viasna on patreon

За 2024-ы — 40,5% "экстрэмісцкіх" рашэнняў за ўвесь час. Распавядаем, як і што ў мінулым годзе прызнавалі "экстрэмісцкім"

2025 2025-01-03T15:47:00+0300 2025-01-03T18:28:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/materialyi_extremism_illustration.jpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За 2024 год беларускія суды прынялі ажно 1444 рашэнні аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі, сімволікі, атрыбутыкі, друкаваных і кніжных выданняў "экстрэмісцкімі матэрыяламі", што складае 40,5% ад агульнай колькасці рашэнняў з 2008 года. Рэжым Лукашэнкі прызнае "экстрэмісцкімі" сайты і сацсеткі незалежных медыя, буйныя тэлеграм-каналы,розныя суполкі, у якіх людзі аб'ядноўваюцца па розных тэмах, як у Беларусі, так і за яе межамі, кнігі, кліпы, песні, а таксама асабістыя старонкі ў сацсетках інфлюенсераў_к, звычайных грамадзян. "Вясна" распавядае, як у 2024 годзе беларускія суды шчыравалі рашэннямі аб прызнанні матэрыялаў "экстрэмісцкімі" і пастановамі аб прыцягненні да адказнасці за іх распаўсюд, а таксама ўзгадвае, якая інфармацыйная прадукцыя атрымлівала "экстрэмісцкі" статус.

Колькі працэсаў было праведзена па прызнанню матэрыялаў "экстрэмісцкімі"?

За 2024 год судамі Беларусі было прынята 1444 рашэнні па прызнанні інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкай". Агулам за ўвесь час з 2008-га года было прынята 3567 такіх рашэнняў. Такім чынам, толькі за мінулы год было прынята 40,5% ад агульнай колькасці рашэнняў з 2008 года. Для параўнання: у 2023 годзе суды прынялі 888 рашэнняў аб прызнанні матэрыялаў "экстрэмісцкімі", а ў 2022 годзе — 637. Адным рашэннем можа прызнавацца некалькі інфармацыйных прадукцый. Так, па стане на 1 лістапада 2024 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесена 6565 пазіцый.

Судамі Міншчыны было прынята ў 2024 годзе 716 рашэнняў, Берасцейшчыны — 246, Гомельшчыны — 121.

Заяву аб прызнанні сімволікі і атрыбутыкі (за выключэннем нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі), інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі падаецца ў суд суб'ектам супрацьдзеяння экстрэмізму або пракурорам, а той разглядае яе ў парадку асаблівай вытворчасці. Працэсы адбываюцца ў закрытым рэжыме, а змест матэрыялаў і прычыны прызнання не раскрываюцца. Са "Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў" вядома, што за мінулы год тры рашэнні былі адмененыя.

З Юрыдычнай службай "Вясны" мы тлумачылі, як у Беларусі прызнаюць матэрыялы "экстрэмісцкімі":

"Канвеер несхаванай цэнзуры". Тлумачым, як у Беларусі прызнаюць матэрыялы "экстрэмісцкімі"

У якім парадку прызнаюцца матэрыялы "экстрэмісцкімі"? Як праходзяць суды? Ці можна абскардзіць такое рашэнне?

Першы працэс у мінулым годзе аб прызнанні матэрыялаў "экстрэмісцкімі" прайшоў 3 студзеня 2024 года. Тады суд Цэнтральнага раёна прызнаў "экстрэмісцкай" суполку "ВКонтакте" "luka.zone".

Пераслед за "экстрэмісцкія матэрыялы"

Паводле арт. 19.11 КаАП за рэпосты, перасылы ў асабістыя паведамленні, падпіскі ў некаторых сацсетках,матэрыялаў, якія ўнесены ў "рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Артыкул 19.11. Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць

1. Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць, а роўна выраб, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі –

цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 50 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а на юрыдычную асобу – ад 50 да 200 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

2. Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі –

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прыладаў і сродкаў здзяйснення названага парушэння або без канфіскацыі такіх прыладаў і сродкаў, або грамадскія працы з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прыладаў і сродкаў здзяйснення названага парушэння або без канфіскацыі такіх прыладаў і сродкаў, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прыладаў і сродкаў здзяйснення названага, на індывідуальнага прадпрымальніка – накладанне штрафу ў памеры ад 50 да 100 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення названага парушэння або без канфіскацыі такіх прыладаў і сродкаў, а на юрыдычную асобу – ад 100 да 500 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення названага парушэння або без канфіскацыі такіх прыладаў і сродкаў.

