viasna on patreon

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

2023 2023-02-02T13:33:34+0300 2023-02-02T14:24:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска ўжо месяц адбываецца разгляд крымінальнай справы супраць старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Распавядаем, што змяшчаецца ў пісьмовых матэрыялах справы. 

Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года
Алесь Бяляцкі на судзе, студзень 2023 года

Большасць матэрыялаў крымінальнай справы па справе "Вясны" складаюць дадзеныя пра праваабарончую дзейнасць арганізацыі, размешчаныя ў адкрытым доступе на сайце spring96.org, сацсетках "Вясны" і незалежных медыя. На адным з судовых пасяджэнняў Валянцін Стэфановіч падкрэсліваў, што праваабарончая дзейнасць — гэта публічная дзейнасць.

У прыватнасці, акрамя дадзеных пра працу мінскага офіса "Вясны", у матэрыялах справы маюцца падрабязныя дадзеныя пра дзейнасць рэгіянальных філій: гомельскай, брэсцкай і магілёўскай.

"Аператыўная распрацоўка" брэсцкага праваабаронцы з 2020 года 

З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна — на судзе агучылі зместы гэтых размоваў. Таксама ГУБАЗіК устанавіў назіранне за брэсцкім праваабаронцам, а ў офісе — відэакамеру. На працэсе дзяржаўны абвінаваўца апісвае відэа з офіса і агучвае зместы размоваў адтуль жа. 

На працэсе агучылі запыт Следчага камітэта ад 1 кастрычніка 2021 года ў Брэсцкую абласную калегію аб заключэнні дамоваў адвакатамі на аказанне юрыдычнай дапамогі па 146 крымінальных і адміністрацыйных справах з 1 студзеня 2018 года па дату запыту. Падкрэслім, што паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса праваабаронцам ставіцца ў віну перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года, але ў матэрыялах справы маецца шмат дакументаў, якія не адносяцца да перыяду, які ім інкрымінуюць.

Праслухоўка гомельскага праваабаронцы ў СІЗА 

На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. Падчас спаткання Леанід цікавіўся ў жонкі, ці быў хтосьці затрыманы пасля масавых ператрусаў у прадстаўнікоў грамадскай супольнасці 16 лютага 2021 года, на што жонка адказала, што толькі Дзмітрыя Салаўёва (якога цяпер судзяць завочна) і Андрэя Комліка-Ямаціна. Жонка распавяла мужу, што ёй тэлефанаваў Алесь Бяляцкі і прапаноўваў сваю дапамогу. Пракурор акцэнтуе ўвагу, што Леанід прасіў жонку збіраць чэкі на адваката, лекі, вітаміны, якія яна набывае яму.

У матэрыялах справы ўтрымліваецца шмат пратаколаў агляду гомельскага сайту "Вясны", а таксама профіль палітзняволенага Леаніда Судаленкі на сайце prisoners.spring96.org — на пасяджэнні пракурор зачытаў яго. Таксама стала вядома, што следства назірала за публікацыямі на сайце "Вясны" пра затрыманне Леаніда Судаленкі і нават зафіксавалі, калі гэтая навіна была галоўнай на сайце.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру мае ў СІЗА вымову

Таксама на судзе стала вядома, што на прафілактычных уліках у СІЗА Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч не стаяць. Старшыня "Вясны" мае адно спагнанне ў выглядзе вымовы. Згодна характарыстыцы з СІЗА №1 "над Алесем Бяляцкім трэба кантроль супрацоўнікаў". 

Праваабаронца: "Паралельна рэпрэсіям праваахоўныя органы шукалі нешта крымінальнае ў дзейнасці рэгіянальных аддзяленняў "Вясны"

Праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова адзначае, што матэрыялы крымінальнай справы сведчаць аб варожым стаўленні дзяржавы да праваабаронцаў — людзей, якія акумулююць дапамогу і выкарыстоўваюць розныя праваабарончыя інструменты і механізмы для абароны правоў чалавека.

"Мы бачым, што на постсавецкай прасторы захавалася ганебная практыка "аператыўнай распрацоўкі" праваабаронцаў. У прававой дзяржаве суд (не пракурор) не даў бы санкцыю на праслухоўку або схаванае назіранне за чалавекам, які займаецца дапамогай у бядзе бліжняму.

Па матэрыялах крымінальнай справы "Вясны" мы бачым, што нашы калегі ў паўднёвых рэгіёнах краіны сталі цэнтрам прыцягнення людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Як у гомельскім, так і ў брэсцкім рэгіёне народныя хваляванні былі самымі найбольшымі з усіх рэгіёнаў. І паралельна рэпрэсіям праваахоўныя органы шукалі нешта крымінальнае ў дзейнасці рэгіянальных аддзяленняў "Вясны", куды павальна сталі звяртацца людзі па дапамогу ў жніўні 2020 года".


Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводаміСІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Праслухоўкі тэлефонаў, спіс палітвязняў і матэрыялы з сайта "Вясны": чым на судзе даказваюць віну праваабаронцаў

Распавядаем, што адбывалася на апошніх судовых пасяджэннях, якія доказы віны па справе выкарыстоўвае пракурор, а праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова каментуе абвінавачванні супраць калегаў у частцы "фінансавання пратэстаў".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства