viasna on patreon

Суд над завадчанкай за "экстрэмізм" і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 14-16 снежня

2024 2024-12-16T14:59:49+0300 2024-12-16T14:59:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhanna-valevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-16 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Былога палітвязня Аляксандра Патапава ў трэці раз будуць судзіць "за распаўсюд экстрэмізму"

aljaksandr-patapau.jpg
Аляксандр Патапаў

Справу 70-гадовага жыхара вёскі Хатоля Віцебскага раёна 19 снежня ў судзе Віцебскага раёну зноў будзе разбіраць суддзя Таццяна Лабацкая, паведаміла "Віцебская вясна". Мінулы раз яна судзіла яго тыдзень таму, 12 снежня. Пазамінулы суд над вяскоўцам адбыўся 31 кастрычніка. Судзіў яго суддзя суда Віцебскага раёна Міхаіл Зубеня.

Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у "Аднакласніках".

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі. Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.


Палітвязня Акіхіру Гаеўскага-Ханаду перавялі на турэмны рэжым

Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года
Акіхіра Гаеўскі-Ханада на вынясенні прысуду 6 верасня 2022 года

Пра гэта паведаміў 15 снежня тэлеграм-канал "АЧК-Беларусь". Па інфармацыі "Вясны", суд па замене рэжыму адбыўся 18 ліпеня ў судзе Шклоўскага раёна. Рашэнне прымаў суддзя Аляксандр Тараканаў. Цяпер палітвязня ўтрымліваюць у магілёўскай турме № 4. Напачатку чэрвеня стала вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі адправіла Акіхіру на 4 месяцы ў ПКТ.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 4 гады. У Мінгарсудзе 6 верасня 2022 года яму прысудзілі 16 гадоў калоніі.

28 лютага 2023 года Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова скараціла тэрмін палітвязня на тры месяцы. Такім чынам, канчатковы тэрмін зняволення Акіхіра — 15 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


"Вольныя купалаўцы" з'явіліся сярод "экстрэмісцкіх фармаванняў" на сайце МУС — у спісе восем акцёраў і акцёрак

Паводле ведамства, дачыненне да тэатральнай ініцыятывы маюць Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб, Крысціна Дробыш, Аляксандр Зелянко, Міхаіл Зуй.

Нагадаем, тэатральнае аб'яднанне "Вольныя Купалаўцы" было прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем" у пятніцу, 13 снежня.


За "распаўсюд экстрэмізму" асудзілі жыхарку Лепеля, пра якую год таму пісала мясцовая раёнка

zhanna-valevicz.jpg
Жанна Валевіч

У Лепелі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 артыкула 19.11 КаАП) і "несанкцыянаванае пікетаванне" (ч. 1 арт. 24.23 КаАП) 13 снежня судзілі супрацоўніцу Лепельскага малочна-кансервавага камбіната Жанну Валевіч, паведаміў 14 снежня тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!". Працэс узначальвала суддзя Алеся Новік.

У 2023 годзе сям'я Валевічаў адзначала "сярэбранае вяселле", на святкаванне якога прыйшлі журналісты з мясцовай раёнкі. Пазней у газеце выйшаў артыкул, дзе ўшаноўванне юбілею прымеркавалі да «Дня народнага адзінства».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства