viasna on patreon

1,5 года калоніі і 3 гады "хатняй хіміі" — сям'і Дашкевічаў вынесены прысуды

2022 2022-07-14T10:45:00+0300 2022-07-14T11:36:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dashkevichy_90q.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 11 ліпеня пракурорка запрасіла тэрміны для палітвязня Змітра Дашкевіча і ягонай жонкі Насты Дашкевіч — па паўтара года калоніі кожнаму. Сёння, 14 ліпеня, суддзя Таццяна Пірожнікава агучылі прысуд сям'і, прызнаўшы іх вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак): Змітру — паўтара года калоніі, Насце — тры гады "хатняй хіміі". Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года —  на судзе яны прызналі віну цалкам. За кратамі Зміцер знаходзіцца чацвёрты месяц, нядаўна Наста нарадзіла чацвёртае дзіця. Запытаныя пракурорам тэрміны сталі моцным ударам для Змітра і Насты, а таксама выклікалі незадаволенасць у беларускага грамадства. "Вясна" публікуе апошнія словы на судзе палітвязня і ягонай жонкі.

Зміцер і Наста Дашкевічы
Зміцер і Наста Дашкевічы

Зміцер: "У тым, што такая сістэма не можа існаваць, няма сумневу"

У апошнім слове Зміцер заявіў пра збіццё:

"Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што я пачуў ад пракурора, гэта вышэй за разуменне...

Ісус даў нам уладу адпусціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чатырох дзяцей, немаўлятка неданошанага, просяць пасадзіць у турму?

Я часам задаю сабе пытанне, што думаюць гэтыя людзі, ... калі просяць выносіць прысуды. Было б прасцей, каб мы бачылі перад сабой звяроў. А так яны ходзяць, усміхаюцца. Следчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэння, усміхаюцца, цукеркі носяць на закрыццё справы...

Летась я стаяў на варце ў Курапатах, калі да мяне падышла дзяўчына са слязамі на вачах. Кажа: "Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэння". Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: "Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?" А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка суддзі і сказала: "Прабачце ...". Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў... Я не паспеў у яе запытаць, але напэўна яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады. Даючы мне 14 сутак, разумеў, што ён робіць беззаконне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я не вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут па паўтара мы года просім матулі з немаўляткам на руках.Усё правільна, усё нармальна. Я думаў, калі праз гады здымуць гэты фільм, пра тое, як сядзелі людзі на Акрэсціна, я бы, ведаеце, і сам бы не паверыў. У гэта немагчыма паверыць. Зэкі, якія сядзелі там на пару гадзін у гэтай камеры, якія аб’ездзілі ўсе зоны Беларусі, яны былі ў шоку. Людзі, якія па 20-25 гадоў ездзілі па ўсіх зонах, яны ніколі не бачылі такіх умоваў, у якіх вы трымаеце людзей на Акрэсціна. Ніколі не бачылі. Я б і сам у гэта не паверыў... Такое можа быць…. І ў той час падыйдуць вашы дзеці і скажуць: “Мама, а дзе ты была?”… А можа і не скажуць… "Я прасіла Дашкевічаў пасадзіць… злачынцаў… на 1,5 года". Напэўна толькі тады адбудзецца асэнсаванне…

Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: "Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает". Калі везлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: "Я б цябе знішчыў за адно толькі тое, што ты дзяцей у гэта ўцягнуў!" Я кажу: "Паслухай, што я раблю ня тое?" Ён: "Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі лісты, далучылі да крымінальнай справы". Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калеснікавай — "Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе". Вось гэта злачынства — дзеці пішуць лісты палітвязням.

Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы смяяліся: "Жонка будзе нараджаць у турме". Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцці, але сёння, напэўна, яшчэ страшнейшы.

Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Ня мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я ня мог падумаць у страшным сне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе. Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага ... (плача). Ты святая жанчына... Я не ведаю такіх... Даруй, што я падвёў цябе.

Я не разумею, што адбывацца... Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а не той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа "Часам не да законаў". Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так.

У тым, што такая сістэма не можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і бессэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суду справядлівага? Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — суддзя. І я адказваю: прыйшоў суддзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га з дзецьмі і раздаваў буклеты "Малітва за Беларусь", Бібліі раздаваў. У дзень сапраўднага суду вы нічога не дасцё за сваю душу. І дай Бог, каб вашы дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў, ці вы самі прыйшлі і сказалі: "Прабач". І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсць для вас нейкія межы?".

Наста: "Я не ведаю, як дзеці перажывуць, калі даведаюцца, што не прыйшла іх мама"

Наста Дашкевіч у апошнім слове была нешматслоўнай:

"Я не рыхтавала апошняе слова. Я выбачаюся, што я хачу сказаць, я вельмі прашу вас не разлучаць нас з нашымі дзецьмі. Са сваіх сваякоў аб іх можа паклапаціцца толькі мой тата. Гэта чалавек, які перажыў два інфаркта, ён не справіцца... Малодшаму сыну няма і месяца, у яго ёсць пытанні па здароўю… Я б вельмі хацела папрасіць вас скарыстацца магчымасцю выкарыстаць любыя іншыя магчымасці віды пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Сёння дзеці маліліся, каб выйшаў тата, каб гэта былі апошнія турботы ў іх жыцці (плача). Я не ведаю, як яны перажывуць, калі даведаюцца, што не прыйшла іх мама. Я вельмі вас прашу не пазбаўляць мяне магчымасці быць з дзецьмі, клапаціцца пра іх. Усё, дзякуй".

Інфармацыя будзе дапоўнена.

Пракурор просіць прызначыць Змітру і Насце Дашкевічам па 1,5 гады калоніі

У судзе Маскоўскага раёна Мінска сёння распачаўся крымінальны працэс над палітвязнем Змітром Дашкевічам і ягонай жонкай Настай Дашкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства