viasna on patreon

"Мяне білі флагштокам, каб я роўна стаяў на каленях перад начальнікам РУУС", — экс-палітвязень

2024 2024-07-15T14:30:00+0300 2024-07-15T17:47:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/begun_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Студэнта Уладзіслава Бягуна затрымалі 8 траўня 2023 года за зняты дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг у Мінску на Лагойскім тракце. Два месяцы хлопца ўтрымлівалі пад вартай, а пасля асудзілі да трох месяцаў арышту за "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). На некалькі дзён да заканчэння тэрміну яго адправілі ў арыштны дом пры мазырскай калоніі № 20, дзе яго змясцілі ў карцар. Уладзіслаў хацеў застацца пасля зняволення ў Беларусі, але не атрымалася: ва ўніверсітэце яму сказалі забраць дакументы, на працы — напісаць заяву па ўласным жаданні, на іншыя працы, гледзячы на артыкул, працаўладкоўваць не хацелі, а міліцыя зачасціла з праверкамі дадому. Баючыся новага затрымання Уладзіслаў вырашыў з'ехаць з краіны. Былы палітвязень распавёў "Вясне" пра жорсткае затрыманне і збіццё, пераслед за зняты дзяржаўны сцяг і пяць месцаў несвабоды за тры месяцы.

Уладзіслаў Бегун. Фота spring96.org
Уладзіслаў Бягун. Фота: spring96.org

"Ад гэтага моманту ты знік без вестак"

"Я адзін з тых, каму пашанцавала ў 2020-м, і мяне не затрымалі на мітынгах", — пачынае свой аповед Уладзіслаў.

Аднак яго затрымалі ў пачатку траўня 2023 года. Увесь гэты час з 2020 года хлопец здымаў у Мінску чырвона-зялёныя сцягі ды часам мяняў іх на бел-чырвона-белыя сцягі, такім чынам выказваючы свой пратэст супраць дзейнай улады Беларусі. Уладзіслава затрымалі за апошнюю такую акцыю на Лагойскім тракце ў пачатку траўня 2023 года. Пры сабе ў хлопца ў партфелі быў той самы зняты сцяг, а таксама белы сцяг, які ён узяў з сабой, каб знаёмая намалявала на ім "Пагоню".

"Мяне затрымалі пасля вечарынкі ў сяброў, калі я зайшоў у краму. Напэўна, адсачылі па камерах або па білінгу. Мяне скруцілі за пад'ездам са спіны. Я вырываўся і нават ударыў аднаго локцем, бо не разумеў, што гэта міліцыя. А раптам гэта напад ці мяне рабуюць? Але калі мяне ўдарылі электрашокерам, я зразумеў, што гэта затрыманне. Чацвёра чалавек мяне заштурхалі ў машыну. Там адразу забралі тэлефон, выбівалі пароль: білі па баках і электрашокерам. Пасля ўдару ў шыю, маё цела абмякла, на мне зашпілілі кайданкі пад каленамі. Таксама яны пагражалі вывезці ў лес і казалі: "З гэтага моманту ты знік без вестак".

Супрацоўнікі дапытвалі мяне проста ў машыне: хто мае сябры, хто мне плаціць, называлі ўкраінскім шпіёнам, пыталіся, якая мая наступная мэта, што я хачу падарваць. Увесь гэты час я быў практычна пад сядзеннямі тварам уніз у кайданках пад каленамі. А яны спрабавалі выбіць з мяне хоць нейкую інфармацыю. Гэта працягвалася некалькі гадзін".

Уладзіслаў распавядае, што выбраў пазіцыю казаць, што сцягі здымаў з хуліганскіх памкненняў у стане алкагольнага ап'янення. Ён разумеў, што за палітычны матыў пераслед будзе стражэйшы.

"Але адразу былі паніка і неразуменне, што адбываецца. Пагрозы я ўспрымаў як рэальныя... Я наогул не думаў, што мяне затрымаюць, не быў гатовы да гэтага. Я ўсё рабіў у балаклавах, хаваў твар перад камерамі".

"На Акрэсціна ўсё вельмі сумна і дрэнна"

Уладзіслаў Бегун. Фота spring96.org
Уладзіслаў Бягун. Фота: spring96.org

Пад вечар хлопца даставілі ў РУУС Першамайскага раёна Мінска. Але паводле дакументаў яго затрыманне аформілі толькі а 18-й гадзіне, нягледзячы на тое, што хлопец быў затрыманы яшчэ раніцай. Увесь гэты час яго вазілі па Мінску, дапытвалі, збівалі, білі электрашокерам у непрацэсуальным парадку. У РУУС запрасілі адваката, аднак той адразу заявіў, каб Уладзіслаў адмаўляўся ад яго. Так, на ўвесь тэрмін хлопец застаўся без абароны.

"У РУУС у мяне былі адразу два допыты ў аператыўнікаў. Пры гэтым, мае рукі і ногі прышпільвалі кайданкамі да драўлянага крэсла. У мяне зноў пыталіся, з кім я працую і якія мэты пераследую. Потым мяне павялі да начальніка РУУС, дзе паставілі перад ім на калені. Бо ў мяне пірсінг, мяне называлі "нетрадыцыйнай арыентацыі". Мяне білі флагштокам, каб роўна стаяў на каленях перад начальнікам РУУС. Таксама пагражалі яго засунуць у прычыннае месца".

Хлопец узгадвае, што супрацоўнікі білі так, каб не пакінуць на ягоным целе садні: білі па нагах, а электрашокер ужывалі праз вопратку.

"Мне сказалі, што маўляў магу напісаць заяву аб нанясенні цялесных пашкоджанняў, але да мяне будуць горш ставіцца і на Акрэсціна, і на СІЗА".

Пасля гэтага хлопца адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна ў межах крымінальнай справы.

"На Акрэсціна ўсё было вельмі сумна і дрэнна. Там мяне ўвесь час утрымлівалі ў аднамесным карцары, дзе было яшчэ 6-11 чалавек. Па памерах ён быў каля паўтара на тры метры, таму што калі мы клаліся спаць, то даводзілася падгінаць ногі. Там быў проста бетонны стол без ложка з адкрытай прыбіральняй. Спалі мы па чарзе, бо ўсё роўна кожныя дзве гадзіны нас будзілі нібыта на праверку, каб ніхто не збег, хоць гэта немагчыма".

"Усе на Акрэсціна марылі хутчэй трапіць у СІЗА"

Уладзіслаў Бегун. Фота spring96.org
Уладзіслаў Бягун. Фота: spring96.org

Хлопца кожны дзень вазілі на следчыя дзеянні, дзе ціснулі, каб ён прызнаўся, што ўдзельнічаў у мітынгах у 2020 годзе.

"Хацелі, каб я падпісаў паперы, што перакрываў дарогі. Пры гэтым, паказвалі выпадковыя фота і хацелі, каб я апазнаў у кім-небудзь сябе. Яны рандомна тыкалі пальцамі на чалавека і прасілі падпісацца, што гэта я. Калі адмаўляўся, яны казалі, што сустрэнемся на наступны дзень. З камеры мяне забіралі да сняданка і прывозілі позна ўвечары — каля 23 гадзін або нават у гадзіну ночы. Увесь гэты час мяне не кармілі. Акрамя гэта, забіралі ўсе цёплыя рэчы. Было холадна, голадна, як той казаў... На трэці дзень у мяне пачаў ехаць дах ад недаядання, недасыпання і холаду. Я ўжо не разумеў, што адбываецца. Напэўна, яшчэ б пару дзён — і я б сапраўды падпісаў усё, што яны захочуць, нават пад забойствам бы падпісаўся. Кожны дзень у РУУС мяне трымалі ў "шклянцы". Усе на Акрэсціна марылі хутчэй трапіць у СІЗА, бо там умовы лепшыя.

Усіх палітычных трымалі ў кайданках, туга заціснутых за спінай, і вадзілі "ластаўкай". Памятаю, мяне везлі з РУУС на Акрэсціна з мужчынам, які спытаў, што я такога зрабіў, што мяне вязуць у кайданках. Ён ехаў без кайданкоў і сказаў, што забіў чалавека..."

Пасля Акрэсціна Уладзіслава адправілі ў жодзінскую турму, дзе ён прабыў два месяцы. Там яго паставілі на прафілактычны ўлік, як "схільнага да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці". Там палітвязню не перадавалі медычныя перадачы. Перад судом Уладзіслава перавялі ў СІЗА-1.

"У Жодзіне нас было 12 чалавек у прасторнай камеры, а на "Валадарцы" ў падвальнай камеры — 26. Хадзіць там няма дзе было..." — параўноўвае хлопец.

"Дні да вызвалення я лічыў штохвілінна"

Уладзіслаў Бегун. Фота spring96.org
Уладзіслаў Бягун. Фота: spring96.org

У якасці доказаў віны на судзе выступалі паказанні самога палітвязня, дзе ён у тым ліку агаварыў сябе ў частцы алкагольнага ап'янення, каб спісаць зробленае на хуліганскі матыў, а таксама відэазапіс з камеры відэаназірання і сцяг, які быў у партфелі пры затрыманні Уладзіслава.

"Казаў пра хуліганскі, а не палітычны матыў, таму што не хацеў ехаць на год у лагер, што было цалкам рэальна. Мае сукамернікі былі ў шоку, што мне ўсё ж прызначылі арышт на тры месяцы. Пры іх па маім артыкуле ўсіх адпраўлялі ў калонію. Я першы, каму далі такое пакаранне. Лічу, што ў гэтай гісторыі абышоўся лёгкім спалохам".

З парады сукамернікаў Уладзіслаў не падаваў апеляцыйную скаргу, бо ён амаль адбыў свой тэрмін паводле прысуду і думаў, што на некалькі дзён яго не будуць кудысьці пераводзіць. Аднак сем дзён ён прабыў у арыштным доме пры папраўчай калоніі № 20 у Мазыры. Па словах былога палітвязня, арыштны дом у Мазыры выглядае як ізалятар часовага ўтрымання на тэрыторыі калоніі. Палітвязню там выдалі чорную робу і жоўтую бірку.

"Мяне этапавалі праз гомельскае СІЗА. Арыштны дом — гэта як ІЧУ, толькі крыху лепей. Там нельга было нічога рабіць — нават кніг не было. Кармілі так, што наогул не наядаліся, пастаянна хацелася есці. У мяне быў адзін сукамернік — за некалькі дзён мы з імі абгаварылі ўсе тэмы, якія толькі можна было. Аднойчы я заснуў на стале, абапёршыся на руку. За пару дзён да вызвалення мяне закінулі ў ШІЗА. Але насамрэч умовы не змяніліся — я проста застаўся адзін.

Там карцар сапраўды такі ж, як на Акрэсціна. Апошнія дні былі аднымі з самых цяжкіх за ўвесь час зняволення. Дні да вызвалення я лічыў штохвілінна. Мне выдалі грошы на квіток, пару рублёў на ежу і паказалі, у якім баку горад і прыпынак — і рабі, што хочаш. Я не ведаў, ці сустрэнуць мяне родныя, бо не разумеў, ці дайшоў мой ліст з датай вызвалення. Таму паехаў на вакзал, дзе даведаўся, што да Мінска ўжо нічога не ходзіць... Я не ведаў, што рабіць — і ўбачыў брата на вакзале".

На волю Уладзіслаў выйшаў у жніўні 2023 года. Беларусь ён пакінуў у лютым 2024 года. Перад гэтым яму паставілі забарону на выезд — даведаўся ён гэта перад самым ад'ездам з краіны.

"Я з'ехаў, таму што дома пачаліся нейкія незразумелыя праверкі, хоць я ж адседзеў свой тэрмін, іх не павінна быць. Супрацоўнікі заходзілі ў дом. Пакуль адзін са мной гутарыў у пакоі, другі хадзіў адчыняў і аглядаў шафкі. Думаю, яны маглі ў любы момант мне нешта падкінуць... І я б нічога не змог даказаць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства