viasna on patreon

"Рыхтуе магчымасці для новых шырокамаштабных рэпрэсій", – праваабаронца пра новыя змены ў КК

2025 2025-01-13T11:16:36+0300 2025-01-13T11:16:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ugolovnyj_kodeks.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: 4esnok.by

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: 4esnok.by

10 студзеня ў другім чытанні быў прыняты праект змяненняў у законы паводле пытанняў крымінальнай адказнасці. Акрамя іншага, пашыраецца пералік артыкулаў, па якіх магчымае завочнае асуджэнне, напрыклад, за "распальванне варожасці", "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь", "абразу прэзідэнта", "здзек з дзяржсімвалаў". У Крымінальны кодэкс таксама прапануецца ўвесці паняцце "прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў" і абараніць яго з дапамогай увядзення новага крымінальнага артыкула "гвалт або пагроза" ў дачыненні да экс-прэзідэнта, а таксама ўключэннем гэтага суб'екта ў артыкул 367 (паклёп на прэзідэнта) і 368 (абраза прэзідэнта). Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка коратка прааналізаваў новыя змены.

Праваабаронца звяртае ўвагу, што таксама ў Крымінальны кодэкс уносяцца змены, якія змякчаюць умовы адказнасці для некаторых катэгорый правапарушальнікаў. Асабліва прагрэсіўным бачыцца ўвядзенне абмежавання на прызначэнне пазбаўлення волі: пазбаўленне волі не будзе прызначацца жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзяцей з інваліднасцю, людзям з інваліднасцю першай групы, людзям, што ўпершыню ўчынілі не гвалтоўнае злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства, што не пацягнула смерць чалавека па неасцярожнасці альбо цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

"Аднак гэтая норма ўтрымлівае дыскрымінацыйнае ў сучасных умовах выключэнне. Гэтае правіла ўжывацца не будзе ў дачыненні да тых, хто ўчыніў злачынствы "экстрэмісцкай накіраванасці". Гэта азначае, што паводле палітычных матываў суды па-ранейшаму маюць права прызначаць пазбаўленне волі, напрыклад, паводле арт. 342 КК за ўдзел у мірных пратэстах або паводле арт. 368 за абразу А. Лукашэнкі", – падкрэслівае Павел Сапелка.

Разам з тым законапраект змяняе правілы ў дачыненні да вызваленых паводле амністыі, якія прадугледжваюць магчымасць накладання абмежаванняў. Таксама мяняюцца правілы ажыццяўлення прафілактычнага назірання, у прыватнасці прадугледжваецца магчымасць накладання абавязкаў выйсці на працу або вучобу альбо займацца іншай дзейнасцю, у час ажыццяўлення якой асоба лічыцца занятай у адпаведнасці з заканадаўствам аб занятасці насельніцтва. Мяняецца шэраг правілаў у дачыненні да ўмоўна вызваленых і непаўналетніх.

"Але, мабыць, адной з самых значных змен будзе істотнае пашырэнне пераліку артыкулаў КК, паводле якіх па КК Беларусі могуць быць асуджаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь або людзі, што пастаянна пражываюць у Рэспубліцы, а таксама асобы без грамадзянства, якія здзейснілі злачынствы па-за межамі Рэспублікі Беларусь: у пералік дадаюцца артыкулы 130 – 130-2, 289 – 290-5, 367 – 369-1, 370, 373, 374 КК і выключаецца арт. 375 (наўмыснае разгалашэнне службовай таямніцы). Гэта рыхтуе магчымасці для новых шырокамаштабных рэпрэсій – паводле пералічаных артыкулаў ужо асуджаныя больш за тры з паловай тысячы чалавек", – адзначае праваабаронца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства