viasna on patreon

119 гісторый катаванняў, гвалту і ўцёкаў: вынікі дакументавання за 2024 год

2025 2025-01-03T12:21:44+0300 2025-01-03T12:25:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/iljustracyja_raspovedy_ab_katavannjakh_facebook.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У мінулым годзе "Вясна" задакументавала 119 гісторый пацярпелых ад дзеянняў уладаў. Сведкі распавядалі пра вобшукі і затрыманні, фізічны і псіхалагічны гвалт, пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні і нечалавечае стаўленне з боку сілавікоў, пра страту здароўя і вымушаную эміграцыю. Распавядаем пра вынікі дакументавання ў 2024 годзе.

iljustracyja_raspovedy_ab_katavannjakh_f
Ілюстрацыя: spring96.org

Сярод 119 чалавек, якія распавялі свае гісторыі пераследу праваабаронцам "Вясны", было 56 жанчын і 63 мужчыны ўзростам ад 20 да 70 гадоў. Большая частка задакументаваных гісторый тычыцца падзей 2020 – 2021 гадоў. У асноўным, сведкі знаходзяцца ў Польшчы і Літве, а таксама ў іншых краінах Еўропы. 

Падчас дакументавання сведкі паведамлялі пра пагрозы ім самім і іх блізкім з боку сілавікоў. Таксама пацярпелыя сутыкнуліся з фізічным гвалтам падчас затрымання, допытаў і зняволення. Да некаторых ужывалі электрашокер. Рэспандэнты паведамлялі, што іх прымушалі запісваць "пакаяльныя відэа". Гэтая ганебная практыка, якая прыніжае чалавечую годнасць. У гэтых відэа людзей пад пагрозамі збіцця прымушалі агаворваць сябе і прызнавацца ў тым, чаго яны не рабілі. На запісах некаторыя затрыманыя выглядалі збітымі. Да нядаўняга часу падобныя відэа публікаваліся ў праўладных тэлеграм-каналах.

Апісваючы ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення пацярпелыя шмат сведчылі аб тым, што ім даводзілася спаць з пастаянна ўключаным святлом у камеры. Затрыманым па розных прычынах не давалі спаць і адмаўлялі ў аказанні медычнай дапамогі. А таксама не выдавалі пасцельную бялізну і не вадзілі на шпацыр.

Важнай часткай сведчанняў беларусаў, пацярпелых ад дзеянняў уладаў, з’яўляюцца наступствы рэпрэсій. Падчас дакументавання апытаныя распавядалі пра пагаршэнне фізічнага і псіхічнага стану здароўя пасля доўгага знаходжання ў зняволенні або пасля збіцця сілавікамі. Сведкі казалі, што моцна страчвалі вагу цела і ў іх з’яўляліся праблемы са сном. Па вызваленні з калоніі людзей ставяць на прафілактычны ўлік. Экс-палітвязні сутыкаюцца з стратай працы і цяжкасцю пошуку новай. Былых асуджаных па палітычна матываваных артыкулах амаль не бяруць на працу.

Таксама беларусы распавядалі пра матэрыяльныя наступствы рэпрэсій. Падчас затрыманняў і зняволення шмат у каго вымаюць усю тэхніку, а ў некаторых арыштоўваюць маёмасць.

Супрацоўнікі аддзелу дакументавання катаванняў "Вясны" агучылі 24 самыя распаўсюджаныя словы, якія сустракаліся ў 2024 годзе ў гісторыях беларусаў: эміграцыя, вобшук, пагрозы, КДБ, Мінск, няма пасцельнай бялізны, ноч са святлом, кайданкі, няма прагулак, аўтазак, збіццё, не вадзілі ў душ, крымінальная справа, затрыманне, допыт, РУУС, холад, адміністрацыйны арышт, не было матрасаў, перапоўненая камера, Следчы камітэт, суд, фізічны гвалт, “стакан”, ГУБАЗіК, не было перадач, 2020 год, недахоп паветра.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі

Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства