"Адразае надоўга магчымасць вярнуцца". Юрыст "Вясны" пракаментаваў масавае завочнае ўзбуджэнне крымінальных спраў
З верасня 2022 года крымінальныя справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці былі распачатыя ў дачыненні да 75 беларусаў і беларусак, якія пакінулі краіну. З іх восем – за апошнія два тыдні. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў новую тэндэнцыю канвеера завочных судоў у дачыненні да беларусаў і беларусак, якія ў 2020 годзе бралі ўдзел у акцыях пратэсту і выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі.
"Гэта добра, што не даводзіцца называць гэта расследаваннем: пародыя на юрыдычныя фармальнасці, якія дазволяць прызначыць адвольныя тэрміны пазбаўлення волі ў прысудах. Нічога агульнага з сапраўдным расследаваннем злачынстваў не мае, гэта палітычны вышук, які парушае базавыя прынцыпы нацыянальнага і міжнароднага права.
Абвінавачаныя пазбаўленыя права ведаць, у чым іх абвінавачваюць, даваць паказанні, пярэчыць супраць довадаў абвінавачвання, прадастаўляць доказы і довады на карысць сваёй невінаватасці, карыстацца юрыдычнай дапамогай, мець абранага імі адваката, знаёміцца з матэрыяламі справы, нарэшце. Будзь у Беларусі сапраўдны суд – ён бы толькі па фармальных прычынах не вынес бы абвінаваўчага прысуду, абясцэніўшы ўвесь папярэдні працэс, які адрозніваецца ад балагана толькі тым, што не смешна: гэта ўсё замахваецца на занадта важныя каштоўнасці, адразае надоўга магчымасць вярнуцца і закранае не толькі саміх абвінавачаных, але і ўсё тое, што засталося ў іх у Беларусі: родных, рэпутацыю, маёмасць".