viasna on patreon

Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу з 25 па 31 снежня

2024 2024-12-31T16:11:00+0300 2025-01-03T10:40:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_90_mityng.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-31 снежня 2024 году сабраў факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За "экстрэмізм" асудзілі мужчыну, пра якога нядаўна пісала «СБ»

22 снежня на сайце «СБ» выйшаў артыкул, прысвечаны торфапрадпрыемству «Дняпроўскае» з Быхаўскага раёна. У публікацыі слова далі некаторым кіраўнікам прадпрыемства, у тым ліку начальніку планава‑эканамічнага сектара Канстанціну Дземянкову.

Мужчына прапрацаваў на прадпрыемстве больш за 20 гадоў і расказваў пра апошнія пераўтварэнні на ім.

Паведамляецца, 31 снежня Канстанціна судзілі ў судзе Быхаўскага раёна паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмізму). Справу разглядала Кацярына Маршалава.


"Экстрэмісцкімі" прызнаныя шэраг раённых тэлеграм-чатаў беларусаў Варшавы

У "Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" патрапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Киберпартизаны BY», «Беларусь Сегодня», «Прага Беларуская ў Варшаве / Praga bialoruska w Warszawie», «Беларусы Віланува. Wilanow Bialoruski», «Беларусы во Влохах, Вва.Bialorusini we Wlochach», «Беларусы Урсынава (Варшава) / Bialorusiny Usrynowa, Wawa», «Беларусы Варшавы: Mokotow (мокотув) I ня толькі», «Меню Перта», «Организация "Перт"», «Pert is Terror», «Переходник Перта», «Weapon Pert», «Чат B&H Belarus», «Перт Админы»;
  • Instagram старонкі «ivan_hanin3», «nikita25wf», «alieh_baradzin»;
  • Сайт «1pr.bу»;
  • Старонкі ў Facebook «Mo Zg», «Беларусь Live», «Беларусь парламентская»;
  • Старонкі ў «Х» «Pavel Liber», «Ластаўка ў пошуках выраю», «Полк Калиновского / Калиновский полк», «Ксюшанька-экстрэмистка»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Alena Lutskovich», «Игорь Масловский»;
  • TikTok-старонкі «Николай Бондаренко», «tsybulka_life».

Па стане на вечар 2 студзеня 2025 года ў найбуйнейшым з іх — чаце «Беларусы Варшавы: Mokotow (мокотув) і ня толькі» — было каля 2100 удзельнікаў. У астатніх — ад 160 да некалькіх соцень.


У Рэчыцы за пазамінулы тыдзень было затрымана не менш за 17 чалавек

Вядома, што большасць затрыманняў адбылося за падпіскі на «экстрэмісцкія» старонкі ў сацсетках.

Як паведамляе "Гомельская Вясна", некаторых затрыманых адпусцілі на волю.


Экс-следчага Мікіту Старажэнку збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым 

Мікіта Старажэнка

Мікіта — былы следчы, які звольніўся пасля выбараў на знак пратэсту. Яго затрымалі амаль тры гады таму. Па словах былога сукамерніка Старажэнкі, яго даставілі на Акрэсціна моцна збітым. Мікіту асудзілі за перадачу кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і намесніка начальніка СК па Мінску аднаму з "пратэсных тэлеграм-каналаў". 

У снежні 2022 года суддзя Анжэла Касцюкевіч прызначыла палітвязню 7 гадоў калоніі. Таксама палітвязня абавязалі выплаціць пяць тысяч рублёў маральнай кампенсацыі супрацоўнікам. Спачатку Мікіту этапавалі ў віцебскую ПК № 3, але напачатку 2024 года перавялі ў шклоўскую калонію № 17. Вядома, што летам Мікіту змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. 

11 студзеня ў Шклове адбудзецца суд па замене Мікіце рэжыма ўтрымання на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў.


У калоніі ціснуць на палітвязня Мікалая Банькова

Былога выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова ўтрымліваюць у зняволенні ўжо амаль два гады. У ліпені 2023 года яго асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за тры данаты, якія мужчына зрабіў у жніўні 2020 года. Год таму мужчыну этапавалі ў наваполацкую калонію № 1, адміністрацыя якой аказвае ціск на палітвязня. "Вясна" ад былых зняволеных даведалася, што амаль адразу пасля этапу Мікалая змясцілі ў ШІЗА, дзе ён бесперапынна знаходзіўся паўгода. Акрамя гэтага, ужо год палітвязня фактычна ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. 

Год утрымліваюць у рэжыме інкамунікада, 9 месяцаў — у ШІЗА: як у ПК-1 ціснуць на палітвязня Мікалая Банькова

Праваабаронцы "Вясны" распавядаюць, як у зняволенні пераследуюць экс-вайскоўца Мікалая Банькова.


Траіх жыхароў Жодзіна затрымалі па справе "письмо.бел"

У сярэдзіне лістапада ў Жодзіне затрымалі Аляксандра Мазура, Паўла Каранюхіна і былога палітвязня Аляксандра Лыкшына. У гэты ж час прызналі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт ініцыятывы "письмо.бел", а таксама старонкі яе ў сацсетках. Яшчэ праз месяц КДБ прызнаў ініцыятыву "экстрэмісцкім фармаваннем". Паводле ведамства, Мазур, Каранюхін і Лыкшын маюць дачыненне да "письмо.бел". Па інфармацыі "Вясны", цяпер мужчыны знаходзяцца ў СТ-8, іх абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). 

Траіх жыхароў Жодзіна змясцілі ў СІЗА. Па версіі КДБ, яны маюць дачыненне да ініцыятывы "письмо.бел"

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед ініцыятывы "письмо.бел".


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 13 прозвішчаў — цяпер у ім 4808 чалавек

27 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі шматдзетную маці Людмілу Ліхачэўскую, а таксама архітэктара і барабаншчыка Аляксея Сіленку.


МУС абнавіла «экстрэмісцкае фармаванне KYKY.ОRG»

У пералік дададзены старонкі праекту ў TikTok, YouTube i Instagram, а таксама імёны Аляксандры Раманавай і Глеба Сямёнава.

Выданне «KYKY.ОRG» было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ ў траўні 2022 года.


У Брэсце са стральбой затрымалі падазраванага ў «экстрэмізме» — мужчына паранены

На афіцыйных каналах сцвярджаецца, што 46-гадовы жыхар Брэста меў дачыненне да «дэструктыўнай дзейнасці». Сілавікі спынілі яго аўтамабіль, аднак мужчына «не рэагаваў і замкнуўся ў машыне».

Затрыманне праходзіла ў прыватным сектары, і дзеянні мужчыны нібыта «ўяўлялі рэальную пагрозу для навакольных». Каб спыніць аўтамабіль, сілавікі стралялі з агнястрэльнай зброі. Мужчына атрымаў «нязначныя траўмы». Паведамляецца, што затрыманне праводзіў ГУБАЗіК і атрад «Шторм». Пры вобшуку ў яго дома знайшлі светлашумавыя гранаты і рэчыва, падобнае на порах.

Распачата крымінальная справа за «гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».


Беларусаў, якія раней «добраахвотна заплацілі» за данаты, пачалі выклікаць у пракуратуру

Стала вядома пра выпадкі, калі людзі, якіх раней прымусілі кампенсаваць свае данаты і нават выдалі ім паперы аб прыпыненні крымінальнай справы, пачалі атрымоўваць позвы ў пракуратуру. Паведамляецца, што там іх просяць падпісаць паперы з папярэджаннем перад выбарамі.

Вядома, што такія позвы па месцы прапіскі атрымоўваюць і тыя беларусы, хто раней «вяртаў грошы» за данаты, а цяпер жыве за мяжой.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства