viasna on patreon

"Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю"

2024 2024-09-13T18:23:50+0300 2024-09-13T18:42:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fernandocobelo1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па інфармацыі "Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў. Пад асаблівы дагляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, большасць з якіх — украінцы. Падставай для допыту ці затрымання могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне або сацыяльных сетках, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Калі чалавек знаходзіцца ў базе "БЕСпорядки", куды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе, то відавочных падставаў можа і не быць. Людзей дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых наўпрост у аўтобусе надзяваюць кайданкі, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён."Вясна" распавядае актуальную інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.

Праваабаронцы нагадваюць, што калі вы удзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах, данацілі беларускім ініцыятывам ці арганізацыям, пакідалі каментары ў інтэрнэце, падтрымлівалі палітвязняў пасылкамі ці грашыма, то вяртацца ў Беларусь небяспечна. 

Ілюстрацыя fernandocobelo.com
Ілюстрацыя fernandocobelo.com

Затрыманні і допыты

З пачатку 2024 года пры перасячэнні мяжы з Беларуссю, па падліках праваабаронцаў "Вясны",былі затрыманы больш за 55 чалавек, палову з іх прыцягнулі да адказнасці паводле адміністрацыйных артыкулаў. Але адзначым, што гэтая лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак. 

Прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, "экстрэмісцкія" рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцый салідарнасці за мяжой. Гэта сілавікі знаходзяць у сацыяльных сетках пры праверках тэлефонаў на мяжы. Праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў "БЕСпорядки" — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.

Пры гэтым кожны дзень апроч затрыманняў адбываюцца і допыты тых, хто заязджае ў краіну. Праваабаронцам вядома, што пытанні ў супрацоўнікаў мытні або КДБ выклікаюць, напрыклад, штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Таксама вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расію, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Мінску.

Праверкі і затрыманні ладзяць на ўсіх працуючых прапускных пунктах з Еўразвязам, у тым ліку і на мяжы з Расіяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому пасля вяртання. Калі затрыманне адбываецца наўпрост у пункце пропуску, то чалавека да суда звычайна змяшчаюць у бліжэйшы РАУС, дзе супраць яго складаюць пратакол.

Адміністрацыйны пераслед

Суды над затрыманымі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС адбываюцца штомесячна. Больш за ўсё справаў разглядаюць у судзе Воранаўскага раёна і судзе Ленінскага раёна Брэста. Часцей за ўсё людзям прызначаюць вялікія штрафы, а некаторых затрыманых адпраўляюць на "суткі". Пратаколы звычайна складаюць за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Так, напрыклад, у Воранаве 3 траўня асудзілі бацьку непаўнагадовага дзіця. Падставай для затрымання стала падпіска ва "Укантакце" на «экстрэмісцкія групы". Яго прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і прызначылі яму 1 200 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў).

Таксама ў Воранаве 6 траўня асудзілі і маці двух маленькіх дзяцей. Яе асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" за падпіску ў фэйсбуку. Яе асудзілі да штрафу памерам 800 рублёў (20 базавых велічыняў).

А ў Ашмянах 3 траўня адбыўся суд над мужчынам, у якога ў тэлефоне знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія каналы". Вынікам стаў штраф у 1 200 рублёў (30 базавых велічыняў).


Важна! Праваабаронцы нагадваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца штодзённа цягам ужо трох з паловай гадоў. Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і па сёння: прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваравым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі ў фэйсбуку новы кліп любімага беларускага гурта, чые песні былі прызнаныя экстрэмісцкімі, то рызыкі пераследу па вяртанні ў Беларусь вельмі высокія. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку, а таксама не забывайце пра тых родных і знаёмых, чые паведамленні ці фота з пратэстаў, могуць знайсці ў вашым тэлефоне.


Хто з затрыманых цяпер утрымліваецца ў зняволенні

Сяргей Белы 

Сяргей Белы

51-гадовы мужчына родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі, піша "Наша Ніва". Усё жыццё працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях. Мае двух непаўналетніх дзяцей.

Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года. На "пакаяльным" відэа ён кажа, што пакідаў каментары ў тэлеграме і "прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце план "Перамога". У першы раз яго асудзілі ў кастрычніку 2023 года за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК).

Наступны суд над Сяргеем пачнецца 27 верасня ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць па 4 артыкулах — "удзел у экстрэмісцкім фарміраванні" (ч. 3 арт. 361-1 КК), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК), "абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і "абраза Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК). Сяргею пагражае да пяці гадоў калоніі ў дадатак да мінулага тэрміна. Справу будзе разглядаць суддзя Міхаіл Макарэвіч.

Месца ўтрымання: СІЗА-1. 223016, Навадворскі сельсавет, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць


Максім Хвашчынскі 

Жыхара Бабруйска затрымалі 26 лютага — на наступны дзень пасля таго, як вярнуўся з Польшчы.

Спачатку яго асудзілі па адміністрацыйным артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а затым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) — нібыта Максім датычны да стварэння экстрэмісцкага фармавання "Бабруйск 375", а таксама экстрамісцкага тг-чату "Бобр 97%". Акрамя гэтага яго вінавацяць у "паклёпе на Лукашэнку" (арт. 367 КК). Справу палітвязня пачне разглядаць 18 верасня Магілёўскі абласны суд. Суддзя — Ігар Шведаў.

Месца ўтрымання: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А


Аляксандр Камлёнак 

Аляксандр — жыхар Оршы. Яго затрымалі ў лютым, калі ён вярнуўся ў Беларусь з працы. Раней Аляксандр працаваў у лакаматыўным дэпо, але пасля 2020 года быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненне было палітычна матываваным. Пасля гэтага Камлёнак працаваў дальнабойнікам у заходніх краінах. А калі вярнуўся дадому з працы, быў затрыманы.

Справу Аляксандра пачалі разглядаць у Віцебскім абласным судзе 14 жніўня. 42-гадовага аршанца асудзілі паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Працэс вёў суддзя Яўген Буруноў.

Суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў старонку Аляксандра ў «Аднакласніках» «экстрэмісцкай».

Месца ўтрымання: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2


Наталля Левая 

Наталля Левая. Фота з linkedin

Дзяўчына некаторы час жыла ў Польшчы і працавала 2D-мастачкай і мастачкай-пастаноўшчыцай. Імаверна, пасля пачатку вайны яна выехала ў Польшчу. У снежні 2023-га Наталля звольнілася і вырашыла вярнуцца на радзіму. Калегі адгаворвалі жанчыну вяртацца ў дадому, але яна сказала, што моцна сумуе па радзіме ды ўжо сплаціла ў кратным памеры данаты за 2020-ы і мае паперу ад КДБ. У выніку Наталлю затрымалі на мяжы.

У Брэсцкім абласным судзе 17 ліпеня 2024 году Наталлі прызначылі шэсць гадоў калоніі і штраф памерам 1000 базавых велічыняў (40 тысяч рублёў) — амаль на такую суму, якую Наталля заданаціла ў ініцыятывы і фонды. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Месца ўтрымання: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258В


Кацярына Мендрык

Кацярына Мендрык

9 верасня 2024 года ў Гродзенскім абласным судзе пачалі судзіць 26-гадовую Кацярыну Мендрык. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Працэс вядзе суддзя Руслан Гурын.

Кацярыну затрымалі 28 студзеня пасля вяртання з Польшы ў Беларусь. Прычынай для пераследу стала падтрымка палітвязняў — дзяўчына рабіла грашовыя пераводы і дасылала пасылкі.

Згодна з інфармацыяй у сацсетках, яна нарадзілася ў Лідзе, але яшчэ ў дзяцінстве пераехала жыць у Гродна. Кацярына вучылася ў Варшаўскім універсітэце і доўгі час жыла ў Польшы.

Месца ўтрымання: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1


Наталля Крук 

Наталля Крук. Фота з сацыяльных сетак.

Наталлю затрымалі за каментары 7 жніўня 2023 года пасля вяртання з Польшчы. Тады сілавікі апублікавалі відэа, на якім яна адмаўляецца адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка, калі той размаўляе з жанчынай у кабінеце будынку ГУБАЗіКа.

Жанчыну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да санкцый) і арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзенннях, груба парушаючых грамадскі парадак). У траўні 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе адбываўся разгляд справы Наталлі. Суддзя — Жанна Брысіна. Вынік суда пакуль невядомы.

Вярхоўны суд 9 жніўня разгледзелі апеляцыйную скаргу жанчыны. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Эдгара Марцірасяна.

Месца ўтрымання: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3


Нэлі Алфёрава

Нэлі Алфёрава

Нэлі — рамесніца, мастачка і літаратарка з Полацка.Год таму на тэлеканале "Звязда" выйшла перадача "По ту сторону «змагарства»", дзе былі выкарыстаныя відэаролікі Нэлі Алфёравай, якая ў канцы 2021 года вырашыла з'ехаць з Беларусі. Жанчына з сынам паехалі ў Польшчу. У відэароліках яна распавядала пра праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца ў эміграцыі. Але дзяржаўныя прапагандысты перакруцілі яе гісторыю на свой лад. Вядучая праграмы на тэлеканале "Звязда" дзякавала Алфёраву за шчырасць і запрашала хутчэй вярнуцца дадому. Жанчына і насамрэч неузабаве вярнулася ў Беларусь. У судзе Полацкага раёна і Полацка 18 чэрвеня паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) жанчыне вынеслі прысуд.  Яе судзілі ў закрытым рэжыме як "асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне". 19 ліпеня яе прозвішча з'явілася ў "экстрэмісцкім спісе МУС", адкуль стала вядома, што ёй прызначаны "прымусовыя меры бяспекі і лячэння". Верагодна, падставай для крымінальнай справы сталі допісы палачанкі ў сацыяльных сетках. Працэс вёў Уладзімір Бясецкі. 

Апошнія допісы жанчыны ў сацыяльных сетках датаваныя пачаткам лютага гэтага года.

Праваабаронцы высвятляюць, з кім застаўся яе непаўналетні сын, які мае інваліднасць.

Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства