viasna on patreon

Заява аб прызнанні 23 чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-12-19T16:20:00+0300 2024-12-19T16:49:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/muzei-palitvjaznjau_iljustracyinyja-fota_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

19 снежня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўлянага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе паводле меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у тым памеры, у якім гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключаючы асноўныя высновы, доказы і прававую аргументацыю, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і якая не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Нам вядома аб асуджэнні:

Дзмітрыя Самсонава ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 375, 356, 235 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў наўмысным разгалашэнні службовай таямніцы, здрадзе дзяржаве, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам — да 19 гадоў пазбаўлення волі;

Юрыя Аверкава ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 3 арт. 293, 369, 130 КК паводле абвінавачвання ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні гэтай дзейнасці, абразе прадстаўніка ўлады, распальванні варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі;

Вячаслава Бародзія ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 295, 371, 333-1, 358-1 КК паводле абвінавачвання ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, незаконным перамяшчэнні праз мяжу ўзбраення, ваеннай тэхнікі, агентурнай дзейнасці — да 10 гадоў пазбаўлення волі;

Валянціны Полаз у закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 356 і 371-1 КК паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і арганізацыі незаконнай міграцыі — да 9 гадоў пазбаўлення волі;

Мікалая Ласоўскага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 356 і 371-1 КК паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і арганізацыі незаконнай міграцыі — да 10 гадоў пазбаўлення волі;

Арцёма Ліцевіча паводле артыкулаў 361, 342 КК паводле абвінавачвання ў закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак — да пазбаўлення волі;

Міхаіла Герасімчука паводле арт. 130 КК паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці да пазбаўлення волі;

Сяргея Ціханава паводле ч. 1 арт. 356, 290-5, 361-1 КК паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве, удзеле ў дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і экстрэмісцкім фармаванні да пазбаўлення волі;

Мікалая Клока паводле арт. 356 і 216 КК паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве і прычыненні маёмаснай шкоды да пазбаўлення волі;

Паўла Шорахава паводле арт. 130 КК паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці да пазбаўлення волі;

Ігара Кузаўко паводле арт. 361 КК, арт. 367 КК, арт. 361-1 КК, арт.130 КК паводле абвінавачвання ў закліках да санкцый, паклёпе на Лукашэнку, стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім, распальванні сацыяльнай варожасці.

Улады неабгрунтавана выкарыстоўваюць утрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжыцця меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору паводле крымінальных абвінавачванняў, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыццё дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтавана і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства ... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання"

Так, нам вядома пра ўтрыманне пад вартай:

Барыса Пухальскага, Івана Ліхалата, Івана Бародзіча паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 356, арт. 358-1 КК паводле абвінавачвання ў замаху на акт тэрарызму, здрадзе дзяржаве, шпіянажы;

Сяргея Горлава паводле артыкулаў 361-4, 130, 361, 368 паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, абразе А. Лукашэнкі;

Марэт Валюк паводле артыкула 357 КК паводле абвінавачвання ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

Святланы Якубовіч паводле арт. 357 КК паводле абвінавачвання ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

Аляксандра Кудрэвіча паводле ч. 3 арт. 361-1 і ч. 2 арт. 356 КК паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і здрадзе дзяржаве;

Юрыйса Ганінса паводле арт. 369-1, ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 361 КК паводле абвінавачвання ў дыскрэдытацыі Беларусі, закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, паклёпе на А. Лукашэнку;

Марыны Мышко паводле арт. 342, 130, 367 КК паводле абвінавачвання ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўным удзеле ў іх, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, паклёпе на А. Лукашэнку;

Андрэя Слізевіча паводле арт. 367, 368, 130 КК паводле абвінавачвання ў паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразы, распальванні іншай сацыяльнай варожасці;

Ганны Курыс паводле арт. 130, 368, 369-1, 370 КК паводле абвінавачвання ў распальванні варожасці, дыскрэдытацыі Беларусі, абразе А. Лукашэнкі, здзеку з дзяржаўных сімвалаў;

Аляксандра Дарагакупца паводле арт.130, 361-2, 361-4, 361-3 ч. 2, 361-1 КК паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, фінансаванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, фінансаванні беларускіх добраахвотнікаў ва ўкраінскіх узброеных сілах, удзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Дзмітрыя Самсонава, Юрыя Аверкава, Вячаслава Бародзія, Валянціны Полаз, Мікалая Ласоўскага, Арцёма Ліцевіча, Міхаіла Герасімчука, Сяргея Ціханава, Мікалая Клока, Паўла Шорахава, Барыса Пухальскага, Івана Ліхалата, Івана Бародзіча, Сяргея Горлава, Марэт Валюк, Святланы Якубовіч, Аляксандра Кудрэвіча, Юрыйса Ганінса, Марыны Мышко, Андрэя Слізевіча, Ганны Курыс, Аляксандра Дарагакупца, Ігара Кузаўко з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на абранне мер, кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя захады для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Прававая ініцыятыва;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Respect-Protect-Fulfill.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства