Палітзняволены японец, ляснік са Свіслачы, вядомая блогерка: каго судзілі на гэтым тыдні
Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.
З 13 па 17 студзеня ў беларускіх судах разглядалі як мінімум 30 крымінальных палітычных справаў, у межах якіх судзілі 45 чалавек. Варта адзначыць, што ў перыяд перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія прызначаныя на 26 студзеня, правабаронцы назіраюць часовае памяншэнне колькасці палітычных судовых працэсаў. Але гэта не сведчыць пра памяншэнне агульнай колькасці рэпрэсій. Мінімум шэсць судовых працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме. У палітычных судах у згаданы перыяд прымалі ўдзел мінімум30 суддзяў. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – "народны" артыкул 342 КК. Па ім судзілі 23 чалавекі. За "заклікі да санкцый" на гэтым тыдні судзілі мінімум шэсць чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 34 чалавекі. Таксама на гэтым тыдні ў беларускіх судах разглядалі 19 апеляцый па палітычна матываваных справах.
Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за мінулы тыдзень.
Мінімум 23 чалавекі судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
Жыхара Брэста судзяць за ўдзел у пратэстах
У судзе Ленінскага раёна Брэста 16 студзеня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Мікіты Мергасава паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс вядзе суддзя Аляксандр Семянчук.
Мікіту затрымалі 13 верасня 2024 года разам з іншым берасцейцам Дзмітрыем Жаўняруком. “Пакаяльнае відэа” з'явілася з імі ў праўладным тг-канале.
Былога амапаўца разам з дачкой судзяць у Мінску за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 16 студзеня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Дзмітрыя Жарнасека і Лізаветы Жарносек паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс вядзе суддзя Іна Сівец.
З дапамогай ініцыятывы "Белпол", праваабаронцы "Вясны" даведаліся, што 51-гадовы Дзмітрый у 90-х гадах працаваў у беларускім АМАПе на пасадзе ваяр-кіроўца ў званні малодшага лейтэнанта. Але звольніўся ў 1997 годзе па ўласным жаданні. Апошнім часам Дзмітрый працаваў кіроўцам у прыватнай фірме.
Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў
Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы два тыдні ў Беларусі судзілі восем чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367КК). Па ім судзілі тры чалавекі. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) судзілі чатыры чалавекі. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 13 чалавек (арт. 130 КК).
Жанчыну з інваліднасцю, якую раней намагаліся выселіць з жылля, судзяць за "паклёп на Лукашэнку"
У судзе Савецкага раёна Гомеля 13 студзеня пачаўся судовы працэс у дачыненні да Наталлі Васіленка, якой інкрымінавана ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Справу разглядае суддзя Дзмітрый Юр'евіч.
Гомельскае камунальнае рамонтна-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства "Савецкае" неаднойчы падавала пазовы на высяленне Наталлі з жылога памяшкання (пакой плошчай 17 кв. м), у якім яна жыве з 1976 года, без прадастаўлення іншага жылля — па прычыне запазычанасці па аплаце. У судзе высветлілася, што ў жанчыны няма шкодных звычак і канфліктаў з суседзямі, але і блізкіх сваякоў няма. Пасля таго, як сітуацыя набыла розгалас, Наталлі дапамагалі з аплатай розныя людзі.
Некалі жанчына працавала ў будаўнічай арганізацыі. Аднак у 2011 годзе захварэла, у 2014 атрымала інваліднасць 3 групы па агульным захворванні, а ў 2016 годзе ў яе здарыўся інсульт.
Суд над вядомай беларускай блогеркай за "распальванне варожасці"
У Гомельскім абласным судзе 17 студзеня пачаўся судовы працэс у дачыненні да Вікторыі Гусаравай. Ей інкрымінавана ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава.
Вікторыя — вядомая беларуская блогерка “gusarev_ka”, яна мае больш за 32 тысячы падпісантаў у Instagram і больш за 17 тысяч — у TikTok. Яе апошнія допісы датаваныя вераснем — пад імі людзі пішуць, што дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА.
Судзяць пяць былых сілавікоў, якія ў 2020-ым годзе запісалі зварот супраць гвалту
12 жніўня 2020 года былыя сілавікі з Жодзіна Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк і Віталь Папроцкі запісалі моцны зварот да сілавікоў — яны асудзілі гвалт у дачыненні да беларусаў і папрасілі сваіх калег не быць карнікамі.
Пазней мужчын затрымалі, а 13 студзеня іх справу пачалі разглядаць у Мінскім абласным судзе.
Усіх былых сілавікоў судзяць па двух артыкулах — “нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі” (ч. 3 арт. 361 КК) і “распальванне варожасці” (ч. 3 арт. 130 КК). Ім пагражае да 12 гадоў калоніі. Судовы працэс вядзе суддзя Сяргей Васілеўскі.
Суды за салідарнасць з палітвязнямі
Суд за салідарнасць з палітвязнямі над 60-гадовай палітзняволенай
Наталлю Ладуцьку затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас масавага рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. Наталлі прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Суд над ёй распачаўся 16 студзеня ў Мінскім абласным судзе. Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка.
У Гродне працягваюць судзіць палітзняволеную маці траіх непаўнагадовых дзяцей
45-гадовая Вікторыя Дамастой першы раз была затрымана напрыканцы студзеня падчас масавага хапуна супрацоўнікамі КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Падставай сталі лісты і грошовыя пераводы палітвязням.
Другі раз Вікторыю затрымалі ў красавіку 2024 года і змясцілі пад варту паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У Вікторыі трое непоўнагадовых дзяцей.
Справу жанчыны пачалі разглядаць 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Працэс вядзе суддзя Юрый Казакевіч.
На гэтым тыдні працягнулі судзіць двух беларусаў за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі
Працэс цягнецца ў закрытым рэжыме ўжо больш за месяц.
У Мінскім абласным судзе з 12 снежня судзяць двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — па абвінавачванні сярод иншага ў “замаху на акт тэрарызму” (ч. 3 арт. 289 КК) і “здрадзе дзяржаве” (арт. 356 КК). Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
У прапагандысцім фільме восенню 2023 года сцвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, "якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ". Прапагандысты распавялі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы.
Андрэй Зіненка ў фільме быў паказаны са слядамі збіцця на твары. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Епіхаў.
Ужо больш за месяц працягваюць судзіць лесніка са Свіслачы — яму пагражае да 12 гадоў калоніі за каментары ў тэлеграме
На гэтым тыдні працягнуўся палітычны судовы працэс супраць Вітольда Шалкевіча.
Вітольду Шалкевічу 44 гады. Ён родам з буйнога мястэчка Поразава Свіслацкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзве непаўналетнія дачкі.
Вітольда затрымалі ў жніўні 2023 года проста на працы. Спачатку прысудзілі арышт за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Пасля губазікаўцы знялі з ім відэа і перавялі з СІЗА. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч каментароў у розных чатах.
Суд над Вітольдам распачаўся дзявятага снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у "абразе Лукашэнкі" (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), "арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), "здзеку з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК), "абразе суддзі" (арт. 391 КК), "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і "распальванні варожасці" (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК). Справу вядзе суддзя Руслан Гурын.
Працягваюць судзіць палітзняволенага японца Наканісі Масатосі
Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару».
Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся дзясятага студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.
Палітвязня Мікіту Емяльянава, які больш за пяць гадоў знаходзіцца ў зняволенні, зноў пачалі судзіць
Актывіста анархічнага руху ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 15 студзеня супраць Мікіты распачаўся новы судовы працэс паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.