Паводле інфармацыі "Вясны" за 2024 год агулам да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП было прыцягнута не меней за 2000 чалавек. Гэта лічба няпоўная і можа быць значна большай, бо рэжым усё старанней хавае рэпрэсіі ў краіне. 

Так выглядае прыкладная мапа пераследу паводле арт. 19.11 КаАП у 2024 годзе:

Вясной 2023 года праваабаронцы "Вясны" падрыхтавалі даклад "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам", дзе таксама ўзнялі тэму пераследу за "экстрэмісцкія матэрыялы".

"Абвінавачванні паводле арт. 19.11 КаАП зрабіліся ўніверсальным інструментам адвольных рэпрэсій, у тым ліку ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які нярэдка ўжываецца некалькі разоў запар за, напрыклад, некалькі выяўленых матэрыялаў у сацыяльных сетках. Акрамя таго, судамі паўсюдна ўжываецца прыцягненне да адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП у дачыненні да інфармацыйных матэрыялаў, якія захоўваюцца і не дэманструюцца публічна, і прызнаныя экстрэмісцкімі. Прыкмета "з мэтай распаўсюду" інкрымінуецца тады без аб'ектыўных падставаў, што дадае адвольнасці такім абмежаванням,адзначылі юрысты.

Чытаць даклад цалкам

Праваабаронцы ўзгадваюць, што ў 2024 годзе прызнавалі "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Верш Янкі Купалы "Хто ты гэткі?"

26 студзеня суд прызнаў тэкст і кліп гурта "Ляпіс Трубяцкі" "Не быць скотам" "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Нюанс у тым, што тэкст гэтай песні — гэта верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы "Хто ты гэткі?". Ён быў упершыню апублікаваны 1 лютага 1908 года у газеце "Наша Ніва".

Больш за дзесяць кніг

28 сакавіка "экстрэмісцкай" прызналі кнігу «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхора. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска. У 2021-ым годзе Мінкульт загадаў канфіскаваць з бібліятэк гэтую кнігу. Тады ведамства аргументавала гэта тым, што ў ёй «утрымліваецца недакладная інфармацыя, якая змяшчае элементы прапаганды антыдзяржаўнай накіраванасці».

20 чэрвеня былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» тры кнігі палітзняволенага палітыка Паўла Севярынца, асуджанага да сямі гадоў калоніі. Гаворка пра кнігі «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі», «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска.

27 жніўня ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" патрапілі тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава: "Адысея палешука", "Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах", "На "мяжы цывілізацый". Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі". Самога ж аўтара гісторыка Ігара Мельнікава ў верасні асудзілі да чатырох гадоў калоніі за інтэрв’ю "Еўрарадыё" паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці).

Прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча за два гады прызнавалі «экстрэмісцкай» два разы. Двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» у лістападзе 2023 году судом Жыткавіцкага раёну. Пазней рашэнне раённага суда адмяніў прэзідыум Гомельскага абласнога суда 11 сакавіка 2024 года. Але 24 траўня 2024 года той жа суд Жыткавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прадмову Язэпа Янушкевіча да збора твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

У траўні па заяве пракуратуры горада Мінска інфармацыйная прадукцыя друкаваных выданняў «Выбраныя творы» Вацлаў Ластоўскі (1997 год) і «Выбраныя творы» Алесь Петрашкевіч (2017 год), выдадзеныя ў рамках праекта «Беларускі кнігазбор», былі прызнаныя судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А 14 кастрычніка суд Баранавічскага раёну і Баранавічаў прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага («Беларускi кнiгазбор», 1997, 512 старонак).

17 снежня ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» кнігу пра расійскага палітычнага дзеяча Барыса Нямцова — "Преемник. История Бориса Немцова и страны, в которой он не стал президентом / Михаил Фишман". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска.

Песні і кліпы 

Напрыканцы студзеня мінулага года «экстрэмісцкімі» сталі відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта Ляпіс Трубяцкі. Таксама ў спіс дадалі тэкст песні «Не жадаю», яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора; тэкст песні «Лукашенко», яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора; тэкст песні «Уходи», яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора. Такое рашэнне прыняў суд Барысаўскага раёна.

21 лютага "экстрэмісцкай" была прызная песня "10 миллионов рабов" гурта "Дай Дарогу". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Гомельскага раёна. А праз пяць месяцаў — 24 чэрвеня — па заяве пракурора Бешанковіцкага раёна інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала «Дай Дарогу!» прызнаная судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На афіцыйны YouTube-канал гурта «Дай Дарогу!» былі падпісаныя на той момант амаль 25 тысяч чалавек.

22 красавіка "экстрэмісцкай" прызналі песню спевака AP$ENT "Песенку весёлого белоруса". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Гомельскага раёна. Песня выйшла ў чэрвені 2020-га году і на той момант мела больш за 500 000 праслухоўванняў толькі на афіцыйнай Youtube-старонцы спевака.

6 жніўня суд Ленінскага раёну Магілёва "экстрэмісцкім" быў прызнаны кліп на верш "На Родине моей беда" беларускага паэта Аляксандра Баля.

Асабістыя старонкі ў сацсетках былых палітзняволеных, інфлюенсераў_к

Агулам у 2024 годзе "экстрэмісцкімі" было прызнана 348 старонак у Instagram i 61 — у Х. Гэта сацыяльныя сеткі розных ініцыятываў, медыя, суполкі, а таксама асабістыя старонкі, як беларусаў, так і замежнікаў. Падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі яшчэ больш пачалі прызнаваць "экстрэмісцкімі" старонкі ў сацсетках былых палітзняволеных і інфлюенсераў_к.

Так, старонкі ў Instagram, сярод іншых, былых палітзняволеных Вольгі ГарбуновайAлaны Гебрэмaрыям, Сяргея Пятрухіна, Аляксандра КабанаваАлега Барадзіна. Таксама "экстрэмісцкім" прызнаны TikTok Вольгі Такарчук.

"Экстрэмісцкай" прызналі instagram-старонку палітвязня Уладзіслава Савіна, які знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тры гады. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці 12 ліпеня. На старонку падпісаныя больш за 5300 чалавек, на ёй размешчаны асабістыя фотаздымкі Уладзіслава, у тым ліку з пратэстаў, а таксама вершы палітвязня.

Уладзіслаў — прадзюсар і блогер. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і арганізацыю пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram, а таксама ў тым, што ў 2015-2016 годзе ён, паабяцаўшы больш за 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забяспечыў ім гэтага. За гэта яму прызначылі восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

27 лістапада прызналі "экстрэмісцкай" Instagram-старонку былога палітвязня і блогера з Гродна Вадзіма ЕрмашукаАдпаведнае рашэнне ў судзе Ленінскага раёну Гродна прыняў суддзя Артур Лешык. Пры гэтым, да пачатку судовага працэсу блогер выдаліў сваю старонку і пакінуў Беларусь. Палітзняволены блогер выйшаў на волю 29 чэрвеня, цалкам адбыўшы тэрмін. Яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі за «абразу дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК) і «абразу Лукашэнкі» (арт. 368 КК). 

У 2024 годзе "экстрэмісцкімі" былі прызнаныя старонкі ў Instagram, сярод іншых, праваабаронцы Андрэя Стрыжака,адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай, медыяменеджера Алеся Чахоўскага, мастака Уладзіміра Цэслера, акторкі Крысціны Дробыш, спявачкі Светы Бень.

TikTok

У 2024 годзе "экстрэмісцкімі" беларускія суды прызналі 146 TikTok-старонак. Так, "экстрэмісцкі" статус атрымалі ў TikTok былы палітзняволены журналіст Саша Івулін, стэндап-комік Слава Камісаранка, акаўнты "Усё пра Гродна", "Легион Свобода России", "Malanka Новости", 

Старонкі ў сацсетках замежных праваабаронцаў і арганізацый 

У верасне ў Гродне "экстрэмісцкай" прызнаная старонка Instagram незалежнай нямецка-швейцарскай няўрадавай арганізацыі Libereco PHR.

2 кастрычніка ў Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" Telegram-старонку расійскага "Мемарыялу". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну.

18 снежня ў Беларусі па рашэнні суда Цэнтральнага раёну Мінска прызналі «экстрэмісцкай» старонку ў «Х» украінскай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Аляксандры Матвійчук. На старонку ўкраінскай праваабаронцы падпісаныя амаль 200 000 чалавек.

19 "экстрэмісцкіх" праваабарончых расследванняў і справаздач

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 22 ліпеня 2024 года прызнаў "экстрэмісцкімі" сайт "Міжнароднага камітэта па расследванні катаванняў". Апроч гэтага, былі прызнаныя гэткімі расследванні і справаздачы, сярод якіх — "Фрунзенскі РУУС г.Мінска. Катаванні затрыманых у жніўні 2020 года", "Пытки в Беларуси. Доклад неправительственных организаций в преддверии принятия комитетом против пыток ООН списка вопросов к Республике Беларусь", "Беларусь: Преступления против человечности. Правовая квалификация преступления режима А. Лукашенко", "ГУБАЗiК – карны падраздел рэжыму па барацьбе з iншадумствам", "Катаваннi людзей ЛГБТК+ i гамафобная палiтыка рэжыму", "Беларускi удзел у вайне ва Украiне: рэжым i народ. Мы выйшлi за мiр, а трапiлi у турму. Антываенныя дзеяннi грамадзянау i рэакцыя беларускага рэжыма".

Некалькі тг-каналаў і ботаў ініцыятываў, якія дапамагалі затрыманым беларусам, а таксама сайт для адпраўкі лістоў вязням письмо.бел 

У кастрычніку ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" трапілі тг-чаты "Координация помощи в Жодино" і "АВТО 97%"; тг-канал "Списки Задержанных (РУВД+Суды+Жодино+Окрестина)", які летась прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а таксама "Probono – контакт-центр помощи пострадавшим"; тг-боты "Spiski.net" і "Тут помогут (Беларусь)". Гэтыя ініцыятывы пасля пратэстаў у 2020-м аказвалі дапамогу затрыманым і іх сваякам.

12 лістапада суд Партызанскага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт ініцыятывы «письмо.бел», а таксама яе старонкі ў сацсетках. Сэрвіс дапамагаў дасылаць лісты вязням «не адыходзячы ад кампутара ці тэлефона». Пазней ён перастаў адкрывацца – стаў недасяжны ў Беларусі і за яе межамі. Праз некаторы час стала вядома, што траіх жыхароў Жодзіна змясцілі ў СІЗА, бо па версіі КДБ яны маюць дачыненне да ініцыятывы "письмо.бел".

Старонка з беларускімі мемамі ў Instagram 

Гаворка пра акаўнт «БелМемы», на які падпісаныя больш за 1700 чалавек. "Экстрэмісцкі" статус старонцы надаў суд Ленінскага раёну Гродна 18 верасня.

Суполкі па развіцці беларускамоўнай супольнасці

25 чэрвеня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў "экстрэмісцкімі" 26 суполак "Мова Нанова" ў розных сацсетках у Беларусі і за яе межамі. Таксама гэты ж суд надаў такі статус старонцы ў Instagram, якая мае назву "мова".

У жніўні суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» суполку ва «Укантакце» і Telegram-канал «Вікіпедыя». Да прыкладу, у канале публікаваліся самыя папулярныя артыкулы на беларускай мове ў Вікіпедыі ў розныя дні.

Суполка пра дапамогу жывёлам "Помощь бездомным животным, Лунинец" 

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лунінецкага раёну 13 лістапада.

Сайт праекту супраць выкрадання дзяцей

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 8 красавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт праекту Action Against Child Abduction — actionagainstchildabduction.cоm. Як паведамляецца на сайце, місія праекту — засцерагчы дзяцей ад выкрадання.

Артыкул у нямецкай газеце пра смерць Алеся Пушкіна

25 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» два артыкулы нямецкага штотыднёвіка Die Tageszeitung — «"Братский народ" как пушечное мясо» (пра тое, ці вырашыць Лукашэнка ўводзіць войскі ва Украіну) і «Наш Пушкин» (пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства