Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна
У 2022 годзе ў якасці новага рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў рэжыму Лукашэнкі і грамадзянска-палітычных актывістаў, якія пакінулі Беларусь, увялі інстытут "спецыяльнай вытворчасці". Ён дазваляе заканчваць расследаванні і накіроўваць справы ў суд у адсутнасць абвінавачаных. За чатыры гады ў парадку спецвытворчасці распачалі больш за 110 крымінальных справаў у дачыненні да беларусаў і беларусак, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Амаль усе справы — палітычна матываваныя. Магчымасці ўдзельнічаць у такім працэсе самому абвінавачанаму практычна адсутнічаюць. Толькі кожны раз Следчы камітэт, пры публікацыі ў спецыяльным тэлеграм-канале навіны аб узбуджэнні справы, настойліва просіць фігурантаў з'явіцца ў аддзяленне.
З праваабаронцам і юрыстам "Вясны" Леанідам Судаленкам, якога таксама завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі, расказваем пра спецвытворчасць і яе асаблівасці, а таксама разбіраемся ў магчымасцях абароны і ў наступствах завочнага прысуду.
Калі пачаў працаваць інстытут спецвытворчасці?"Спецыяльная вытворчасць" па крымінальных справах уведзена ў 2022 годзе па асабістай ініцыятыве старшыні Следчага камітэта Дзмітрыя Гары:
Фактычна спецвытворчасць – гэта інструмент, які дазваляе заканчваць расследаванне і накіроўваць у суд справы ў адсутнасць абвінавачанага. Але адзначым, што расследаваць справы і разглядаць іх завочна ў судзе закон дазваляў і да гэтага. Леанід Судаленка адзначае, што спецвытворчасць уведзеная ў краіне як рэпрэсіўны інструмент для палітычна матываванага пераследу асоб, вымушаных пасля падзей 2020 года пакінуць краіну з меркаванняў бяспекі і відавочных палітычных рэпрэсій. |
Як заканадаўча замацаваны інстытут спецыяльнай вытворчасці?20 ліпеня 2022 года Крымінальна-працэсуальны кодэкс (КПК) быў дапоўнены раздзелам 49-3 "Спецыяльная вытворчасць". Следчы камітэт на сваім сайце сфармаваў "Пералік асоб у дачыненні да якіх распачатая спецыяльная вытворчасць і выкліканых у орган крымінальнага пераследу". Таксама стварыў спецыяльны тэлеграм-канал "Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна", дзе размяшчаюцца фота і асабістыя звесткі тых, у дачыненні каго распачатая працэдура спецвытворчасці паводле крымінальных абвінавачванняў. |
Калі адбыўся суд па справе, накіраванай у суд у парадку спецвытворчасці?Першая справа, накіраваная ў суд у парадку спецвытворчасці, у адсутнасці абвінавачаных, пачалася ў снежні 2022 года ў дачыненні да пецярых стваральнікаў тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі". У Мінскім гарадскім судзе 18 студзеня абвясцілі прысуд: Яніну Сазановіч, Змітра Навошу, Данііла Багдановіча, Валерыю Занямонскую і Вольгу Высоцкую асудзілі да 12 гадоў калоніі кожнага і кожную. Менавіта такі прысуд у суддзі Наталлі Бугук запытвала пракурорка Наталля Сакалова. Пяць чалавек абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) і ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных) за адміністраванне Telegram-канала "Чорная кніга Беларусі". КДБ унёс фігурантаў у"тэрарыстычны спіс". Суд доўжыўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме. |
Колькі беларусаў ужо прайшлі праз інстытут спецвытворчасці?Па стане на 7 жніўня 2024 года спецвытворчасць пачалі ў дачыненні да 114 чалавек, у дачыненні да большасці ўжо вынесеныя завочныя прысуды. Ва ўсіх выпадках — абвінаваўчыя. Максімальны тэрмін пакарання ў 25 гадоў пазбаўлення волі вынесены 26 снежня 2023 года Брэсцкім абласным судом у дачыненні да Вадзіма Пракоп'ева са штрафам у 1 000 базавых велічынь (37 000 рублёў). Ён абвінавачваўся паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Гэта быў другі завочны суд у дачыненні да яго. У чэрвені 2023 года Вадзім Пракоп'еў ужо быў асуджаны завочна да 25 гадоў калоніі, штраф у адну тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў. Максімальны штраф у 40 000 базавых велічынь на суму 1 600 000 рублёў быў вынесены 1 ліпеня 2024 года Мінскім абласным судом у дачыненні да Ганны Красулінай. Яна абвінавачвалася паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і асуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі. |
Ці судзілі завочна праваабаронцаў?Так. На гэты момант прысуды вынесеныя ў дачыненні да двух праваабаронцаў "Вясны" — Дзмітрыя Салаўёва і Леаніда Судаленкі. Так, 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Марына Запаснік абвясціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва. Апошняму завочна было прызначана восем гадоў калоніі, штраф у памеры тры тысячы базавых велічынь (111 000 беларускіх рублёў) і маёмасныя спагнанні. 17 чэрвеня 2024 года ў Гомельскім абласным судзе быў вынесены завочны прысуд былому палітвязню, юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку. Новая крымінальная справа ў фармаце спецвытворчасці была распачатая ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавацілі паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса і асудзілі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму і штрафу ў памеры 650 базавых велічынь. |
У дачыненні да каго можа быць распачатая спецвытворчасць?Артыкул 468-25 КПК прадугледжвае, што спецвытворчасць можа быць распачатая не толькі паводле артыкулаў экстрэмісцкай накіраванасці, але і "ў іншых выпадках" – па пастанове Генеральнага пракурора альбо па пастанове старшыні Следчага камітэта або старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі са згоды генпракурора. Так, напрыклад, у кастрычніку 2023 года СК завочна распачаў крымінальную справу за "махлярства" ў дачыненні да Віктара Бядрыцкага, які ўзначальваў ТАА "ЭкоСтройКомплекс".
Праваабаронцы сцвярджаюць, што спецвытворчасць – гэта інструмент палітычнага пераследу, бо з больш чым сто справаў толькі адна не мае палітычнай падаплёкі. Следчы камітэт анансаваў распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да кандыдатаў у Каардынацыйную Раду, а таксама асобаў, што бралі ўдзел у Дні Волі ў розных краінах за межамі Беларусі. Гэта значыць, што ўжо хутка "Пералік асобаў у дачыненні да якіх распачатая спецвытворчасць" можа папоўніцца сотнямі, калі не тысячамі новых прозвішчаў беларусаў, якія выехалі за мяжу, адзначае юрыст. |
Ці могуць чалавека асудзіць завочна, калі ён знаходзіцца ў Беларусі?Артыкул 6 КПК вызначае спецвытворчасць як "вытворчасць паводле крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс". Гэтая працэдура дазваляе правесці судовае разбіральніцтва і вынесці прысуд у адсутнасць абвінавачанага, а ў агульным парадку гэта не дапускаецца. З гэтага вынікае, што спецвытворчасць можа быць распачатая выключна ў дачыненні да тых, хто выехаў за межы Беларусі. У выпадку, калі чалавек вяртаецца ў краіну да вынясення прысуду па справе, яго будуць прыцягваць у звычайным парадку. |
Як даведацца пра пачатак спецвытворчасці?Спецвытворчасці папярэднічае ўзбуджэнне і папярэдняе расследаванне крымінальнай справы. Звычайна ў межах узбуджанай справы па месцы рэгістрацыі прыходзяць з ператрусам або для накладання арышту на маёмасць. На допыты могуць выклікаць сваякоў. Таму на практыцы многія даведаюцца аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да сябе ад сваякоў, якія жывуць у Беларусі. Даведацца, ці распачатая ў дачыненні да чалавека спецыяльная вытворчасць, можна на сайце СК або ў спецыяльным тэлеграм-канале. Пастанова аб правядзенні спецыяльнай вытворчасці разам з матэрыяламі крымінальнай справы прадстаўляецца пракурору не пазней пятнаццаці сутак да заканчэння тэрміну папярэдняга следства паводле крымінальнай справы. Рашэнне аб дачы згоды або аб адмове ў дачы згоды на правядзенне спецыяльнай вытворчасці прымаецца пракурорам цягам дзесяці сутак з моманту паступлення крымінальнай справы, пра што робіцца адзнака ў пастанове. Гэта азначае, што спецвытворчасць можа часам доўжыцца ўсяго некалькі дзён (калі расследаванне ўжо праведзена і яго тэрмін не будзе прадаўжацца) і абмяжоўвацца азнаямленнем абаронцы з матэрыяламі папярэдняга следства і фармальнасцямі пасля заканчэння расследавання і накіравання справы пракурору для накіравання ў суд. Пасля завяршэння папярэдняга расследавання па працэдуры спецвытворчасці яно перадаецца пракурору для далейшай перадачы ў суд. Пасля прызначэння даты слухання справы на сайце Вярхоўнага суда ў рубрыцы "Спецвытворчасць па крымінальных справах" з'яўляецца інфармацыя пра дату судовага пасяджэння. Артыкул 468-27 КПК устанаўлівае, што інфармацыя аб даце, месцы і часе судовага разбору, выкліку абвінавачанага ў суд, выніках разгляду крымінальнай справы, прызначаным пакаранні падлягае размяшчэнню на інтэрнэт-партале судоў не пазней аднаго працоўнага дня з даты прыняцця адпаведнага рашэння. З наступнага дня пасля размяшчэння гэтай інфармацыі, абвінавачаны лічыцца належна паведамленым аб выкліку ў орган, які вядзе крымінальны працэс, а таксама аб прынятых па справе рашэннях. |
А дзе можна даведацца пра прысуд?Рэзалютыўная частка прысуду цяпер таксама публікуецца на сайце Вярхоўнага суда ў рубрыцы "Спецвытворчасць па крымінальных справах". Але з-за мяжы гэта сайт недаступны. Праваабаронцы "Вясны" адсочваюць у тым ліку факты завочнага пераследу, і публікуюць на сайце і ў сацыяльных сетках. |
Ці ёсць сэнс у абскарджанні завочнага прысуду?Леанід Судаленка лічыць, што абскардзіць завочны прысуд трэба. Ён адзначае, што 10-дзённы тэрмін на апеляцыйнае абскарджанне пачынаецца з наступнага дня пасля размяшчэння рэзалютыўнай часткі прысуду. Такім чынам, на працягу ўсёй спецвытворчасці абвінавачаны можа даведацца толькі аб яе пачатку, пра дату судовага пасяджэння, аб вынесеным прысудзе і апеляцыйным вызначэнні. Больш ніякай інфармацыі органы крымінальнага пераследу і суд абвінавачанаму не падаюць.
|
Ці можна карыстацца паслугамі адваката ў завочных судах?Частка 5 артыкула 468-25 КПК устанаўлівае абавязковы ўдзел абаронцы абвінавачанага з моманту вынясення пастановы аб правядзенні спецыяльнай вытворчасці. Артыкул 468-26 КПК прадугледжвае, што пастанова аб правядзенні спецвытворчасці і ўсе працэсуальныя дакументы накіроўваюцца абаронцу, які прызначаецца праз тэрытарыяльную калегію адвакатаў.
На думку праваабаронцы, без узгаднення прававой пазіцыі па справе з падабаронным, адвакат наогул не мае права на абарону ў судзе, бо яму не вядома яго стаўленне па сутнасці абвінавачванняў.
|
Якія ёсць магчымасці самастойнай абароны?Юрыст Леанід Судаленка на ўласным вопыце распавядае, якія ёсць магчымасці самастойна абараніць свае правы ў завочным працэсе.
|
Якія наступствы завочнага прысуду?Юрыст адзначае такія пагрозы выканання завочнага прысуду як пазбаўленне волі па вяртанні ў Беларусь, абвяшчэнне ў вышук і дэпартацыя з краіны пражывання, страта грамадзянства і з'яўленне абавязальніцтваў па выплаце штрафу ды іншых магчымых спагнанняў.
Зняволенне Прысуд, вынесены ў спецыяльнай вытворчасці і які набыў моц, з'яўляецца падставай для затрымання асуджанага і накіравання яго для адбыцця пакарання. Ён таксама з'яўляецца падставай для вышуку асуджанага і накіравання запытаў замежным дзяржавам аб яго выдачы, што павінна ўлічвацца асуджанымі пры наведванні розных краін, падкрэслівае Леанід Судаленка. Акрамя гэтага, праваабаронцы не выключаюць іншыя рызыкі, напрыклад, дэпартацыя, пасадка самалёта, выкраданне ды іншае. Страта грамадзянства Наступствам такога прысуду можа стаць і спыненне грамадзянства, нават атрыманага па нараджэнні. Закон "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь" прадугледжвае, што грамадзянства, у тым ліку набытае па нараджэнні, можа быць згублена ў сувязі з наяўнасцю прысуду, які набыў моц, які пацвярджае "ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, — калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь". І хоць на сёння невядомыя пацверджаныя выпадкі страты атрыманага па нараджэнні грамадзянства, тым не менш, варта памятаць словы Лукашэнкі:
Міністр унутраных спраў заявіў:
Спагнанне штрафаў Таксама варта ўлічваць, што ўсе артыкулы Крымінальнага кодэкса, па якіх праводзіцца спецвытворчасць у якасці дадатковага пакарання прадугледжваюць штраф, памер якога ў 2023 годзе павялічылі да 50 000 базавых велічынь (да 2 000 000 рублёў). Звяртае на сябе несуразмернасць памераў штрафаў, калі зыходзіць з прынцыпаў разумнасці і справядлівасці. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ магчымасць спагнання шкоды, працэсуальных выдаткаў, уключна з выдаткамі на прызначанага абаронцу, спецыяльнай канфіскацыі. Наяўнасць у прысудзе штрафу з'яўляецца, пасля таго як ён набудзе моц, падставай для ўзбуджэння выканаўчай вытворчасці. Судовы выканаўца ўзбуджае вытворчасць, у рамках якога продажу падлягае ўся арыштаваная рухомая і нерухомая маёмасць. Узнікае рызыка і ў дачыненні да сумесна нажытай ў шлюбе маёмасці мужа і жонкі. Пакуль доўг па выканаўчым лісце не будзе пагашаны, маёмасць будзе знаходзіцца пад арыштам і выстаўляцца на таргі. Юрыдычная дапамога "Вясны" можа аказаць прававую дапамогу, у тым ліку па складанні іскавых заяў аб вызваленні маёмасці ад арышту і звязанага з гэтым падзелу маёмасці мужа і жонкі, скаргаў на дзеянні судовых выканаўцаў. Кантакт у Telegram: @zvarot96. E-mail: zvarot@spring96.org |
Замест высноваў
|