"Уступіў у BYPOL, хацеў стаць ваяром палка Каліноўскага і данаціў ЗСУ". Жыхара Петрыкава асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Гомельскім абласным судзе 8 красавіка да 10 гадоў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічыняў (4000 рублёў) асудзілі 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго абвінавацілі адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – "здрада дзяржаве", "заклік да санкцыяў" і "ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі". Яго абвінавацілі ў тым, што ён уступіў у BYPOL, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў ЗСУ. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме з 15 лютага, таму падрабязнасці абвінавачвання вядомыя толькі з праўладнага СМІ gp.by. Прысуд вынес Сяргей Багінскі.
Івана Сухамерава прызналі вінаватым паводле наступных артыкулаў:
- ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу);
- ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);
- ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
- арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім);
- ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
- ч. 2 арт. 290-5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі).
Як піша gp.by, па версіі абвінавачвання, Іван Сухамераў размяшчаў негатыўныя публікацыі ў дачыненні да Лукашэнкі на сваіх старонках у сацсетках, а таксама матэрыялы, якія заклікаюць міжнародныя арганізацыі да санкцый у дачыненні да Беларусі. Ён жа ўступіў у склад BYPOL, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў ЗСУ.
Верагодна, пад вартай ён утрымліваецца з сярэдзіны чэрвеня 2023 года – тады мужчыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.
Падтрымайце вязня: СІЗА-3, Гомель, Кніжная 1А, 246003, Іван Аляксандравіч Сухамераў