viasna on patreon

"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі Дапоўнена

2024 2024-11-22T12:00:00+0300 2024-11-22T14:11:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/health_prison.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на 22 лісталада 2024 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 224 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. За кратамі 104 чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 11 чалавек маюць інваліднасць, 46 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 16 чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 37 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

Найстарэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.

Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў. Таму “Вясна” распавядае пра людзей з уразлівых групаў, якія сёння знаходзяцца за кратамі.   

*у загалоўку выкарыстаная цытата палітвязня, які вызваліўся па заканчэнні тэрміна зняволення.

Цяжкі фізічны стан

Як мінімум 104 чалавекі цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў цяжкім стане здароўя. У зняволенні кожнае захворванне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасці кваліфікаванай медычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання – недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні апынаюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.

Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Войніч смяротна хворы. Пасля віруснага гепатыту ён мае цыроз печані, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка печані, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага. Аднак у калоніі, куды яго накіравалі для адбыцця сямігадовага зняволення, яго кідаюць у карцар, ён пазбаўлены перадачаў і спатканняў.

У 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць, у СІЗА у яго здараліся прыступы сценакардыі і арытміі. Яго асудзілі да дзесяці гадоў калоніі, аднак адразу пасля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Нават нягледзячы на цяжкі стан, мужчына абвесціў медыцынскую забастоўку супраць абмежаванняў на ліставанне са сваякамі: пэўны час ён адмаўляўся прымаць пігулкі, без якіх у яго мог здарыцца сардэчны прыступ. Восенню 2022 году ягоная жонка распавядала, што праз праблемы з сэрцам Фядута не можа ляжаць і нармальна спаць. Яму нават рабілі рэнтген і кардыяграмы, збіраліся праводзіць кансіліум наконт ягонай сітуацыі, але чым усё скончылася — невядома. У снежні Аляксандра этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Як выявілася, амаль адразу пасля пераводу палітвязень трапіў у бальніцу, бо ў яго абвастрыліся праблемы з сэрцам. 

19-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасля затрымання яго забрала “хуткая”, але пасля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар. Хлопец распавядаў, што тады яго збівалі дубінкай кожны дзень. Мікіту адбывае ў калоніі тэрмін – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. На судзе ён распавёў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, канваір тады сказаў: “Ты палітычны, здохнеш”. Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка: ён кідаўся на краты і крычаў: "Выпусціце мяне адсюль!".

21-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлапцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі — невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсеній цяпер адбывае пакаранне. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага даследавання, немагчымага ва ўмовах зняволення, маюць таксама Ігар МінцЯўген ЛюльковічУ Арцёма Баярскага пасля чатырохмесячнага бесперапыннага кашлю развілася недыягнаставаная алергія.

У Марфы Рабковай, асуджанай да 14 гадоў і дзевяці месяцаў зняволення, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрымання. Яна мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай, вадкасць у малым тазе.

"Ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію"

Сукамерніца Марфы Рабковай пра яе здароўе

Летам 2021 году яна губляла прытомнасць у СІЗА, моцна схуднела і цяжка перахварэла на кавід. Яна некалькі разоў пісала заяву на выклік стаматолага, аднак ёй пастаянна адмаўлялі ў гэтым. Праблемы з зубамі назіраюцца шмат у каго з палітзняволеных: так сказваецца недахоп кальцыю і адсутнасць своечасовай стаматалагічнай дапамогі.

Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра стан здароўя праваабаронцы Марфы Рабковай

Юрысты “Вясны” праінфармавалі Спецыяльных дакладчыкаў ААН пра пагаршэнне здароўя каардынатаркі Валанцёрскай службы Марфы Рабковай у СІЗА-1 і недастатковае аказанне ёй медыцынскай дапамогі з боку адміністрацыі ўстановы.

Крызіс са здароўем у Марыі Калеснікавай пачаўся 28 лістапада 2022 году, калі "да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку". Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Праз некалькі дзён палітзняволеную перавялі назад у калонію, у медыцынскі стацыянар, дзе ёй дазволілі сустрэцца са сваім бацькам. Цяпер Марыя ўжывае мала ежы, бо харчаванне з калоніі ёй не пасуе. У медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць для яе рэжым харчавання. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжанне ў ШІЗА. Марыя мае праблемы са здароўем у жаночай ПК-4 у Гомелі. Праз гэта яна не працуе. Аднойчы на пастраенні яе прыйшлося нават выводзіць пад рукі.

У Аляксея Галаўко, асуджанага да 12 гадоў калоніі, хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва. Антаніна Канавалава ў калоніі атрымала інваліднасць па зроку, ёй не прызначаюць патрэбнае лекаванне.

Шмат у якіх палітвязняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрымання, абвастраюцца хранічныя захворванні. Сярод іх — жорстка збіты пры затрыманні Раман Багнавец, бацька шасцярых дзяцей Аляксандр Зялюткін, у якога сур’ёзна пагоршылася здароўе. Ён адчувае моцны боль, бо пачалося нагнаенне на дзёснах і з’явіліся дзіркі ў зубах. Ад болю Аляксандр не можа жаваць. Мікіта Кунтыш мае захворванне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсці ў хранічную стадыю. У Сцяпана Латыпава дыягнаставана цынга. У праваабаронцы Уладзя Лабковіча значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Анджэя Пачобута адправілі ПКТ на наступны дзень пасля таго, як у яго быў ціск 190/140. У супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча, якога судзяць за "здраду дзяржаве", сур'ёзныя праблемы з хрыбетнікам. У журналіста Дзяніса Івашына ўлетку 2021 году, ужо ў зняволенні, пачаліся праблемы з сэрцам.

У палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк дыягнаставалі хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці. У яе болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі. Аднойчы яна так рэзка схуднела, што стала важыць усяго 50 кілаграмаў.

У палітвязня Яўгена Бурло ў зняволенні здарыўся рэцыдыў захворвання, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання, у яго некроз тазабедраных суставаў. Яўген быў накіраваны ў медсанчастку СІЗА. Знаёмыя Яўгена распавялі, што сваякі палітвязня звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі. Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават не мог устаць. Яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Вядома, што Яўген Бурло патрабуе аперацыі на хрыбце. Яму абяцалі яе правесці.

Інваліднасць

Яшчэ прынамсі 11 чалавек у зняволенні маюць інваліднасць. 

Інваліднасць мае Аляксандр Кісель, які стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Аксана Ляўшова мае захворванне ног, не можа самастойна перамяшчацца, мае інваліднасць. Яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Таксама інваліднасцю маюць архітэктар Аляксей Парэцкі, мастак Канстанцін Прусаў, стрыечны брат прадстаўніка палка Каліноўскага Сяргей Франчук.

Уладзімір Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасць другой групы (мужчына не мае нагі). Яго асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Анкалогія

Асобна варта сказаць пра палітзняволеных, якія хварэюць на анкалогію: іх у зняволенні мінімум трое. Некаторыя трапілі ў зняволенне, ужо маючы анкалагічнае захворванне, у некаторых яго выявілі ўжо пасля затрымання. У абодвух выпадках стан людзей пагаршаецца неаказаннем медыцынскай дапамогі, адмовамі ў правядзенні неабходных маніпуляцый і аперацый, а таксама адсутнасцю доступу да лекаў.

У 40-гадовага Руслана Слуцкага добраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў спіне, праз якія ён часам не мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Аднак вядома, што ў лістападзе 2022 году ён быў шпіталізаваны праз пнеўманію. Мужчына асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Узрост

Сёння ў зняволенні ўтрымліваюцца 46 чалавек у сталым узросце. У іх шмат хваробаў, развіццё якіх правакуюць і без таго цяжкія ўмовы знаходжання ў зняволенні. Высокі артэрыяльны ціск, хваробы сэрца і рухальнага апарату без адпаведнага дагляду прыводзяць людзей ва ўсё горшы і горшы стан. 

Філосаф, святар, велаактывістка, рэдактар: за кратамі застаецца больш за 40 сталых людзей

У Міжнародны дзень сталых людзей распавядаем некаторыя з іх гісторый.

Палітзняволеная Ірына Мельхер перанесла гіпертанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання яна не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакаяльныя. У брэсцкім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, аднак яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла злезці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі. Таму калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль хтосьці прачнецца і дапаможа ёй забрацца назад наверх. У выніку яе асудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі.   

«Калі адным словам, то яно будзе нецэнзурным»

Як (не) ахоўваецца права на здароўе зняволеных Беларусі? Заканадаўства і практыка.

У зняволенні на розныя хваробы пакутуюць і лідары незалежнага прафсаюзу РЭП. 66-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябет, яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі. 68-гадовы Вацлаў Арэшка мае шэраг захворванняў,  у тым ліку – праблемы з вачыма, праз якія яму можа пагражаць слепата. Ён асуджаны да васьмі гадоў калоніі.

Таксама ў зняволенні знаходзіцца 62-гадовая Галіна Дзербыш, якая пакутуе на анкалогію, мае другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам. Яе стан здароўя ў зняволенні пагоршыўся, адразу пасля затрымання яе змяшчалі ў карцар, дзе яна некалькі разоў губляла прытомнасць. Вядома, што неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі наогул. Яе асудзілі да 20 гадоў калоніі.

63-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар – чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпертанічны крыз. Акрамя таго, ён папрасіў перадаць у СІЗА больш моцныя акуляры і новыя таблеткі ад сэрца. Яго асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гундара часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадаванне.

Да пяці гадоў пазбаўлення волі асудзілі 67-гадовага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, нягледзячы на сталы ўзрост, ён трымаў галадаванне. Падчас яго ў мужчыны знізіўся ціск, нямелі рукі і ногі, адчувалася вялікая стомленасць. У пачатку жніўня 2023 г. у Рэспубліканскай бальніцы палітвязню зрабілі планавую аперацыю, 18 жніўня 2023 г. філосафа перавялі са шпіталя назад у турму.

Да чатырох гадоў калоніі асудзілі 63-гадовага Аляксея Міронава, да 14 гадоў – 67-гадовага Мікалая Статкевіча, які мінімум тройчы хварэў на ковід падчас зняволення — на гэтым фоне ў яго развілося запаленне лёгкіх, да чатырох з паловай гадоў – 66-гадовую Алену Гнаўк.

За кратамі знаходзіцца 72-гадовы палітзняволены пенсіянер Васіль ДземідовічЯго асудзілі да сямі гадоў калоніі, пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс "тэрарыстаў". Адзначым, што за апошні год мужчына перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у "сталыпінскім" вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках, закаваных у кайданы. Таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

70-гадовы святар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.

68-гадоваму пенсіянеру з Ляхавіч Барысу Вітко прысудзілі сем гадоў і тры месяцы калоніі і штраф у суме 12 тысяч рублёў. Мужчына мае праблемы з сэрцам, увесь час павінен прымаць лекі. Паводле інфармацыі сукамернікаў, у яго таксама былі інсульты.

65-гадовы мастак Генадзь Драздоў перанёс два інсульты, яго змяшчалі ў ШІЗА зімой 2023 году.


63-гадовы Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. Яго пакаралі трыма гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 лютага 2024 году стала вядома, што Ігар Леднік памёр за кратамі.

Праблемы псіхалагічнага кшталту

Мінімум 16 чалавек знаходзяцца ў месцах зняволення з ментальнымі разладамі. У зняволенні палітвязні сутыкаюцца з беспрэцэндэнтным ціскам, пастаянна знаходзяцца ва ўмовах стрэсу: гэта пагаршае іх псіхалагічны стан, а таксама паглыбляе тыя псіхалагічныя праблемы, якія назіраліся ў іх і да затрымання. Часта супрацоўнікі дзяржаўных органаў не ўспрымаюць гэтыя праблемы сур’ёзна, таму ніякім чынам не дапамагаюць іх вырашаць.

Алену Маўшук асудзілі да шасці гадоў калоніі, пасля затрымання ў яе склаўся цяжкі дэпрэсіўны стан. Пачуўшы, колькі ёй запрасіў пракурор, жанчына напісала ў сшытку і паказала прысутным у зале суда: “Я павешуся”. На пачатку студзеня 2022 года Алена Маўшук паведаміла блізкім ужо з калоніі, што да яе ўжываюць фізічны і псіхалагічны гвалт, яе пазбавілі ўсіх перадач і спаткання з блізкімі, яна рэгулярна атрымлівае пакаранні і знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане. Вядома, што Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў.  

Псіхалагічная дапамога

Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў.

Пасля затрымання Юрый Прахарэнка схуднеў на 35 кілаграмаў, у яго назіраліся панічныя атакі, псіхасаматычныя разлады і дэпрэсія. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

З пэўнымі псіхалагічнымі праблемамі сутыкнуліся Ігар Карпіцкі, Юрый Касцюк. Таксама — Віктар Барушка, які пасля затрымання 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД і на судзе заявіў пра збіццё. Вольга Іванчанка мае хваробу аўтыстычнага спектру. Юрый Кавалёў паводле пастановы суда знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Андрэй Сачэўка мае разлад асобы. Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом.

Сяргей Гуня мае з дзяцінства цяжкае псіхічнае захворванне, праз гэта яму патрабуецца асаблівы дагляд. Яго асудзілі да сямі гадоў зняволення.

Праблемы пасля затрымання

Паколькі ў Беларусі людзей часта затрымліваюць з неапраўданым прымяненнем сілы, часам гэта прыводзіць да з’яўлення праблемаў са здароўем ужо пасля затрымання. Неаказанне своечасовай медычнай дапамогі з’яўляецца таксама метадам ціску на людзей, таму часцей за ўсё праблемы такога кшталту прагрэсуюць.

Пры затрыманні моцна збілі Сяргея Верашчагіна. У бальніцы сярод дыягназаў, якія паставілі тады лекары, былі закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы і ўдары — у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў пазваночніка, скроневых абласцей. Яму не аказвалі медычную дапамогу, таму ў яго пачала развівацца слепата, нямець левая частка цела. Аднак яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, у рэабілітацыі палітвязню адмаўляюць.

Вячаслава Рагашчука, які праходзіць па так званай “пінскай справе”, збівалі цягам трох дзён пасля затрымання. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Пінскім ІЧУ ў Вячаслава была вісячая гематома за вухам, тры раны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Доўгі час Вячаслаў скардзіўся на шум і звон у галаве, пры гэтым медыцынская дапамога яму не аказвалася. Акрамя гэтага, ён пісаў, што ў ізалятары яму дыягнаставалі "кровазліццё, страсенне мозгу ці траўму галавы" або "мікраінсульт". Аднак палітвязня асудзілі да шасці гадоў калоніі.

Праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыкаў ААН умяшацца ў сітуацыю з пагаршэннем здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука

Здароўе Вячаслава Рагашчука знаходзіцца ў небяспецы, пры такіх абставінах ён можа пазбавіцца працаздольнасці.

Аляксандр Капшуль паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву, але па дарозе ў цягніку ў яго праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў з цягніка. Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расійска-ўкраінскую мяжу Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ. Пасля мужчыну змясцілі ў СІЗА КДБ. Праз тыдзень яму правялі аперацыю, але, каб вярнуць яму здольнасць рухацца паўнавартасна, патрэбная рэабілітацыя. Без дазволу лекара СІЗА яму не перадавалі патрэбныя лекі. Яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Рэйкаваму партызану Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы, вядома, што па СІЗА ён перасоўваўся на мыліцах. Мужчыну прысудзілі 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Невядома, ці аказваецца яму рэабілітацыйная дапамога.

У Алены Яфрэменкі ў калоніі пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. Калі яна прыехала ў калонію, у яе адняліся ногі. Іншым асуджаным было забаронена ей дапамагаць нават у гігіенічных справах, медыкаменты для жанчыны не прымаюць, таксама яе пазбавілі спатканняў, званкоў і блакуюць ліставанне нават са сваякамі.

Праваабаронцы шмат гадоў звяртаюць увагу на жорсткія ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Яны абгрунтавана крытыкуюць умовы ўтрымання ў ізалятарах, калоніях і турмах, якія дапаўняюць пакуты, прычыненыя самім фактам пазбаўлення волі. 

Юрыст “Вясны” Павел Сапелка:

— Пасля пачатку выбарчай кампаніі 2020 году адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі рабілі захады, якія стваралі для палітзняволеных умовы, якія набліжаюцца, а часта — дасягаюць — узроўню катавальных. Ці варта казаць пра тое, што пакуты, якія прычыняюцца такім стаўленнем, шматкроць ўзмацняліся, калі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі станавіліся людзі з інваліднасцю, цяжкімі або хранічнымі захворваннямі? Якімі б ні былі прычыны такога стаўлення, яно забароненае і павінна быць неадкладна спыненае, а вінаватыя павінны панесці адказнасць. 

Мінімальныя стандартныя правілы арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) загадваюць, што «зняволеных, якія не нясуць крымінальную адказнасць або ў якіх пазней дыягнаставаныя сур'ёзныя псіхічныя захворванні і/або цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжанне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэнне іх стану, не варта ўтрымліваць у турэмных установах...» (правіла 109). 

Гаворачы пра палітвязняў, мы, праваабаронцы, працягваем патрабаваць іх безумоўнага вызвалення, спынення пераследу або перагляду іх справаў. Разам з тым мы асабліва падкрэсліваем: для тых з іх, хто з прычыны стану здароўя і наяўнасці цяжкіх захворванняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыццё ў сувязі з гэтым пастаўленае ў небяспеку, вызваленне не можа быць прадметам уладных маніпуляцый, палітычных дыскусій і інсінуацый. Яно павінна адбыцца неадкладна, у якасці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэння, каб не абцяжарваць немінучую адказнасць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства