Чатырох берасцейцаў пазбавілі волі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе
У судзе Ленінскага раёна Брэста 8 жніўня агучылі прысуд чатыром берасцейцам, якіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Палітзняволеным Алегу Літвінчуку і двум братам Мацвею і Леаніду Аверчукам прызначылі паўтара года зняволення, а Аляўціне Гудковай — адзін год зняволення.
Берасцейцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Паводле следства, фігуранты справы з 10 да 11 жніўня 2020 года, знаходзячыся ў цэнтры горада, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі БЧБ-сцягі і перашкаджалі руху транспарту. Усе абвінавачаныя цалкам прызналі віну.
Справу супраць палітвязняў разглядаў Андрэй Грушко, на рахунку якога мінімум 29 палітычных прысудаў па крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калоніі на тэрміны ад трох з паловай да пяці гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 13 палітвязняў.
Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", агулам вядома пар 37 асуджаных за гэту акцыю. Толькі за гэтую вясну асудзілі ўжо больш за 20 чалавек.