Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" Дапоўнена
У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 3 сакавіка, суддзя Марына Запаснік абвесціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Яна прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Яна прызначыла тэрміны вясноўцам ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы. Падчас прысуду іх рукі былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Праваабаронцы не прызналі сваёй віны. Напярэдадні вынясення прысуду 21 міжнародная праваабарончая арганізацыя выступіла з заявай, у якой патрабавалі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні. За мяжой праходзяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі. Нагадваем, за што пераследуюць нашых калегаў і коратка пераказваем судовы працэс над вясноўцамі, які цягнуўся два месяцы.
Якія тэрміны прызначылі праваабаронцам?
Суддзя Марына Запаснік прызначыла:
- старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- праваабаронцы "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.
Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай". Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.
Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.
На відэа, якое апублікавала "Белта", бачна, што залю запоўнілі маладымі хлопцамі ў цывільным. Верагодна, гэта курсанты Акадэміі МУС. Раней такая практыка была распаўсюджанай на адкрытых палітычных працэсах. Гэта робіцца, каб у залю не маглі патрапіць людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.
Коратка пра судовы працэс
Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня разглядае суддзя Марына Запаснік. Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання". Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплаты штрафаў, аплаты рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, аплаты працы адвакатаў.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй Запаснік.
У матэрыялах справы 284 тамы – гэта рэкордная па аб'ёму палітычная справа. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце "Вясны" і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы.
Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні. Вось, што думаюць пра гэта палітзняволеныя вясноўцы:
Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:
“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.
Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":
"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію".
Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:
"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.
У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча.Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".
Пракурор Аляксандр Кароль прапанаваў пакараць праваабаронцаў на тэрміны ад 9 да 12 гадоў калоніі, а менавіта:
- старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага – 12 гадоў калоніі;
- намесніка старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча – 11 гадоў калоніі;
- каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча – 9 гадоў калоніі;
- праваабаронцы "Вясны" Дзмітрыя Салаўёва – 10 гадоў калоніі завочна.
Інтарэсы Дзмітрыя Салаёўва на судзе прадстаўлялі прызначаныя следствам адвакаткі, з якімі ён нават не знаёмы. Вось тут можна пачытаць выступ адной з іх падчас судовых спрэчак.
13 лютага палітзняволеныя праваабаронцы "Вясны" выступілі з моцнымі апошнімі словамі на беларускай мове. Алесь Бяляцкі яшчэ раз акцэнтаваў увагу на палітычны пераслед праваабаронцаў і пакінуў у сваёй прамове паведамленне да нашага грамадства і ўладаў:
"Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў "Вясны" — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст. <...>
Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў "Вясны" сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. <...>
Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з'яўляюцца ў СІЗА. <...>
Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. <...>
Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць".
"Калі пракурор запрасіў 12 гадоў, на твары Алеся не праскочыла ніводнай эмоцыі". Партрэт Алеся Бяляцкага на судзе
Валянцін Стэфановіч таксама падкрэсліў палітычны матыў гэтай справы і выказаў сваё стаўленне да абвінавачвання:
"Я, канешне, не маю ніякіх ілюзій адносна гэтага прысуду і спадзявацца на справядлівае судовае разбіральніцтва ва ўмовах, калі ўся краіна вяртаецца фактычна да нашага "светлага" мінулага — да камуністычнага таталітарызму. Тут, канешне, не ўгадаю, наколькі ў такіх сітуацыях судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай, а пасля жніўня 2020 года знаходзіцца проста ў дэградаваным становішчы. Гэтак званыя наглядныя органы законнасці цяпер жывуць па прынцыпу "иногда не до законов". <...>
Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай. Гэты пераслед з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасць "Вясны" гэта ніякім чынам не спыніць. Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна".
Уладзь Лабковіч у апошнім слове ўзгадаў сваю сям'ю:
"Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста да мяне, як непераадольны. І на дадзены момант усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй: з маёй маці, дзецьмі, якіх завуць Адэля, Адам і Ян, з маёй жонкай Нінай, якая прайшла праз вялікія выпрабаванні за ўвесь гэты час".
"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі
Напярэдадні вынясення прысуду міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія падпісалі заяву, паўтарылі свае заклікі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні.
Увечары 2 сакавіка ў польскіх гарадах Варшава і Гданьск адбыліся акцыі салідарнасці з вясноўцамі.
Раніцай 3 сакавіка сустаршыня расійскага "Мемарыяла", які хацеў прыляцець у Мінск на суд па справе "Вясны", у аэрапорце на пасадцы дазнаўся пра забарону ўезду ў Беларусь.
"Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведкаў. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства — вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтра “Вясна”. За што? Выключна за іхную праваабарончую працу", — пракаментаваў Арлоў.
Пад вартай праваабаронцы "Вясны" ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Чытаць пра суд:
"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў
Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы
Падтрымайце праваабаронцаў "Вясны" ў дзень абвяшчэння прысуду