viasna on patreon

Малюе планеты для блізкіх і верыць у перамены. Бацькі пра палітвязня Андрэя Папова

2020 2020-11-04T11:59:14+0300 2021-03-26T15:12:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/andrei_popov_photo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на 4 лістапада ў Беларусі 101 чалавек прызнаныя палітвязнямі. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. 23-гадовы мінчанін Андрэй Папоў быў затрыманы два разы: у ноч з 9 на 10 жніўня і першага верасня. Пасля другога затрымання на волю ён так і не выйшаў – яму прад'явілі абвінавачванне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ) і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Бацькі Андрэя Папова распавялі "Вясне" пра хобі сына, лісты з СІЗА і пра тое, чаму яны ім ганарацца.

andrei_popov_photo.jpg
Андрэй Папоў, фота прадстаўлена мамай

Андрэй Папоў вучыўся ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, атрымаў прафесію менеджара-эканаміста, але па спецыяльнасці працаваў нядоўга. Па словах яго бацькоў, Андрэя сталі цікавіць больш "рабочыя" спецыяльнасці, яму хацелася што-небудзь рабіць сваімі рукамі. У апошні час ён працаваў гібнікам па метале, а паралельна з гэтым ён навучаўся кампутарнай графіцы.

"З часам стала зразумела, што Андрэй схільны да творчасці. Навучанне камп'ютарнай графіцы стала асноўным яго хобі, якім ён прысвячаў да затрымання вельмі шмат часу. Таксама ён як валанцёр кожны раз дапамагаў у арганізацыі Усебеларускай выставы мастацтваў "Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч", арганізатарам якой я з'яўляюся. Увогуле, ён сапраўды творчая асоба", – распавядае пра захапленні Андрэя яго бацька Дзмітрый Папоў.

Андрэй Папоў падчас арганізацыі выставы
Андрэй Папоў падчас арганізацыі выставы "Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч"

"У мяне ж дрэды – мне не балюча"

Увечары дзявятага жніўня пасля заканчэння выбараў прэзідэнта Андрэй Папоў як і тысячы іншых менчукоў адправіўся ў цэнтр на акцыю. Калі ля стэлы пачаўся разгон, Андрэй стараўся дапамагчы іншым людзям выратавацца ад дубінак. Як ён жартам пазней патлумачыў гэта сваёй маме: "У мяне ж дрэды – мне не балюча", маючы на ўвазе, што дрэды змякчаюць удары.

Але пазбегнуць траўмаў у той вечар Андрэю не ўдалося – у нагу яму трапіла гумавая куля, а побач з ім выбухнула светлашумавая граната, асколак якой трапіў яму твар і рассек скулу. Як распавядае бацька Андрэя, спачатку на адрэналіне ён яшчэ хадзіў, сьцякаючы крывёю, а калі зразумеў, што больш не можа ісці, лёг на газон, і іншыя ўдзельнікі акцыі прапанавалі яму паехаць у шпіталь. У шпіталі яму зашылі раны, дасталі асколак гумовай кулі з ногі і адпусцілі дадому, так як Андрэй адмовіўся ад шпіталізацыі.

Аднак дадому ў тую ноч ён так і не трапіў. Літаральна на падыходзе да дома, у раёне Камароўскага рынку, яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу, якім ён шчыра прызнаўся, што атрымаў раненні на стэле і ідзе з бальніцы пешшу дадому. З Мінска яго перавезлі ў ізалятар Жодзіна, адкуль выпусцілі праз тры дні.

31 жніўня яго выклікалі ў РУУС Ленінскага раёна, дзе яго дапытвалі наконт атрыманых раненняў. А на наступны дзень, у 7 гадзін раніцы да яго прыехалі супрацоўнікі Следчага камітэта і затрымалі ў рамках крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых беспарадках. На наступны дзень у кватэры прайшоў ператрус, падчас якога былі канфіскаваныя тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы сям'і. Андрэя ўзялі пад варту ў СІЗА-1 на Валадарскага.

За месяц прачытаў 15 кніг

За два месяцы, якія Андрэй Папоў пад вартай, бацькі атрымалі ад яго некалькі лістоў.

"Андрэй не той чалавек, які будзе на нешта скардзіцца, – кажа мама Андрэя Ірына. – Ён піша, што камера ў яго ў СІЗА нармальныя, адэкватныя людзі побач. У адным лісце ён пералічыў, што гэта за людзі, якія з ім разам сядзяць: і мастак з 40-гадовым досведам, і бізнэсовец, і КМС па боксе. Вельмі рады таму, што ёсць бібліятэка, піша, што да пачатку кастрычніка, гэта значыць за месяц, прачытаў ужо 15 кніг".

Таксама Андрэй малюе планеты і адпраўляе малюнкі сваім блізкім.

listy_popova_andreja.jpg
Ліст і малюнкі Андрэя з СІЗА

Не хуліган і не экстрэміст, а чалавек, які свядома ішоў выказаць сваю пазіцыю

Праз адваката Андрэй Папоў перадаў родным, што не шкадуе аб тым, што ўдзельнічаў у акцыі 9 жніўня і што яшчэ больш перакананы ў непазбежнасці пераменаў у Беларусі.

"Андрэй – хлопец з выразнай жыццёвай пазіцыяй. Калі пачыналіся мітынгі, у мяне была з ім размову аб тым, каб ён быў асцярожным. Я не перашкаджаў гэтаму, бо яго пазіцыя па сітуацыі ў краіне падобна да маёй. Мы ведаем, што ён не хуліган і не экстрэміст, а чалавек, які свядома ішоў выказаць сваю пазіцыю. За гэта мы ім ганарымся і падтрымліваем", – кажа бацька Андрэя.

Маці Андрэя вельмі ўдзячная яго сябрам, якія моцна з'ядналіся пасля яго затрымання і ўвесь гэты час падтрымліваюць яе.

"Сябры Андрэя пастаянна перадаюць перадачы, пішуць мне і цікавяцца навінамі пра яго. Кожны дзень адчуваю вялікую падтрымку з боку моладзі. Гэта сапраўды дае сілы.

Я Андрэя ў жыцці, магчыма, рэдка хваліла. А цяпер нават у лісце яму напісала, што мабыць гэтая сітуацыя была мне дадзена, каб зразумець, які ж у мяне ўсё ж такі класны сын".

Адрас для лістоў Андрэю Папову: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”

Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх, чые сваякі, альбо яны самі, праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, узбуджаных следчымі органамі за удзел у масавых беспарадках, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, з просьбаю паведамляць праваабаронцам пра такія справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства