў спагнанне ў выглядзе штрафу, памер якога склаў 50 базавых велічынь.
Па-ранейшаму ўладамі адвольна абмяжоўваюцца спробы правесці мірныя сходы і шэсці ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам: заяўленую Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў дэманстрацыю у Сусветны дзень барацьбы за годную працу 7 кастрычніка па маршруце ад кінатэатра "Кастрычнік" да плошчы Бангалор ўлады Мінска прапанавалі замяніць мітынгам у парку Дружбы народаў, парку 50-годдзя Кастрычніка або ў Кіеўскім скверы. Такім чынам, гарвыканкам змяніў месца і фармат акцыі без дастатковых падставаў; прафсаюзы адмовіліся праводзіць мерапрыемства ва ўсечаным фармаце.
Улады пераследуюць нават сходы ў памяшканнях: 9 кастрычніка ў гродзенскі "Цэнтр гарадскога жыцця" падчас лекцыі расійскага гісторыка, філосафа і даследчыка анархізму Пятра Рабава брутальна ўварвалася міліцыя і затрымала каля дваццаці чалавек, у тым ліку і лектара. Удзельнікаў мерапрыемства даставілі ў РУУС, а ў памяшканні Цэнтра правялі ператрус.
На наступны дзень навуковец быў затрыманы ў Баранавічах і па сфабрыкаваным матэрыяле пакараны адміністрацыйным арыштам за дробнае хуліганства. П. Рабаў абвясціў галадоўку. Пасля адбыцця арышту ён быў высланы з Беларусі з забаронай на ўезд тэрмінам на 10 гадоў.
14 кастрычніка міліцыя ўварвалася ў прастору «210 METROV», дзе праходзіў канцэрт "Minsk Edge Day 2017". Нягледзячы на падкрэслена мірныя ідэі, якія прапагандавалі канцэртам арганізатары, удзельнікі былі адвольна затрыманыя; ніхто з затрыманых да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягнуты, аднак адзначаны выпадкі жорсткага абыходжання з затрыманымі.
Гарвыканкам не дазволіў нацыянал-бальшавікам правесці пікет у абарону свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў; мерапрыемства планавалася правесці 29 кастрычніка на плошчы Свабоды ў Мінску.
Забаронены таксама пікет каля Міністэрства абароны, які збіраліся арганізаваць актывісты Сацыяльна-хрысціянскага руху і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч накіраваў у гарадскі выканаўчы камітэт заяўку на правядзенне 30 кастрычніка пікету на цэнтральнай плошчы горада насупраць будынка Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Падставай для гэтага стала трагічная гібель салдата ў вайсковай частцы пад Барысавам. Гарвыканкам адмовіў у дазволе на пікет. Нягледзячы на гэта, 30 кастрычніка праваабаронца разам з грамадскім актывістам Алесем Абрамовічам выйшлі на гарадскую плошчу з плакатам, праз 15 хвілін яны былі затрыманыя і ў той жа дзень суддзёй Сяргеем Герасімовічам пакараныя буйнымі штрафамі.
Ціск на адвакатаў
Суд Маскоўскага раёна г. Мінска адмовіў Ганне Бахціной, пазбаўленай без дастатковых падставаў адвакацкай ліцэнзіі, у задавальненні скаргі на адпаведнае рашэнне. У ходзе пасяджэння суда Г. Бахціна даведалася, што напярэдадні разгляду скаргі ў судзе савет калегіі адвакатаў завочна, без апавяшчэння адваката прыняў рашэнне аб яе выключэньні з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
Камісія па правах чалавека пры Вышэйшым адвакацкім савеце Польшчы звярнулася да ўладаў Беларусі, выказаўшы занепакоенасць сітуацыяй з беларускімі адвакатамі, у дачыненні да якіх Міністэрства юстыцыі праводзіць пераатэстацыю.
Раней Праваабарончы цэнтр "Вясна" накіраваў зварот да міжнароднай адвакацкай супольнасці, у якім паведаміў пра ціск на адвакатаў у Беларусі і заклікаў праявіць салідарнасць з калегамі.
Шэраг праваабарончых арганізацый выступіў з заявай, у якой яны заклікалі ўлады Беларусі неадкладна спыніць умяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры і забяспечыць яе незалежнасць на заканадаўчым узроўні шляхам ўнясення адпаведных змяненняў у дзеючае заканадаўства; спыніць ціск на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных справаў і справаў, звязаных з адстойваннем правоў чалавека; адмяніць адпаведнае рашэнне кваліфікацыйнай камісіі Мінюста, якое з'яўляецца перашкодай у ажыццяўленні прафесійнай адвакацкай дзейнасці Ганны Бахціной.
Пераслед журналістаў
3 кастрычніка журналісты Зміцер Краўчук і Любоў Лунёва пакараныя штрафамі па 690 рублёў па арт. 22.9 КаАП за супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам «Белсат».
20 кастрычніка такім жа штрафам за супрацоўніцтва з «Белсатам» пакараная таксама Валерыя Уласік.
30 кастрычніка суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла Вользе Чайчыц і Андрэю Козелу, журналістам, чые сюжэты былі паказаны на «Белсаце», штрафы па 45 базавых велічынь, Аляксандру Баразенку і Ганне Аземша — па 25 базавых велічынь.