viasna on patreon

У снежні не менш за 20 палітвязняў цалкам адбылі тэрміны, а 49 чалавек выйшлі на волю па памілаванні

2025 2025-01-10T09:48:07+0300 2025-01-10T10:22:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bakunovich_anita.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі на дадзены момант прызнаныя палітвязнямі 1258 чалавек, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Рэжым Лукашэнка працягвае вызваляць палітвязняў з месцаў няволі па памілаванні. Па даных "Вясны", у снежні на волю выйшлі мінімум 69 чалавек: 20 цалкам адбылі тэрміны, з якіх толькі дзве жанчыны, яшчэ 49 палітзняволеных памілавалі Указамі Лукашэнкі. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. 

Публікуем гісторыі некаторых з іх.

Палітзняволеная Ірына Леўшына —больш за 3 гады і 3 месяцы ў зняволенні 

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Фота Радыё Свабода

Ірына — былая дырэктарка інфармацыйнага агенства БелаПАН. Ірыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем). Пры гэтым, улады прызналі БелаПАН экстрэмісцкім фарміраваннем толькі праз тры месяцы пасля яе затрымання. Мінскі абласны суд прызначыў палітзняволенай чатыры гады калоніі

Напачатку снежня Ірына на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала першы пост пасля вызвалення:

"Прывітанне ўсім сябрам! 7 снежня я пакінула ПК-4, адбыўшы за кратамі 3 гады, 3 месяцы і 3 тыдні. Паколькі я збіраюся заставацца ў Беларусі, то ўсялякія каментары з майго боку, як вы разумееце, не магчымы.

Скажу толькі, што са здароўем усё ў парадку, з настроем — таксама. Прызвычайваюся да волі, да шчасця быць побач з роднымі, да звычайнага жыцця.

Дзякую ўсім, хто хваляваўся за мяне ўвесь гэты час, я адчувала вашу падтрымку на адлегласці!"

Палітвязень Аляксандр Бірэта — больш за 1 год і 9 месяцаў у зняволенні 

У жніўні 2023 года суд Гродзенскага раёну прызначыў жыхару Верцялішак два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязня асудзілі да двух гадоў зняволення паводле чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 188 (паклёп). Акрамя гэтага, Аляксандр мусіць выплаціць тысячу рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Пацярпелая супрацоўніца АМАП Марыя Мазуркевіч хацела ўдвая большую суму.

Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17.

Палітвязень Аляксандр Тарасенка — больш за 1 год і 9 месяцаў у зняволенні 

Аляксандр Тарасенка

Аляксандр — былы іераманах гомельскага Свята-Нікольскага кляштару. Яго затрымалі ў сакавіку 2023 года. На "пакаяльным" відэа Тарасенка казаў пра тое, што размясціў на сваёй старонцы ў Facebook абразлівы пост у бок Лукашэнкі.

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў ліпені 2023 года быў абвешчаны прысуд палітвязню — два гады калоніі. Справу разглядаў суддзя Ігар Свірыдаў. Аляксандр адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 15. Па падліках праваабаронцаў, Аляксандр мусіў выйсці на волю напрыканцы снежня 2024 года.

Палітвязень Віктар Кулінка — больш за 2 гады і 8 месяцаў у зняволенні

Віктар Кулінка

У верасні 2022 года ў Гомельскім абласным судзе да трох гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі digital-мастака Віктара Кулінку. За перадачу ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» фота калоны вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў у бок Гомеля пасля пачатку вайны яго абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Справу супраць палітвязня разглядала суддзя Ірына Владыка.

Віктара затрымалі 30 сакавіка 2022 года і запісалі з ім «пакаяльнае відэа», дзе ён распавядае, што сфатаграфаваў калону вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомеля.

Палітвязень Яўген Бабак —больш за 3 гады і 6 месяцаў у зняволенні

Былога памочніка пракурора Першамайскага раёна Мінска затрымалі 11 чэрвеня 2021 года. Спачатку яго двойчы асудзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а пасля затрымалі ў межах крымінальнай справы.

Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці), і прызначылі яму чатыры гады пазбаўлення волі. Яўген вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся.

Напачатку студзеня ён апублікаваў stories у Instagram:

«Я тут агледжуся па-хуткаму, калі не спадабаецца назад паеду. Адчуваю сябе іншародным элементам. «Там» прасцей было».

Тэрмін палітвязень адбываў у віцебскай калоніі № 3.

Два Указы аб памілаванні

Цягам снежня па памілаванні на волю выйшлі 49 палітзняволеных, сярод якіх 22 жанчыны. Праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі агучыў прозвішчы пяці памілаваных: Ірэна Клявец, Наталля Крук, Іна Пальцава, Аніта Бакуновіч, а таксама Волкава (ёсць некалькі жанчын з такім прозвішчамі, таму пра каго менавіта казаў Васкрасенскі — невядома).

kliavec.png
Ірэна Клявец

Ірэна Клявец — спецыялістка Мінскага гарадскога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, яе затрымалі летам 2022 года. Палітзняволеную асудзілі па чатырох артыкулах на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Жанчыну на волі чакалі чацвёра непаўнагадовых дзяцей.

Наталля Крук. Фота з сацыяльных сетак.
Наталля Крук. Фота з сацыяльных сетак

Наталлю Крук затрымалі за каментары 7 жніўня 2023 года пасля вяртання з Польшчы. Тады сілавікі апублікавалі відэа, на якім яна адмаўляецца адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка, калі той размаўляе з жанчынай у кабінеце будынку ГУБАЗіКа. Жанчыну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да санкцый) і арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак). У траўні 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд справы Наталлі. Суддзя — Жанна Брысіна. Вынік суда невядомы.

Аніта Бакуновіч у СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма БТ
Аніта Бакуновіч у СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма БТ

Аніту Бакуновіч затрымалі 21 верасня 2022 года ў Гродне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Доўгі час яе ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ і не пускалі адваката. Палітзняволеную абвінавацілі паводлеч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні),ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 КК (замах на незаконнае перасячэнне мяжы). У красавіку 2023 года Гродзенскі абласны суд прызначыў Аніце тры з паловай гады зняволення і штраф у памеры 100 базавых велічынь. Пры гэтым, канцы чэрвеня 2022 года Бакуновіч ужо асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства