Ціск на медыкаў і абнаўленне "экстрэмісцкага" спісу: хроніка пераследу 14 студзеня
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 студзеня 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Наваполацку за "несанкцыянаванае пікетаванне" асудзілі Дзмітрыя Аношку
Яго справу 13 студзеня разбірала суддзя Зінаіда Балаболава, паведаміла "Віцебская вясна".
Дзмітрый — вядомая ў горадзе асоба. "ІТ, актор, спартовец 40+", — піша ён пра сябе ў сацыяльных сетках.
Мужчына з'яўляецца спартоўцам-аматарам, практыкуе бег на розныя дыстанцыі і фігурнае катанне, папулярызуе здаровы лад жыцця, здымаецца ў фільмах, піша блог пра свае падарожжы.
У Хойніках за "экстрэмізм" судзілі вядомага ў горадзе прадпрымальніка
Як паведаміла "Гомельская вясна", у Хойніках дзявятага студзеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Уладзіслава Дубікоўскага. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Працэс узначальваў суддзя Станіслаў Іванюценка.
Уладзіслаў Дубікоўскі — вядомы ў Хойніках прадпрымальнік, заснавальнік таварыства з абмежаванай адказнасцю "СПЕЦСлавія". Гэтае прадпрыемства займаецца вырабам працоўнага спецадзення. Вядома, што Дубікоўскі уваходзіў у склад Рады ў развіцці прадпрымальніцтва пры Хойніцкім райвыканкаме.
У "экстрэмісцкі" спіс дадалі чарговыя кнігі, краўндфандынгавы праект "Gronka", а таксама песня пра Лукашэнку
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Священный Белавуд", "BIEŁARUSKI ČAT";
- Instagram старонкі "belkrainec", "intermarium_belsat", "venger1991", "dylevskiis","olga_zazik", "kedyshkosergei", "golosbelarus", "bykaciarynka", "fuckdictator", "shalyginblr", "ded_salik";
- Сайт і сацсеткі платформы "Gronka";
- Сайт і сацсеткі ініцыятыў "Галасы праз межы", а таксама "Народныя навіны Віцебска | Народные новости Витебска";
- YouTube-канал "За усами";
- Песня "ИЛЬИЧ feat А.Г. Лукашенко – Дайте газу!";
- Кнігі "Нарыс гiсторыi Беларусi (1795 - 2002)", "Тайны белорусской истории";
- Старонка ў Facebook "# ЖывеБеларусь!";
- Старонкі ва "Укантакце" "Litwiny", "Герои Беларуси 2020";
- Viber-чат "ГАИ Ельск";
- Старонкі ў "Х" "Правакатар", "Алесь", "Наша Маша", "Буслик has left the буслянку", "придворный советник Ушба";
- TikTok-старонкі "bessmertnii7291", "belarus.prо", "sciapan.garadokski", "yauhenlatan", "pozirk_online", а таксама TikTok-публікацыі "Лукашенко про удушение Беларуси", "Лукашенко хочет стать миллионером".
У БДМУ забаранілі адпачынкі і пераздачы. Імаверна, каб павысіць яўку на выбарах*
У Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце забаранілі адпачынкі і пераздачы да выбараў. Пра гэта паведаміла ініцыятыва медыкаў "Белыя Халаты" са спасылкай на крыніцы.
"Нядаўна кіраўніцтва ўніверсітэта давяло да выкладчыкаў, што забароненыя адпачынкі на перыяд выбараў (мяркуючы па ўсім, для таго, каб павысіць яўку). Таксама ўведзеная часовая забарона на пераздачу — ад выкладчыкаў патрабуюць, каб усе залікі ды экзамены былі здадзеныя адразу. Гэта робіцца для таго, каб іншагароднія студэнты хутчэй з'ехалі са сталіцы".