Каля Еўрапарламента адкрылася арт-інсталяцыя, прысвечаная палітзняволеным вясноўцам Фота
12 снежня ў Брусэлі адбылося ўрачыстае адкрыццё арт-інсталяцыі "Нязломныя", прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму, Уладзю Лабковічу, Марфе Рабковай і валанцёру Андрэю Чапюку. У яе адкрыцці ўзялі ўдзел кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Мерапрыемства адбылося ў межах Дней Беларусі ў Брусэлі — серыі падзей, якія паказваюць салідарнасць Еўрапейскага саюза з народам Беларусі.
"Нязломныя" створаны ў межах кампаніі #FreeViasna. Гэтая арт-інсталяцыя прысвечана Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку, якіх асудзілі на вялікія тэрміны за дапамогу людзям у адстойванні сваіх правоў.Праект ужо быў прадстаўлены ў Вільні (Літва), Познані (Польшча), Берліне (Германія) і Капенгагене (Данія). Цяпер наведаць інсталяцыю можна ў Брусэлі да 20 снежня па адрасе: The Esplanade of the European Parliament / Rue Wiertz 60, 1047.
Праваабаронца "Вясны": "Назвалі арт-інсталяцыю "Нязломныя", каб падкрэсліць прынцыповасць вясноўцаў, непахіснасць іх праваабарончых каштоўнасцяў"
На адкрыцці выставы праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка выступіла з прамовай:
"Два гады таму на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму ўпершыню нобелеўскай прамова гучала на беларускай мове. На жаль, сам Алесь не прымаў удзел у святочнай цырымоніі, бо знаходзіўся ў зняволенні. Мінула два гады, але ён і яшчэ чацвёра праваабаронцаў вясны па-ранейшаму за кратамі.
Для Алеся мова заўсёды мела надзвычай важнае значэнне,ён і іншых далучаў да гэтай звычкі — казаць па-беларуску, шанаваць мову. І выкарыстанне беларускай мовы злавала рэжым і прыцягвала асаблівую ўвагу да тых, хто на ёй кажа. Вядома, што цяпер адміністрацыя калоній прыдзірліва ставіцца да тых, хто рэалізуе сваё права — размаўляць па-беларуску і нават карае за гэта.
Таму для мяне вельмі важна, што беларуская мова гучыць тут, у Брусэлі.
І вялікі гонар сёння адкрываць арт-інсталяцыю, прысвечаную зняволеным праваабаронцам Вясны: каардынатарцы валанцёрскай службы Марфе Рабковай і валанцёру Андрэю Чапюку, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянціну Стэфановічу, і, канешне, кіраўніку Вясны, нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму.
Іх пакаралі вялізарнымі тэрмінамі зняволення за мірную прафесійную дзейнасць і дапамогу людзям у абароне іх правоў і свабодаў.
Першай з вясноўцаў была затрыманая Марфа Рабкова, яе асудзілі амаль да 15 гадоў зняволення. Яна знаходзіцца за кратамі больш за чатыры гады. Мы расцэньваем такое суровае пакаранне Марфе як помсту за яе працу па каардынацыі назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта ў 2020 годзе і дакумента ванне катаванняў пасля разгону першых пратэстаў.
Тры з паловай гады таму былі затрыманыя Алесь, Валянцін і Уладзімір, спачатку іх абвінавацілі ў нясплаце падаткаў, але відаць максімальны тэрмін па гэтым крымінальным артыкуле падаўся для рэжыму занадта мяккім пакараннем. Тады праваабаронцам выставілі абвінавачванні ў кантрабандзе грашовых сродкаў групай асобаў. Суд прызначыў ім 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
Мэта нашай інсталяцыі — прыцягнуць увагу да лёсаў беларускіх праваабаронцаў, а праз іх — i да тысячаў палітвязняў і рэпрэсаваных. І гэта не проста лічбы, а канкрэтныя людзі, а разам з імі — іх родныя, сябры, што праходзяць праз выпрабаванні турэмнага зняволення.
Партрэты нашых калегаў зробленыя з металічных прутоў, што з аднаго боку нагадвае пра тыя суровыя ўмовы ўтрымання, у якіх знаходзяцца палітычныя вязні кожны дзень, а з іншага — адлюстроўвае іх моц і смеласць у барацьбе за правы чалавека. Мы назвалі арт-інсталяцыю "Нязломныя", каб падкрэсліць паслядоўнасць і прынцыповасць вясноўцаў, непахіснасць іх праваабарончых каштоўнасцяў.
Спадзяюся, што яны, як і шмат хто яшчэ, з'яўляюцца прыкладам і арыентырам у імкненні да дэмакратычнай будучыні ў Беларусі.
На жаль, з мэтаў бяспекі мы не можам раскрываць імя мастака, які стварыў гэты арт. Аднак я веру, што надыдзе час, калі кожны і кожная зможа адкрыта называць сваё імя, свабодна выказваць меркаванне, не баяцца за сябе і за блізкіх, я веру, што надыдзе час, калі ўсе палітзняволеныя выйдуць нарэшце на волю, ўсе вымушана з'ехаўшыя змогуць вярнуцца дадому, усе незаконна пакараныя дамогуцца справядлівасці.
А да той пары, мы будзем працягваць нашую дзейнасць і гучна казаць: свабоду Вясне! Свабоду палітвязням!"
Святлана Ціханоўская: "Каманда праваабаронцаў мары, нашыя супергероі Marvel!"
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў сваёй прамове адзначыла неверагодную мужнасць і значнасць гэтай выставы як сімвала змагання за свабоду праваабаронцаў:
"Сёння ў Еўрапейскім парламенце мы адкрылі выставу пра сапраўдных барацьбітоў за волю, пяцярых адважных беларусаў: Алеся Бяляцкага, Андрэя Чапюка, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову і Валянціна Стэфановіча.
Уявіце, сапраўдная каманда праваабаронцаў мары! На чале з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру і заснавальнікам «Вясны» Алесем Бяляцкім! Нашыя супергероі Marvel. Доўгія гады яны нястомна працавалі ў інтарэсах беларускіх палітвязняў і, як гэта часта бывае пры дыктатуры, самі сталі палітвязнямі.
І ўсё ж нашыя праваабаронцы – простыя людзі, а не звышлюдзі. Ім вельмі цяжка ў турме, бо рэжым навесіў на іх цэтлік «тэрарыстаў». У іх абмежаваныя магчымасці камунікавання з іншымі зняволенымі. Яны не могуць атрымліваць пасылкі і лісты, не могуць купляць патрэбныя рэчы. І іх прысудзілі да вельмі працяглых тэрмінаў зняволення, ад 6 да амаль 15 гадоў!
Сёння тыя, хто знаходзяцца за кратамі, не могуць казаць за сябе. Давайце будзем іх галасамі".