viasna on patreon

Кайданкі, электрашокер і слезацечны газ: спосабы застрашэння і катаванняў

2025 2025-01-08T17:25:00+0300 2025-01-08T17:36:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/etap_politviazni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі ўнутраных спраў надзелены правам на выкарыстанне спецыяльных сродкаў у выпадках, калі гэта неабходна для прадухілення здзяйснення злачынства, альбо калі існуюць пагрозы з боку асобы іншым грамадзянам альбо грамадскаму парадку. Аднак пасля 2020 года спецсродкі сталі часта выкарыстоўвацца для адміністрацыйна затрыманых і палітычных зняволеных. “Вясна” аналізуе адпаведнае заканадаўства і прыводзіць шматлікія факты яго парушэння з боку супрацоўнікаў МУС.

Якія спецсродкі прымяняюцца найчасцей у дачыненні да палітычных апанентаў?

Прымяненне спецыяльных сродкаў рэгламентавана артыкулам 28 Закона РБ “Аб органах унутраных спраў”, арт. 20 аналагічнага Закона “Аб унутраных войсках МУС” и ведамаснымі інструкцыямі. Пры гэтым, спецсродкі забараняецца ўжываць у дачыненні да жанчын з бачнымі прыкметамі цяжарнасці, асоб з відавочнымі прыкметамі інваліднасці, непаўналетніх, калі іх узрост відавочны або вядомы, за выключэннем выпадкаў здзяйснення названымі асобамі ўзброенага альбо групавога нападу.

У 2021 годзе паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” сярод іншага істотна пашырыліся паўнамоцтвы на прымяненне спецыяльных сродкаў да затрыманых правапарушальнікаў у выпадках, калi ёсць падставы меркаваць, што яны могуць прычыніць шкоду навакольным ці сабе.

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Арсенал спецыяльных сродкаў даволі разнастайны і павінен выкарыстоўвацца ў залежнасці ад ступені стрымлівання і пагрозаў з боку асобы іншым грамадзянам альбо грамадскага парадку.

Да такіх сродкаў адносяцца: кайданкі, альбо сродкі звязвання, гумавыя дручкі, спецыяльныя хімічныя рэчывы (слезацечны альбо пярцовы газ), электрашокеры, святлогукавыя прылады (святлошумавыя гранаты і патроны) і некаторыя іншыя.

Пад час акцый пратэсту ў 2020 годзе і ў наступныя гады многія беларусы ўпершыню сутыкнуліся з прымяненнем супраць іх большасці з пералічаных спецсродкаў.

Утрыманне абвінавачаных у кайданках на судзе і этапаванне асуджаных

Выкарыстанне кайданкоў – самы папулярны ў Беларусі сродак, да якога прыбягаюць супрацоўнікі МУС у большасць выпадкаў. Але ў апошні час іх прымяненне з’яўляецца фактарам не толькі стрымлівання агрэсіўных правапарушальнікаў, але і элементам застрашэння і відам катаванняў для адміністрацыйна арыштаваных удзельнікаў акцый пратэсту альбо затрыманых па палітычных матывах грамадзян. Прычым у многіх выпадках ставіцца пад сумненне мэтазгоднасць іх выкарыстання.

На дадзены момант у СІЗА і папраўчых калоніях “палітычных” ставяць на два ўлікі: “як асобаў, схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў” і “як асобаў, схільных да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў”. Гэтыя ўлікі маюць свае абмежаванні і правілы, якія не прапісаны ў адкрытых нарматыўных крыніцах. Пры гэтым, "схільных да захопу закладнікаў" вязняў, увесь час перамяшчаюць у кайданках, а таксама апранаюць іх на праверках два разы на дзень, і калі ў камеру заходзіць начальнік СІЗА або іншыя супрацоўнікі адміністрацыі.

Існуе таксама практыка ўтрымання ў кайданках падазраваных пад час суду. Пры гэтым яны ўтрымліваюцца ў металічнай клетцы і пад узброенай аховай.

У ходзе працяглага суда над праваабаронцамі “Вясны” Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам яны ўтрымліваліся ў кайданках. Праваабаронцы заяўлялі хадайніцтвы, каб ім знялі кайданкі. Але пытанне засталося нявырашаным. Фота Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў кайданках у клетцы ў судовай залі абляцела ў свой час вядучыя сусветныя выданні.

Алесь Бяляцкі на судзе

16 студзеня 2023 года праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды ўтрымання "вясноўцаў" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча закаванымі ў кайданкі падчас судовага разбіральніцтва па "справе "Вясны". Пры гэтым ён спасылаўся на Заўвагі агульнага парадку №32 да артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах дзе  адзначана:

"Падчас судовага разбіральніцтва падсудныя па агульнаму правілу не павінныя быць закаваныя ў кайданкі, альбо ўтрымлівацца ў клетках, альбо паўставаць перад судом у абліччы, якое іншым чынам сведчыла б, што яны могуць небяспечнымі злачынцамі".  

На думку праваабаронцаў, гэта маральны і псіхалагічны ціск ня толькі на саміх падазраваных, але і на іншых удзельнікаў працэсу.

Пры этапаванні з СІЗА ў калоніі палітычных зняволеных, кайданкі не здымаюцца ўвогуле, прыносячы дадатковыя пакуты асуджаным. Вельмі часта канваіры максімальна шчыльна заціскаюць кайданкі.

Былы палітвязень Віталь Жук падрабязна распавёў пра этапаванне ў каданках і праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікаюць:

“У чарговы раз адкрываецца кармушка, зашчоўкваюцца на запясцях кайданкі, і ты са сваімі торбамі ідзеш на нагах, якія заплятаюцца, праз падвал ІЧУ да аўтазака. Чаму на нагах, якія заплятаюцца? Паспрабуйце звязаць сабе рукі спераду, узяць у іх дзве-тры сумкі і паспрабаваць так ісці. Вы будзеце біцца каленамі аб свае ж сумкі, а праз вагу вы не зможаце іх несці на выцягнутых руках. І вось так вы ідзяце, б'ецеся аб іх каленкамі, спатыкаецеся, а ў спіну крычаць: "Быстрее!" 

Самы вядомы прыклад выкарыстання кайданкоў з мэтай аказання маральнага ціску на затрыманых адбыўся ў Мінску ў 2018 годзе. Актывістаў “Моладзі БНФ” затрымалі пад час  пікету супраць дзедаўшчыны ў войску ў рамках новай грамадскай кампаніі "Квіток на той свет". Яго ўдзельнікаў Дзяніса Мандзіка, Ганну Смілевіч і Арсенія Дзядка пры канваіраванні ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а затым і ў суд змацавалі паміж сабой у ланцуг і ў такім выглядзе выводзілі з машыны ў будынак суда, парушаючы тым самым дзеючае заканадаўства.

“Выкарысталі электрашокер з такім шалёным разрадам, што мужык трапіў з інфарктам у шпіталь”

Больш сур’ёзным выпрабаваннем для затрыманых з’яўляецца электрашокер, прымяненне якога ў дачыненні да адміністрацыйна арыштаваных і палітзняволеных выклікае вялікія сумненні. Тым больш яго выкарыстанне можа прыводзіць да наступстваў са здароўем. Вядомыя выпадкі выкарыстання электрашокера ў дачыненні да непаўнагадовых, што таксама з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Так, былы выкладчык БДУ Яраслаў Кот распавядаў пра тое, як пасля электрашокера у аднаго з арыштаваных на Акрэсціна здарыўся інфаркт:

“Мне тэлефанаваў былы сукамернік, 57-гадовы электрык з аўтапарку, які пасля Новага году вяртаўся ад сваякоў. Яго схапілі, выкарысталі электрашокер з такім шалёным разрадам, што мужык трапіў з інфарктам у шпіталь — яго забралі з Акрэсціна. Дык вось, калі яго выпісалі, патэлефанавалі: „Ты не даседзеў, прыходзь на Акрэсьціна даседжваць“. Апёк быў жудасны на целе, чорная скура. Падзяліўся, што цяпер ён баіцца людзей у чорным і міліцыі”.

Яшчэ адзіць пацярпелы ад катаванняў сілавікаў распавёў праваабаронцам, як электрашокерам катавалі непаўнагадовага:

“У карцары [ІЧУ на Акрэсціна] быў хлопец гадоў васямнаццаці, якога катавалі электрашокерам, — у яго былі шматлікія апёкі. Прычым яго затрымалі за тое, што ён крыптавалютай аплачваў нейкую інтэрнэт-гульню, але яго абвінавачвалі ў тым, што ён фінансаваў пратэсты. На момант гэтых аплат яму было 16 гадоў”.

Хворы на эпілепсію былы палітвязень Мікіта Залатароў неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні: некалькі разоў ужывалі нават электрашокер.

Студэнта Уладзіслава Бягуна затрымалі 8 траўня 2023 года за зняты дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг у Мінску на Лагойскім тракце. 

“Мяне скруцілі за пад'ездам са спіны. Я вырываўся і нават ударыў аднаго локцем, бо не разумеў, што гэта міліцыя. Але калі мяне ўдарылі электрашокерам, я зразумеў, што гэта затрыманне. Чацвёра чалавек мяне заштурхалі ў машыну. Там адразу забралі тэлефон, выбівалі пароль: білі па баках і электрашокерам. Пасля ўдару ў шыю, маё цела абмякла, на мне зашпілілі кайданкі пад каленамі”.

Арыштаваны жыхар Мінска Аляксей у ЦІПе сустракаў мужчыну, якога супрацоўнікі ГУБАЗіКа для затрымання выклікалі ў якасці таксіста на вул. Рэвалюцыйную, 3 — там размешчаны іхні штаб:

"Ён прыехаў, заехаў пад шлагбаўм, яго адразу ж дасталі з машыны, збілі. Білі нагамі, рукамі, нейкімі палкамі, электрашокерам. Яго білі шокерам пад пазногці, потым аблівалі ногі і зноў білі шокерам у бранзалеты, у косткі ног".

Пра неправамоцнае ўжыванне электрашокера пад час адміністрацыйнага арышту сведчыла таксама палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка.

"Пусцілі слезацечны газ і пачалі збіваць"

Праваабаронцам таксама вядомыя выпадкі неабгрунтаванага выкарыстання слезацечнага газу.

Маці Ігара Аліневіча пісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: 

“Падрабязнасці такія, што ў момант затрымання прадавачка крамы, у якую зайшлі двое хлопцаў, каб купіць ежы, патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра іх. Краіна герояў і паліцаяў. Дапытвалі памежнікі (не амапаўцы, і не гэбісты). Пусцілі слезацечны газ і пачалі збіваць. Сяргей парэзаў рукі і ўвесь пакой быў заліты крывёю. Ён сам распавёў пра гэта маці, калі яго судзілі ў Гомелі”.

gaz-akcya.jpg
Выкарыстанне слезацечнага газу супраць пенсіянераў. Скрыншот з відэа.

Частку арышту арыштаваная за ўдзел у акцыі пратэсту Карына адбывала ў жодзінскім ізалятары. Там па суседстве былі дзве жаночыя камеры: у чатырохмясцовай было 13 чалавек, а ў дзесяцімяцовай — 30. Яна ўзгадвае выпадак, які там адбыўся:

“Начамі супрацоўнікі Жодзіна адмыслова шумелі і заміналі спаць. Акрамя гэтага, раней былыя арыштанты дзяліліся гісторыяй пра тое, як дзяжурныя вывелі некалькі мужчын у душ, замкнулі іх і залілі пярцовым газам. Але гэты газ праз вентыляцыйную трубу трапіў і ў астатнія камеры на паверсе”.

Павел Сапелка: "Прымяненне спецсродкаў без законных падстаў з мэтай прычыніць пакуты – гэта цяжкае злачынства"

Павел Сапелка. Фота:
Павел Сапелка. Фота: "Белсат"

Юрыст-праваабаронца Павел Сапелка нагадвае, што не толькі нацыянальнае заканадаўства, але і міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, забараняюць альбо абмяжоўваюць выкарыстанне спецсродкаў, як элемента катаванняў, альбо аказання маральнага і псіхалагічнага ціску ці іншых пакут.

— Пры ацэнцы законнасці дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў варта зыходзіць не толькі з палажэнняў нацыянальнага заканадаўства, якое забараняе адвольнае прымяненне спецыяльных сродкаў і зброі, але і з міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, — нагадвае юрыст. — Прымяненне спецсродкаў без законных падстаў з мэтай прычыніць пакуты – гэта цяжкае злачынства, якое прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з магчымасцю прымянення дадатковых пакаранняў; гэтыя дзеянні таксама магу быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці і тады яны не маюць тэрміну даўнасці.

Дапаможнік для выкладчыкаў па навучанні службовых асоб па падтрыманні правапарадку, выдадзенае Вярхоўным камісарам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па Правах Чалавека "Міжнародныя стандарты для органаў па падтрыманні правапарадку" нагадвае са спасылкай на Канвенцыю супраць катаванняў, што:

  • забараняецца спасылацца на якія-небудзь выключныя абставіны для апраўдання катаванняў (артыкул 2.2);
  • забараняецца спасылацца на якія-небудзь загады, аддадзеныя зверху, для апраўдання катаванняў (артыкул 2.3);
  • катаванні павінны быць забароненыя ўнутранымі законамі (артыкул 4);
  • усе асобы, абвінавачаныя ў здзяйсненні катаванняў, павінны паўстаць перад правасуддзем, незалежна ад іх грамадзянства або месца меркаванага здзяйснення злачынства (артыкулы 5, 6, 7);
  • пры падрыхтоўцы службовых асоб па падтрыманні правапарадку неабходна цалкам улічваць забарону на прымяненне катаванняў (артыкул 10.1);
  • забарона на прымяненне катаванняў павінна быць уключана ў агульныя правілы і інструкцыі, якія выдаюцца службовым асобам паліцыі, адказным за ўтрыманне затрыманых пад вартай (артыкул 10.2);
  • неабходна праводзіць сістэматычную праверку правілаў, інструкцый, метадаў і практыкі правядзення допыту (артыкул 11);
  • неабходна праводзіць сістэматычную праверку мер па ўтрыманні пад вартай і абыходжанні з асобамі, пазбаўленымі волі (артыкул 11);
  • неабходна неадкладна і бесстаронна праводзіць расследаванне ў дачыненні да меркаваных актаў катаванняў (артыкул 12);
  • (меркаваныя) ахвяры прымянення катаванняў маюць права на правядзенне неадкладнага і бесстаронняга расследавання і павінны мець абарону супраць любога дрэннага звароту або запалохвання з прычыны падачы імі скаргі (артыкул 13);
  • унутранае права павінна забяспечваць кампенсацыю і права на справядлівую і адэкватную кампенсацыю для ахвяр прымянення катаванняў, забяспечанае прававой санкцыяй (артыкул 14);
  • недапушчальна выкарыстоўваць у судзе доказ, атрыманы шляхам катаванняў (артыкул 15)".

Збіванне, пагрозы, нечалавечыя ўмовы: пра якія катаванні часцей за ўсё распавядаюць беларусы

Пацярпелыя ад рэпрэсій аспавядаюць дакументатарам пра гвалт у аддзяленнях міліцыі і месцах пазбаўлення волі, падчас затрымання, следства і адбыцця пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства