Пракурор просіць прызначыць Змітру і Насце Дашкевічам па 1,5 года калоніі Дапоўнена
У судзе Маскоўскага раёна Мінска сёння распачаўся крымінальны працэс над палітвязнем Змітром Дашкевічам і ягонай жонкай Настай Дашкевіч. Суддзя Таццяна Пірожнікава судзіць сям'ю па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. За кратамі Зміцер знаходзіцца з 23 сакавіка, месяц таму Наста нарадзіла дзіця. Дзяржабвінавачанне па справе падтрымлівае памочніца пракурора Маскоўскага раёна Мінска Еліскевіч.
У чым абвінавачваецца сям'я?
23 сакавіка быў затрыманы Зміцер, а ў кватэры Дашкевічаў адбыўся ператрус. Тады забралі ўсю тэхніку. На наступны дзень у ГУБАЗіКу паведамілі, што на Змітра Дашкевіча "сабраны матэрыял для прыцягнення яго паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса, таксама ідзе праца па кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальванні нянавісці праз інтэрнэт-супольнасці". Са Змітром супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі "пакаяльнае відэа". Адметна, што Дашкевіча здымалі ў кабінеце беларускіх сілавікоў, дзе на дзвярах вісяць прарасійскія плакаты з літарамі Z і V, што сталі сімваламі ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.
Пасля гэтага Змітра арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле. Але з "сутак" актывіст так і не выйшаў. 16 красавіка Змітра Дашкевіча перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага. 29 красавіка цяжарнай Насце Дашкевіч паведамілі ў Следчым камітэце, што яна з’яўляецца падазраванай паводле "народнага" артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.
"Калісьці я давала Змітру клятву, што буду з ім і ў горы, і ў радасці. Канешне, я не думала ў гэты момант, што пад гэтымі словамі будзе ў тым ліку адное судовае паседжанне, дзе нас будуць разам судзіць. Але так сталася. Сітуацыя, канешне, дзікая...", — напісала тады Наста Дашкевіч у фэйсбуку.
15 чэрвеня, калі Зміцер ужо тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА, у сям'і Дашкевічаў нарадзілася дзіцё.
"Сёння ў 6.50 раніцы ў нас нарадзіўся сын. Поўнае імя яго будзе — Данііл. Як хацеў тата. А скарочанае — Ніл. Як хацела мама. Малыш крыху паспяшаўся з’явіцца на свет і зараз ім нейкі час будуць апекавацца дактары. А я прыходжу ў сябе пасля аперацыі. Але ўсе жывы і здаровы, то слава Богу!" — напісала Наста.
Гэта чацвёртае дзіцё ў сям'і: у Дашкевічаў яшчэ дзве дачкі Мара і Магдалена, і сын Давід.
Што адбываецца на судзе?
У судзе і Зміцер, і Наста адмовіліся ад дачы паказанняў. Яны прызналі на працэсе толькі тое, што сапраўды прысутнічалі на Маршы 23 жніўня 2020 года. У матэрыялах справы тры тома — яны агалошваюцца ў судзе. На працэсе пералічваюцца ўсе арышты, штрафы і крымінальны пераслед Змітра з 1999 года.
11 ліпеня адбыліся спрэчкі бакоў па крымінальнай справе супраць Дашкевічаў. Пракурор запрасіў ім па 1,5 года калоніі абаім. Прысуд будзе вынесены 14 ліпеня.
Падтрымаць Змітра:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Зміцер Вячаслававіч Дашкевіч