"Сумнае свята": у гэтым годзе Новы год і Каляды за кратамі правядуць мінімум 30 сямей
24 снежня ў Беларусі налічваецца больш за 1300 палітвязняў. Часам бывае, што сям’я сутыкаецца з прэсінгам у дачыненні адразу да некалькіх людзей – так за кратамі апынаюцца браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы. Іх затрымліваюць і судзяць разам, пакуль бацькі за кратамі, на волі часта застаюцца непаўнагадовыя дзеці. Часам чальцоў сям'і затрымліваюць паводле адной справы, часам — за салідарнасць адно з адным. Сярод сённяшніх палітзняволеных налічваецца мінімум 30 сямей, за апошнія некалькі гадоў гэта максімальная колькасць сямей за кратамі.
Асабліва востра расстанне з роднымі адчуваецца напярэдадні святаў. Тыя, хто іх любіць, вымушаныя глядзець ім услед праз краты муроў і растапляць сваёй любоўю кайданкі няволі. "Вясна" працягвае распавядаць пра тых, хто апынуўся ў зняволенні праз палітычны пераслед.
Cям'я, якую асудзілі за "здраду дзяржаве"
Пра затрыманне чарнобыльца Васіля, санітаркі Ларысы і будаўніка Паўла Прохаравых стала вядома ў снежні 2023-га. Гэта сям'я: муж, жонка і іх сын. Дачку Анастасію, якую затрымлівалі разам з імі, падобна, не судзяць. Уся сям'я жыла ў вёсцы Грабоўка Гомельскага раёна — яна за некалькі кіламетраў ад мяжы з Украінай і за 25 кіламетраў ад Гомеля. Іх абвінавачваюць па чытарох артыкулах — «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «распальванне варожасці ці варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК) і «неданясенне пра злачынства» (ч. 1 арт. 406 КК). Вясной 2024 году Паўла і Ларысу Іванаўну асудзілі да васьмі гадоў калоніі, а Васіля — да 11 гадоў пазбаўлення волі.
Маці і дачка за кратамі
Таццяна Васільева і Юлія Лаптановіч — маці і дачка. Шматдзетная Юлія ўтрымліваецца за кратамі больш за тры гады. Муж Юліі Ігар, якога таксама асудзілі па палітычнай справе, летась цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю. Маці Юліі Таццяну Леанідаўну затрымалі 27 жніўня 2024 году і абвінавачвацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу за інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат" у 2021 годзе.
Сям'я мастакоў, якіх судзяць за Маршы
Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі — сям'я мастакоў. Яны ўдзельнікі нацыянальных і міжнародных выстаў. Карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у мастацкім фондзе Рэспублікі Беларусь, у галерэі Webkunsthaus ФРГ, у галерэі Schaer und Wildbolc Швейцарыя, а таксама ў прыватных калекцыях у Англіі, Аўстраліі, Аўстрыі, Даніі, Германіі, Літвы, Галандыі, Францыі, Іспаніі, Ізраіля, Расіі, Швейцарыі, Польшчы, Турцыі, Італіі, Японіі, Украіны, ЗША, Кітая, Чэхіі, Сірыі, Лівана. Іх затрымалі прыкладна ў пачатку кастрычніка 2024 года і праз два тыдні яны так і не выйшлі на волю. Стала вядома, што іх абвінавачваюць паводле арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.
Суджэнцы, якіх судзяць за "здраду дзяржаве"
Мужа і жонку з Баранавіч — Уладзіслава і Таццяны Кашчэевых — абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Абставіны справы праваабаронцам невядомыя. Вядома, што мужчыне — 49 гадоў, жанчыне — 44. Сям'я жыве ў Баранавічах. У іх двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы. Як паведамілі "Вясне" ў арганізацыі BELPOL, па даных за 2005 год, Таццяна працавала на "558 авіацыйным рамонтным заводзе" тэхнікам па працы. Уладзіслаў — вайсковец. Па звестках за 2019 год, ён працаваў на "61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах" (в/ч 54804).
Маці і дачка, асуджаныя паводле справы "за падрыхтоўку тэракту"
Таццяна Русак была затрымана разам з дачкой Ганнай Савачкінай. Яе асудзілі паводле аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса — "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356). 48-гадовую Таццяну і 25-гадовую Ганну асудзілі да сямі гадоў калоніі кожную.
Браты, асуджаныя за пратэсты
35-гадовы Цімур Піпія і 30-гадовы Тамаз Піпія – футбольныя заўзятары клуба “МТЗ-РІПА”. Іх затрымалі ў межах крымінальнай справы па арт. 342 па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 23 верасня, пасля таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі. Тамаза асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі (уключаючы суд паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу за "непадпарадкаванне" у калоніі), а Цімура — да шасці гадоў, трох месяцаў і двух дзён пазбаўлення волі.
Затрыманне братоў апынулася нечаканасцю для ўсёй сям’і. У маці выявілі злаякасную пухліну, і лекары казалі, што захворванне развілася менавіта на фоне стрэса: да затрыманняў ніякіх праблем не было. У жніўні 2024 году яна памерла. Яна змагалася з хваробай і працягвала клапаціцца пра хлопцаў — пастаянны кантакт з адвакатамі, суд, перадачы ў СІЗА і ў ПК, паездкі на спатканні, лісты і званкі, скаргі на ўмовы ўтрымання. Вясной 2024 году яна была апошні раз у іх на спатканнях — у Тамаза і ў Цімура. Не апускала рукі і чакала вызвалення сыноў. Але моцны стрэс, у тым ліку і ад праведзенага ператрусу і допыту ў перыяд масавых затрыманняў 24-25 студзеня гэтага года, зрабілі сваю справу — арганізм не вытрымаў. Цяпер братамі апякуецца малодшая сястра — 26-гадовая Луіза.
Суджэнцы, асуджаныя да калоніі
У межах двух справаў чыгуначніка Генадзя Васілюка асудзілі да двух гадоў калоніі. Ён машыніст-чыгуначнік з вялікім стажам з Брэста. Спачатку, у верасні 2023 года, яго затрымалі і асудзілі па адміністрацыйным артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), пасля чаго яго звольнікі "па дамоўленасці бакоў". А 7 снежня 2023 года мужчыну змясцілі пад варту па крымінальнай справе за паклёп на Лукашэнку (арт. 367 КК), пасля разам з жонкай Ганнай Васілюк яго судзілі за ўдзел у мірных сходах. Жонка была асуджаная да года калоніі.
Муж і жонка, асуджаныя за пратэсты
Палітзняволеныя жыхары Пінска Сяргей і Алена Маўшукі з'яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы па масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Алене працавала санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі. Да жніўня яны разам выхоўвалі траіх дзяцей, пакуль Алену не змясцілі пад варту. 10-гадовую Ангеліну забралі ў сацыяльны прытулак, таму што Сяргей з'яўляецца яе айчымам. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная.
Мужчыну асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі, у лістападзе разглядалася справа аб ягоным пераводзе на турэмны рэжым: вынікі невядомыя. Алена асуджаная да шасці гадоў калоніі. У тэлефанаванні з калоніі на пачатку студзеня 2022 года Алена Маўшук паведаміла блізкім, што да яе ўжываюць фізічны і псіхалагічны гвалт, яе пазбавілі ўсіх перадач і спаткання з блізкімі, яна рэгулярна атрымлівае пакаранні і знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане. Вядома, што Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Бацька, які змагаўся за сына
Міхаіл Лапуноў — бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова, якога асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі. Мікіта хварэе на эпілепсію, на момант затрымання ён быў непаўнагадовы. Міхаіла Рыгоравіча затрымалі 8 жніўня 2023 года і асудзілі на 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля першага арышту на волю ён не выйшаў і быў асуджаны па гэтым жа артыкуле яшчэ на 15 сутак, а затым — яшчэ на 15. У выніку яго арыштоўвалі сем раз запар і ўтрымлівалі ў ІЧУ тры месяцы. 24 кастрычніка 2023 году "экстрэмісцкім фармаваннем" паводле рашэння КДБ быў прызнаны закрыты Telegram-чат "Гомель за Никиту Золоторева", а яго адзіным пазначаным удзельнікам — бацька палітвязня Міхаіл Лапуноў. У выніку яго асудзілі да пазбаўлення волі, дакладны тэрмін невядомы.
Сям'я журналістаў
Святы за кратамі праводзіць сям’я журналістаў — Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Кацярына — журналістка тэлеканала “Белсат”, якую затрымалі проста пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на Плошчы Перамен у Менску 15 лістапада 2020 году. Яе асудзілі спачатку да двух, а потым — да васьмі гадоў і трох месяцаў калоніі. Яе муж Ігар Ільяш не з’язджаў з Беларусі, бо хацеў мець магчымасць падтрымліваць Кацярыну, але ў кастрычніку 2024 году яго таксама затрымалі за інтэрв’ю незалежным медыя. Цяпер яны абодва знаходзяцца за кратамі.
Маці і дачка, якіх асудзілі за перадачу даных
Маці і дачка Іна і Валерыя Глінскія працавалі ў МТБанку, іх асудзілі за перадачу дадзеных у ЧКБ. Іна працавала на кіруючай пасадзе. 28 снежня 2021 года жанчын затрымалі. Маці і дачку асудзілі за перадачу ў 2020 годзе даных сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі» паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: Іну — да сямі гадоў пазбаўлення волі, а Валерыю — да шасці гадоў і шасці месяцаў калоніі.
Пляменнік і дзядзька — грамадзяне Украіны
Дзмітрый Гудзік быў асуджаны паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць) да пяці гадоў калоніі. Ён грамадзянін Украіны. Працаваў кіроўцам рэйсавага аўтобуса на маршруце Ковель-Брэст. Затрымалі яго напрыканцы лютага 2022 года. Разам з ім па гэтай справе да шасці гадоў калоніі быў таксама асуджаны і ягоны дзядзька Міхаіл Сталярчук. Паводле версіі абвінавачвання яны збіралі дадзеныя пра вайсковую тэхніку і аб'екты ў Беларусі па заданні Службы бяспекі Украіны.
Пераслед усёй сям’і
13 жніўня 2021 году затрымалі адразу сям’ю барысаўчан. Віталя Вайцяховіча, ягоную жонку Вольгу, сына Уладзіслава і ягоную жонку Анастасію затрымалі, ва ўсіх іх дома прайшлі ператрусы у кватэрах, праглядалі скляпы, гараж. У Вольгі і Віталя трое дзяцей, ёсць яшчэ дарослая дачка і малодшы сын, якому на момант затрымання бацькоў было 9 гадоў. Іх усіх асудзілі нібыта за напад на дом Гайдукевіча. Віталя Вайцяховіча — да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы; Анастасію Вайцяховіч (жонка сына) і Вольгу Вайцяховіч (жонку Віталя) — да 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожную; Уладзіслава Вайцяховіча (сын) — да 21 год калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы. Уладзіслаў пазбаўлены воінскага звання.
Вольга і Віталь жылі ў Барысаве. Жанчына займалася нарошчваннем пазногцяў, яе муж працаваў на вытворчасці драўляных вокнаў. Іх сын Улад скончыў Вайсковую акадэмію, пасля жыў у Мінску. Ягоная жонка Наста працавала прадавачкай у краме зоатавараў. Пара не мае дзяцей.
Суджэнцаў асудзілі за ўдзел Маршы
Былога выканаўчага дырэктара “Беларусбанка” Анатоля Баговіка і ягоную жонку Іванну затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). У Баговікаў двое дзяцей. Вядома, што іх абодвух асудзілі да пазбаўлення волі — дакладны тэрмін невядомы.
Увосень 2017 года Анатолю Баговіку прысудзілі восем гадоў калоніі нібыта за карупцыю, але праз некалькі гадоў ён выйшаў на волю праз памілаванне.
Муж і жонка — фігуранты “справы Мачулішчаў”
Алег Сычоў і Анастасія Пілько былі затрыманыя паводле справы, якую КДБ узбудзіў па факце "спробы здзяйснення акту тэрарызму" у Мачулішчах. Пара мае дваіх непаўнагадовых дзяцей, якія цяпер знаходзяцца з бабуляй. Алег нарадзіўся ў Краснаярску, але ў нулявых пераехаў у Беларусь і ўжо атрымаў грамадзянства. У 2005 годзе ў Расіі супраць яго заводзілі крымінальную справу паводле артыкула “Незаконнае нашэнне, вытворчасць або продаж халоднай зброі”. Апошнім часам ён працаваў друкаром у выдавецтве “Зміцер Колас”. Настасся ж карэнная беларуска. Яна шмат дзе працавала, але апошняе вядомае месца працы — дырэктарка друкарні ААТ «Электронны агент». Вядома, што летам-восеннь 2024 году над імі адбыўся суд, аднак вынікі невядомыя.
Браты, затрыманыя па “справе Мачулішчаў”
Андрэя Лапаціна затрымалі ў першых чыслах траўня 2023 году, калі ён прыехаў зрабіць перадачу свайму брату Максіму Лапаціну, затрыманаму па справе Мачулішчаў. Да гэтага мужчына жыў у Літве. Яго затрымалі па той жа справе дыверсіі ў Мачулішчах і абвінавацілі паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Вядома, што Андрэя асудзілі да чатырох гадоў калоніі, тэрмін, прызначаны Максіму, невядомы.
У Максіма — двое непаўнагадовых дзяцей. Таксама затрымлівалі ягоную жонку Людмілу, у чэрвені яе асудзілі паводле “народнага” 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу да двух з паловай гадоў “хатняй хіміі”. Мужчыну моцна збілі пры затрыманні. На відэа бачна, што ў яго стаяць пратэзы на сківіцы, што можа азначаць, што яе зламалі.
Суджэнцы, у якіх на волі засталося трое дзяцей
Аляксей Зачапіла і ягоная жонка, Людміла Ліхачэўская былі затрыманыя 30 сакавіка 2024 года паводле крымінальнай справы па арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак). У пары трое дзяцей, двое з іх непаўналетнія. Згодна з судовымі раскладамі, з Аляксея і Людмілы праз суд спаганялі грошы на ўтрыманне дзяцей, пакуль яны былі пад вартай. Такое пасяджэнне адбылося 1 ліпеня 2024 г. у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Пазоўнікам было пазначанае ўпраўленне па адукацыі гэтага ж раёна. У выніку Аляксея асудзілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) на паўтара года калоніі, а Людмілу — да двух гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці).
Мужа затрымалі пасля спаткання з жонкай у калоніі
Анатоль Старасвецкі — муж палітзняволенай Віталіі Бандарэнкі. Яго затрымалі пасля кароткатэрміновага спаткання з Віталіяй каля выхаду з калоніі і змясцілі ў ІЧУ Гомеля. Вядома, што цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску. Віталію асудзілі да чатырох гадоў зняволення, яна — адзіная дзяўчына, асуджаная за ўдзел у берасцейскіх пратэстах. Яна паспела з'ехаць за мяжу, але вярнулася, каб пабачыць каханага, і была затрыманая. У сакавіку яна ажанілася з іншым мужчынам, Анатолем Старасвецкім, пакуль знаходзілася ў калоніі. Суд над Старасвецкім адбыўся ў сакавіку 2024 года. Яму прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі.
Муж і жонка, асуджаныя за беларускі нацыянальны і ўкраінскі сцягі
Кацярына Зарэцкая была затрымана на пачатку верасня 2022 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны на фасадзе шматпавярховага дома ў Мінску разам з мужам Вячаславам Панцюшэнкам. Іх асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну — да ўзмоцненага рэжыму, жанчыну — да агульнага.
Жонка і муж, якія ажаніліся ў СІЗА
Ірына Злобіна скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам — кветкі і вытворчасць сувеніраў. Андрэй Аляксандраў — беларускі журналіст і медыяменеджар. Яны былі затрыманая 12 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС. 1 верасня 2022 г. Ірына і Андрэй Аляксандраў ажаніліся ў СІЗА-1. Суд па "справе БелаПАН" пачаўся 6 чэрвеня 2022 г. і доўжыўся роўна чатыры месяцы. У Мінскім абласным судзе 6 кастрычніка вынеслі прысуды: журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі.
Два браты, у якіх нядаўна памерла маці
Міхаіла Тарасевіча асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яго затрымалі ў траўні 2022 году. У снежні 2024 году распачаўся суд над ягоным братом Віктарам, якога затрымалі па вяртанні ў Беларусь. Віктара абвінавачваюць паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Віктару 49 гадоў. Род яго заняткаў невядомы. Вядома толькі, што некаторы час працаваў кіроўцам. Апошняя публікацыя ў сацсетках Віктара — кранальны ліст ад брата, у якім той гаруе па нядаўна памерлай маці. Да гэтага мужчына публікаваў гісторыі са сваёй вандроўкі ў Польшчу, гэта было ў лістападзе 2024 году.
Бацька і сын, асуджаныя за палітычную дзейнасць
Віктар і Эдуард Бабарыкі былі затрыманыя разам 18 чэрвеня 2020 году, калі ішлі у ЦВК здаваць сабраныя за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: у будынку ДФР правадзіліся "вучэнні". У той жа дзень Эдуарда Бабрыка змясцілі ў СІЗА КДБ.
Віктар Бабарыка — заснавальнік Міжнароднага фонду дапамогі "Шанс", ініцыятар Міжнароднага тэатральнага форуму "Тэарт", ініцыятар праекта "Арт-Беларусь", у рамках якога ў нашу краіну былі вернутыя работы Шагала, Суціна і іншых вядомых мастакоў. Пры яго садзейнічанні ў Беларусь быў вернуты арыгінал Бібліі Францыска Скарыны. Ініцыятар стварэння культурнага хаба ОК16, унікальнай пляцоўкі прасоўвання культурных праектаў. Прафінансаваў выданне 15 000 асобнікаў пяцітомніка для перадачы ў дар беларускім бібліятэкам. Ён паставіў рэкорд па колькасці подпісаў, сабраных альтэрнатыўнымі кандыдатамі за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Паводле звестак ягонага штаба, іх было сабрана больш за 430 тысяч, а пададзена ў ЦВК — 365 тысяч. Эдуард Бабрыка скончыў БДЭУ па спецыяльнасці "Эканоміка і кіраванне прадпрыемствамі". Кіраваў краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola. Ён захапляецца верхавым спортам і дайвінгам. Вядома, што і ў следчым ізалятары Эдуард займаўся ёгай, чытаў, вучыўся маляваць і прасіў перадаць яму кнігі па шахматах.
Віктара Дзмітрыевіча асудзілі да 14 гадоў калоніі, Эдуарда — да васьмі.
Сям'я за кратамі
Спачатку ў жніўні 2020 года затрымалі актывіста анархісцкага руху Аляксандра Францкевіча. Яго асудзілі да 17 гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі. Аляксандр таксама з'яўляўся палітвязнем у 2010-2013 гадах. Падчас зняволення было апублікаванае ягонае апавяданне “Абдымі мяне мацней”.Калі Аляксандра затрымалі ў 2020 годзе, сястра ягонай маці, Наталля, і ягоны стрыечны брат Ілля Лабацэвіч выйшлі ў Наваполацку на мірную акцыю пратэсту. Калі побач з імі амапаўцы пачалі збіваць чалавека, яны вырашылі заступіцца за хлопца. У выніку іх таксама пачалі збіваць. Ілля стаў бараніць ад удараў маці, за што атрымаў сур'ёзны ўдар па галаве дубінкай. Іллю асудзілі на паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён ужо на волі.
Увесь гэты час братам дапамагалі іх маці — сёстры Наталля Лабацэвіч і Таццяна Францкевіч. Аднак у ліпені 2024 году іх затрымалі таксама і абвінавацілі паводле арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу. На волі застаецца іх маці — бабуля, якой больш за 90 гадоў.
“Салідарнасць вельмі дапамагае, – казала Наталля. – Мы выцягваем адзін аднаго з дрыгвы, бо бывала і такое, што рукі апускаліся. Як вызваліць нашых дзяцей? Але потым ты думаеш: “Не, нельга, будзем змагацца, пакуль не вызвалім усіх”.
Браты, якіх асудзілі за пратэсты
Мацвей і Леанід Авярчукі з Брэсту маюць ІП па продажу запчастак. Іх затрымалі за ўдзел у акцыі пратэста ў Брэсце 10 жніўня 2020 года і асудзілі на паўтара года калоніі кожнага.
Сям'я бізнэсоўца
Менскі бізнэсовец Генадзь Саўрыцкі, ягоная жонка Ірына і іх дачка Віялета абвінавачваюцца паводле арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэксу. Суд над імі пачаўся ў снежні 2024 году. Акалічнасці справы невядомыя. 61-гадовы Генадзь Саўрыцкі родам з Менску. Ягоны бізнэс — гэта ААТ «Анастан», буйная кампанія, якая займаецца вытворчасцю пенапласту. Жонцы Саўрыцкага Ірыне 58 гадоў. Яна працавала спецыялісткай у продажах, а пасьля менеджарам у «Анастане». У сям’і дзве дачкі. Адна з іх, малодшая Віялета, праходзіць у справе з бацькамі. Ёй 23 гады, яна скончыла школу ў Менску, пасля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Віялета мае іншае прозвішча, бо выйшла замуж за колішняга футбаліста Фёдара Вярбіцкага.
Муж і жонка, якіх судзяць за пратэсты
Валерыя Раўкоўскага затрымалі разам з жонкай Анастасіяй Ільніцкай за ўдзел у пратэстах 2020 года. З імі было апублікаванае "пакаяльнае" відэа. Вядома, што іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вядома, што ён утрымліваецца ў СІЗА-1. Іх справу разглядалі 19 снежня 2024 г. у судзе Кастрычніцкага раёна Менска, вынікі невядомыя.
Бацька і сын, якіх асудзілі да вялізных тэрмінаў
Сяргей Кабарчук быў затрыманы разам з сынам Паўлам Кабарчуком. Праўладныя крыніцы назвалі іх "дыверсантамі СБУ". Сяргей Кабарчук 1963 года нараджэння з Ковельскага раёна Валынскай вобласці па мянушцы "Батлер" раней нібыта быў супрацоўнікам дзяржаўнай пагранслужбы Украіны. Аднак пасля звальнення разам з сынамі Багданам 1997 года нараджэння і Паўлам 1993 года нараджэння нібыта займаўся кантрабандай. КДБ нібыта выявіў, што выбуховыя прылады прызначаліся для здзяйснення "тэрактаў" на тэрыторыі Расіі і Беларусі, а закід дыверсійна-разведвальнай групы ў Беларусь праз мяжу нібыта быў арганізаваны Службай бяспекі Украіны. Сяргея Мікалаевіча і Паўла асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму кожнага.
Суджэнцы, у якіх на волі засталіся трое маленькіх дзяцей
Таццяна Данілюк з Кобрына была затрымана разам са сваім мужам Вячаславам Беразаўцом за тое, што ў жніўні 2020 года яны прымалі ўдзел у пратэстах. Сілавікі паведамілі, што жанчына нібыта "паказвала міліцыі непрыстойныя жэсты", а мужчына нібыта "прыспусціў штаны і дэманстраваў аголеныя ягадзіцы".Таццяну і Вячаслава змясцілі пад варту. У пары трое маленькіх дзяцей.
Сям'я святара
Праваслаўнага святара, настаяцеля храма святога Архангела Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) Сяргея Рэзановіча асудзілі да 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў). Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб). Сяргей Рэзановіч быў ігуменам у вёсцы ад 2004 году. Разам з ім таксама асудзілі ягоную жонку Любоў (15 гадоў калоніі) і сына Паўла (19 гадоў пазбаўлення волі).
Сям'я з Баранавічаў, у якой на волі засталіся трое дзяцей
Палітзняволеных мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Суд прызначыў Дзмітрыю 12 гадоў пазбаўлення волі, а Аксане — восем гадоў. На волі ў іх засталіся трое дзяцей. Дзмітрыю Малочку 53 гады, Аксане — 47, яны ў шлюбе, у іх трое дзяцей — сын і дзве дачкі. Аксана нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Ніякай палітычнай актыўнасці на яе старонках няма. Дзмітрый таксама родам з Баранавічаў. Апошняе вядомае яго месца працы — жвірова-сартавальны завод "Амневічы" ў Баранавічах, які выпускае пясок і шчэбеневыя сумесі. Пасля Дзмітрый заняўся рамесніцтвам. Яго разам з жонкай адзін раз затрымлівалі на пратэстах у горадзе — 27 верасня 2020 года.