viasna on patreon

Збіванне, пагрозы, нечалавечыя ўмовы: пра якія катаванні часцей за ўсё распавядаюць беларусы. Статыстыка

2024 2024-08-09T12:20:00+0300 2024-08-09T12:28:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/addzel-dakumentavannja_statystyka_1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо чацвёрты год запар працягваюцца рэпрэсіі супраць беларусаў і беларусак, якія не згодныя з палітыкай рэжыму Лукашэнкі і супрацьстаяць яму. Увесь гэты час аддзел дакументавання катаванняў Праваабарончага цэнтра “Вясны” сумесна з дацкім інстытутам супраць катаванняў DIGNITY фіксуе рознастайныя выпадкі катаванняў і жорсткага і бесчалавечнага абыходжання. Пацярпелыя ад рэпрэсій аспавядаюць дакументатарам пра гвалт у аддзяленнях міліцыі і месцах пазбаўлення волі, падчас затрымання, следства і адбыцця пакарання. У месцах няволі вязні рэгулярна зазнаюць фізічны, псіхалагічны і сэксуалізаваны гвалт, а таксама часта сутыкаюцца з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання.

У гадавіну паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі расказваем, пра якія выпадкі катаванняў пацярпелыя ад рэпрэсій паведамляюць праваабаронцам часцей за ўсё.

"Пацярпелым хапала мужнасці казаць пра парушэнні правоў чалавека"

У 2020 годзе ў адказ на масавыя рэпрэсіі “Вясна” стварыла аддзел дакументавання катаванняў. Тады ж пачалася сталая супраца з дацкім інстытутам па супрацьдзеянні катаванням DIGNITY для збору доказаў катаванняў у Беларусі. Пазней супрацоўнікі аддзелу па досведу дацкіх калегаў распрацавалі сістэму адмысловых тэгаў, якімі маркіруюць і сістэматызуюць гісторыі рэпрэсаваных. Пачынаючы з 2020 году аддзел дакументавання катаванняў зафіксаваў 1870 гісторый пацярпелых ад рэпрэсій. Як распавядаюць праваабаронцы, напачатку працэсу дакументавання працягласць гісторый магла складаць некалькі дзясяткаў хвілінаў. Цяпер апытанні выконваюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і сталі значна больш падрабязнымі. Так, найдаўжэйшае інтэрв’ю дакументатараў цягнулася каля 12 гадзінаў. Фіксуюцца ўсе падрабязнасці, якія ў будучым могуць стаць важным доказам у прыцягненні да адказнасці выканаўцаў рэпрэсій.

Правабаронцы зазначаюць, што пацярпелых ад катаванняў і жорсткага абыходжання можа быць значна больш, чым сабрана на сённяшні дзень аддзелам дакументавання катаванняў. Некаторыя сведкі адмаўляюцца распавядаць пра катаванні як з мэтаў бяспекі, так і праз нежаданне ўзгадваць балючы досвед. Аднак сабраныя сведчанні ўжо цяпер дапамагаюць убачыць масштаб і разнастайнасць рэпрэсій, з якімі сутыкаюцца ў зняволенні беларусы.

Тэрэза Райтэр, дырэктарка дацкага інстытута Dignity падзялілася сваімі ўражаннямі падчас дакументавання катаванняў у Беларусі:

"Я была ўражаная мужнасцю і стойкасцю людзей, якія перажылі парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Мы задакументавалі тысячы выпадкаў жорсткага абыходжання, уключаючы збіццё, сэксуальны і гендарны гвалт. Нягледзячы на рызыку рэпрэсій за спробу дамагчыся справядлівасці, пацярпелым хапала мужнасці казаць пра парушэнні правоў чалавека, дзяліцца інфармацыяй аб жорсткасці, якой яны падвяргаліся, каб гэтыя парушэнні былі задакументаваныя і маглі служыць мэтам правасуддзя. Нягледзячы на моцны боль і пакуты, перажытыя ахвярамі адвольнага арышту, утрымання пад вартай і жорсткага абыходжання, яны прадэманстравалі ўражваючую стойкасць і моцнае жаданне дамагчыся справядлівасці".

Праваабаронцыадзялілі сведчанні пра рэпрэсіі на фізічны гвалт, які ўключае збіццё, пераломы, катаванне позай; псіхалагічны гвалт: пагрозы забойствам, блізкім, катаванні музыкай і выступамі прапагандыстаў; і сэксуалізаваны гвалт. А таксама дадалі катэгорыю жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, куды пераважна ўвашлі шматлікія апісанні ўмоваў утрымання ў месцах зняволення. Даныя прадстаўленыя ў працэнтных суадносінах.

У нядаўнім матэрыяле "Вясна" падрабязна распавядала, якія ўвогуле існуюць віды катаванняў у беларускіх турмах. У гэтым матэрыяле мы робім акцэнт на тым, якімі выпадкамі з намі часцей за ўсё дзеляцца самі пацярпелыя.

"Білі так моцна, што было чуваць хруст костак". Фізічны гвалт

Паводле даных аддзела дакументавання катаванняў "Вясны", сведчанні пра розныя выпадкі фізічнага гвалту складаюць 27,1 % ад агульнай колькасці гісторый. У гэтую катэгорыю ўваходзяць збіванне і яго наступствы (траўмы, удары, пераломы, чэрапна-мазгавая траўма, "калідор" з дручкоў), катаванне позай (расцяжка, "ластаўка"), выкарыстанне спецсродкаў (гумовыя дручкі, светлашумавыя гранаты, электрашокер, слезацечны газ).

З пачаткам поствыбарчых пратэстаў у жніўні 2020 года беларусы сутыкаюцца з пастаяннымі праявамі фізічнага гвалту з боку сілавікоў. У першыя дні жнівеньскіх акцый сілавікі закідвалі пратэстоўцаў светлашумавымі гранатамі і абстрэльвалі гумовымі кулямі з блізкай адлегласці. Так, позна вечарам 10 жніўня падчас пратэснай акцыі ў Мінску каля станцыі метро Пушкінская сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага. Ён стаў першым пратэстоўцам, які загінуў ад рук сілавікоў.

Шмат хто атрымаў цяжкія траўмы.Тадыж, 10 жніўня на Пушкінскай Георгію Сайкоўскаму адарвала частку ступні аскепкам светлашумавоў гранаты. У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года каля палітвязня Андрэя Папова выбухнула светлашумавая граната, аскепак якой трапіў яму ў твар і рассек скулу. Таксама хлопцу ў нагу трапіла гумавая куля.

Нязгодныя з дзеяннямі ўладаў зазнавалі катаванні ў выглядзе жорсткага збіцця ў аддзяленнях міліцыі і ізалятарах. Нашыя калегі з Міжнароднага камітэту па расследванні катаванняў, якія таксама дакументуюць выпадкі рэпрэсій, апублікавалі расследванне пра жудаснае збіццё пратэстоўцаў 9-13 жніўня 2020 года ў Маскоўскім РУУС Мінска, а таксама пра катаванні ў ЦІП на Акрэсціна ў той жа перыяд.

"Самае жорсткае – гэта калі я прачнуўся ў гадзіну ночы ад крыкаў людзей. Мужчынаў білі так моцна дубінкамі, што было чуваць хруст костак, крыкі былі такія моцныя, што людзей быццам бы палілі. Дарослыя мужыкі крычалі: "Мама! Дапамажыце! Ратуйце!".

Нягледзячы на тое, што выпадкі жахлівых катаванняў шырока асвятляліся беларускімі СМІ і сусветнай супольнасцю, беларусаў працягваюць моцна збіваць падчас затрымання.

"Як толькі яны мяне вывелі з офісу, я атрымаў удар. Сілавікі пасадзілі мяне ў машыну, рукі зашпілілі за спінаю кайданкамі і пачалі катаваць. Амапавец біў па твары і пагражаў зламаць нос. У кдбшніка былі вузкія зрэнкі і выгладала, нібы ён пад уздзеяннем пэўных рэчываў. Ён мне ўвесь час паўтараў: "Ну я ж цябе не б’ю, я з табою нармальна абыходжуся", а ў гэты момант засоўваў пальцы пад ключычную костку і выкручваў скуру на грудзях. Вельмі моцна цягнуў мяне за вуха і ў выніку яго парваў. Некалькі месяцаў яно зажывала", – распавядаў былы палітвязень.

Таксама збіваюць у месцах няволі тых, хто нязгодны з дзеяннямі адміністрацыі.

Былы палітвязень, які адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі № 3, распавядаў, як начальнік калоніі Філіп Стурчанка і яго намеснік Федчанка Дзяніс асабіста прыходзілі збіваць палітвязняў, якія адкрыта выказваліся супраць адміністрацыі калоніі і яе парадкаў.

"Аднойчы разам са мною ў душы мыўся зняволены Мікалай Шкаляр. Ён ад ног да галавы быў сіні ад збіцця. Ледзь зайшоў сам у душавую. Я ўжо раней чуў, што ў калоніі кагосьці моцна збілі. Дык гэта быў ён. "Стурчанка трымаў дручок у абедзвюх руках і біў так моцна, нібы хацеў мяне перарубіць напалову", – распавядаў мне Шкаляр".

Іншым распаўсюджаным відам фізічнага гвалту з’яўляецца так званае катаванне позай, якое, напрыклад, актыўна практыкуецца ў следчых ізалятарах.

Падчас праверкі зняволеных прымушаюць рабіць "расцяжку": працяглы час стаяць з вельмі шырока расстаўленымі нагамі. Калі ў чалавека не атрымліваецца, яго моцна б’юць дручком па унутраных частках ног. Знаходжанне ў такой позе вельмі нязручнае. У яе прымушаюць станавіцца нават людзей сталага веку, якія не маюць добрай фізічнай падрыхтоўкі.

"Падлога ў калідоры выкладзеная кафляй, кожная з каторых 30 сантыметраў. Нам загадвалі расстаўляць ногі на шырыню пяці кафляў – паўтара метра. Калі столькі паміж ног не змяшчалася, моцна білі па нагах, каб яны раз’язджаліся ў бакі", сведчыў пра жодзінскую турму экс-палітвязень.

Катаванню позай падвяргаліся, як мужчыны, так і жанчыны, нават пенсійнага веку. Былая палітзняволеная распавяла пра свой досвед.

"У калідоры нас ставілі тварам да сцяны, яны кладуць дубінку на плечы і па табе пачынаюць хлопаць. Адной рукой з дубінкай надзіральніца прыціскае тваю галаву да сцяны, адругою цябе мацае.

Каб мы шырэй расстаўлялі ногі, надзіральніцы білі нам ботам па стапе. Жанчынам сталага веку і нізкага росту ыло вельмі цяжка стаяць у такой позе. Побач са мною стаяла зняволеная, у якой быў артрыт. Яна не магла так шырока расставіць ногі. За гэта яе з усяго размаху моцна ўдарылі па назе. Жанчына ледзь не ўпала".

Былы палітзняволены рок-музыка Антон Маслыка, які правёў за кратамі амаль паўтара года, распавёў пра нечалавечыя позы, у якіх утрымлівалі вязняў.

"Калі мы сядзелі на ІЧУ, то ўсе казалі: хутчэй бы на "Валадарку" — там будзе лягчэй. Але калі нас прывезлі туды, то адразу выбудавалі каля сценкі ў позах літары "Г". Нельга было галавой абапірацца на сцены — трэба было стаяць у такой планцы з рукамі за спінай. І добра, я яшчэ малады і з фізічнай падрыхтоўкай, але сярод нас былі людзі старэйшыя, якім было складана. Нас трымалі ў такім становішчы гадзіны дзве. Зацякала ўсё, і рукі, і спіну зводзіла. Побач стаяў мужчына гадоў 50-ці — з яго ручаём ліўся пот".

Таксама палітвязняў выводзяць у колідор СІЗА і прымушаюць хадзіць на кукішках або да знясілення трымаць цяжкія рэчы на выцягнутых руках, напрыклад, скручаны матрас.

"Аднойчы на праверцы нам загадалі сесці на кукішкі. Палітзняволеная пенсіянерка не ўтрымалася і ўпала. Толькі пасля таго, як жанчына расплакалася, нас перасталі саджаць на кукішкі".

Нямала сведчанняў атрымліваюць дакументатары пра ўтрыманне палітвязняў у позе "ластаўкі": вязню вельмі нізка схіляюць галаву, а рукі са спіны зашпільваюць кайданкамі. Часта менавіта ў гэтай позе вязняў пераводзяць з камеры ў камеру.

"Кайданкі нам надзявалі заўсёды ззаду. На новым ІЧУ нас заўсёды вадзілі выключна "ластаўкай". У мяне праз гэта пачаліся вельмі моцныя праблемы. У мяне быў псіхалагічны блок, я адмовілася нахіляцца і гэта прывяло да моцнага канфлікту. У апошні дзень я баялася, што мяне не выпусцяць. Бо яны пагражалі ўжыць супраць мяне спецсродкі, скласці пратакол за "непадпарадкаванне міліцыянтам". І праз маю адмову, яны заўсёды мяне самі заломлівалі і так вялі, то бок ужывалі фізічную сілу".

 "Чым больш мы перакрыквалі радыё, тым грамчэй нам яго ўключалі". Псіхалагічны гвалт

Наступная катэгорыя складае 11%. Яны ўключае пагрозы палітвязням збіццём і забойствам, пагроза іх блізкім; так званае катаванне музыкай, дзяржаўным гімнам і выступамі прапагандыстаў.

Пра штодзённыя праслухоўванні выступаў Лукашэнкі і дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ў камеры жодзінскай турмы распавядае былая палітзняволеная:

"Напачатку ўвогуле ўключалі кожны дзень. Адно і тое ж. І чым больш мы перакрыквалі радыё, тым грамчэй нам яго ўключалі. Даходзіла да таго, што ад гучнага радыё мы не чулі адна адну. Тады мы пераставалі размаўляць, бо гэта было бессэнсоўна.

Лукашэнку (яго выступы – заўв. рэд.) увогуле часта ўключалі. Не ведаю, што гэта за такі метад катаванняў. Але яны напэўна ведаюць, чым катаваць. Нейкі цырк".

Супрацоўнікі сілавых ведамстваў часта выкарыстоўваюць пагрозы фізічным гвалтам у бок затрыманых, каб схіліць іх да прызнання віны або каб дадаткова прынізіць і запужаць чалавека.
Так, былому палітвязню па “справе Зельцэра” супрацоўнікі КДБ пагражалі гвалтам за тое, што ён напісаў каментар пра іхняга загінулага калегу.

"Спачатку я не мог уцяміць, чаму яны па мяне прыйшлі і касіў пад дурня. А калі ў мяне спыталі: "Ну хто там будзе сцацца і срацца?", то зразумеў, што мяне затрымалі за каментар, які я напісаў пра супрацоўніка КДБ, што ўварваўся ў кватэру да Андрэя Зельцэра. Я не стаў гэтага адмаўляць, адразу прызнаўся, што сапраўды пісаў. У адказ яны пачалі мне пагражаць: "Табе ж раней яйкі не прыціскалі? Вось прыедзем у аддзяленне, даведаешся, што гэта такое". Па прыездзе ў аддзяленне мяне паставілі на калені ў калідоры. Так я прастаяў каля гадзіны".

Сілавікі пераследуюць таксама блізкіх затрыманых, напрыклад, з мэтай "выбіць" ілжывыя паказанні. Палітзняволеная спявачка Мэріэм Герасіменка распавядала, як яе хлопца збівалі чатыры супрацоўнікі ГУБАЗіК, каб той абгаварыў Мэрыем.

"Майго Антона, паўтара года таму, дэпартавалі з Рэспублікі Беларусь, за адмову ад дачы на мяне "ілжывых паказанняў", пра тое, што нібыта сродкі, атрыманыя з майго вулічнага канцэрту ў бары "Банки-бутылки" ў жніўні 2022 года, былі пералічаныя на спансаванне і фінансаванне УСУ Украіны.

… збівалі Антона чатыры прадстаўнікі ГУБАЗіК, закрыўшы ў кабінеце, да фіялетавых ног, пасадзіўшы мяне каля дзвярэй, каб я чула, як здзекуюцца над чалавекам толькі за тое, што ён, адмаўляецца казаць ілжывы данос на мяне і тое, што ён мой малады чалавек!"

Зазнаюць ціск і сем’і тых, каго асудзілі да “хатняй хіміі”. Былы палітвязень Цімафей распавядаў пра такі выпадак “Вясне”.

"Зноў пачаліся прыходы супрацоўнікаў міліцыі — праўда, гэтым разам не часцей за тры разы на тыдзень і не пазней за дзевяць вечара. Яны могуць прыехаць у суботу і нагадаць пра сход, а потым — яшчэ раз, толькі ў нядзелю. Гэта ўсё вельмі нервова, прычым ціснуць не толькі на палітвязняў, але і на іх сем'і. У дом да аднаго "палітычнага" пастаянна прыходзіў бацькоўскі камітэт, каб праверыць, у якіх умовах жывуць дзеці, а жонку даставалі на працы".

 "Нашы даныя пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых". Сэксуалізаваны гвалт

Гэта катэгорыя складае 3,2 %. Больш за ўсё яна ўключае ў сябе расповеды пра пагрозы згвалтавання.

"Супрацоўніца папрасіла: "Надзеньце гэтых хлапцоў на вашыя дубінкі",сведчыў адзін з пацярпелых пратэстаоўцаў пра катаванні ў ЦІП на Акрэсціна.

Пасля масавых рэпрэсій у 2020 годзе ахвяры паведамлялі праваабаронцам пра неаднаразовыя пагрозы сэксуальнага гвалту падчас зняволення. А паводле дакладу Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, у Беларусі вядомыя выпадкі сэксуальнага гвалту.

"Нашы даныя пацвярджаюць факты згвалтавання затрыманых і прымянення іншых формаў сэксуальнага і гендэрнага гвалту ў дачыненні як да мужчын, так і да жанчын. Медыцынскія запісы, вывучаныя УВКПЧ, паказваюць на наяўнасць траўмаў мужчынскіх геніталій. Да затрыманых таксама прымяняўся псіхалагічны ціск, у тым ліку пагрозы згвалтавання".

"Скоцкія ўмовы, каб чалавек згубіў сваю ідэнтычнасць". Жорсткае абыходжанне і ўмовы ўтрымання

Самая аб’ёмная катэгорыя, якая складае 54,4 %. Апісанні жудасных і бесчалавечных умоваў утрымання ў месцах зняволення складаюць пераважную частку гэтай катэгорыі. Часцей за ўсё былыя палітвязні згадваюць пра святло ў камеры, якое не выключаюць на ноч; пра адсутнасць матрасаў і сон на жалезных нарах; пра блакаду сілавікамі перадач ад блізкіх; пра адсутнасць душа і магчымасці памыцца; пра недахоп у камерах свежага паветра; пра катаванні холадам; пра перапоўненыя камеры.   

Вось як каментавала былая палітзняволеная журналістка Вольга Класкоўская ўмовы ў гомельскай калоніі № 4.

"Гэтыя скоцкія ўмовы — ўсё гэта вельмі прадумана, каб цалкам выбіць глебу з-пад ног, каб чалавек згубіў сваю ідэнтычнасць, зламаўся, упаў духам. Усё зроблена, каб паралізаваць тваю волю, каб вынішчыць думкі пра які-кольвек супраціў. Каб ты адчуваў сябе слабым, непаўнавартасным, бездапаможным, вінаватым, бо такімі людзьмі лягчэй кіраваць і маніпуляваць, іх лягчэй кантраляваць".

Экс-палітзняволены памочнік лекара Захар Яноўскі згадвае ўмовы ўтрымання ў карцары ІЧУ на Акрэсіцна.

"То ўжо быў аднамесны карцар з бетоннай падлогай, дзе было 9 чалавек у дэпрэсіўным стане, якія таксама толькі што атрымалі крымінальны артыкул. Некаторыя хапаліся за голавы ад шоку, у кагосьці было запланавана вяселле. Ноччу на бетоне было холадна, і каб не захварэць, я пад цела падкладваў венік. Было яшчэ і цесна, людзі ляжалі на падлозе нібы тэтрыс, не варухнуцца. Спаць было немагчыма".

Пра катаванне холадам напрыканцы лістапада ў камеры ШІЗА распавядаў былы палітвязень Ігар Фёдараў.

"Дзякуй богу, гэтым разам нас было ў камеры трое. Але было дзіка халодна. Днём было нармалёва, бо тапілі батарэі. Ноччу надзірацелі адчынялі на "прадоле" вокны і ўсё цяпло за паўгадзіны выдзьмувала ледзяным ветрам. Камера астывала градусаў да 10. Мы былі апранутыя ў так званую "сцякляшку" – тонкую форму з сінтэтычнай тканіны з надпісам на спіне ШІЗА.

Я надыхіваў у ручнік і цяплом дыхання саграваў твар, нос і вушы. Гэта як балаклава, толькі твар цалкам закрыты. Калі не заснеш у першыя пяць хвілін, то ад холаду не будзеш спаць усю ноч. Хіба толькі кароткімі адрэзкамі сну па 10-15 хвілін атрымлівалася адпачыць".

Пазнакі фарбай і "пакаяльныя" відэа. Іншыя віды жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

У гэтую катэгорыю вылучаныя такія віды гвалту, як пазнакі фарбай, "пакаяльныя" відэа, траўля сабакамі.

Падчас масавых затрыманняў пратэстоўцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў сярод сілавікоў была распаўсюджаная такая гвалтоўная практыка, як пазначэнне людзей фарбай. У аўтазаках і аддзяленнях міліцыі затрыманым на валасы, адзенне, на скуру і на твар наносілі фарбу розных колераў, каб пазначаць ступень, з якой іх трэба было збіваць.

Мінчук Стас Дзядоў распавядаў “Вясне”, як у жніўні 2020 года яго пазначалі фарбай у аўтазаку.

"У аўтазаку ўжо ляжаў адзін чалавек. Мяне паклалі побач з ім, па шляху трохі білі дубінкамі. Потым мяне адтуль вывелі, узялі бутэльку з белай фарбай і вылілі мне на галаву. Мяне ўзялі за валасы і выцерлі маёй галавой фарбу на бусе. Пасля чаго адправілі ў іншы аўтазак, у якім ужо ляжала досыць шмат людзей — яны ляжалі плазам, адзін на адным. Я ляжаў знізу.

Было яшчэ як мінімум дзве перасадкі паміж аўтазакамі. На перасадках нас білі. Мяне супрацоўнікі АМАПу даведваліся па белай фарбе на валасах - гэта была як пазнака: трэба з гэтым чалавекам абыходзіцца больш жорстка. Яны самі адкрыта казалі — вось яго "пазначылі".

Практыка так званых “пакаяльных” відэа пачала актыўна выкарыстоўвацца сілавікамі ў 2021 годзе. Запісваюць відэа сілавікі розных ведамстваў: як супрацоўнікі ГУБАЗіК, так і міліцыянты. На відэа затрыманых прымушаюць агаворваць сябе і прасіць прабачэнні. Нярэдка відаць, што людзі кажуць завучаны тэкст. Як сведчаць пацярпелыя, часта сілавікі запісваюць відэа з некалькіх дубляў, каб атрымалася патрэбная ім карцінка. На “пакаяльных” відэа затрыманыя могуць выглядаць моцна збітымі.     

Затрыманым на вочы могуць нацягваць атрыбуты з нацыянальнай сімволікай або галаўныя ўборы, якія знаходзяць у іх дома падчас затрымання. Усё гэта робіцца для дадатковага прыніжэння і знявагі. Гэтая ганебная і зневажальная практыка працягваецца і па сённяшні дзень.

Калі вы пацярплеі ад катаванняў з боку сілавікоў або сутыкнуліся з жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем у месцах няволі, калі ласка, пішыце

Тэлеграм @Viasnadoc  viasnadoc@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства