viasna on patreon

"Падчас месячных карысталася анучай". Былыя зняволеныя распавялі пра ўмовы ў беларускіх ІЧУ

2024 2024-06-28T17:52:31+0300 2024-06-28T17:56:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestina_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожны дзень цягам апошніх чатырох гадоў праваабаронцы фіксуюць факты масавых рэпрэсій у Беларусі. Сітуацыя зправамі чалавека ў краіне застаецца крытычнай. Са жніўня 2020 года кожны затрыманы сутыкаецца з катаваннямі або жорсткім абыходжаннем. Па ўсёй краіне штодзень затрымліваюць дзясяткі людзей, пры гэтым некаторых збіваюць і катуюць, іх утрымліваюць у нечалавечых умовах, а камеры ў ізалятарах перапоўненыя. "Вясна" паразмаўляла з трыма былымі зняволенымі з Мінска, Віцебска і Гомеля пра тое, у якіх умовах утрымліваюць палітычных, пра медыцынскую дапамогу ў ізалятарах, пра стаўленне да замежных грамадзян, якія чакаюць дэпартацыі і пра тое, як людзей паўторна затрымліваюць пасля першага арышту. Иллюстрационное фото spring96.org

Віцебск

"Калі я выйшла, то была вельмі моцна абязводжана" 

Настасся (імя зменена ў мэтах бяспекі) трапіла ў віцебскі ІЧУ ў студзені 2024 года, калі якраз адбыўся "пераезд" у іншы будынак.

"У камеры старога будынку ІЧУ было вельмі вільготна. Калі заходзіш туды, першае, што заўважаеш, — вельмі моцны пах. Там вельмі моцна смярдзела і туалетам, і потам. Цвіль была на сценах і на столі, і нават акно было пакрыта вялікімі кроплямі вады. А гэта быў студзень, памяшканне ацяплялася і быў кандэнсат".

Разам з Настассяй сядзелі не толькі палітычныя, але ад спецыяльных умоваў пакутвалі ўсёй камерай: паліць было забаронена ўсім арыштанткам, а праверкі праходзілі больш жорстка. Матрацы палітычным не выдавалі, на шпацыр не выводзілі. Туалет у камеры быў агароджаны, камеры відэаназірання не было. Увесь дзень у ІЧУ гучна грала радыё, якое вымыкалі толькі ўвечары перад сном.

"Кармілі нашмат лепей, чым у 2020-ым годзе. Але было вельмі мала вады — гэта праблема. Калі на старым ІЧУ можна было піць ваду з крана, то на новым былі праблемы з вадой праз рамонт. Калі я выйшла, то была вельмі моцна абязводжана".

Перадачы для палітычных не прымалі, толькі — медыцынскія. 

"Праблема, вядома, для ўсіх дзяўчын была з пракладкамі"

Паводле Настассі, раніцай падчас праверкі ў лекара можна было папрасіць лекі, выдавалі і тыя, што даходзілі ад сваякоў.

"Праблема, вядома, для ўсіх дзяўчын была з пракладкамі. Іх можна прасіць толькі ў медыцынскага супрацоўніка. Адна дзяўчына, таксама асуджаная па палітычных матывах, баялася прасіць пракладкі. А яны ўвогуле могуць даць толькі адну на дзень. Бывае, што шанцуе і даюць больш, але звычайна па адной. Гэтай дзяўчыне не давалі, таму яна падчас месячных карысталася нейкай анучай, якую потым мыла ў халоднай вадзе і сушыла".

"На новым ІЧУ нас заўсёды вадзілі выключна "ластаўкай" 

Па словах Настассі, у старым будынку ІЧУ яна не магла спаць на "шконцы". Ноччу было вельмі холадна, а спаць на металічнай рашотцы было балюча. 

"Першую ноч я спала, седзячы каля батарэі спіной. На другую ноч я вырашыла спаць пад сталом на вузкай палічцы, але нічога не атрымалася. У выніку я спала на стале. Але кожную ноч ахоўнікі вельмі напруджваліся, пыталі, што я раблю на стале". 

У адрозненні ад новага ІЧУ, у старым да палітычных ставіліся не так жорстка, нават ноччу будзілі толькі адзін-два разы за ўвесь тэрмін Настассі. А відэакамеры былі толькі на калідоры. 

"На новым ІЧУ ўсё змянілася кардынальна. Там паўсюль напіханы відэакамеры, нават над прыбіральнямі. А ахоўнікі ставіліся вельмі жорстка.

Сам пераезд у новы будынак адбываўся спакойна. Нам вельмі пашанцавала — ехалі на звычайнай легкавой машыне. Нас ззаду сядзела тры чалавекі, былі ў кайданках. 

Ацяпленне ў ІЧУ ўключылі толькі ў дзень пераезда, таму ў камеры было вельмі халодна, мы там сядзелі з чырвонымі насамі. Падлога драўляная, таму праз некалькі дзён, калі камера ад нас крыху прагрэлася, пад канец тэрміну, я змагла спаць на падлозе. Пры гэтым у новым будынку катэгарычна забаронена спаць на стале. У мяне была спроба, але ахоўнікі пачалі лупіць дубінкамі ў дзверы і патрабаваць, каб я злезла, але я адмаўлялася. Праз 30-40 хвілін я здалася, бо яны праз гучнамоўнік пачалі на ўвесь ІЧУ патрабаваць, каб я злезла. Таму першыя дні там я спала стоячы і седзячы каля батарэі".   

Па-за межамі камеры палітычных увесь час трымаюць у кайданках за спіной, узгадвае Настасся: 

"Кайданкі нам надзявалі заўсёды ззаду. На новым ІЧУ нас заўсёды вадзілі выключна "ластаўкай". У мяне праз гэта пачаліся вельмі моцныя праблемы. У мяне быў псіхалагічны блок, я адмовілася нахіляцца і гэта прывяло да моцнага канфлікту. У апошні дзень я баялася, што мяне не выпусцяць. Бо яны пагражалі ўжыць супраць мяне спецсродкі, скласці пратакол за "непадпарадкаванне міліцыянтам". І праз маю адмову, яны заўсёды мяне самі заломлівалі і так вялі, то бок ужывалі фізічную сілу".

"Крычалі, што іх бацькі не ведаюць дзе яны"

Разам з Настассяй у віцебскім ІЧУ ўтрымліваліся дзве сястры з Конга, якія чакалі дэпартацыі. Дзяўчаты знаходзіліся ў ізалятары прыкладна тры месяцы. Па словах былой арыштанткі, праз тое, што сёстры сядзелі ў камеры разам з палітычнымі, іх таксама ўтрымлівалі ў жудасных умовах. У іх не было нават паперы з асадкамі. Акрамя гэтага, ім не прадастаўлялі перакладчыка, а размаўлялі ўраджэнкі Конга толькі па-французску. Праз гэта сёстры фактычна ўвесь час камунікавалі выключна паміж сабой. У душ іх выводзілі рэдка, бо дамагчыся гэтага можна толькі праз просьбы падчас праверак, але па-французску яны гэта зрабіць не маглі. 

Апроч усяго, ім не перадавалі перадачы, таму ўвесь гэты час яны ўтрымліваліся без зменнага адзення і бялізны.

"З імі ніхто гэты час не размаўляў. Ім сказалі дату дэпартацыі — 25 студзеня. Яны вельмі чакалі. Калі 25-га нічога не адбылося, дзяўчыны ўчынілі сапраўдны бунт: кідаліся тапкамі ў дзверы, гучна крычалі, хлопалі рукамі па сталах. Але ахоўнікі нічога не рабілі, проста назіралі. Гэта было даволі страшна, бо яны плакалі, звярталіся да мяне, крычалі, што іх бацькі не ведаюць дзе яны. Было цяжка за гэтым назіраць, бо ты не можаш ім нічым дапамагчы. Яны там як палоненыя знаходзіліся.  

Потым быў другі бунт. Ім сказалі што дэпартацыя ўжо будзе 30 студзеня, але мы зноў пачалі сумнявацца, бо ведалі, што 30-га будзе пераезд у іншы будынак. І вось у гэты дзень праходзіць першая ранічная праверка і ім нічога не кажуць пра дэпартацыю. Тады яны адчынілі дзверы прыбіральны, а яны мусяць быць заўсёды зачыненымі, бо інакш перакрываюць агляд камеры і ахоўнікі нічога не бачаць і злуюцца. Ахоўнікі пачалі біць па дзвярах камеры і крычаць, каб зачынілі дзверы. Дзяўчынкі гэтага не рабілі, а толькі крычалі і кідалі тапкамі. Адна з іх нават крычала "Kill me" (забей мяне). Мы пачалі баяцца, што нас зараз усіх пакладуць тварамі на падлогу".

У той час Настассю выклікалі на сустрэчу са следчым, а калі тая павярнулася, то дзяўчат ужо не было ў камеры. Пазней стала вядома, што сёстры павярнуліся ў Конга. 

Мінск

"Надзелі на мяне кайданкі ззаду і павезлі"

61-гадовую Вольгу (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі восенню 2023 года. Сілавікі прыйшлі да яе а 4 раніцы. Акрамя двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКу "ў цывільным" былі яшчэ чатыры чалавекі ў масках і з аўтаматамі. У кватэры правялі ператрус, вывернулі шафы, паліцы і раскідалі рэчы. Пры аглядзе тэлефона ў жанчыны знайшлі падпіскі на "экстрэмісцкія каналы".

"Я кажу аднаму з іх: "Ну і час знайшлі вы для ператрусу". Ён з ухмылкай нешта адказаў. А я сказала, што ведаю, у якой краіне мы жывем. Тут ён аж падскочыў: "Калі вам не падабаецца краіна — едзьце. Што вы тут робіце?". Я яму адказваю, што гэта мая краіна, мой дом, мая радзіма, чаму я павінна з'язджаць. І з гэтага моманту пачалася такая непрыхаваная агрэсія ў мой адрас. Мне пачалі пагражаць тым, што я "паеду далёка і надоўга", і, улічваючы мой узрост, магу адтуль не выйсці". 



У адной з кніг, якія выварочвалі сілавікі, у Вольгі былі адкладзеныя грошы на пратэзаванне зубоў. Яна падышла да іх і сказала, што зараз прыбярэ грошы. Але замест гэтага супрацоўнікі ГУБАЗіКу пачалі выштурхоўваць яе з кватэры. У выніку, па вяртанні пасля "сутак", грошы жанчына дома не знайшла. Акрамя гэтага, у Вольгі забралі сістэмны блок і тэлефон, якія не ўнеслі ў пратакол ператрусу.

"Я там на хаду яшчэ накінула паліто, прасіла ўзяць з сабой зубную пасту. А яны сказалі, што мне ўсё роўна не дадуць там гэтым карыстацца. Надзелі на мяне кайданкі ззаду і павезлі".

"Забралі абутак, верхнюю вопратку і адправілі ў "стакан"

У РУУС падчас складання пратаколу і апытання Вользе давялося ўвесь час стаяць у кайданках. Супрацоўнікі міліцыі супраць жанчыны склалі пратакол па 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). 

Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў ІЧУ. Раней Вольгу ўжо адпраўлялі на "суткі" ў ізалятар, таму,  ведаючы пра жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна,  дома яна надзела адразу некалькі цёплых рэчаў на сябе, некалькі пар шкарпэтак і ніжняй бялізны. Але абутак і верхнюю вопратку ў ІЧУ ў яе забралі.

"Нас разулі, калі прывезлі ў ІЧУ. А там ледзяная падлога, па якой давялося хадзіць толькі ў шкарпэтках. Забралі абутак, верхнюю вопратку і адправілі ў "стакан". А ў мяне ціск высокі. Пры афармленні я сказала пра гэта лекарцы. А яна скрозь зубы прапанавала змераць. Калі яна ўбачыла, які ціск, то прама ў твары змянілася. Стала мне даваць нейкія таблеткі".

"Мяне ўразіла, што некаторых забіралі сем'ямі"

Иллюстрационное фото spring96.org

У двухмеснай камеры было 10 жанчын, усе з іх — палітычныя. У гэтай камеры ўтрымліваюцца не толькі адміністрацыйна затрыманыя, але і тыя, хто чакае перавод у СІЗА ў межах крымінальнай справы.

"Мы з дзяўчынкамі там пасябравалі, адна адну падтрымлівалі. Мікраклімат у камеры падтрымлівалі. У асноўным была моладзь. Мяне ўразіла, што некаторых забіралі сем'ямі: муж у суседняй камеры сядзіць насупраць, дзяўчынкі тут.

У камеры было холадна, спалі на падлозе з драўлянымі насціламі. Стараліся прыціснуцца адна да адной, каб сагрэцца. Будзілі нас два разы за ноч. Трэба было ўстаць і прадставіцца. Усё гэта суправаджалася крыкам, абразамі і лаянкай. Туалетнай паперы выдавалі кавалак і адрэзаны кавалачак гаспадарчага мыла. Ежа была жудасная.

Раніцай і ўвечары выводзяць на праверку на калідор з металашукальнікам, усе мацаюць, і на пытанні адказваюць матам. Бывала, мучылі нас вентыляцыяй — уключаць на ўсю ноч, а ад яе страшны гул. Ці, напрыклад, уключаць батарэю на ўсю катушку гарачую, і закрыюць кармушку з вентыляцыяй".

Перадачы на Акрэсціна не прымаюць ужо некалькі гадоў. Але часам атрымліваецца перадаць лекі, мыла, туалетную паперу, а калі пашанцуе — майткі.

"Сядзець днём у камеры можна было так, каб не дакранацца спіной сцяны. Калі мы гэта парушалі з-за таго, што не вытрымлівалі такога напружання, нам выключалі вентыляцыю і зачынялі"кармушку".

Адзін раз у камеру залілі вядро вады. Не адзін раз пагражалі, што і з хлоркай зальюць, але ў той раз была вада. Мы якраз збіраліся класціся спаць. А ў камеры была правакатарша, яна зладзіла чарговы скандал, адчыняюцца дзверы і выліваецца вядро вады з усяго маху. Мы ўсе мокрыя былі, і вось так хто як мог сушыўся".

"Суддзя знахабіліся, увесь час адпраўляе справы на дапрацоўку"

Вольга —  адна з тых вязняў, якіх паўторна затрымлівалі па заканчэнні "сутак" і зноў адпраўлялі за краты, то бок "каруселілі". Агулам яна правяла на Акрэсціна больш за месяц. На ўсе допыты і суды жанчыну вадзілі ў кайданках.

Першы суд праходзіў на трэці дзень з моманту затрымання. Суддзя вырашыла адправіць справу на дапрацоўку і сказала, што Вольгу зараз адпусцяць дадому да наступнага суда.

"Я ўзрадавалася, іду. Яны [супрацоўнікі міліцыі] перакрываюць мне дарогу і зноў адводзяць у свой кабінет. Паміж сабой пачалі казаць, што суддзя знахабіліся, увесь час адпраўляе справы на дапрацоўку, што трэба на яе скардзіцца. А мне кажуць: "А на цябе што-небудзь накапаем".

У тэлефоне Вольгі знайшлі квітанцыю аб пераводзе грошай ініцыятыве, якая дапамагае палітвязням. Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі ў КДБ і паведамілі пра "знаходку". Там адразу адказалі, што гэта данат, які цягне за сабой крымінальную адказнасць за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці". Участковых гэта парадавала, але, каб адцягнуць час для ўзбуджэння крымінальнай справы, супраць жанчыны склалі чарговы адміністрацыйны пратакол па арт.19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

"Напісалі ў пратаколе так, быццам мяне выклікалі на гутарку, падчас якой я крычала, лаялася і кідала кубак у сцяну. Гэты пратакол я не падпісала. Гэта раззлавала іх яшчэ больш. Яны мне зноў не давалі крэсла. Толькі зайшла іншая супрацоўніца, спытала чаму я стаю і паставіла крэсла". 

Суд мусіў быў адбыцца раніцай, але жанчыну трымалі ў РУУС да вечара. Пры гэтым абед яна прапусціла, таму ўвесь дзень была галоднай. На наступны дзень Вольгу зноў прывезлі ў суд. Працэс праходзіў ужо па другой справе. Вынікам суда стаў 12-сутачны арышт. Але першыя тры дні ў ІЧУ жанчыне не залічылі ў тэрмін арышту.

"Пыталіся, ці не знаходжуся я ў злачыннай групоўцы"

Пасля суда Вольгу перавялі ў ЦІП на Акрэсціна. У сумна вядомай двухмеснай камеры № 15 за ўвесь тэрмін жанчыны ўтрымліваліся ад 10 да 15 арыштантак. Паводле яе слоў, палітычных пры гэтым было толькі прыкладна пяць чалавек, астатнія — бяздомныя і асуджаныя за "распіццё алкагольных напояў" і "аліменты". Па словах Вольгі, у ЦІПе яе называлі зневажальным тонам "бабуляй і старухай".

Арыштанткі кожны дзень прасілі дзяжурных апрацаваць бяздомных жанчын ад вошаў, але на гэта ніхто не звяртаў увагі. Таму арыштанткі самі дапамагалі ім памыцца.

Па словах Вольгі, адна з бяздомных, якая часта адбывае "суткі" на Акрэсціна, пачала спрачацца з лекаркай і ў выніку пазней наогул не атрымлівала ад яе лекі. Нават пры неабходнасці сістэматычна прымаць лекі або пры хранічных захворваннях лекарка магла адмовіць у выдачы лекаў.

У дзень вызвалення за Вольгай у камеру прыйшлі сілавікі і адвезлі на чарговы суд. Ёй прызначылі арышт і вярнулі ў камеру ЦІПа.

Падчас арышту да жанчыны некалькі разоў прыходзілі сілавікі. Яны праводзілі допыты, а адзін раз праверылі яе на "дэтэктары хлусні".

"Пыталіся ў мяне, ці не знаходжуся я ў злачыннай групоўцы, ці ведаю якіх-небудзь злачынцаў, пыталіся пра данаты, пра здраду радзіме, ці не знаходжуся я на сувязі з замежнымі выведкамі, ці не вырабляла я пратэсную прадукцыю, ці хадзіла я на маршы".

"З намі была дзяўчына, у якой дома засталося грудное дзіця"

Перад чарговым судом Вольгу зноў перавялі ў ІЧУ. Затрыманыя жанчыны ў камеры пачалі гучна пра нешта спрачацца. У гэты час, яшчэ перад ранішняй праверкай, прыйшоў начальнік ІЧУ і сказаў зняць з сябе ўсю верхнюю і цёплую вопратку. Пры гэтым на вуліцы тады быў мароз і ў камерах было вельмі холадна.

"Гэта была самая халодная ноч у ІЧУ, батарэя была зусім халодная. А з намі была дзяўчына, у якой дома засталося грудное дзіця — тры месяцы таму нарадзіла. Забралі па палітычных матывах. Плакала без канца.

Я тады сказала, што яны хочуць зрабіць нам горш і прыдумляюць розныя спосабы, як гэта зрабіць. Таму нам трэба быць стрыманымі.

Яны гэта пачулі і тут жа праверка, і зноў прыходзіць гэты начальнік, і кажа нам: "Ну вы ж не думайце, наша задача не складаецца ў тым, каб вам зрабіць як мага горш, наша задача пратрымаць вас да суда, а потым кожная з вас атрымае сваё".

За час адміністрацыйных арыштаў супраць Вольгі распачалі крымінальную справу за "фінансаванне экстрэмізму". Ёй павінны былі выбраць меру стрымання і перавесці з ЦІПа ў СІЗА. Але жанчыну перавялі пад хатні арышт. Праз два месяцы жанчыне замянілі артыкул і прад'явілі больш жорсткае абвінавачванне. Вользе пагражала пазбаўленне волі, таму яна прыняла рашэнне пакінуць краіну і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Гомель

Иллюстрационное фото spring96.org

У пачатку 2024 года Іван (імя зменена ў мэтах бяспекі) адбываў адміністрацыйны арышт у ІЧУ Гомеля. За "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт.19.11 КаАП) мужчыну месяц утрымлівалі за кратамі.

"У адрозненні ад іншых адміністрацыйна асуджаных, да палітычных стаўленне жудаснае. Нічога не дазваляецца, літаральна ўсяго пазбаўленыя. У камеры, разлічанай на дваіх чалавек, нас увесь час знаходзілася пяць чалавек, але было і па сем. Асуджаным за палітыку не выдавалі ні матрацаў, ні пасцельнай бялізны. На шпацыр не выводзілі ні разу. Не вадзілі ў душ.

Па аповедах я зразумеў, што для палітычных затрыманых у ІЧУ вылучаецца сем камер, з іх дзве камеры — жаночыя".

Іван распавёў, з кім знаходзіўся ў ІЧУ:

"Са мной у камеры знаходзіліся розныя людзі. Некаторыя з іх ніколі не мелі праблем з законам. Для іх гэта было велізарным стрэсам. Быў начальнік цягніка Сяргей Насон. Таксама оперны спявак Алег Дудко з сынам Глебам. Яны родам з Добруша. Алег быў затрыманы за тое, што павесіў у сваёй машыне ўкраінскі сцяжок. Глеб у далейшым быў накіраваны ў СІЗА Гомеля. Яго абвінавацілі ў тым, што фатаграфаваў вайсковыя калоны і камусьці перадаваў".

Аднаму мужчыну за час арышту некалькі разоў станавілася кепска, таму яму выклікалі хуткую дапамогу, вазілі ў бальніцы. Там яму рабілі абследаванне і калолі ўколы, пасля чаго зноў вярталі ў ІЧУ. Пры гэтым лекары, якія праводзілі абследаванні, казалі пра пагаршэнне здароўя і раілі пасля вызвалення, класціся на аперацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства