viasna on patreon

Затрыманне на мяжы і абнаўленне "Спіса экстрэмістаў": хроніка пераследу 10-13 студзеня Дапоўнена

2025 2025-01-13T13:20:00+0300 2025-01-14T14:41:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary_2025_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-13 студзеня 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Аператыўна-аналітычны цэнтр Беларусі ануляваў дамен petitions.bу

Пра гэта паведамілі 13 студзеня прадстаўнікі праекту:

"Дамен petitions.bу больш не належыць нам і можа быць выкарыстаны трэцімі асобамі, у тым ліку структурамі, якія могуць выкарыстоўваць яго ў злачынных мэтах, у тым ліку для збору вашых дадзеных. Будзьце ўважлівыя: доступ на сайт petitions.bу НЕ бяспечны, калі яго паспрабуюць аднавіць ці выкарыстоўваць ад нашага імя.

Наш бягучы асноўны дамен — e-petitions.by, працягвае працаваць. Гэта наш афіцыйны сайт на дадзены момант.

У бліжэйшы час мы плануем набыць новы дамен за межамі зоны .BY і зрабіць яго асноўным, каб засцерагчы вашу працу з нашымі інструментамі і сэрвісамі. Мы паведамім аб новым дамене, як толькі ён будзе актываваны".


Расійскага журналіста ў Беларусі абвясцілі ў вышук па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмізму"

illja-dauljatczyn.jpg
Ілля Даўлятчын

УУС Гомельскай вобласці абвясціла ў вышук расійскага журналіста-расследавальніка і вядучага праграмы "Можам растлумачыць" Іллю Даўлятчына па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай" дзейнасці (ч. 2 арт. 361 КК), напісаў 13 студзеня тэлеграм-канал "Можем объяснить". Пасля гэтага расіянін аўтаматычна трапіў у базу вышуку ў Расіі згодна з правіламі Саюзнай дзяржавы.

Прычынай для крымінальнай справы стаў удзел журналіста ў ток-шоу "План:Б" тэлеканала "Белсат", які ў Беларусі прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем", а ў Расіі — "непажаданай арганізацыяй".

Адвакаты Даўлятчына апавясцілі Інтэрпол аб палітычным характары пераследу.


Следчы камітэт зноў пагражае беларусам, якія ўдзельнічаюць у акцыях салідарнасці за мяжой

Ведамства нібыта атрымала інфармацыю аб планах, "накіраваных на спробу дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне і распальвання сацыяльнай варожасці, з дапамогай нешматлікіх вулічных акцый, якія імітуюць падтрымку радыкальных рухаў":

"Адным з "экстрэмісцкіх перформансаў" стане флэшмоб з умоўнай назвай "Лукашэнка ў Шродэр", арганізаваны "Народнымі амбасадамі".

Акрамя таго, Следчы камітэт абураецца правядзеннем 26 студзеня ў Варшаве фестываля "Беларусы годныя лепшага". Паводле ведамства, ягоная мэта — "стварэнне негатыўнага іміджу вакол выбарчай кампаніі ў Беларусі, абвастрэнне сацыяльна-палітычнай абстаноўкі і знешняе ўздзеянне на прававыя інстытуты".

Сцвярджаецца, што "вядзецца актыўная работа па выяўленні і ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў запланаваных акцый за мяжой. Іх дзейнасць дакументуецца для прыняцця рашэння аб прыцягненні фігурантаў да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў парадку спецвытворчасці".


Цяжарную беларуску затрымалі на мяжы за абразу Кубракова

Пра затрыманне стала вядома 12 студзеня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што жанчына ў 2020-м пакінула абразлівыя каментары на адрас міністра ўнутраных спраў Кубракова. Пасля гэтага яна з'ехала ў Літву. За мяжой жанчына зацяжарыла і вырашыла вяртацца на радзіму.

Як толькі яна перасякла мяжу, яна была затрыманая.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 чалавекі — цяпер у ім 4848 прозвішчаў

11 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі магілёўскага фаната Сяргея Ціханава, IT-спецыяліста Чэслава Герасімовіча, асуджаную за салідарнасць Таццяну Сцёпу.


Дыпламатаў Японіі не пусцілі на суд над палітзняволеным японцам Наканісі Масатосі

Наканісі Масатосі

Пра гэта паведаміла 11 студзеня "Люстэрка" са спасылкай на японскае выданне Kyodo.

Амбасада Японіі звярнулася да беларускіх уладаў з просьбай дазволіць супрацоўнікам назіраць за судовым працэсам, але гэтая просьба была адхіленая. Дыппрадстаўніцтва заявіла, што «працягне прымаць адпаведныя меры для абароны японскіх грамадзян».

Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару».

Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.


Міліцыя пачала хадзіць па арэндных кватэрах — сярод іншага, пытаюць пра тое, што будзеш рабіць 26 студзеня

Паводле звесткак тэлеграм-канала "МотолькоПомоги" ад 11 студзеня, у апошнія дні міліцыянты пачалі актыўна абыходзіць арэндныя кватэры ў розных гарадах Беларусі. Пачалося гэта яшчэ ў снежні, а выпадкі фіксуюцца як мінімум у Мінску, Магілёве, Мазыры і Бараўлянах.

Гаворка не пра стандартныя праверкі, калі кватэры абыходзяць участковыя. Цяпер міліцыянты тэлефануюць жыхарам у дамафоны, хочуць зайсці ўнутр і патрабуюць дамову аб арэндзе кватэры.

Па словах людзей, яны правяраюць арэндныя кватэры мэтанакіравана перад выбарамі*. Ходзяць не выпадкова, а па сваіх спісах, дзе ў тым ліку пазначаны жыхары/уладальнікі, якія раней былі затрыманыя альбо, што называецца «на алоўку».

Акрамя таго, у шэрагу выпадкаў, у жыхароў таксама пытаюцца, што яны плануюць рабіць 26 студзеня — у дзень выбараў*


З'явіліся фотаздымкі стэндаў "Іх шукае міліцыя" з Віцебска — у горадзе шукаюць праваабаронцаў, журналістаў, былых палітвязняў

Як паведаміў 10 студзеня тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!", сярод іншых, на стэндах можна заўважыць былых палітвязняў Міхаіла Жамчужнага і Ціхана Клюкача, галоўнага рэдактара выдання "Віцебскі кур'ер NEWS" Аляксандра Корнышава, кіраўніка ініцыятывы "Хайсы — Віцебскія Курапа" Яна Дзяржаўцава, актывістку Крысціну Мірсалімаву. Акрамя таго, у спісах праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Траццякова, а таксама двойчы журналістка Алена Шабуня.

У Мінскім ДАІ на стэндзе "Іх шукае міліцыя" з'явіўся фотаздымак стэндап-коміка Славы Камісаранкі. Пра гэта ён паведаміў у сваім Instagram. Акрамя коміка на стэндзе можна заўважыць здымак музыкі Сяргея Міхалка і фатографаў Юліі Лейдзік і Яўгена Канаплёва.

Таксама на стэндзе размешчаны фотаздымкі іншых людзей, якім інкрымінаваны "народны" арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).


Беларуса затрымалі за тое, што сарваў агітацыйны выбарчы плакат

Сцвярджаецца, што ўначы ў Мінску на прыпынку па вуліцы Аранскай невядомы сарваў агітацыйны плакат з інфармацыяй аб кандыдатах на выбарах*.

Як напісалі 10 студзеня праўладныя тэлеграм-каналы, дзеянням мінчука будзе дадзена прававая ацэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства