viasna on patreon

Год утрымліваюць у рэжыме інкамунікада, 9 месяцаў — у ШІЗА: як у ПК-1 ціснуць на палітвязня Мікалая Банькова

2024 2024-12-28T18:57:37+0300 2024-12-29T01:01:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bankou02.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былога выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова ўтрымліваюць у зняволенні ўжо амаль два гады. У ліпені 2023 года яго асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за тры данаты, якія мужчына зрабіў у жніўні 2020 года. Год таму мужчыну этапавалі ў наваполацкую калонію № 1, адміністрацыя якой аказвае ціск на палітвязня. "Вясна" ад былых зняволеных даведалася, што амаль адразу пасля этапу Мікалая змясцілі ў ШІЗА, дзе ён бесперапынна знаходзіўся паўгода. Акрамя гэтага, ужо год палітвязня фактычна ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Праваабаронцы "Вясны" распавядаюць, як у зняволенні пераследуюць экс-вайскоўца Мікалая Банькова.

Мікалай Васільевіч Банькоў

Мікалай— былы выкладчык кафедры сувязі БДУІР. Гэтая кафедра прызначана для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Узброеных Сіл і іншых сілавых структур і ведамстваў Рэспублікі Беларусь.

Мужчыну затрымалі 18 студзеня 2023 года за данаты. Спачатку яму прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратакола, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. Мікалаю прад'явілі абвінавачванне паарт. 361-2 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Святлана Бандарэнка прызначыла палітвязню чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У наваполацкую калонію Мікалая перавялі напачатку лістапада 2023 года. Ужо праз тры тыдні пасля этапу мужчыну змясцілі ў штрафны ізалятар. Пасля невялікага "перапынку" ў спагнаннях, напрыканцы снежня, яго зноў змясцілі ў ШІЗА, адкуль ён выйшаў ажно праз шэсць месяцаў — напрыканцы чэрвеня 2024 года. Па словах былых вязняў, у мужчыны былі сінія рукі ад пераахаладжэння ў ШІЗА. У верасні 2024 года мужчыну зноў змясцілі ў ізалятар на месяц. З пачатку лістапада Мікалай зноў знаходзіцца ў ШІЗА.

Адзначым, што штрафны ізалятар — вядомая форма ціску на палітзняволеных. Прычыны, па якіх выпісваюць спагнанні палітвязням, амаль заўсёды надуманыя. У ізалятары вязні  сядзяць без цёплага адзення, зменнай бялізны і сродкаў гігіены, без магчымасці выходзіць на шпацыр ці ў душ, ім не дадаюць звычайную норму харчавання, а ў перыяд халадоў палітвязняў там фактычна катуюць холадам.

Апроч усяго, мужчына пазбаўлены ліставання, званкоў, спатканняў і перадач. Яго год утрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Па словах былых вязняў, у Банькова моцна сапсавалася здароўе. Вядома, што Мікалай моцна схуднеў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства