Лістапад: рэкордная колькасць сем'яў, што трапілі пад крымінальны пераслед
Праваабаронцы "Вясны" ў лістападзе фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу грамадзян паводле палітычных матываў. За мінулы месяц ахвярамі рэпрэсіяў у крымінальным парадку сталі не менш за 144 чалавекі, з якіх 35 жанчын і 109 мужчын. Яшчэ чатыры чалавекі былі асуджаныя ў межах працэдуры спецыяльнай вытворчасці.
У верасні ў Мінску асудзілі 78 чалавек
Рэгіянальная структура пераследу паводле палітычных крымінальных справаў у лістападзе выглядала наступным чынам:
- Мінск – 78 чалавек;
- Брэсцкая вобласць – 28 чалавек;
- Гомельская вобласць – 9 чалавек;
- Мінская вобласць – 12 чалавек;
- Гродзенская вобласць – 8 чалавек;
- Віцебская вобласць – 3 чалавекі;
- Магілёўская вобласць – 6 чалавек.
Рэкордная колькасць сем'яў, што трапілі пад крымінальны пераслед
Цягам лістапада зафіксавана рэкордная колькасць сямейных пар або груп сваякоў, што трапілі пад палітычна матываваны крымінальны пераслед. У Мінскім гарадскім судзе разглядалася справа ў дачыненні да Генадзя ды Ірыны Саўрыцкіх, а таксама іх дачкі Віялеты Вярбіцкай – паводле часткі трэцяй арт. 130 КК, якая прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці. У Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд справы паводле артыкула за здраду дзяржаве ў дачыненні да Уладзіслава і Таццяны Кашчэевых.
Яшчэ дзесяць груп сваякоў трапілі цягам лістапада пад пераслед паводле "народнага" 342 артыкула. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Ігара і Кацярыны Грамовічаў, а таксама Андрэя, Ганны і Таццяны Вашчышыных. Суд Кастрычніцкага раёна Мінска слухаў справы ў дачыненні да Марка Куніцкага ды Ірыны Пратазанавай-Куніцкай, а таксама Сяргея і Анжэлы Сандалюкоў.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска слухаў справу ў дачыненні да Алега і Дзіяны Сіняўскіх. Суд Заводскага раёна Мінска разглядаў справу ў дачыненні да Ганны, Іны і Рамана Усманавых. У судзе Першамайскага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Аксаны і Андрэя Салавей. Суд Дзяржынскага раёна слухаў справы ў дачыненні да Дар'і ды Міхаіла Навошаў, а таксама Іллі ды Алесі Жыбурт. У судзе Пінскага раёна з інтэрвалам у адзін дзень былі разгледжаныя справы ў дачыненні да Аляксандра і Антона Невар.
Рост выпадкаў паўторнага і наступнага асуджэння
На працягу лістапада былі зафіксаваныя пяць выпадкаў паўторнага пераследу грамадзян, супраць якіх раней ужываліся палітычна матываваныя крымінальныя рэпрэсіі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Сяргея Арлова паводле артыкула аб супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. Раней, у ліпені 2022 года, мужчына быў асуджаны судом Чавускага раёна паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады. Суд Фрунзенскага раёна Мінска разглядаў справу ў дачыненні да Цімура Хайруліна паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады. У жніўні 2022 года мужчына быў рэпрэсаваны Мінскім гарадскім судом паводле гэтыга артыкула і артыкула, які прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці.
Суд Мядзельскага раёна разглядаў справу ў дачыненні да экалагічнага актывіста Станіслава Таспаева паводле артыкулаў аб неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Роўна тры гады таму мужчына быў рэпрэсаваны гэтым жа судом паводле артыкула аб паклёпе – да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У судзе Маладзечанскага раёна слухалася справа паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу Лукашэнкі, у дачыненні да Антона Пугача, паўгода таму рэпрэсаванага судом Ленінскага раёна Магілёва на паўтара года пазбаўлення волі паводле гэтага ж артыкула і артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады.
Суд Кобрынскага раёна разглядаў справу паводле часткі першай і другой артыкула 342 КК РБ у дачыненні да Уладзіслава Насцюшкіна. Год таму ў гэтым жа судзе ён быў асуджаны паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за распрацоўку, выкарыстанне, распаўсюджванне альбо збыт шкоднасных кампутарных праграмаў або спецыяльных праграмных або апаратных сродкаў.
Далейшы пераслед палітычных зняволеных
На працягу лістапада выразна стала праглядацца тэндэнцыя адвольнага пераследу палітычных зняволеных, якія трапілі ў жорны рэпрэсій у самым пачатку палітычнага крызісу ў сярэдзіне 2020 года, тэрмін пазбаўлення якіх напрыканцы 2024 года падыходзіў мусіў скончыцца. Суд Бабруйскага раёна разглядаў справы ў дачыненні да Паўла Спірына і Дзмітрыя Казлова паводле артыкула 411, які прадугледжвае магчымасць неаднаразовага і адвольнага дадання тэрміну пакарання асуджанаму да пазбаўлення волі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі".
У гэтым жа судзе і паводле гэтага ж артыкула разглядалася справа ў дачыненні да Сяргея Канавалава, які ў верасні 2022 года быў асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін у 15 гадоў паводле артыкулаў аб акце тэрарызму, наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін і распальвання варожасці.
Артыкул 411 КК у лістападзе быў ужыты для падаўжэння тэрміну турэмнага зняволення ў дачыненні да Аляксандра Арановіча, асуджанага да шасці гадоў пазбаўлення волі за падрыхтоўку да масавых беспарадкаў і арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Кастрычнік: паводле крымінальных палітычных справаў у Беларусі асудзілі больш за 170 чалавек