viasna on patreon

"Не быў маральна гатовы так рэзка "рвануць" з Беларусі"

2024 2024-08-07T10:47:00+0300 2024-08-07T11:05:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/janouski-zahar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Захар Яноўскі. Фота з сацыяльных сетак

Захар Яноўскі. Фота з сацыяльных сетак

Памочніка лекара Захара Яноўскага затрымалі ў Мінску 11 траўня 2022 года і прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 КК (пакінуў каментар у адным з тэлеграм-чатаў). 18 лістапада суддзя Мінгарсуда Вера Галаўкова прысудзіла Яноўскаму паўтара года пазбаўлення волі, якія ён адбываў у папраўчай калоніі №3 у "Віцьбе". На волю пасля адбыцця пакарання выйшаў 28 ліпеня 2023 года, правёўшы ў зняволенні 443 дні. Неўзабаве пакінуў Беларусь. Апынуўшыся ў бяспецы за мяжой, былы палітзняволены распавёў “Вясне” пра свае ўражанні і эмоцыі, якія засталіся ў яго пасля затрымання, умоваў на Акрэсціна, Жодзіна, Валадарцы і калоніі ў "Віцьбе".

Думаеш: "А што я тут раблю?"

Захара затрымалі на працы. Выклікалі ў аддзел кадраў, дзе яго чакалі двое ў цывільнай вопратцы. Загадалі аддаць тэлефон і ехаць з імі. Захару паведамілі, што наўрад ці ён вернецца на працу сёння, таму параілі забраць рэчы.

“Я ў той момант яшчэ спадзяваўся, што, можа, проста папалохаюць мяне, правядуць гэтак званую прафілактычную гутарку, і калі я "не буду нікуды ўлазіць", усё будзе добра. Але як толькі падышлі да іх белай “Джылі”, рукі закавалі ў кайданкі. Я знаходзіўся ў шоку: 10 хвілін таму лячыў пацыентаў, а тут раптам ужо зняволены. Ну не можа ж так рэзка ўсё адбыцца”, – распавядае Захар.

Дарэчы, за тры месяцы да затрымання, Захар адразу з двух крыніц атрымаў інфармацыю, што ім цікавіцца міліцыя. Ён адразу пачаў шукаць выйсце, спосабу з’ехаць з краіны. Звярнуўся ў службу хуткай эвакуацыі, дзе яму сказалі, што могуць вывезці хоць зараз. Але ён не быў маральна гатовы так рэзка “рвануць” з Беларусі. Думаў, што наўрад ці адразу закрыюць у турме, напэўна, будуць спачатку нейкія выклікі ў міліцыю. На працягу трох месяцаў нічога не адбывалася, Захар супакоіўся і палічыў, што яго ўжо праверылі і нічога не знайшлі.

“Яшчэ ўчора ты быў на волі і вось тут такі шок. Далі адміністратыўку, 14 сутак па ілжывым абвінавачванні, пакуль "дашывалі" крымінальную справу. На Акрэсціна былі самыя жорсткія ўмовы за ўвесь тэрмін. Палітычных спецыяльна садзяць разам і робяць ім горшыя ўмовы: у трохмеснай камеры нас было 15 чалавек. Спалі штабялямі на падлозе, нехта на нарах, зваранах з металічных пласцін. Палітычным ні матрацаў, ні падушак не давалі, пад галаву клалі ці бутэлькі, ці красоўкі. Увесь час гарэла святло, яшчэ і двойчы за ноч усіх падымалі на пералік. Сродкі гігіены таксама былі прэферэнцыяй звычайных хуліганаў, “экстрэмістам” не давалі ні мыла, ні зубную шчотку, пасля Акрэсціна ва ўсіх былі вошы.

З “сутак” мяне адвезлі падпісаць крымінальную справу і вярнулі на Акрэсціна чакаць некалькі дзён этапавання ў Жодзіна. Але то ўжо быў аднамесны карцар з бетоннай падлогай, дзе было 9 чалавек у дэпрэсіўным стане, якія таксама толькі што атрымалі крымінальны артыкул. Некаторыя хапаліся за голавы ад шоку, у кагосьці было запланавана вяселле. Ноччу на бетоне было холадна, і каб не захварэць, я пад цела падкладваў венік. Было яшчэ і цесна, людзі ляжалі на падлозе нібы тэтрыс, не варухнуцца. Спаць было немагчыма. Ежы таксама было мала. Марылі пра “атаварку” – краму ў Жодзінскай турме”, – згадвае тыя падзеі мужчына.

З Акрэсціна ў Жодзіна палітычных перавозілі аўтазакам са скаванымі рукамі. У некаторых нямелі ад гэтага пальцы:

“З Жодзіна на Валадарку везлі цягніком, ў Віцебск таксама везлі ў сталыпінскім вагоне. Пакуль ідзеш з аўтазака да вагона, зноў бачыш свабоду, згадваеш, што некалькі месяцаў таму гэта было тваёй рэчаіснасцю, а не марамі. А зараз ты ў нейкай паралельнай рэальнасці: турэмныя падвалы, рукі за спінай, ідзеш у калоне зэкаў. Побач аўчаркі, ахоўнікі са зброяй. Крычаць, папярэджваюць, што будуць страляць, калі хто паспрабуе бегчы. Думаеш: “А што я тут раблю?” Нібыта патрапіў у чужое жыццё ці кіно. У адным купе сталыпінскага вагона сядзяць 15 чалавек, і палова з этапаваных адразу запалілі цыгарэты пры закрытых вокнах. Можна было нават задыхнуцца. Усіх “экстрэмістаў” перавозяць у кайданках, нібы асабліва небяспечных”.

Віцьба: "Асаблівая любоў да палітычных"

У калоніі № 3 у "Віцьбе" стаўленне да палітычных з боку адміністрацыі было горшым, чым да звычайных зняволеных, хаця знаходзіліся і такія супрацоўнікі, якія стараліся ставіцца да нас па-чалавечы. Аднак некаторыя мелі да палітычных “асаблівую любоў” і прыдзіраліся з-за рознай драбязы.

"Кіраўніцтва ўвяло ў ранг правіла, што кожны палітычны павінен мець мінімум адно парушэнне рэжыму, каб пазбавіць яго датэрміновага вызвалення, напрыклад. Часцей за ўсё прыдзіраліся за вопіс рэчаў. Ледзь нешта ўзяў з торбы – павінен выправіць гэты пункт. Але напрыклад, у цябе запісана 100 грамаў пральнага парашка, а там амаль 200. Як ты ўзважыш? Альбо не супадае колькасць цукерак. Да звычайных зэкаў так не прыдзіраліся.

vitba-3-1.jpg
Папраўчая калонія № 3 "Віцьба". Фота: "Белсат".

Некалькі разоў падчас адбыцця пакарання Захару выносіліся спагнанні, не прамінуў яго, як і многіх іншых, штрафны ізалятар. Першае спагнанне вынеслі за недакладнасць у вопісу рэчаў.

“Аднаго разу прылёг на ложак, а “пікет” не пачуў, бо быў у прыбіральні. “Пікет” –  гэта чалавек, які назірае праз акно за перамяшчэннем супрацоўнікаў. Ледзь што – ён сігналізуе і тады ўсе прыводзяць сябе ў парадак” – узгадвае ён. – Што тычыцца ліставання, то на Віцьбе лісты можна было атрымаць толькі ад маці, ці бацькі, а вось ад дзяўчыны не прапускалі. Былі і свае асаблівасці ў тэлефанаванні. Не было аніякага раскладу. Калі заўгодна маглі скамандаваць: “Экстрэмісты, на званкі!”

Захар распавядае, што патрэбна было мець заўсёды пад рукой тэлефонную картку і паперку з нумарамі тэлефонаў. Пазваніць сябру ці дзяўчыне нельга, ды і размову трэба кантраляваць, бо калі ляпнеш не тое, размову абрываюць, а зняволенаму выносіцца спагнанне. Ды і 10 хвілін на размову таксама ўмоўна, бо пакуль набярэш нумар, пакуль твой абанент падыдзе і возьме трубку – час праходзіць.

Разборка дратоў ад ізаляцыі самае жахлівая праца ў папраўчай калоніі № 3:

“Тыя хто займаецца дратамі – брудныя, не паспяваюць памыцца. А калі спальваюць на вогнішчы ізаляцыю правадоў – то моцна шкодзяць свайму здароўю. Лягчэй працаваць на дрэваапрацоўцы. Праўда часам здаралася, што працы ўсім не хапала, тады шукалі чым заняцца, бо калі якая праверка – то можна атрымаць спагнанне, калі нічога не робіш. Дарэчы, заробкі там – 2-3 рублі на месяц.

Я рубіў дровы з напарнікамі і атрымліваў болей, каля 20 рублёў на пару. Рубіць  дровы для пякарні нескладана. Цяжэй было пераносіць цяжкія бэлькі, брусы, бярвёны, загружаць на аўтамабіль сырыя паддоны, Ад гэтага ў многіх часам балела спіна, асабліва на фоне дрэннага турэмнага рацыёну”.

“Вызваленне ад працы па хваробе атрымаць практычна немагчыма”

“Медыцынская дапамога была дрэннай ва ўсіх месцах зняволення, у якіх мне давялося бываць. У Жодзіна, напрыклад, здараліся частыя запаленні насавых пазух. Тады трэба было пісаць заяву на сустрэчу з доктарам, які можа прыйсці праз некалькі дзён, а можа і не прыйсці зусім. Быў яшчэ фельчар, які проста раздаваў лекі тым, каму яны былі прапісаныя. Але, як я памятаю, выдавалі звычайныя таблеткі: фурацылін, напрыклад, ібупрафен, альбо актываваны вугаль. Калі доктар нарэшце да мяне дайшла, то прапісала антыбіётыкі, але першыя два дні то былі адны лекі, два наступныя дні ўжо іншыя таблеткі, а потым і наогул скончыліся, хаця ў выпадку з антыбіётыкамі курс перарываць нельга.

Пры настойлівасці і ўдачы на Віцьбе можна было патрапіць да стаматолага, але там працуе маладая жанчына нават без вышэйшай медыцынскай адукацыі, якая звычайна нават не можа паставіць пломбу і проста вырывае зуб, а паводле расповядаў іншых, бывала і не той зуб. І нават пры такіх абставінах людзі па месяцу трывалі боль, чакаючы чаргу. Жадаючых было шмат, бо з-за дрэннага харчавання ў многіх былі праблемы з суставамі, зубамі. Мне і самому пасля турмы прыйшлося лячыць 12 зубоў. 

Вызваленне ад працы па хваробе атрымаць практычна немагчыма. На свае лекі таксама надзеі няшмат, бо ўсе таблеткі забіраюць, і каб табе іх па адной кожны дзень атрымліваць, трэба яшчэ даказаць доктару, што яны табе неабходныя.

Прасцей сказаць, што медыцыны ў турме няма, яна існуе хіба што па дакументах і дзеля галачкі.”

janouski-02.jpg
Захар Яноўскі. Фота з сацыяльных сетак

Зараз Захар пачынае жыццё, як кажуць, з нуля. Больш за ўсё ён хвалюецца, што ня зможа пабудаваць там сям’ю з-за моўнага бар’еру.

“Для некага гэтая праблема можа гучаць смешна, але для мяне гэта вельмі сур'ёзна. Каханне, сям'я для мяне самае-самае галоўнае ў жыцці. Як толькі скончыцца вайна ва Ўкраіне ці дыктатура ў Беларусі/Расеі, вярнуся ў родны постсавецкі рэгіён, у якую-небудзь з гэтых трох краін”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства