viasna on patreon

Лінгвісты, айцішнікі, гаспадыня аграсядзібы, журналіст: каго прызналі палітвязнямі ў мінулым месяцы

2025 2025-01-09T15:49:18+0300 2025-01-09T16:30:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/patotskaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў Беларусі налічваецца 1258 палітычных зняволеных. За снежань 2024 году выйшлі чатыры заявы па прызнанні палітвязнямі новых людзей — да спісу дадаліся яшчэ 58 чалавек. "Вясна" распавядае пра некаторых з іх.

36 чалавек з іх былі абвінавачаныя ўладамі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Гэта людзі, якіх звычайна судзяць за каментары ў бок прадстаўнікоў улады ці Лукашэнкі. Яшчэ дзесяць чалавек былі заключаныя пад варту за ўдзел у мірных сходах у 2020 годзе. Апроч таго, 12 чалавек абвінавачаныя за рознага кшталту "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Айцішнікі, якія вярнуліся ў Беларусь

Чэслаў Герасімовіч нейкі час у 2022-м працаваў у Вільні, але пад восень 2022-га вярнуўся ў Мінск. Сам мужчына ў сацсетках пісаў, што больш за 15 гадоў праводзіў трэнінгі па псіхатэрапіі. З 2011-га стаў працаваць тэсціроўшчыкам. Захапляецца музыкай і іграе на гітары, а таксама піша вершы і малую прозу. Асуджаны да пяці гадоў калоніі за данаты.


Артур Мемех працаваў у EPAM і жыў у ЗША. Апошняя актыўнасць мужчыны ў «X» была ў мінулым красавіку — ён падзяліўся кадрамі з ЗША. Верагодна, Мемех вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы. Асуджаны да трох гадоў калоніі.


Дзмітрый Глушчанка — жыхар Гродна. Ён працаваў у сферы IT, нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Польшчы. Яго асудзілі за ўдзел у пратэстах — дакладны тэрмін невядомы.


Кіраўнік кацельнай у Віцебску

57-гадовы Уладзімір Сітковіч родам з малой вёскі Пушча Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. У 1991 годзе скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Доўгі час Уладзімір працаваў і жыў у Віцебску, а апошнія гады кіраваў кацельняй на Віцебскім маслаэкстракцыйным заводзе. Уладзімір — байкер, удзельнічаў у мясцовых байкерскіх заездах. У 2016, 2018 і 2019 гадах ён быў назіральнікам на мясцовых ды парламенцкіх выбарах. Асуджаны да трох гадоў калоніі за данаты.


Мужчына з інваліднасцю, які быў на "хатняй хіміі" 

Ігар Сідаровіч з Маладзечна, ён мае інваліднасць: у яго адна нага. Увесну 2021 году яго асудзілі на паўтара года "хатняй хіміі". Напрыканцы 2024 году стала вядома, што Ігар зноў затрыманы і знаходзіцца пад вартай.


Уладальнік сайта, які прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"

Сяргей Чабоцька, 41-гадовы ўладальнік сайта s13.ru, быў затрыманы 23 кастрычніка 2024 года. Спачатку яго тройчы асудзілі на 15 сутак, а затым завялі крымінальную справу. Сайт s13.ru КДБ Беларусі прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем", таму верагодна справа Сяргея звязана з гэтым. Сяргей — праграміст, адзін з першых SEO-спецыялістаў у Беларусі. Мае дваіх дзяцей-школьнікаў.


Беларусы, якія нібыта мабць дачыненне да "Пісьмо.бел"

Аляксандра МазураПаўла Каранюхіна і Аляксандра Лыкшына затрымалі ў сярэдзіне лістапада ў Жодзіне. У гэты ж час прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт ініцыятывы "письмо.бел", а таксама яе старонкі ў сацсетках. Яшчэ праз месяц КДБ прызнаў ініцыятыву "экстрэмісцкім фармаваннем". Паводле ведамства, Мазур, Каранюхін і Лыкшын маюць дачыненне да "письмо.бел". Па інфармацыі "Вясны", цяпер мужчыны знаходзяцца ў СТ-8. Лыкшына раней ужо асудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі", аднак яго паўторна затрымалі разам з Мазурам і Каранюхіным.


Журналіст, асуджаны за пратэсты 

Яўген Нікалаевіч — былы журналіст "Медыя-Палессе". Яўген быў моцна збіты падчас пратэстаў. 10 жніўня 2020 года Яўген адправіўся на пратэсты як журналіст. Тады яго затрымалі , спачатку міліцыя збіла яго ў туалеце Пінскага гарвыканкаму, потым у аўтазаку. Сляды збіцця заставаліся на твары мужчыны нават праз месяц, уключаючы з'явіліся глыбокія шнары. Калі журналіста вызвалілі, ён працягнуў сваю прафесійную дзейнасць на сайце. 30 жніўня 2020 Яўгена Нікалаевіча зноў затрымалі і асудзілі на суткі, але прысуд быў апратэставаны і журналіст застаўся на волі. Пасля арышту ў лістападзе 2020 году Яўген Нікалаевіч пакінуў Беларусь. Ён працаваў за мяжой у сферы, не звязанай з журналістыкай. У пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Невядома, калі менавіта гэта адбылося. Яго асудзілі на паўтара года калоніі.


Жыхар Віцебска, які нібыта негатыўна выказаўся пра Лукашэнку па тэлефоне 

Арцём Янкін у чэрвені 2024 году вырашыў пакласці грошы праз інфакіёск, але яму не ўдалося ажыццявіць запланаваную аперацыю. Таму ён, вярнуўшыся дадому, патэлефанаваў супрацоўніку кантакт-цэнтра ААТ «ААБ Беларусбанк» і падчас размовы негатыўна выказаўся ў адрас Лукашэнкі. Органы следства і пракуратуры кваліфікавалі гэта як "публічную абразу Лукашэнкі", мужчыну асудзілі на год і тры месяцы калоніі. Па сутнасці, супрацоўніца банка сама і "апублікавала" змест прыватнай гутаркі.


Дальнабойнік, якога асудзілі за каментары

Дзмітрый Сончык з Мінску доўгі час працаваў кіроўцам, апошні час — дальнабойнікам. Дзмітрый захапляецца мотаспортам, а яшчэ радыёаматарствам. Відэа з Сончыкам выйшла 7 мая 2024 года на канале ГУБАЗіК, яго затрымалі па вяртанні з-за мяжы. Яму закідалі каментары ў тэлеграме — казалі, што ён пакінуў іх больш за тысячу. Мужчыну асудзілі да невядомага тэрміну, ён будзе адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі.


Гаспадыня аграсядзібы, якую затрымалі ў снежні

Тамара Патоцкая — гаспадыня аграсядзібы з вёскі Чыжы Брэсцкай вобласці. Яе забралі з кватэры ў Баранавічах 5 снежня 2024 года. Як сказалі яе знаёмыя, жанчына грамадскай актыўнасці пасля 2020 года не праяўляла. Займалася толькі аграсядзібай. Але ў 2020 годзе жанчына была ў ініцыятаўнай групе Святланы Ціханоўскай, адсядзела 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Апошнія два гады фактычна знаходзілася на кантролі ўчастковага. Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу.


Падпалкоўнік ваеннай разведкі, якога асудзілі да 19 гадоў калоніі

Дзмітрый Самсонаў

Дзмітрый Самсонаў падпалкоўнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення міністэрства абароны. Да восені 2020-га Дзмітрый працаваў у Галоўным упраўленні ваеннай разведкі Мінабароны ў званні падпалкоўніка. Ён служыў у сакрэтнай частцы 15738. Гэтае ўпраўленне, апроч іншага, мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку праслуховак. Вядома, што Дзмітрыя затрымалі ў 2020-м годзе і да суда ўтрымлівалі пад вартай. Суд над ім цягнуўся з 4 кастрычніка 2024 году ў закрытым рэжыме, бо ў матэрыялах справы змяшчалася інфармацыя, якая ўтрымлівае сакрэтную інфармацыю. Яго асудзілі да 19 гадоў пазбаўлення волі.


Жыхар Кіраўска, якога асудзілі за пратэсную дзейнасць 

Юрый Аверкаў — жыхар Кіраўска, якога абвінавацілі ў сувязі з ініцыятывай «кааліцыяй пратэсных двароў». Праўладныя каналы паведамлялі, што ён нібыта з'яўляецца адміністратарам "дэструктыўнага тэлеграм-канала" Кіраўска. У роліку казалася, што мужчына ў канале заклікаў людзей выходзіць на вуліцы і "парушаць грамадскі парадак". Таксама Аверкаў нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана. Яго асудзілі да пазбаўлення волі, дакладны тэрмін невядомы.


Украінцы і беларусы, якіх судзілі за "агентурную дзейнасць" і "падрыхтоўку тэрактаў"

vjaczaslau-barodzii_1.jpeg
Вячаслаў Бародзій

Грамадзянін Украіны Вячаслава Бародзій — егер. Яго затрымалі 1 верасня 2023 года ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей. Яго асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

Валянціна Полаз
Валянціна Полаз

Мікалая Ласоўскага асудзілі разам з Вячаславам да 10 гадоў пазбаўлення волі, Валянціну Полаз — да дзевяці гадоў пазбаўлення волі. 


Беларусаў Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага, а таксама ўкраінца Івана Ліхалата асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў нібыта за "падрыхтоўку тэрактаў". 


Ураджэнец Украіны, якога абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве"

Мікалай Клок — ураджэнец Украіны. Мужчына працаваў на пасадзе намесніка дырэктара прадпрыемства па вытворчасці кандытарскіх вырабаў ПГУП "Універсал-люкс". Вядома, што Мікалай нарадзіўся ва Украіне, але мае беларускае грамадзянства. Мужчына пражываў у Брэсце. У 2007-м годзе супраць Мікалая распачалі крымінальную справу за "крадзеж , але праз год спынілі за "адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства". Цяпер яго судзяць за здраду дзяржаве.


Супрацоўнік Дэпартамента крымінальнай выведкі, якога судзяць за "здраду дзяржаве"

Аляксандр Кудрэвіч

Аляксандр Кудрэвічсупрацоўнік новастворанага Дэпартамента крымінальнай выведкі. Яго затрымалі ў студзені 2024 году. Мужчына жанаты, у 2014 годзе скончыў БДУІР.


Лінгвісты, якіх судзяць паводле палітычных артыкулаў

Ганна Курыс — дзяўчына з Баранавічаў, якую судзяць паводле чатырох палітычных артыкулаў. На момант затрымання ёй быў 21 год. Ганна вучылася ў Баранавіцкім дзяржаўным ўніверсітэце на спецыяльнасці "выкладанне сучасных замежных моваў". Вядома, што ў ліпені 2023 года дзяўчыну саджалі на суткі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА.


Сяргей Горлаў вучыўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, пазней скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Працаваў перакладчыкам і рэпетытарам англійскай мовы. Апошняе вядомае месца ягонай працы — Інстытут імя Сахарава ў Мінску. Хобі Сяргея — музыка. У нулявых ён граў у гурце «Лясное радыё». Удзельнічаў яшчэ ў некалькіх праектах, перакладаў на беларускую мову іншамоўныя песні. Адна з апошніх яго прац — пераклад песні Боба Дылана. У кліпе на яе паўдзельнічалі многія вядомыя музыкі — Піт Паўлаў, Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя. Сяргея затрымалі ў лютым 2024 года. Магчыма, прычына пераследу — у каментарах у тэлеграме. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства