Асудзілі кіраўніка ліквідаванай партыі "Зялёныя"
Кіраўніку ліквідаванай партыі "Зялёныя" палітзняволенаму Дзмітрыю Кучуку прызначылі шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 500 базавых велічынь штрафу.
Разглядаць яго справу пачалі 22 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Кучука абвінавачвалі па двух артыкулах — "заклікі да санкцый" (ч. 3 арт. 361 КК) і "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Прысуд вынесла суддзя Алена Шылько.
Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расійскай амбасады ў Беларусі. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць мужчыны распачалі крымінальную справу.
50-гадовы Дзмітрый — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку.