viasna on patreon

"Пераслед беларусаў выйшаў за межы Беларусі". Як у 2024 рэжым рэпрэсаваў людзей у выгнанні

2024 2024-12-26T11:27:30+0300 2024-12-26T16:04:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pieraslied_miazha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі сёння налічваецца больш за 1300 палітзняволеных. Перад чарговымі выбарамі* людзі ўнутры краіны зазнаюць неймаверны ціск і пераслед: затрыманні і вобшукі не спыняюцца ўжо пяты год. Праз палітычны пераслед усё больш і больш людзей вымушаныя пакідаць свой дом і з’язджаць з Беларусі, аднак і гэтага рэжыму недастаткова. У 2024 годзе на вымушаных уцекачоў аказваецца ўсё мацнейшы ціск: канвеер завочных судоў, вобшукі ў сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, новыя пагрозы і абмежаванні — далёка не поўны спіс рэпрэсіўных практык, якія ўлады выкарыстоўваюць супраць іх.

pieraslied_miazha.jpg
Ілюстрацыя: Валанцёрская служба "Вясны"

Такім чынам улады ў тым ліку імкнуцца задушыць любую актыўнасць людзей у замежжы і прымусіць іх замаўчаць. І чым гучнейшыя іх галасы — тым мацнейшы прэсінг на іх. Сёння “Вясна” распавядае пра яго.

Выдача

У лістападзе 2024 году В'етнам выдаў Беларусі "каліноўца" Васіля Верамейчыка, затрыманага ў гэтай азіяцкай краіне. Паведамляецца, што мужчына апынуўся ў Азіі, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўрасаюз. Мужчыну даставілі ў Беларусь увечары 14 лістапада пад канвоем з трох чалавекЗа "ўдзел у пагромах і спробу падпалу аўтамабіля супрацоўнікаў пракуратуры" ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) Крымінальнага кодэкса. Мужчына з'яўляўся сябрам Каардынацыйнай рады. Офіс Святланы Ціханоўскай выказаў рашучы пратэст у сувязі з гэтым.

"Палітычны характар абвінавачванняў ужо відавочны", — праваабаронца пра справу Васіля Верамейчыка

З праваабаронцам "Вясны" Паўлам Сапелкам разбіраемся ў справе Васіля Верамейчыка.

З пачатку рэпрэсій у 2020 годзе вядомыя таксама выпадкі затрымання беларусаў у Расеі. Напрыклад, быў арыштаваны былы палітвязень Аляксей Коршун, а таксама палітвязень Юрый Касцюк, якога збівалі падчас экстрадыцыі. 

Завочныя суды

Крымінальныя справы ў парадку спевытворчасці ў 2024 годзе распачатыя ў дачыненні 110 беларусаў, якія з’ехалі з Беларусі праз рэпрэсіі. Паводле Следчага камітэта, яны “наносяць урон нацыянальнай бяспецы і інтарэсам дзяржавы”. Для параўнання, за чатыры месяцы 2022 годза было заведзена 17 завочных крымінальных справаў, за 2023 год — 18. Асобны акцэнт следчыя робяць на тым, каб знайсці ў гэтых беларусаў маёмасць, каб канфіскаваць яе і вярнуць у даход дзяржавы — нібыта ў якасці кампенсацыі нанесенай шкоды. Пад канвеер завочных судоў трапляюць палітыкі, грамадскія дзеячы, “каліноўцы”, журналісты, праваабаронцы і іншыя сацыяльна актыўныя людзі. 

"Пакаранне за праваабарончую дзейнасць"

Павел Сапелка — аб продажы на аўкцыёне кватэры Уладзіміра Лабковіча.

Найчасцей людзей судзяць паводле арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 361-5 (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу. Шмат судоў адбываецца за ўдзел у мірных сходах і паводле дыфамацыйных артыкулаў — за “абразы” чыноўнікаў і Лукашэнкі. 

Напрыклад, у траўні ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся самы масавы такі працэс – у справе “аналітыкаў Ціханоўскай”, паводле якой асудзілі адразу 20 асобаў — палітолагі, журналісты і сацыёлагі. Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачвацілі ў здзяйсненні "злачынстваў экстрэмісцкага характару" ў сувязі з кампаніяй па выбарах Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў постэлектаральны перыяд. Іх асудзілі мінімум да 11 гадоў пазбаўлення волі кожнага і вялізных штрафаў.

Справа "аналітыкаў Святланы Ціханоўскай"

Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка.

Выносяць завочныя прысуды і праваабаронцам. У Гомельскім абласным судзе быў вынесены завочны прысуд былому палітвязню, юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку. Пасля вызвалення Леаніда абвінавацілі паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса і асудзілі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму і штрафу ў памеры 650 базавых велічынь. Завочна агучылі прысуд праваабаронцы "Вясны" Алене Маслюковай — тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ёй інкрымінавана ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самой праваабаронцы. 

Нагадаем, закон, які дазваляе судзіць беларусаў завочна, Лукашэнка падпісаў ў ліпені 2022 году. Гэта стала новым рэпрэсіўным інструментам супраць апанентаў рэжыму Лукашэнкі і грамадзянска-палітычных актывістаў, якія пакінулі Беларусь. Ён дазваляе заканчваць расследаванні і накіроўваць справы ў суд у адсутнасць абвінавачаных. Магчымасці ўдзельнічаць у такім працэсе самому абвінавачанаму практычна адсутнічаюць. Толькі кожны раз Следчы камітэт, пры публікацыі ў спецыяльным тэлеграм-канале навіны аб узбуджэнні справы, настойліва просіць фігурантаў з'явіцца ў аддзяленне. 

Па інфармацыі "Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.

Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна

Расказваем пра спецвытворчасць і яе асаблівасці, а таксама разбіраемся ў магчымасцях абароны і ў наступствах завочнага прысуду.

Пагрозы сілавікоў

Часам беларусам, якія вымушана з’ехалі з краінай, пішуць ці тэлефануюць сілавікі. Некаторым пішуць у месенджары і прапануюць “вярнуцца і схадзіць на допыт»” пераконваюць, што пакаранне не будзе звязанае з пазбаўленнем волі, а да суда можна будзе знаходзіцца дома. Некаторым прапаноўваюць вярнуцца, “атрымаць адміністратыўнае пакаранне і жыць спакойна”.

Супрацоўнікі КДБ пісалі і тэлефанавалі некаторым беларусам замежжа праз тое, што яны ахвяравалі ў розныя ініцыятывы. Яны прапаноўвалі вярнуцца і заплаціць “выкуп”. Сілавікі пішуць актывістам, якія дапамагалі палітвязням: іх пытаюцца пра тое, адкуль яны бралі грошы на дапамогу палітвязням, пра тое, ці знаёмыя з тымі, каму дапамагалі.

Былым палітвязням тэлефануюць за мяжу, а таксама прыходзяць да іх сваякоў, нават калі дакладна ведаюць, што яны даўно не ў Беларусі. “Хімікам” прапануюць таксама сказаць, дзе яны жывуць і даслаць пацверджанне знаходжання за мяжой.

Так, напрыклад, ГУБАЗіК пагражаў блогеру Мікіту Мелказёраву. У сваім тэлеграм-канале сілавікі напісалі, што ператрусы і допыты родных Мелказёрава будуць праведзеныя “с особым пристрастием”. Таксама яму пагражаюць “квартирным вопросом” — гэта калі ГУБАЗіК граміць кватэры людзей і здымае гэта на відэа. Абурэнне ГУБАЗіКа выклікала тое, што Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку “кавалкам лайна”.

Ціск на сваякоў у Беларусі

З самага пачатку 2024 году працягнуўся ціск на сваякоў беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць за мяжу праз палітычны пераслед. Так, у студзені 2024 году адбыліся масавыя затрыманні сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных па ўсёй краіне. КДБ правёў рэйды, допыты і затрыманні супраць амаль 300 чальцоў сем’яў цяперашніх і былых палітвязняў, а таксама бенефіцыяраў ініцыятывы INeedHelpBY па абвінавачаннях у "экстрэмізме". Большасць з іх — маці і жонкі палітвязняў, у тым ліку Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, Тацяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, і раней арыштаваная Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка.

"Хто дапамагае з перадачамі?"

Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў.

Пасля гэтага рэйду затрымалі маці былой палітзняволенай Вольгі ТакарчукІрыну Такарчук. Жанчыну асудзілі да трох гадоў калоніі.

Восенню 2024 году адбылася новая хваля. 14 лістапада супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне — пад затрыманні трапілі таксама і сваякі палітвязняў. Арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей праз атрыманне дапамогі. Пра трэцюю хвалю пераследу стала вядома ўзімку — людзей дапытваюць, забіраюць тэхніку і банкаўскія карткі. Імаверна, гэта ізноў звязана з атрыманнем дапамогі. 

Часам са сваякамі запісвалі відэа, у якіх сваякі былі вымушаныя сказаць на камеру тое, што хацелі супрацоўнікі міліцыі. У ліпені 2024 году такія відэа запісалі з роднымі вядучых TikTok-акаўнтаў “Люстэрка”. У дачыненні да вядучых узбуджаны шэраг дадатковых крымінальных справаў — у Беларусі былі праведзеныя ператрусы і накладзеныя арышты на маёмасць. 

Восенню 2024 году на працу да маці жыхара Гомеля Мікалая Стагурскага прыйшлі з ператрусам сілавікі: яны канфіскавалі ў жанчыны тэлефон і пагражалі "закрыць на суткі". Раней хлопец распавёў аб вярбоўцы КДБ пасля затрымання "за экстрэмізм" і вымушанага інтэрв'ю дзяржТБ. Каб спыніць кантакты са спецслужбамі, Мікалаю прыйшлося выехаць у бяспечную краіну на тэрыторыю Еўразвяза, аднак і пасля гэтага супрацоўнік КДБ працягваў аказваць на яго ціск.

Пасля такіх вобшукаў і затрыманняў сваякі часта самі вымушаныя з’язджаць замяжу. Напрыклад, пасля студзеньскага рэйду была вымушаная з’ехаць з трыма дзецьмі Аляксандра Семянюк — дачка палітзняволенай Алены Гнаук.

Пераслед за ўдзел у маршах за мяжой

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць беларусаў, што выйшлі на акцыі да Дня волі па ўсім свеце. Ведамства паведамляла, што спіс падазраваных па справе "Беларусаў замежжа" папоўніўся 104 прозвішчамі. Яны нібыта прымалі ўдзел у вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільнюса, Уроцлава, Беластока, Бруселя, Батумі, Прагі, Каліфорніі, Філадэльфіі і г.д. Гэтыя людзі прызнаны падазраванымі па крымінальнай справе — ім інкрымінаваныя арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

У рамках расследавання крымінальнай справы ўжо атрымана інфармацыя аб аб'ектах нерухомасці і маёмасці на тэрыторыі Беларусі, якая належыць гэтым людзям. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы.

Так, напачатку сакавіка 2024 году  ініцыятывы "Народные посольства" ("Беларусы зарубежья"/"Беларусы замежжа") былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі".

Разнастайныя спісы “непажаданых”

Штотыдзень у Беларусі папаўняюцца так званыя спісы “экстрэмістаў”, “тэрарыстаў” і “экстрэмісцкіх фармаванняў. Туды пастаянна трапляюць і беларусы, якія былі вымушаныя эміграваць праз палітычны пераслед — тыя, каго судзілі ў Беларусі ці завочна. Большасць абмежаванняў, якія накладаюцца на людзей у такіх спісах, тычацца дзейнасці ўнутры краіны. 

"Мама, я экстрэміст"

Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

Нагадаем, у спісе “экстрэмістаў” цяпер амаль пяць тысяч чалавек, у “тэрарыстычным” — 1220 чалавек, сярод якіх больш за 500 — беларусы.

Таксама беларускія арганізацыі прызнаюць “экстрэмісцкімі фармаваннямі” — разам з гэтым публікуюцца прозвішчы асобаў, якія нібыта маюць да іх дачыненне. Напрыклад, напрыканцы году прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем" тэатральная ініцыятыва "Вольныя купалаўцы". Паводле ведамства, дачыненне да яе маюць восем актораў і акторак.

За шэсць месяцаў у расійскай базе вышуку аказаліся 773 грамадзян Беларусі — усяго ў ёй больш за 3 500 чалавек. Нагадаем, у базу дадалі беларускіх праваабаронцаў: Наталлю Сацункевіч, Леаніда Судаленку, Ігара Казмерчака, Ірыну Траццякову, Паўла Левінава, Марыю Тарасенку, Уладзіміра Хільмановіча, Зміцера Салаўёва, Алену Маслюкова, Сяржука Сыса. Таксама сярод тых, хто знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, — журналісты-раследвальнікі з праекта “БЮРО”.

Суды, базы вышуку, спецвытворчасць

Як у Беларусі пераследуюць праваабаронцаў?

Крыміналізацыя сувязі з людзьмі за мяжой

Ва ўмовах, калі агромністая колькасць людзей завочна асуджаная, унесеная ў “экстрэмісцкія” і “тэрарэстычныя” спісы, а арганізацыя прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі” фактычна крыміналізавана любая сувязь з людзьмі, якія маюць да гэтага дачынення. Вядома, што на беларусаў заводзяць крымінальныя справы за інтэрв’ю медыя, якія прызнаныя “экстрэмісцкімі”. 

У верасні 2024 году стала вядома, што заведзеная крымінальная справа за ўдзел у тэлешоў “План:Б” на “Белсаце” за 25 сакавіка і 1 красавіка. Падазраваных у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК) – больш за дзесятак чалавек. Да сваякоў і родных падазраваных прыходзілі следчыя, цікавіліся пра месцазнаходжанне удзельнікаў праграмы, апытваюць суседзяў, праводзілі іншыя працэсуальныя дзеянні. Вядома таксама пра некалькі ператрусаў.

Фігурантам крымінальнай справы, распачатай супраць тых, хто даваў інтэрв'ю СМІ, унесеным у спіс “экстрэмісцкіх фармаванняў”, стаў аршанскі праваабаронца і рэдактар партала Orsha.eu Ігар Казмерчак.

Дакументальны ціск

Некаторыя з формаў ціску звязаныя з заканадаўчымі абмежаваннямі, якія былі накладзеныя ў 2023 годзе. Яны працягвалі дзейнічаць і ў 2024 годзе, ускладняючы жыццё беларусам замежжа. Па-ранейшаму забаронена атрымліваць пашпарты за мяжой, а таксама ажыццяўляць у Беларусі здзелкі з маёмасцю на падставе даверанасці, якая выдадзена за мяжой. 

Апроч гэтага, працягваюць затрымліваць людзей, якія вярнуліся дадому пасля жыцця за мяжой.


Пераслед беларусаў за мяжой пракаментаваў юрыст "Вясны" Павел Сапелка

Павел Сапелко"Пераслед беларусаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод, а таксама праявы дзяржаўнага тэрарызму з мэтай запалохаць іншадумцаў, апанентаў рэжыму і нават звычайных людзей выйшаў за межы Беларусі.

Спецыяльная дакладчыца Савета па правах чалавека ААН Анаіс Марэн у сваёй заключнай справаздачы адзначыла недапушчальнасць мер, накіраваных супраць грамадзян, якія пераязджаюць за мяжу, і членаў іх сем'яў, палітычна матываванага пераследу і парушэння гарантый справядлівага судовага разбору. Асобна яна паказала на неабходнасць прыняцця мер, у адпаведнасці з унутраным заканадаўствам дзяржаў — сябраў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб ліквідаваць рызыку масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасведчанняў асобы і праязных дакументаў.

З лета 2020 года дзеянні беларускага рэжыму ўяўляюць сабой шырокамаштабны і сістэматычны напад на грамадзянскае насельніцтва. Улічваючы гэта, урад Літоўскай Рэспублікі, у адпаведнасці з артыкуламі 13 (а) і 14 Рымскага статута 30 верасня 2024 года, перадаў у Міжнародны крымінальны суд сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь для расследавання пракуратурай Суда. Урад адзначыў, што "у рамках гэтага нападу рэжым прымусова перамясціў сотні тысяч законных жыхароў Беларусі на тэрыторыі суседняй Літвы і іншых, без падстаў, дазволеных міжнародным правам. Такое перамяшчэнне, вядомае як дэпартацыя (паколькі яно ажыццяўляецца праз мяжу), адбылося з дапамогай розных асноўных дзеянняў/паводзін, названых вышэй, уключаючы высылку або іншыя прымусовыя дзеянні або іншыя звязаныя з гэтым злачынствы, і было здзейснена па палітычных матывах.

Дэпартацыя была ключавой мэтай атакі беларускага рэжыму — пазбавіцца любымі сродкамі ад усіх крытыкаў і апанентаў, каб умацаваць аўтарытарнае становішча рэжыму ва ўладзе. Усе непасрэдныя выканаўцы, іх камандзіры і начальнікі былі відавочна дасведчаныя аб атацы. Існуюць відавочныя сувязі паміж высылкамі, пагрозамі і іншымі ключавымі фактарамі, якія спрыяюць прымусоваму асяроддзю, і агульнай атакай, якая вядзе да незаконнай дэпартацыі". Юрысты мяркуюць, што ў сукупнасці гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой злачынствы супраць чалавечнасці трох розных тыпаў: (а) незаконная дэпартацыя, (б) пераслед і (в) іншыя бесчалавечныя дзеянні і, магчыма, іншыя звязаныя з імі злачынствы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства