viasna on patreon

Алег Арлоў пра задушэнне свобод у Расіі, сваё вызваленне і палітзняволенага сябра Алеся Бяляцкага

2024 2024-11-11T12:20:00+0300 2024-11-11T13:31:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arlou-vilnia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца і сузаснавальнік цэнтра “Мемарыял" Алег Арлоў, які выйшаў з калоніі першага жніўня пад час абмену зняволенымі паміж Расіяй і Захадам, пагадзіўся распавесці “Вясне” пра сваё нечаканае вызваленне, становішча з правамі чалавека ў сучаснай Расіі і пра лёс ягонага даўняга сябра палітвязня і праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Нагадаем, першага жніўня Расія правяла абмен зняволенымі з ЗША і Германіяй. Былі вызваленыя палітвязні Ілля Яшын, Уладзімір Кара-Мурза, Алсу Курмашава, Андрэй Півавараў, Алег Арлоў, Аляксандр Скочыленка, асуджаны да смяротнага пакарання Рыка Крыгер і яшчэ некалькі чалавек. І хаця Беларусь прымала ўдзел у перамовах, ніводзін беларускі палітвязень у гэты спіс не патрапіў.

Алег Арлоў у Вільні.
Алег Арлоў у Вільні.

"Прапанова напісаць прашэнне была спакуслівая, але я адмовіўся"

Прыкладна за тыдзень да абмену Алега Арлова нечакана выклікаў у кабінет аператыўнік і ветліва прапанаваў напісаць прашэнне аб памілаванні. Прапанова была спакуслівая, але Алег ад яе адмовіўся.

З якой-такой нагоды, захваляваўся я. – Опер патлумачыў, што з Масквы прыйшло адпаведнае ўказанне. Маўляў, падпішыце і выйдзеце на волю ў бліжэйшы час. Падумаўшы, я адказаў, што не буду гэтага рабіць. Тут яны ўжо моцна здзівіліся і прапанавалі маю адмову запісаць на відэарэгістратар, каб начальства зразумела, што гэта я сам прыняў такое рашэнне.

Затым у нядзелю раніцай зайшлі ў “хату” некалькі чалавек і кажуць, каб тэрмінова сабраўся з рэчамі на выхад. Прычыны не тлумачылі і я падумаў, што пераводзяць ў іншую камеру. Але пры выхадзе з корпуса загадалі матрац з собою не браць. Пасадзілі ў аўтазак і прывезлі ў аэрапорт. Я тады падумаў, што справы сур’ёзныя, – распавядае праваабаронца.

Арлова пад канвоем даставілі ў Маскву і адразу павезлі ў Лефортава, у спецыяльнае СІЗА ФСБ. Там некалькі дзён трымалі ў адзіночнай камеры, нічога пры гэтым не казалі, нікуды не выводзілі.

– Сядзеў у поўнай цішыні і трывозе. Думка была адна: відаць, новую крымінальную справу будуць заводзіць, можа нават падазраюць у тэрарызме, раз у Лефортава адвезлі. А першага жніўня, непасрэдна ў дзень абмену, заходзяць у камеру людзі ў форме. Я ім падаю скаргу на імя пракурора аб тым, што мяне не водзяць на прагулкі, не даюць сустрэцца з адвакатам. А мне кажуць, што нічога ўжо не трэба гэтага: “Вось указ прэзідэнта аб Вашым памілаванні, перапранайцеся ў свае рэчы і на выхад”. На двары чакае ачапленне спецназу, мяне садзяць у аўтобус, а там ужо многія знаёмыя людзі: Андрэй Півавараў, Аляксандр Скачыленка і іншыя. Ну зразумела, павіталіся, настрой палепшыўся, калі паверылі канчаткова, што хутка будзем на волі.

Ізноў садзяць пад аховай у самалёт, і мы ляцім у Анкару. Там нас, як у нейкім баевіку, сінхронна заводзяць у аўтобус, а другую групу вядуць у самалёт і назад, на Маскву.

Алег Арлоў. Фота: memorialcenter.org
Алег Арлоў перад судовым паседжаннем. Фота: memorialcenter.org

"Пуцінскі рэжым ператварыўся з аўтарытарнага ў таталітарны"

Сярод апошніх расійскіх тэндэнцый рэпрэсій і пераследу па палітычных матывах Алег Арлоў адзначае пераслед за крытыку вайны, барацьбу з нетрадыцыйнымі сэксуальнымі арыентацыямі, за датычнасць да міфічнага Міжнароднага сепаратысцкага руху.

– Цяпер пад пераслед трапляюць за любое мінімальнае выказванне, якое не супадае з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства абароны, нават за прыватную размову пра Украіну ці, скажам, пра Крымскі мост ў кампаніі, сярод якой знойдзецца нейкі стукач. Нават не за тое, што ты выказаў публічны пратэст, ці выйшаў на плошчу з антываенным плакатам. У лепшым выпадку ўзбуджаецца адміністрацыйная справа, але часта падобнае меркаванне завяршаецца крыміналкай.

Ну і астатняе ўсё зараз у Расіі прыдушана – і свабода сходаў, і свабода слова, і свабода асацыяцый. Рэжым ператварыўся з аўтарытарнага ў таталітарны, адбываецца ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё людзей, што ў Беларусі пакуль не так ярка выражанае. Яшчэ адзін “трэнд” апошняга часу – барацьба з нетрадыцыйнымі сэксуальнымі арыентацыямі. ЛГБТ у Расіі абвешчана экстрэмісцкім рухам. Любыя словы на гэтую тэму, дэманстрацыя ў любым выглядзе сімволікі і ўзбуджаецца крымінальная справа. А зараз улады прыдумалі Міжнародны сепаратысцкі рух па развальванні Расіі. Але ж няма такога руху. Аднак улады караюць менавіта за гэта. Любыя выказванні ці разважанні, кшталту, а добра было б стварыць Далёкаўсходнюю рэспубліку, падпадаюць пад крымінальны пераслед. Ну і працягваюцца руцінныя справы аб парушэнні заканадаўства аб “земежных агентах”. Дык і сам я сядзеў за што? За тое, што ў сваім артыкуле назваў рэжым Пуціна фашысцкім.

Алег Арлоў з жалем адзначае, што магчымасці аказання нейкай дапамогі беларусам, якіх затрымліваюць у Расіі і экстрадуюць у Беларусі, альбо судзяць па крымінальных справах, вельмі абмежаваныя.

Зразумела, што ўсе гэтыя выпадкі маніторацца праваабаронцамі, іх фіксуе і наш цэнтр “Мемарыял”. Але калі раней была магчымасць прадставіць затрыманым беларусам адваката, ці  аказаць нейкую практычную дапамогу, то зараз, на жаль, такіх магчымасцяў практычна не засталося. У нас ужо і з адвакатамі стала складана, канечне не ў такой ступені як у Беларусі, дзе адвакатаў саджаюць адзін за другім. Але і нашыя адвакаты баяцца весці справы, звязаныя з палітыкай. Многія з’ехалі з краіны. Ды і выйграць такія справы практычна немагчыма.  Дапамога, хаця б маральная існуе, але не ў тым аб’ёме, як было ў ранейшы час, кажа Алег Арлоў.

Былы старшыня праўленьня ПЦ «Мэмарыял» Алег Арлоў на судзе па справе Алеся Бяляцкага (у другім радзе па центры ў акулярах)
Алег Арлоў на судзе па справе Алеся Бяляцкага (у другім радзе па центры ў акулярах).

"Гэта як стрэмка, якая сядзіць у душы"

Расейскі праваабаронца распавёў пра свае стасункі з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, пра сваю трывогу за ягоны лёс, пра магчымасці ўплыву на ягонае вызваленне

 – З Алесем Бяляцкім мы знаёмыя вельмі даўно, памятаю, пазнаёміліся на нейкай міжнароднай канферэнцыі. Ну і рэгулярна прыязджалі адзін да аднаго на судовыя працэсы. Ён на мой, а я на ягоныя. У 2009 годзе ён падтрымліваў мяне пад час суда за нібыта паклёп на Рамзана Кадырава, затым я ездзіў да Бяляцкага на першы працэс, быў і на другім таксама.  Мяне тады нават прызналі персонай “нон грата” ў Беларусі і забаранілі ўезд на 10 год. Гэта важна, бо такая салідарнасць нас моцна падтрымлівае ў цяжкія часы. Здараліся ў нас і іншыя сустрэчы.

Алесь для мяне вельмі знакавы чалавек, і я маю гонар называць яго сваім сябрам.

Лёс Бяляцкага выклікае ў мяне і ў маіх калег велізарную трывогу, гэта як стрэмка, якая сядзіць у душы. І вельмі шкада, што ў тым абменным спісе, куда патрапіў і я, не было ягонага прозвішча. Што тычыцца Алеся, то ён неадкладна павінен быць вызвалены і мы разам з беларускімі калегамі думаем, што ў гэтай сітуацыі можна зрабіць канкрэтнае і эфектыўнае.

"Прысуд Арлову — помста выбітнаму праваабаронцу за тое, што ён называў рэчы сваімі імёнамі"

Галавінскі суд Масквы 27 лютага вынес прысуд праваабаронцу, сустаршыні цэнтра "Мемарыял" Алегу Арлову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства