viasna on patreon

"Гэтая выстава — заклік да дзеяння". У Рызе адкрылася арт-інсталяцыя, прысвечаная палітзняволеным вясноўцам

2025 2025-01-17T14:01:50+0300 2025-01-17T15:37:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/art-instaliacya_ryga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У цэнтры Рыгі 16 студзеня адкрылася арт-інсталяцыя "Нязломныя", прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" Валянціну СтэфановічуАлесю БяляцкамуУладзю ЛабковічуМарфе Рабковай, Андрэю Чапюку, якія былі пакараныя за дапамогу людзям у адстойванні сваіх правоў і годнасці. Паказ арт-інсталяцыі ў Рызе адбываецца ў знакавы час: 26 студзеня ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары*, якія насамрэч увасабляюць адсутнасць у людзей свабоды і голасу ў сваёй краіне, і пройдуць фактычна без альтэрнатыўных кандыдатаў, у атмасферы страху і прыгнёту. У гэты час за кратамі знаходзяцца сотні палітзняволеных, сярод якіх праваабаронцы "Вясны", якія заўсёды змагаліся за правы людзей і супрацьстаялі бяспраўю ў Беларусі. Наведаць яе можна да 16 лютага на плошчы Latviešu strēlnieku laukums. 

Адкрыццё арт-інсталяцыі #FreeViasna адбылося пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў і беларусак Латвіі Supolka. У яе адкрыцці прынялі ўдзел віцэ-мэр Рыгі Лінда Озала, намеснік старшыні парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі Юрыс Вілюмс, дырэктарка латвійскага музея акупацыі Салвіта Віба , прадстаўніца Праваабарончага цэнтра "Вясна" Любоў Ланіна. На адкрыцці таксама прысутнічалі прадстаўнікі Парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, якая працуе ў Сейме Латвіі, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Латвіі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі, прадстаўнікі амбасады Францыі ў Рызе.

Інсталяцыя заклікае звярнуць увагу на праваабаронцаў, несправядліва асуджаных за дапамогу іншым і выкананне праваабарончай місіі, а таксама праз іх — на ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. Металічная кампазіцыя сімвалізуе нязломнасць духу і адданасць дэмакратычным каштоўнасцям і правам чалавека. Яна нагадвае пра неабходнасць штодзённай барацьбы за свабоду ўсіх палітвязняў, у тым ліку праваабаронцаў "Вясны".

На ўрачыстым адкрыцці віцэ-мэр Рыгі Лінда Озала адзначыла падобны досвед савецкай акупацыі Латвіі і Беларусі, але іх вынік цалкам адрозніваецца:

art-instaliacja_ryga_9.jpg
Dmitrijs Suļžics/MN

"Латвія вярнулася ў сям'ю заходніх краін, у той час як беларускі дыктатар Лукашэнка трымае беларускі народ у палоне, іншадумцаў садзіць у турмы, а да нашых межаў накіроўвае натоўпы нелегальных мігрантаў. Але беларускі народ — не народ рабоў, што яскрава паказалі падзеі пасля апошніх скрадзеных выбараў. Я не веру ў выбары беларускага дыктатара, я веру ў Адраджэнне беларускага народа — і мы са свайго боку зробім усё, што ў нашых сілах, каб яно наступіла як мага хутчэй".

Намеснік старшыні парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі Юрыс Вілюмс, які з'яўляецца "хросным" палітзняволенага Руслана Слуцкага, узгадаў падзеі 2020-га года:

"Я вельмі добра памятаю падзеі пачатку жніўня 2020 года. Гэта быў час радасці і натхнення — здавалася, што ў хуткім часе, калі не ў бліжэйшыя гадзіны, то ў найбліжэйшыя дні, лёд нарэшце праломіцца, і рэжым Лукашэнкі страціць уладу. 23 жніўня, у дзень гадавіны падпісання пакта Молатава-Рыбентропа і Балтыйскага шляху, мы правялі сімвалічную акцыю падтрымкі дэмакратычнай Беларусі — прайшлі маршам уздоўж беларускай мяжы, які завяршыўся ў П'едруі, на беразе Дзвіны. Тады нават у Латвіі адчуваліся страх і асцярожнасць — некаторыя баяліся адкрыта выказваць падтрымку, бо за мяжой былі сябры, сваякі, за чый лёс хваляваліся. Прайшло ўжо больш за пяць гадоў. На жаль, і сёння ў Латвіі мы часам бачым, што людзі баяцца адкрыта выказваць сваё меркаванне, але ў Беларусі гэта ўвогуле немагчыма. Мы цяпер не можам істотна паўплываць на сітуацыю. Мы можам выказваць меркаванні, асуджаць дзеянні рэжыму, але гэта толькі словы... Часам гэта прыводзіць да адчаю, бо мы гаворым, але не можам істотна змяніць рэальнасць. У міжнародным кантэксце нават ладзілі акцыі, калі людзі, не знаходзячы новых слоў, выходзілі на трыбуну, рабілі глыбокі ўдых і крычалі — гучна і доўга! Каб выказаць эмоцыі, каб перадаць той вар'яцтва, якое ўжо не апісваецца словамі". 

art-instaliacja_ryga_3.jpg
Dmitrijs Suļžics/MN

Юрыс Вілюмс прапанаваў зладзіць хвіліну маўчання, каб ушанаваць памяць пацярпелых ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Праваабаронца "Вясны" Любоў Ланіна сказала падчас свайго выступу:

"Мэта гэтай інсталяцыі — звярнуць увагу на беларускіх праваабаронцаў за кратамі і праз іх — на тысячы палітычных зняволеных і ахвяр рэпрэсій. Партрэты нашых калег, створаныя з металічных пруткоў, сімвалізуюць цяжкія ўмовы іх жыцця ў турмах, але таксама адлюстроўваюць іх незломную сілу і мужнасць у змаганні за правы чалавека. Мы павінны паказаць такую ж стойкасць і адданасць дэмакратычным каштоўнасцям і правам чалавека".

Праваабаронца нагадала пра пераслед і ціск на палітзняволеных вясноўцаў. Асобна яна распавяла гісторыю палітзняволенай каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай:

"У нас шмат агульнага: мы прыкладна аднаго ўзросту, вялі падобны лад жыцця, жылі ў Мінску. Але Марфа пазбаўлена свабоды і асуджана на 15 гадоў зняволення. У турме яна страціла бацьку і бабулю, не маючы магчымасці развітацца. Яе здароўе пагаршаецца, і яна пазбаўлена належнай медыцынскай дапамогі.

Марфа і іншыя праваабаронцы "Вясны" несправядліва абвешчаныя "экстрэмістамі" і "тэрарыстамі" толькі за тое, што яны абараняюць правы чалавека і дапамагаюць людзям. Сёння яны самі маюць патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. Гэтая выстава — заклік да дзеяння: штодзённа змагацца за іх свабоду.

Нягледзячы на пераслед, мы працягваем праваабарончую працу. Асабліва гэта важна цяпер, калі Беларусь набліжаецца да так званых прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня. Гэтыя выбары, што праводзяцца ва ўмовах страху і рэпрэсій, з больш чым тысячай палітвязняў за кратамі, нельга назваць дэмакратычнымі, свабоднымі або законнымі".

Арт-інсталяцыю таксама наведалі прадстаўніцы Support group for Democratic Belarus Яна Сіманоўска, Майрыта Лусе і Лэйла Расіма, якія з'яўляюцца "хроснымі" палітзняволеных Сяргея Пляшкуна, Яўгена ВерхаводкінаАлы Сакаленкі.

art-instaliacja_ryga_6.jpg
Dmitrijs Suļžics/MN

Арт-інсталяцыя «Нязломныя» створана ў межах кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі "Вясны" #FreeViasna. Паказ у Рызе стаў магчымы дзякуючы супрацоўніцтву з Асацыяцыяй беларусаў Латвіі Supolka. Праект ужо быў прадстаўлены ў Брусэлі (Бельгія), Капенгагене (Данія), Берліне (Германія), Познані (Польшча) і Вільні (Літва).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства