За 2024 год асудзілі не меней за 1721 чалавека: вынікі крымінальнага пераследу
Не меней за 1721 чалавек асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2024 год. З іх 1241 мужчына (72,1%), 480 (27,9%) жанчынаў. Сярод агульнай колькасці асуджаных 21 чалавек пенсійнага веку: 14 жанчын і 7 мужчынаў. Сёлета ў нашай краіне працягваецца практыка завочных судоў. На 144 чалавекі заведзена спецвытворчасць. Больш за ўсё палітычных судоў адбылося ў Мінску, меней за ўсё – у Магілёўскай і Віцебскай вобласцях. Самы распаўсюджаны від пакарання па палітычна матываваных крымінальных артыкулах – пазбаўленне волі. Да зняволення асудзілі агулам 55,4 % беларусаў. А самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту – паводле арт. 342 КК асудзілі 1019 чалавек.
У лічбах і гісторыях распавядаем пра крымінальны пераслед беларусаў у 2024 годзе.
Віды пакаранняў
Самым распаўсюджаным відам пакарання па крымінальных справах з’яўляецца пазбаўленне волі. Так, да калоніі і турмы ўсіх відаў рэжымаў сёлета асудзілі агулам 55,4 % вязняў. Другі распаўсюджаны від пакарання – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і без накіравання. Да "хатняй хіміі" асудзілі 38,7 %. Да "хіміі" з накіраваннем – 4,3 %. Арышт прысудзілі 0,6 %, штраф – 0,3 %. Да прымусовага лекавання асудзілі 0,7 %.
Геаграфія прысудаў
Больш за ўсё палітычных крымінальных судоў адбылося ў Мінску – 51,4 %. На другім месцы па колькасці палітычна матываваных крымінальных прысудаў стаіць Брэсцкая вобласць – 18 %. Менш за ўсё палітычных прысудаў вынеслі ў Магілёўскай і Віцебскай вобласці – 4,8 % і 3 % адпаведна.
Самыя распаўсюджаныя крымінальныя артыкулы
Беларусаў усё яшчэ працягваюць масава судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту чатырохгадовай даўніны. Гэта самая папулярная нагода для палітычных судоў – па "народным" 342 артыкуле ў 2024 годзе асудзілі 1019 чалавек. Таксама распаўсюджаныя дыфамацыйныя артыкулы, па якіх судзяць за каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Так, за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК) асудзілі 245 чалавек. 135 чалавек асудзілі за "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК), а за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК) асудзілі 186 чалавек. За "заклікі да санкцый" (арт. 361 КК) было асуджана 75 чалавек, а за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК) – 109 чалавек.
Гучныя крымінальныя справы
Сёлета па палітычных крымінальных справах судзілі лекараў і комікаў, вайскоўцаў і праваабаронцаў, грамадзянаў Украіны і палітычных аналітыкаў, журналістаў і ілюстратараў. Судовыя прысуды выносілі за прадуктовыя перадачы сем’ям палітвязняў і адпраўку лістоў зняволеным. Узмацнялі крымінальны ціск на палітвязняў і ўпершыню памілавалі асуджанага да смяротнага пакарання. Далей узгадваем крымінальныя палітычныя справы ў 2024 годзе.
Лісты, грашовыя пераводы, прадуктовыя перадачы: пераслед за салідарнасць з палітвязнямі
Напрыканцы студзеня 2024 года ў Беларусі прайшла масавая хваля пераследу сем’яў палітвязняў за атрыманне імі прадуктовых перадач праз ініцыятыву IneedHelpBY, якую ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Вобшукі, допыты і затрыманні прайшлі як мінімум у 287 чалавек. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя крымінальныя артыкулы за "фінансаванне экстрэміскай дзейнасці" (арт. 361-2 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК). Таксама пад пераслед за салідарнасць патрапілі тыя, хто дасылаў палітвязням невялікія грашовыя пераводы або лісты падтрымкі. Так, траіх жыхароў Жодзіна затрымалі ў лістападзе і абвінавачваюць у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім" (арт. 361-1 КК). Паводле КДБ, яны маюць дачыненні да ініцыятывы па напісанні лістоў палітвязням "письмо.бел".
На сённяшні дзень па справе салідарнасці з палітвязнямі асудзілі не меней за 37 чалавек, сярод якіх толькі адзін мужчына, астатнія – жанчыны большасцю ва ўзросце болей за 50 гадоў. Паводле абвінавачвання, нібы яны бралі інфармацыю пра палітвязняў з старонак ініцыятываў, прызнаных "экстрэмісцікімі фармаваннямі".
Так, 55-гадовую бібліятэкарку з Брэста Ірыну Пагадаеву затрымалі ў траўні 2024 года і абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) за тое, што жанчына дасылала грашовыя пераводы палітвязням у СІЗА. Агулам Ірына пералічыла 188 рублёў. У ліпені ў Брэсцкім абласным судзе Ірыну асудзілі на тры гады калоніі.
Палітзняволеную 50-гадовую Аксану Ляпко затрымалі ў студзені 2024 года падчас рэйда сілавікоў па сваяках палітвязняў за атрыманне імі прадуктовых перадач ад ініцыятывы IneedHelpBY. Першапачаткова палітзняволеную абвінавацілі ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці", але пасля абвінавачванне змянілі на "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". У Гродзенскім абласным судзе ў верасні Аксану асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук 64-гадовую Ірыну затрымалі ў студзені 2024 года па справе прадуктовых перадач сем’ям палітвязняў. Жанчыну адвезлі ў КДБ на допыт, пасля чаго прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ірыну асудзілі ў жніўні 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе на тры гады калоніі агульнага рэжыму.
Адзіны памілаваны сярод асуджаных да смяротнага пакарання
У ліпені 2024 года ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што 24 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе ваеннага лекара Чырвонага крыжа, грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера асудзілі да смяротнага пакарання шляхам расстрэлу. Немца асудзілі паводле шасці цяжкіх крымінальных артыкулаў, сярод якіх быў “акт тэрарызму” (ч. 3 арт. 289 КК) і "агентурная дзейнасць" (арт. 358-1 КК).
Паводле інфармацыі "Вясны", Рыка Крыгера прызналі вінаватым у"здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК". На падставе яго Крыгеру прызначылі выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання (расстрэлу).
Вядома, што 30 ліпеня Рыка Крыгер напісаў памілаванне на імя Лукашэнкі. А ўжо першага жніўня ён быў вызвалены ў межах абмену зняволенымі, які прайшоў паміж ЗША, Расіяй, ФРГ і Беларуссю.
206,5 гадоў турмы на ўсіх: справа "аналітыкаў Ціханоўскай"
Фігурантамі справы так званых "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай" праходзілі 20 чалавек: Аляксандр Дабравольскі, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка.
Паводле матэрыялаў справы, усіх абвінавачвалі ў "экстрэмісцкіх злачынствах" у дачыненні да выбарчай кампаніі Лукашэні, а таксама ў постэлектаральны перыяд.
У Мінскім абласным судзе першага ліпеня ўсіх абвінавачваных завочна асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулах на тэрміны ад 10 да 11 гадоў зняволення.
Бацьку і сыну з Украіны па 20 гадоў калоніі, як "дыверсантам СБУ"
У Лельчыцкім раёне ў лютым 2024 года быў аб’яўлены рэжым "контртэрарыстычнай аперацыі”, пасля чаго КДБ паведаміў пра затрыманне "тэрарыстаў", нібы адпраўленых СБУ для здзяйснення дыверсій у Беларусі і РФ. Паводле прапагандыстаў, былі затрыманыя грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, а таксама жыхар Брэсту Віталь Уласюк. Пры іх нібыта былі выяўленыя выбуховыя прылады, якія прызначаліся для здзяйснення тэрактаў ў Расіі і Беларсуі.
У кастрычніку ў Гомельскім абласным судзе бацьку з сынам асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў, сярод якіх "акт тэрарызму" (арт. 289 КК) і "агентурная дзейнасць" (арт. 358-1 КК). Суддзя Яўген Шаршнёў прызначыў Сяргею і Паўлу па 20 гадоў калоніі кожнаму.
Справа выбуху на аэрадроме ў Мачулішчах: да 25 гадоў калоніі
У лютым 2023 года на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах здарыліся выбухі, у выніку чаго быў пашкоджаны каштоўнасны самалёт дальняй выведкі ДРЛВ А-50, які выкарыстоўвалі для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Паводле афіцыйных органаў і прапагандыстаў, выканаўцу дыверсіі Мікалая Швеца вызвалілі па абмене з Украінай сёлета ў чэрвені. Акрамя Мікалая па справе праходзяць Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і яго жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Усе яны нібы дапамагалі Швецу ў справе, але дакладна не ведалі, хто ён такі.
Большасць абвінавачваных судзілі завочна: Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.
У Мінскім гарадскім судзе сёлета ў жніўні ўсіх абвінавачваных асудзілі паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК) і "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Праваабаронцам вядомыя не ўсе прысуды па гэтай справе. Самыя вялікія – па 25 гадоў калоніі – завочна атрымалі Мікалай Швец, Аляксандр Азараў і Віталь Якуцік.
Траім праваабаронцам 13 гадоў калоніі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"
У мінулым годзе ўлады працягвалі ціснуць на праваабаронцаў, нават на тых, хто даўно знаходзіцца за мяжою. Так, траім правабаронцаў завочна асудзілі паводле крымінальных артыкулаў пад выглядам барацьбы з “экстрэмісцкай дзейнасцю”.
Вядомы юрыст і былы кіраўнік гомельскага аддзялення ПЦ "Вясна" Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, каго затрымалі па крымінальнай справе пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Леаніда затрымалі ў студзені 2021 года па дарозе ў офіс і абвінавацілі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). А ў верасні таго ж года асудзілі да трох гадоў калоніі.
Цалкам адбыўшы тэрмін былы палітвязень з’ехаў з Беларусі і працягнуў праваабарончую дзейнасць ужо за межамі краіны. Адразу па вызваленні Леанід заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на хутчэйшае вызваленне палітвязняў. Але ўжо ў лістападзе 2023 года супраць правабаронцы завялі новую завочную крымінальную справу за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Гамельчук спрабаваў скантактавацца са следчым і прызначаным дзяржавай адвакатам, але не атрымаў ніякага адказу.
У Гомельскім абласным судзе ў чэрвені 2024 года Леаніда Судаленку завочна асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК на пяць гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Сёлета вясною распачалі спецвытворчасць супраць гомельскай праваабаронцы "Вясны" Алены Маслюковай. Як каментавала праваабаронца, яна не атрымала інфармацыі пра сутнасць абвінавачвання ад уладаў.
У Гомельскім абласным судзе восенню 2024 года Алену Маслюкову асудзілі за "садзенічанне экстрэмісцка дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) на тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сутнасць абвінавачвання засталася невядомай нават для самой праваабаронцы.
Таксама пад завочны крымінальны пераслед патрапіў гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч. Праваабаронца больш за тры гады не жыве ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго завялі восенню 2023 года.
Напрыканцы лета ў Гродзенскім абласным судзе Уладзіміра завочна асудзілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Ігар Собалеў прызначыў праваабаронцу пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Працягваецца крымінальны пераслед палітвязняў у калоніі
У 2024 годзе ў беларускіх калоніях і турмах працягваецца практыка крымінальнага ціску на палітвязняў нібы за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). Некаторых вязняў судзяць па гэтым артыкуле ўжо трэці раз запар.
Палітзняволеную грамадскую актывістку з Брэста Паліну Шарэнду-Панасюк у чэрвені 2021 года асудзілі паводле трох крымінальных артыкулаў на два гады калоніі.
Пасля гэтага жанчыну тройчы судзілі паводле арт. 411 КК. Апошні раз – у кастрычніку 2024 года ў Рэчыцкім судзе. Суддзя Станіслаў Іванюценка прызначыў Паліне год калоніі. За час зняволення ў актывісткі моцна пагоршыўся стан здароўя і з’явілася хранічнае захворванне.
Адміністратарку чата "Кіроўцы 97%" Вікторыю Кульшу ў чэрвені 2021 года асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту на два з паловай гады калоніі. Вікторыю, як і Паліну, тройчы судзяць за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". Ён ужо прысудзілі дадатковых два гады калоніі. А ў лютым 2024 года стала вядома, што супраць Вікторыі завялі трэцюю запар крымінальную справу.
Палітзняволеная Вольга Маёрава была асуджана па "справе Аўтуховіча" восенню 2022 года паводле шасці артыкулаў на 20 гадоў калоніі.
Вясною 2024 года Вольгу зноў асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі) і прызначылі яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі.
Гэтым летам мусіў выйсці на волю, але зноў прысудзілі калонію
Вядомага актывіста і былога старшыню "Маладога фронту", палітзняволенага Змітра Дашкевіча сёлета асудзілі паўторна.
Першы раз Змітру прызначылі паўтара года калоніі летам 2022 года за ўдзел у акцыі пратэсту паводле "народнага" артыкула. Ягонай жонцы Насце, якая на момант прысуду была цяжарная, прызначылі па тым жа 342 крымінальным артыкуле тры гады "хатняй хіміі".
Палітвязень мусіў выйсці на волю ў ліпені 2024 года. Але на яго завялі новую крымінальную справу зноў паводле ч. 1 арт. 342 КК. А непасрэдна падчас судовага пасяджэння стала вядома, што яму дадаткова інкрымінуюць яшчэ і ч. 1 арт. 411 КК. У выніку ў Першамайсікм судзе Мінска ў верасні 2024 года Змітра асудзілі яшчэ на адзін год і тры месяцы калоніі.
Ілюстратарцы з Брэсту 6 гадоў калоніі за данаты "Палку Каліноўскага"
Палітзняволеная Наталля Левая пасля пачатку вайны ва Украіне выехала ў Польшчу, дзе працавала 2D-ілюстратаркай. А зімою 2023 года яна вырашыла вярнуцца на радзіму, дзе яе і затрымалі.
Паводле версіі абвінавачвання, палітвязнволеная Наталля Левая цягам 2021 – 2022 гадоў нібы пералічыла на банкаўскія рахункі прадстаўнікоў "экстрэмісцкіх фармаванняў", у тым ліку "Палка Каліноўскага", агульную суму каля 1275 еўра.
У ліпені 2024 года ў Брэскім абласным судзе Наталлю асудзілі паводле трох крымінальных артыкулаў на шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама за данаты Палку Каліноўскага і ў фонд салідарнасці BYSOL асудзілі 57-гадовага маладзечанца Аляксандра Верасовіча. У красавіку ў Мінскім абласным судзе яму прызначылі шэсць гадоў калоніі па двух крымінальных артыкулах: "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2) і “фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях” (ч. 2 арт. 361-3 КК).
Дваіх магілёўскіх журналістаў асудзілі да пазбаўлення волі
Палітзняволеных Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова затрымалі зімою 2023 года. Да суда іх сем месяцаў утрымлівалі пад вартай.
Алесь – былы магілёўскі блогер і журналіст, якога неаднаразова затрымалівалі ў 2020 годзе. Яўген у 90-х працаваў на мясцовым тэлебачанні, а пазней супрацўоўнічаў як журналіст з некалькімі гарадскімі парталамі.
У Магілёўскім абласным судзе летам 2024 года журналістаў асудзілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 361-3 (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы). Суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі прызначыў Алесю чатыры гады калоніі, а Яўгену – тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Віцебскага лекара за каментар пра тэракт у Расіі асудзілі на 4 гады калоніі
Сёлета ў красавіку падчас анлайн-стрыму з правакатарам лекар Аляксандр Рандарэнка разам з бярам сказалі, што "святкуюць" тэракт у "Крокус Сіці Холе". На стале ў мужчын пры гэтым быў сцяжок са свастыкай. Пасля гэтага мужчыну затрымалі і моцна збілі.
У снежні ў Віцебскім судзе Аляксандра асудзілі ў “рэабілітацыі нацызму” (ч. 1 арт. 130-1 КК) і “распальванні іншай сацыяльнай варожасці” (арт. 130 КК). Суддзя Яўген Буруноў прызначыў Аляксандру чатыры гады калоніі.
Жыхару Петрыкава прызначылі 10 гадоў калоніі па 10 артыкулах
Палітзняволены Іван Сухамераў у 2017 годзе скончыў універсітэт на сацыяльнага перагога. Паводле сацсетак хлопца, прыкладна з таго часу ён пачаў крытычна выказвацца ў бок улады. Хлопца затрымалі ў чэрвені 2023 года нібы падчас нелегальнага перасячэння беларускай мяжы. Івана абвінавацілі паводле 10 крымінальных артыкулаў, сярод якіх “здрада дзяржаве”, “удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі” і “удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце”.
Згодна з абвінавачваннем, Іван публікаваў негатыўную інфармацыю пра Лукашэнку ў сваіх свацсетках, а таксама заклікі да санкцый. Уступіў у BYPOL, хацеў стаць ваяром палка Каліноўскага і данаціў ЗСУ.
У красавіку ў Гомельскім абласным судзе Івана асудзілі на 10 гадоў калоніі і штраф 100 базавых велічыняў.
"Моўную кансультантку "Белсат" асудзілі да 2 гадоў калоніі і велічэзнага штрафа
Палітзняволеную Анастасію Мацяш затрымалі восенню 2023 года.
Паводле прысуду, жанчына нібыта з лета 2021 па восень 2023 года з’яўлялася моўнай кансультанткай польскага тэлебачання "TVP", у структуру якога ўваходзіць "Белсат". Для апошняга яна нібы праводзіла моўныя кансультацыі, перакладала і карэктавала.
У красавіку ў Мінскім гарадскім судзе Анастасія асудзілі за "удзел у экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК) на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і спагналі 102 415 рублёў і 12 капеек "у якасці даходу, атрыманага злачынным шляхам".
Кіраўніку ліквідаванай партыі 6 гадоў калоніі за "заклікі да санкцый"
50-гадовы палітвязень Дзмітрый Кучук – былы старшыня ліквідаванай партыі "Зялёныя". Яго затрымалі зімою каля расійскай амбасады ў Беларусі, калі той прыйшоў ускласці кветкі ў памяць аб загінулым у турме палітыку Аляксеі Навальным.
У Мінскім гарадскім судзе ў снежні Дзмітрыя асудзілі за "актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК) і "заклікі да санкцый" (ч. 3 арт. 361 КК) на шэсць гадоў калоніі.
Ад 11 да 25 гадоў калоніі дваім беларусам і ўкраінцу нібы за "падрыхтоўку тэракту"
У верасні па ўсіх дзяржканалах паказалі фільм, з якога стала вядома пра затрыманне беларусаў Івана Бародзіча, Барыса Пухальскага і ўкраінца Івана Ліхалата.
Як паведамляла практуратура, Барыс Пухальскі і Іван Ліхалат нібы спрабавалі падарваць участак чыгункі ў Віцебскай вобласці. Мужчынаў абвінавацілі паводле некалькіх крымінальных артыкулаў, сярод якіх "замах на акт тэрарызму", "агентурная дзейнасць" і "здрада дзяржаве".
У снежні ў Мінгарсудзе ўсіх траіх асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў зняволення. Дакладныя тэрміны кожнаму з іх невядомыя.
Двум вайскоўцам далі вялікія тэрміны за атаку дрона на базу АМАПа
Гаворка пра двух прадстаўнікоў ініцыятывы "Супраціў", якую ўлады прызналі "тэрарыстычнай". Павел Кулажанка ваюе добраахвотнікам ва Украіне, а раней быў байцом АМАПу. Віталь Пацехін раней служыў у беларускім войску. Яго назвалі выканаўцам атакі, якая адбылася ў верасні 2021 года. Паводле следства, Пацехін "пры садзейнічанні недасведчаных кантрабандыстаў" атрымаў з Украіны дрон вялікай грузападымальнасці і некалькі месяцаў рыхтаваўся да нападу.
У Мінгарсудзе ў снежні вайскоўцаў завочна асудзілі паводле шасці крымінальных артыкулаў, у тым ліку, паводле "акта тэрарызму". Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Паўлу Кулажэнку 24 гады, а Віталю Пацехіну 23 гады калоніі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Стэндап-коміку 6 гадоў калоніі за жарты пра Лукашэнку
Беларускага стэндап-коміка Славу Камісаранку абвесцілі ў вышук у студзені 2022 года. З мэтаў бяспекі артыст мусіў з'ехаць з Расіі, дзе жыў апошнія гады.
На Вячаслава завялі крымінальную справу паводле трох артыкулаў. Яго абвінавацілі ў "паклёпе на Лукашэнку" (арт. 367 КК), "абразе Лукашэнкі" (арт. 368 КК) і "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК).
У Мінгарсудзе ў снежні коміка завочна асудзілі на шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.