Двух беларусаў судзяць за "акт тэрарызму" і "здраду дзяржаве" нібы за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі
У Мінскім абласным судзе з 12 снежня судзяць двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — па абвінавачванні ў "замахе на акт тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". У прапагандысцім фільме восенню 2023 года сцвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, "якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ". Андрэй Зіненка ў фільме быў паказаны са слядамі збіцця на твары. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Епіхаў.
Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку, як сцвярджалася ў прапагандысцкім фільме АНТ, затрымалі ў ноч з 26 на 27 жніўня 2023 года на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункта Сінява. Супраць іх адразу былі заведзены крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 289 КК (замах на здзяйсненне акта тэрарызму групай асоб) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Іх змясцілі ў СІЗА КДБ.
Да суда ім дадалі абвінавачванне яшчэ паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін).
Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса ім пагражае да двадцацці гадоў пазбаўлення волі.
Прапагандысты распавялі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што 10 чэрвеня 2023 года на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы. 19 жніўня, як сцвярджаецца ў фільме, Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, недалёка ад украінскай мяжы, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу (2,4 кілаграма трацілу і паражальны элемент) і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне. А 26 жніўня Вабішчэвіч нібыта забраў іншую выбуховую прыладу (1,2 кілаграма трацілу) у Хойніцкім раёне — гэта таксама каля мяжы з Украінай — і паехаў устанаўліваць яе на чыгунку пад Стоўбцамі. Вазіў яго на машыне, як сцвярджаецца ў фільмах, яго былы калега Андрэй Зіненка. Але, ці гэта ляжыць у аснове абвінавачвання і якая пазіцыя па справе затрыманых, невядома, бо суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мінчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Сцвярджаецца, што ён устанавіў сувязь з СБУ "праз тэматычную групу ў месенджары". Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазней узяўся падарваць чыгунку.
40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які "працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак", падкрэсліваюць дзяржаўныя медыя. Такі акцэнт на "высокім заробку" нярэдкі ў лукашэнкаўскай прапаганды. У той жа час Вабішчэвіча малююць судзімым аматарам азартных гульняў. Зіненка на кадрах выглядае збітым.