Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях Дапоўнена
Палітычна матываваныя прысуды з непрапарцыйна высокімі і несуразмернымі зробленаму тэрмінамі — не адзіны метад барацьбы ўладаў з беларусамі. Калі палітвязні трапляюць у калоніі, ціск на іх працягваецца: іх пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, змяшчаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) або памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На палітвязняў «вешаюць» шматлікія парушэнні, за што іх пераводзяць на турэмны рэжым або ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Па даных праваабаронцаў, па стане на 28 лістапада 2024 года як мінімум 90 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 58 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. «Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».
Мінімум 148 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання за «парушэнне ўнутранага парадку калоніі»
На дадзены момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы 148 палітвязні, якіх па «надуманых правінах» адміністрацыя калоній карае за «парушэнне ўстаноўленага парадку». З іх 90 палітвязням узмацнілі рэжым: Мікіце Емяльянаву, Ігару Салаўю, Таццяне Канеўскай, Аляксандру Кабанаву, Андрэю Севяртоку, Андрэю Царонку, Івану Вярбіцкаму, Ігару Повараву, Сяргею Верашчагіну, Міхаілу Калішуку, Андрэю Хрэнкову, Яўгену Петрачэнку, Алегу Яфрэменку, Аляксею Мельнікаву, Сяргею Рымшу, Глебу Гатоўку, Яўгену Афнагелю, Юрыю Бялько, Аляксандру Нурдзінаву, Ігару Букасу, Юрыю Чудзіновічу, Яўгену Каханоўскаму, Яўгену Зашчытаву, Алегу Рубцу, Мікалаю Дзядку, Уладзіміру Кнігу, Мікіту Залатарову, Ігару Аліневічу, Сяргею Ціханоўскаму, Дзянісу Ураду, Яўгену Харашкевічу, Эдуарду Пальчысу, Ігару Пыж'янаву, Дзмітрыю Сушчыку, Сцяпану Латыпаву, Ягору Дуднікаву, Дзмітрыю Папову, Алесю Пушкіну, Арцёму Сакаву, Дзянісу Барсукову, Андрэю Чудзінаву, Уладзіміру Цыгановічу, Дзмітрыю Івашкову, Віктару Шауру, Аляксандру Раентаву, Аляксандру Пінчуку, Уладзіміру Мацкевічу, Дзмітрыю Кубараву, Уладзіславу Карэцкаму, Яўгену Рубашку, Уладзіміру Гароху, Сяргею Капанцу, Паўлу Севярынцу, Аляксею Гамезу, Аляксандру Арановічу, Алегу Канавалаву, Андрэю Сачэўку, Уладзіміру Гундару, Ягору Лянкевічу, Аляксею Храловічу, Рамана Марусаву, Паўлу Рэзановічу, Паўлу Вінаградаву, Уладзіміру Жураўку, Віктару Барушку, Сяргею Трацюку, Рыгору Кастусёву, Анатолю Латушку, Івану Зянько, Паўлу Саве, Рыгору Гунько, Аляксандру Капшулю, Аляксандру Цялегу, Аляксандру Гашнікаву, Юрыю Касцюку, Міхаілу Лабаню, Яўгену Комбулю, Рыгору Гунько, Юрыю Зянковічу, Вячаславу Шэлямету, Цімуру Рызапуру, Андрэю Любецкаму, Аляксандру Кулікову, Дзмітрыю Слуку, Максіму Матырку, Арцёму Лапікаву, Валянціну Цераневічу, Сяргею Шэлесту, Дзмітрыю Іванчанку, Сяргею Маўшуку. Раней з калоніі на турэмны рэжым перавялі і былую палітзняволеную Наталлю Хершэ, якую вызвалілі па памілаванні ў студзені 2022.
Калі да падзеяў 2020 года ў Беларусі па артыкулу 411 Крымінальнага кодэкса судзілі толькі двух палітвязняў: у 2012 — Зміцера Дашкевіча і ў 2015 — Мікалая Дзядка, то цяпер паводле гэтага артыкулу ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі палітвязняў Эдуарда Бабарыку, Андрэя Будая, Юрыя Зянковіча, Мікіту Емяльянава, Дзяніса Дзікуна і Віктара Барушку, а таксама Дзмітрыя Карнеева, які таксама адбывае тэрмін па палітычных матывах. Палітзняволеных Аляксандра Францкевіча, Мікіту Літвіненку, Цімура Рызапура, Сяргея Дзяцука, Руслана Акостку, Івана Зянько, Паўла Пяскова, Алену Гнаук, Вадзіма Гусева, Уладзіміра Кнігу ў калоніі асудзілі яшчэ да года зняволення, а палітвязню Ціхану Осіпаву прызначылі сем месяцаў зняволення і змянілі рэжым з узмоцненага на строгі. Палітвязню Яну Папковічу прысудзілі яшчэ тры месяцы зняволення і змянілі рэжым утрымання на больш строгі. Палітвязню Яўгену Зашчытаву дадалі шэсць месяцаў калоніі. Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка, якога перазатрымалі наўпрост па заканчэнні тэрміну па арт. 411, асудзілі яшчэ да аднаго года і 15 дзён зняволення. А палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Палітзняволеным Яўгену Прапольскаму, Паўлу Аўчарову, Вользе Маёравай, Алегу Рубцу і Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі яшчэ паўтара года ў калоніі. Палітвязняў Сяргея Ярашэвіча і Дзмітрыя Рэзановіча асудзілі да яшчэ дзевяці месяцаў зняволення. Таксама суды за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" адбыліся надЗміцерам Казловым, Паўлам Спірыным, Сяргеем Канавалавым, Аляксандрам Арановічам, Аляксандрам Зайкоўскім, Андрэем Маславым, Яўгенам Петрачэнкам, Максімам Матыркам, Алегам Канавалавым, Вадзімам Цагельнікам, Васілём Кавалёвым, Ягорам Ібрагімавым, Аляксеем Мельнікавым, Русланам Волкавым, Мікітам Залатаровым, Апанасам Афанасенкавым, Раманам Марусавым, Віктарам Снегуром і Тамазам Піпіям, але вынікі пакуль невядомыя.
У судзе Шклоўскага раёна 11 снежня 2024 года распачнецца разгляд справы паводле арт. 411 КК супраць палітзняволенага журналіста і блогера Ігара Карнея.
У сакавіку 2023 года Сяргей Раманаў быў асуджаны на 11 месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі. У судзе Горацкага раёна 25 верасня 2024 года яго зноў прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК і прызначылі яму яшчэ два гады пазбаўлення волі.
Акрамя гэтага, вядома, што палітвязня Змітра Дашкевіча, якіпавінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня 2023 года, адразу па выхадзе перазатрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК. 19 кастрычніка 2023 года суд Барысаўскага раёна прызначыў яму яшчэ адзін год калоніі. 23 і 25 верасня 2024 года адбыўся разгляд справы Змітра ў судзе Першамайскага раёна Мінска паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама паводле ч. 1 арт. 411 КК. Суддзя Анастасія Кулік прызнала яго вінаватым і прызначыла яшчэ адзін год і тры месяцы калоніі.
Першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле, стала Паліна Шарэнда-Панасюк. Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год пазбаўлення волі. Але нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо другую крымінальную справу па арт. 411 КК. 9 кастрычніка 2023 года ёй прысудзілі яшчэ адзін год калоніі. Агулам за час зняволення яе асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. 21 траўня Паліна зноў не выйшла на волю па заканчэнні тэрміну — ёй у трэці раз прад'явілі абвінавачванні паводле арт. 411 КК. У судзе Рэчыцкага раёна 14 кастрычнкіа 2024 года суддзя Станіслаў Іванюценка прызначыў Паліне адзін год і адзін дзень пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу двойчы за год асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". Агулам ёй дадалі яшчэ два гады зняволення.
Таксама вядома і пра два суды па арт. 411 КК над Іванам Вярбіцкім і Сяргеем Яфімавым. Івану дадалі два гады калоніі, а Сяргею — адзін год.
Палітзняволенаму мінчуку Андрэю Навіцкаму прызначылі яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змянілі яму рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі. Летась Андрэя асудзілі другі раз запар паводле арт. 411 КК, але вынік пакуль невядомы.
Палітвязню Алегу Яфрэменку ў судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня 2022 года прысудзілі па арт. 411 КК у дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. Пазней супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК. У Горках 25 ліпеня палітвязню прызначылі яшчэ адзін год пазбаўлення волі. У судзе Барысаўскага раёна 23 верасня была разгледжана трэцяя справа супраць палітвязня паводле арт. 411 КК.
Палітвязня Вячаслава Малейчука таксама двойчы за год асудзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" і дадалі агулам да 22 гадоў калоніі яшчэ тры гады зняволення. У судзе Мазырскага раёна 7 жніўня 2024 года над палітвязнем адбыўся ўжо трэці суд за "непадпарадкаванне адміністрацыі".
У лістападзе 2023 года распачаўся чарговы суд над аўтарам Youtube-канала "MozgON" Уладзімірам Цыгановічам, якому летась ужо прызначылі яшчэ адзін год зняволення паводле арт. 411 КК. За тры месяца знаходжання палітвязня ў ваўкавыскай калоніі № 11 адміністрацыя ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі". Вынік другога суда праваабронцам пакуль невядомы. У верасні 2024 года ў судзе Мазырскага раёна Уладзіміра судзілі трэці раз за "непадпарадкаванне".
На гэтых палітзняволеных ціск аказвалі адразу пасля этапу ў калонію. Некаторыя ў калоніі не змаглі атрымаць ніводную перадачу да пераводу на турэмны рэжым праз тое, што іх амаль адразу пасля этапу змяшчаюць у ПКТ. Адміністрацыя калоніі спецыяльна стварае невыносныя ўмовы ўтрымання, а потым яшчэ і пагаршае іх стан пераводам на рэжым з максімальнымі абмежаваннямі, пазбаўляючы іх нават свежага паветра. Пры гэтым, рапарты складаюць за тое, чаго палітвязень ніколі не здзяйсняў. Але абскардзіць змяшчэнне ў штрафны ізалятар або ПКТ для вязняў амаль немагчыма.
Кожны дзень яшчэ некалькі соцен палітзняволеных таксама сутыкаюцца з адвольнымі пазбаўленнямі перадач, спатканняў і званкоў. Некаторых з іх працягваюць змяшчаць у ШІЗА, ПКТ і карцары. Таму распавядаем, якія абмежаванні ўжываюцца ўладамі ў адносінах да палітычных вязняў, каб пагоршыць ім умовы ўтрымання.
Якія дысцыплінарныя спагнанні выкарыстоўваюць у калоніях супраць вязняў?
Амаль штодзённа праваабаронцам паведамляюць пра тое, што адміністрацыя розных папраўчых установах выносіць адміністрацыйныя спагнанні супраць палітвязняў. Супрацоўнікі адміністрацыі выкарыстоўваюць розныя «надуманыя» прычыны для гэтага: бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, няправільнае вітанне з прадстаўніком адміністрацыі, няголенасць і многае іншае. Як паказвае практыка, палітвязняў спачатку пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, якіх, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (КВК), і так прадастаўляецца няшмат. Потым адміністрацыя папраўчых установаў пераходзіць да больш жорсткіх пакаранняў: ШІЗА і ПКТ.
Штрафны ізалятар у калоніях падобны да звычайнай турэмнай камеры, дзе «шконка» (ложак) адшпільваецца толькі на ноч з 21:00 і да 5:00. Ніякіх асабістых рэчаў браць з сабой нельга, толькі туалетную паперу, мыла, маленькі ручнік, зубную пасту і шчотку. Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя размовы, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм відэасувязі, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў, адпраўленне і атрыманне лістоў, карыстанне настольнымі гульнямі і паленне. Пасцельныя прыналежнасці ім таксама не выдаюцца, на шпацыры не выводзяць (згодна з п. 1 арт. 114.КВК). Пры пераводзе ў ізалятар зняволеным выдаюць спецыяльнае адзенне, на якім вялізарнымі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін змяшчэння вязня ў ізалятар — 10 сутак. Каб утрымліваць вязняў там як мага больш, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар.
Як адзначаюць палітвязні, умовы ў ШІЗА вельмі жорсткія і іх можна расцэньваць як катаванні. Так, звычайна камера штрафнога ізалятару вельмі маленькая і халодная. Увесь час зняволеным дазволена толькі або хадзіць па камеры, або сядзець на каменным "пуфіку", як яго называюць самі супрацоўнікі. Сядзець на падлозе нельга — за гэта могуць дадаць новае спагнанне.
У гомельскай жаночай калоніі № 4, напрыклад, адзенне ў жанчын забіраюць і выдаюць замест яго адмысловае для штрафнога ізалятару. Пры гэтым панчохі і ласіны забіраюць, таму нават зімой зняволеныя знаходзяцца там з голымі нагамі. Але некаторыя знайшлі выйсце — абкручваць ногі туалетнай паперай. Таксама ўжо цягам больш за паўтара года па загаду адміністрацыі калоніі палітзняволеным на ноч не выдаюць целагрэйкі, таму накрывацца там няма чым. Такія ўмовы жанчыны расцэньваюць як катаванні холадам.
"У ШІЗА штораніцы ліюць хлёрку па пяць літраў, каб асуджаныя ёю труціліся. Вокны не зачыняюць пры любым надвор'і, хоць на вуліцы будзе -30°. Вокны асуджаныя завешваюць ручніком — адной з нешматлікіх рэчаў, што належаць у ШІЗА. Часам даходзіць да таго, што даводзіцца на акно вешаць анучу, якой мыеш падлогу ў ШІЗА, у тым ліку і хлёрку. За гэта таксама могуць выпісаць рапарт і даць дзесяць сутак. Калі ў камеры дрэнна прыбраны туалет ці ўмывальнік, то асабіста начальнік калоніі Пальчык можа паставіць у расцяжку ці напісаць рапарт, паводле якога адпраўляюць яшчэ на дзесяць сутак у ШІЗА", — распавядае былы вязень наваполацкай калоніі № 1.
Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — спецыяльнае памяшканне, у якім утрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. Гэтыя абмежаванні тычацца і вязняў, якіх змяшчаюць у адзіночную камеру. Да асуджаных, пераведзеных у ПКТ, могуць ужывацца ўсе меры спагнання, акрамя пераводу ў ПКТ (згодна з п. 8 арт. 113 КВК). Напрыклад, пераводзіць з ПКТ у штрафны ізалятар. Пры гэтым, тэрмін знаходжання ў ШІЗА не залічваецца ў тэрмін змяшчэння ў ПКТ.
"На ПКТ, як і ў ШІЗА, камеры бываюць сырымі і халоднымі, ці проста халоднымі. Там размешчаныя толькі лаўка, стол, умывальнік, туалет і некалькі металічных паліц. У некаторых камерах лаўка і стол — цалкам жалезныя, і высядзець доўга на такіх лаўках папросту немагчыма, асабліва калі і ў камеры холадна. А нармальна там толькі ўлетку і ўвесну, з надыходам халадоў ацяпленне падтрымліваецца на мінімуме, каб прыносіць зняволеным псіхалагічную і фізічную шкоду. У такіх умовах ні ляжаць, ні сядзець немагчыма. Ты ходзіш у камеры, прысядаеш, адціскаешся або гадзінамі стаіш каля цёплай трубы, саграваючы хаця б рукі. Увечары адзіная думка і мара — каб табе хутчэй далі матрац, на якім можна легчы і заснуць. Ты выматаны фізічна і маральна", — сведчыць былы вязень бабруйскай калоніі № 2.
Каго лічуць «злосным парушальнікам рэжыму»?
Паводле заканадаўства, злосным парушальнікам рэжыму прызнаюць вязня, які за адпаведны перыяд здзейсніў адразу некалькі парушэнняў вызначанага парадку адбыцця пакарання. А менавіта, калі ў яго ёсць не меней за:
- чатыры вымовы ці чатыры пазачарговыя дзяжурствы па прыбіранні памяшканняў ці тэрыторыі папраўчай установы;
- тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне чарговай пасылкі ці перадачы, а таксама пазбаўленне чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання;
- два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне асуджанага ў ШІЗА.
Гэта накладае на вязняў дадатковыя абмежаванні, галоўнае з якіх — змяншэнне "атаваркі" да дзвюх базавых велічыняў (74 рублі ў месяц). На гэтыя грошы, як адзначаюць знявоеныя, без заробку і з пазбаўленнем пасылак у калоніі вельмі цяжка выжываць. Таксама "злоснікі" не могуць афіцыйна уваходзіць у склад розных секцый і здымаюць трохкутнік [жоўтая нашыўка] з рукава. Прызнанне "злоснікам" набліжае вязняў да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК або да перавода на "турэмны рэжым".
Згодна з п.5 арт.69 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, асуджаныя да пазбаўлення волі, што злосна парушаюць устаноўлены парадак адбыцця пакарання, могуць быць пераведзеныя з папраўчай калоніі для асобаў, упершыню адбываючых пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, і папраўчай калоніі для асобаў, што раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у турму на тэрмін не звыш трох гадоў з адбыццём астатняга тэрміну пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах таго рэжыму, які быў прызначаны па выніку суда. |
Як караюць палітвязняў за «сістэматычныя» парушэнні?
Апошнім часам, практыка пакарання вязня ШІЗА ці ПКТ выкарыстоўваецца для далейшага ўзмацнення рэжыму і пераводу на турэмны рэжым у так званую «крытую турму», або ўзбуджэння новай крымінальнай справай за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Гэта два самых жорсткіх дысцыплінарных пакарання, прадугледжаныя законам.
Перавод на турэмны рэжым
Турэмны рэжым — гэта камерныя умовы ўтрымання, дзе, у адрозненні ад калоніі, вязні ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі ў колькасці ад трох да дванаццаці чалавек.
У «крытай» ёсць два рэжымы: строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму вязень трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгода (па рашэнні начальніка ўстановы). На строгім рэжыме не могуць утрымлівацца цяжарныя жанчыны і тыя, якія маюць пры сабе непаўнагадовых дзяцей, а таксама асуджаныя, якія маюць інваліднасць І і ІІ групы.
Гэты рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Пры гэтым, у правілах унутранага распарадку гаворка ідзе толькі пра тое, што ім дазволена, то бок усё астатняе ім забаронена.
На агульным турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на дзве базавыя велічыні; мець два кароткатэрміновыя спатканні ў год; атрымліваць адну пасылку ці перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да паўтары гадзіны. На строгім турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на адну базавую велічыню; мець адно кароткатэрміновае спатканне ў год; атрымліваць адну бандэроль ці адзін дробны пакет ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да адной гадзіны.
Але і ўсяго гэтага адміністрацыя турмы можа пазбавіць за «парушэнні». Ціск на зняволеных не сканчваецца нават пасля ўзмацнення рэжыму. Так, напрыклад, палітвязня Мікіту Емяльянава ўжо ў магілёўскай турме №4 часта змяшчалі ў ШІЗА, дзе ўтрымлівалі больш за месяц, і пазбаўлялі спатканняў і званкоў. Акрамя гэтага, за шматлікія «парушэнні» ўжо ў «крытай» на палітвязня завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
Рашэнне аб узмацненні рэжыму прымае суд. У «крытую» вязня могуць адправіць толькі да трох гадоў, таму, калі тэрмін пакарання больш, то пасля турмы зняволенага вяртаюць у калонію на той рэжым, які першпачаткова быў прызначаны судом. Адміністрацыя турмы збірае дакументы, якія нібыта пацверджваюць парушэнне рэжыму вязнем, і перадаюць іх у суд. Пасля гэтага зняволеных этапуюць з калоніі ў «крытую» турму, якіх у Беларусі тры: гарадзенская турма №1, магілёўская турма №4 і жодзінская следчая турма №8.
Крымінальная справа за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да 2 гадоў.
|
Праваабаронцы шмат гадоў змагаюцца за тое, каб выключыць артыкул 411 з Крымінальнага кодэкса. Па ім улады караюць вязняў, якія здзейснілі дысцыплінарныя парушэнні ў папраўчых установах, але, пры гэтым, ужо панеслі за іх пакаранне ў выглядзе ШІЗА або ПКТ.
Юрыст «Вясны» Павел Сапелка даўно звяртае ўвагу на тое, што практыка пакарання па арт. 411 Крымінальнага кодэкса зняволеных за тыя ж правіны, за якія яны ўжо панеслі дысцыплінарнае пакаранне, парушае шырока вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне. Таму гэта супярэчыць як Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, так і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Апроч усяго, спагнанні за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній — супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў. Таму ў адносінах да зняволеных гэта часта з’яўляецца адвольным і не адпавядаючым цяжару правіны прыцягненнем да адказнасці.
Палітзняволенага Мікалая Дзядка падчас мінулага зняволення ў 2015 годзе таксама судзілі па гэтаму артыкулу. Тады яму за пяць дзён да вызвалення падоўжылі тэрмін на адзін год калоніі. Пасля гэтага ён перадаў з турмы на волю адкрыты ліст са сваімі думкамі наконт прысуду:
«У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчага кодэксах Беларусі дэкларуецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калонію на 1 год (або на 2 — па частцы другой гэтага артыкула) за нашэнне ці не нашэнне прадмета адзення, за размову з суседам па камеры».
Павел Сапелка ўпэўнены, што вінаватыя асобы павінны ў гэтым выпадку несці адказнасць, абмежаваную мерамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых мер прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам у дастатковай меры шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары.
З практыцы вынікае, што тэрмін палітычнага зняволенага залежыць не толькі ад выраку суда, але і ад жадання супрацоўнікаў МУС як мага больш пагоршыць умовы адбыцця тэрміну, у тым ліку і падоўжыць яго.