У мэрыі Парыжу праваабаронца Алег Арлоў заклікаў дамагацца выхаду на волю Алеся Бяляцкага
Праваабаронца і сузаснавальнік цэнтра “Мемарыял" Алег Арлоў афіцыйна стаў Ганаровым грамадзянінам Парыжу. Урачыстая цырымонія адбылася 13 снежня ў мэрыі горада. Разам з Арловым гэтыга статусу ўдастоены таксама грамадскі дзеяч і палітык Ілля Яшын.
"Смеласць перад тварам рэпрэсій пуцінскага рэжыму заслугоўвае прызнання і падтрымкі. Як сталіца правоў чалавека, мы пацвярджаем нашу салідарнасць з расейскай грамадзянскай супольнасцю, якая мужна супраціўляецца аўтарытарызму і вайне ва Украіне”, — сказаў з гэтай нагоды намеснік мэра Парыжу Жан Люк Рамэра-Мішэль.
Пад час уручэння дыплома Алег Арлоў прызнаўся, што пра гэтую навіну ён даведаўся яшчэ ў турме і гэта вестка ўзрадавала не толькі яго, але і ўсіх палітычных зняволеных, якія ўтрымліваліся разам з ім.
У сваёй прамове праваабаронца казаў:
"Цяпер мая краіна вядзе страшную, жорсткую, крывавую агрэсіўную вайну супраць Украіны. І мы, усе, хто любіць Расею, павінны, абавязаныя змагацца супраць гэтай агрэсіі, жадаць пуцінскаму рэжыму паразы ў гэтай вайне. І ўвесь час памятаць пра палітычных зняволеных, і ў Расеі, і ў Беларусі. Многія расійскія палітвязні апынуліся ў няволі менавіта з-за пратэстаў супраць вайны ва Украіне, з-за супрацьстаяння гэтай агрэсіі".
Алег Арлоў заклікаў рабіць усё магчымае, каб выратаваць тых расейскіх і беларускіх палітычных зняволеных, чые жыцці і здароўе знаходзіцца пад асаблівай пагрозай, выкарыстоўваючы для гэтага працэсы абмену:
«Я разумею, што палітычныя рэпрэсіі ў гэтых краінах спыняцца толькі тады, калі гэтыя рэжымы спыняць сваё існаванне. Спадзяюся дажыць да гэтага, – казаў праваабаронца. – Не магу цяпер не ўспомніць, што 12 гадоў таму Ганаровым грамадзянінам гэтага цудоўнага горада стаў мой сябар, беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года. Цяпер Алесь сядзіць у найцяжэйшых умовах у турме. Здароўе яго падарвана. Калі мы ўсе разам не здолеем дамагчыся яго выхаду на волю, то ён можа свой велізарны тэрмін не перажыць".
Нагадаем,16 кастрычніка 2012 года Рада Парыжу надала сан Ганаровага грамадзяніна горада Парыжу віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, зняволенаму старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму.
Алег Арлоў пра задушэнне свобод у Расіі, сваё вызваленне і палітзняволенага сябра Алеся Бяляцкага