"Усход сонца над балотам": у Беларусі за чырвона-зялёны сцяг асудзілі мінімум 40 чалавек
Пасля падзей 2020 года беларусы рознымі спосабамі выказваюць пратэст супраць дзеянняў уладаў. Некаторыя выяўляюць нязгоду з дапамогай дзяржаўнай сімволікі: зрываюць чырвона-зялёныя сцягі з будынкаў і ламаюць дрэўкі, або пакідаюць публічныя каментары пра дзяржаўны сцяг. Падобныя дзеянні ўлады кваліфікуюць, як "здзек з дзяржаўных сімвалаў". За апошнія чатыры гады паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса асудзілі як мінімум 40 чалавек агулам на 118 гадоў пазбаўлення волі.
Распавядаем, як беларусаў судзяць за "здзек з дзяржаўных сімвалаў".
Пачынаючы з 2020 года за "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК) асудзілі як мінімум 40 чалавек на 118 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Паводле гэтага артыкула прадугледжана пакаранне штрафам, або папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі тэрмінам да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Паводле даных праваабаронцаў, усім асуджаным за "здзек з дзяржаўнях сімвалаў" прызначаюць пазбаўленне волі ў калоніі.
Нямалая частка тых, хто зрывае чырвона-зялёныя сцягі – гэта людзі ў стане алкагольнага ап’янення, якія выходзілі з крамы і сарвалі сцяг на ўваходзе.
Сяброў дзяцінства асудзілі за сарваны сцяг
Самы малы тэрмін, які прызначалі па гэтым артыкуле – шэсць месяцаў калоніі. Так, сяброў дзяцінства палітвязняў Артура Канапацкага і Артура Моўчана затрымалі ў ліпені 2024 года за тое, што ў 2021 годзе яны сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынку крамы ў аг. Дзятлавічы.
У судзе Лунінецкага раёна 31 кастрычніка 2024 года абодвум прызначылі паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса па шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Магілёве зімою 2024 года палітвязень Дзмітрый Пузікаў у нецвярозым стане сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку крамы і зламаў дрэўка.
Праз некалькі месяцаў у судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва Дзмітрыя асудзілі паводле арт. 370 КК на шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Апеляцыйную скаргу не задаволілі, а самога Дзмітрыя накіравалі на прымусовае лекаванне ад алкагалізму.
"Узяў сцяг як сувенір на памяць"
У Баранавіцкім судзе восенню 2023 года разглядалі крымінальныя справы палітзняволеных мясцовых жыхароў Алега Волка і Вадзіма Барысава. Працэс праходзіў у выязным пасяджэнні ў будынку Баранавіцкага СІЗА № 6.
Пра падрабязнасці судовага працэсу распавялі на дзяржаўным тэлебачанні.
Адзін з мужчынаў у верасні 2023 года ў нецвярозым стане ў вёсцы Новая Мыш сарваў сцяг з будынку крамы. Сцяг ён паклаў у заплечнік і аднёс дамоў. На заўтра да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.
Іншы палітвязень ноччу 22 ліпеня 2023 года сарваў сцяг, пашкодзіўшы мацаванне. А пасля адвёз сцяг у Маскву на заробкі. Як паведаміў на судзе мужчына, сцяг ён узяў як сувенір на памяць.
Суддзя Вікторыя Пакунова ў кастрычніку 2023 года прызначыла абодвум мужчынам паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса адзін па аднаму году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падняў галаву, паглядзеў на сцяг і пацягнуў за яго
Палітвязня Дзмітрыя Герасімовіча ў снежні 2022 года асудзілі паводле арт. 370 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Дзмітрый у стане алкагольнага ап’янення пацягнуў за палотнішча чырвона-зялёнага сцяга і скінуў яго на зямлю. На судзе мужчна паведаміў, што не меў намеру сарваць сцяг, а прытрымаўся за яго, каб не ўпасці.
Адміністратар караоке-бара, які знаходзіўся побач, бачыў здарэнне і данёс на Дзмітрыя. Даносчык паведаміў, што Дзмітрый падняў галаву, паглядзеў на палатніну дзяржаўнага сцяга і пацягнуў за яе. Ягоныя сведчанні таксама пацвярджаюцца запісамі камераў відэаназірання.
Акрамя пазбаўлення волі Дзмітрыю прызначылі прымусовае лекаванне ад алкагалізму.
Дзве маладыя дзяўчыны ў п’яным стане падпалілі дзяржаўны сцяг
У красавіку 2024 года 23-гадовыя палітзняволеныя Дар’я Заяц і Валерыя Драгун наматаўшы на ручку ад швабры паперу і запаліўшы яе, падпалілі чырвона-зялёны сцяг.
У чэрвені таго ж года ў выязным пасяджэнні ў будынку юрыдычнага факультэта ГрДУ ім. Я.Купалы дзяўчат асудзілі паводле арт. 370 КК на адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожную.
"Усход сонца над балотам": пакінуў каментар пра дзяржаўны сцяг
Палітзняволены Павел Дубаў, знаходзячыся падчас працы ў заходняй Еўропе, пакінуў у карпаратыўнай суполцы інтэрнэт-каментар пра дзяржаўны сцяг. Ён напісаў, што "наш сцяг бела-чырвона-белы", а існуючы назваў "усход сонца над балотам". Пасля гэтага мужчына вярнуўся ў Беларусь.
У судзе Астравецкага раёна ў сакавіку 2023 года Паўла асудзілі паводле арт. 370 КК на адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Зняў афіцыйны сцяг і павесіў сцяг Украіны
Палітзняволены жыхар рабочага пасёлка Сасновы Бор 41-гадовы Валер Самсоненка ў кастрычніку 2023 года ў цэнтры пасёлка зняў чырвона-зялёны сцяг і выкінуў яго ў сметніцу. Замест яго Валер вывесіў жоўта-блакітны сцяг Украіны. Выпадак трапіў на камеру відэаназірання з будынку сельсавету.
У студзені 2024 года ў судзе Светлагорскага раёна Валерыя асудзілі паводле арт. 370 КК на адзін год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.