"Гэта была аддушына — сустрэць свайго аднадумца", — былыя палітвязні пра этап у адным вагоне
Кожны дзень у Беларусі ў так званых сталыпінскіх вагонах пад канвоем са зброяй і сабакамі этапуюць дзясяткі зняволеных: з ізалятараў часовага ўтрымання — у следчыя ізалятары, са следчых ізалятараў — у калоніі. Іх перавозяць у спецыяльным вагоне, дзе купэ абсталяваны пад камеры: краты замест вокнаў і няма столікаў. Палітвязняў, як правіла, пры гэтым заўсёды перавозяць у кайданках. "Вясна" папрасіла былых палітвязняў Віталя Жука і Вольгу Класкоўскую распавесці пра іх этапы, а таксама пра іх сустрэчу 8 снежня 2021 года, калі яны апынуліся ў суседніх купэ "сталыпіна".
"У нейкі момант Воля заспявала песню «Муры»"
Віталя Жука з Кобрына асудзілі да паўтара года пазбаўлення волі за каментар пра Лукашэнку. 8 снежня яго этапавалі адбываць тэрмін з баранавіцкага СІЗА № 6 у бабруйскую калонію № 2. У той час з брэсцкага СІЗА № 7 па другой крымінальнай справе перавозілі ў Мінск Вольгу Класкоўскую, ужо асуджаную да двух гадоў калоніі. Былыя палітвязні, тады не знаёмыя паміж сабой, цяпер успамінаюць іх сустрэчу:
"Я памятаю, як ехаў у аўтазаку на чыгуначны вакзал, дзе насупраць мяне за кратамі сядзела дзяўчына. Тады прыцягнула маю ўвагу тое, як яна размаўляла. У гэтай металічнай і халоднай скрыні, набітай вязнямі, калі кожны быў пагружаны ў свае думкі, загучаў яе голас — яна загаварыла з кімсьці са зняволеных на прыгожай пяшчотнай меладычнай беларускай мове. Я памятаю, як яна распавядала свайму суразмоўцу пра тое, як з яе здзекаваліся і закрывалі ў штрафным ізалятары (ШІЗА), і цяпер яе вязуць на "раскрутку" новай крымінальнай справы. Я слухаў, як яна распавядала пра тыя жахі, якія яна перажыла, і якім падвяргалі нашых дзяўчат і жанчын. Яна распавядала пра стаўленне да іх і пра тое, у якія ўмовы іх заганялі. Я глядзеў на яе, і мне станавілася крыху сорамна за сябе, бо на той момант я яшчэ ні разу не пабываў у ШІЗА.
Калі нас перагналі ў "сталыпін", то гэтую дзяўчыну пасадзілі ў суседняе купэ. Мы сталі суседзямі. Бачыць я яе ўжо не мог, але выдатна чуў яе голас і беларускую гаворку. Я разумеў, што пабачыцца нам больш не атрымаецца, і разумеў, што гэты момант застанецца ў маёй памяці на ўсё маё астатняе жыццё. Яшчэ я разумеў, што буду шкадаваць, калі не дазнаюся яе імя. Гэтай цудоўнай дзяўчынай апынулася Воля Класкоўская. Мы пазнаёміліся і разгаварыліся. У нашу размову падключыліся двое хлопцаў, асуджаных за абарот наркотыкаў — яны пыталіся, чаго нам не хапала ў гэтым жыцці і навошта мы "выходзілі". Ім цяжка было тлумачыць, што кожны чалавек мае права на свабоду, права на выбар, права на меркаванне, права на волевыяўленне. Для іх усё вымяралася грашыма. Іх вывелі на чарговай станцыі, а мы паехалі далей. У нейкі момант Воля заспявала песню "Муры". Яна спявала вельмі прыгожа, а канваір хадзіў па калідоры, ледзь усміхаўся і не адважваўся перабіваць яе спевы. Мы ехалі і гутарылі, пакуль наш цягнік не спыніўся на той станцыі, дзе ўжо павінна была сыходзіць і Воля. Для мяне гэта быў вельмі сумны момант. Я памятаю, як, не бачачы адзін аднаго, мы развітваліся. "Жыве Беларусь!" — былі яе апошнія словы мне на развітанне. "Жыве вечна!" — адказаў я. Ці ведаў я тады, што праз крыху больш за год я буду зноў з ёй размаўляць, толькі ўжо на волі? Вядома ж не".
"Палітвязні прызвычаіліся, што ў іх бачаць ворагаў народа"
Вольга Класкоўская не памятае Віталя ў аўтазаку, але ўзгадала, што на выхадзе з яго палітвязень паказаў ёй пальцамі знак "Перамогі":
"У "сталыпіне" мы апынуліся разам у суседніх камерах — закратаваных купэ. Паміж намі завязалася размова. Тады гэта была такая аддушына — сустрэць свайго аднадумца, паплечніка, які цябе добра разумее і якога ты таксама добра разумееш. З якім можна было падзяліцца апошнімі навінамі, распавесці пра сябе, выслухаць яго гісторыю".
У былой палітзняволенай было шмат этапаў за два гады зняволення, але гэты яна ўспамінае з цеплынёй. Яна заўважае, што, як пройдзе этап — лёгка ці цяжка — залежыць ад канваіраў.
"Нам тады пашанцавала. Гэта было нечакана для нас, бо палітвязні прызвычаіліся, што ў іх бачаць ворагаў народа, і супрацоўнікі ставяцца да іх прадузята. Канваіры не перашкаджалі нашай размове. Таму і песню "Муры" не страшна было пець. Але я вельмі часта яе спявала і раней: калі знаходзілася ў следчых ізалятарах, у аўтазаках і цягніках. Памятаю, калі я спявала "Муры", то была такая цішыня — усе слухалі. Канваіры не зрабілі ніводнай заўвагі.
Мне было вельмі цяжка развітвацца з Віталём, калі я сыходзіла. На развітанне я сказала: "Жыве Беларусь!", а ён адказаў: "Жыве вечна". На душы сталася так цяжка. За гадзіну такой камунікацыі мы адчулі, што мы сябры. Таму былі пачуццё, што губляю блізкага чалавека. Гэта было цяжкавата".
Вольга распавядае, што яна не ўпершыню спявала ў зняволенні:
"Памятаю, як у Брэсце, калі ў судзе я адмовілася ўставаць на судзе і мяне выдалілі з залі, то мяне пасадзілі ў камеру з празрыстымі дзвярыма, дзе я спявала "Муры", "Пагоню", "Воины Свету" і песні з 90-х N.R.M., "Крамы". Там стаяў міліцыянт і праз гэтыя празрыстыя дзверы ўвесь час, калі я спявала беларускія песні, глядзеў мне ў вочы. У нейкі момант я пачала глядзець яму ў вочы і працягваць спяваць. У яго вачах я ўбачыла слёзы. Ён тады мне таксама ніводнай заўвагі не зрабіў — ён проста глядзеў на мяне з вільготнымі вачыма".
Як успамінае былая палітзняволеная, самым цяжкім этапам быў з жодзінскай турмы на "Валадарку" ў 2020 годзе:
"Гэта быў жах: ноч, вельмі агрэсіўныя канвой і сабакі, мяне штурхалі, была галаледзіца, у мяне было шмат торбаў. Тады крычалі на мяне: "Давай, быстрей, что непонятно!" Тады было ўражанне, што я ў фашысцкім канцлагеры".
"Ужо не асабліва рады, што твае клапатлівыя родныя перадалі табе цёплыя рэчы і прадукты харчавання"
Віталь, які перажыў чатыры этапы, падрабязна ўспамінае свой першы пераезд з ізалятара часовага ўтрымання ў Кобрыне ў следчы ізалятар Баранавіч:
"Ужо ў ІЧУ пачынаеш звыкаць да зацягнутых на запясцях кайданкоў, якія зашчоўкваюць, патрабуючы прасунуць рукі ў "кармушку". Там табе ўпершыню закручваюць рукі "ластаўкай" за спіной. Там цябе трэніруюць выразна і ў любы час сутак называць свой артыкул і прафулік, на які, дарэчы, цябе яшчэ ніхто не ставіў. І вось такім чынам, праходзячы падобны трэнінг, ты непазбежна набліжаешся да моманту, калі паведамляюць, што праз пару гадзін у цябе этап. Ты не ведаеш, што цябе там чакае і каго там сустрэнеш. Спачатку цябе выводзяць з камеры з усімі рэчамі ў пакой для дагляду. Там ты ўсё выкладваеш са сваіх сумак: рэчы і ўсе прадукты. Усё, што змаглі перадаць твае родныя — усё высыпаецца: гарбата, кава, кожную цукерку разгортваюць. Затым распранаешся цалкам і прысядаеш. Потым зноў збіраеш усё ў пакеты: гарбату, каву, цукеркі, якія да канца этапу без абгортак зліпнуцца і ператворацца ў адну агульную масу, скручваеш разматаную туалетную паперу. Пасля гэтага цябе заводзяць назад у камеру і ты чакаеш…
У чарговы раз адкрываецца кармушка, зашчоўкваюцца на запясцях кайданкі, і ты са сваімі торбамі ідзеш на нагах, якія заплятаюцца, праз падвал ІЧУ да аўтазака. Чаму на нагах, якія заплятаюцца? Паспрабуйце звязаць сабе рукі спераду, узяць у іх дзве-тры сумкі і паспрабаваць так ісці. Вы будзеце біцца каленамі аб свае ж сумкі, а праз вагу вы не зможаце іх несці на выцягнутых руках. І вось так вы ідзяце, б'ецеся аб іх каленкамі, спатыкаецеся, а ў спіну крычаць: "Быстрее!" І ты ўжо не асабліва рады, што твае клапатлівыя родныя перадалі табе цёплыя рэчы і прадукты харчавання, праз якія ты зараз ідзеш і спатыкаешся. Цябе наведвае думка, што магчыма гэтыя карнікі зараз, гледзячы на твае пакуты і гэты камічны выгляд, адшпіляць кайданкі, каб ты зэканоміў іх час і хутчэй залез у гэты аўтазак. Але не, бо гэта дастаўляе ім асаблівае задавальненне. Ім падабаецца назіраць за гэтым, падабаецца падганяць і крычаць на цябе. Ім хочацца, каб ты спатыкаўся, а яшчэ лепш — каб упаў. Бо так весялей. І вось аўтазак, у які табе нейкім чынам трэба залезці, бо першая прыступка размяшчаецца досыць высока, і табе трэба паставіць на яе нагу. А ў руках торбы, якія не дазваляюць табе гэтага зрабіць. Ззаду ўсё гэтак жа крычаць: "Быстрее!" Ты спрабуеш паставіць нагу на прыступку і падняць сумкі ўверх, ледзь не над галавой, і разумееш, што вось-вось — і паляціш спіной назад, таму што табе няма за што ўхапіцца рукамі, каб утрымацца падчас гэтага пакутлівага працэсу. І тут вы таксама можаце паэксперыментаваць — усё гэтак жа, са завязанымі рукамі і з торбамі на выцягнутых руках, паспрабуйце забрацца на лесвіцу..."
"Галоўнае — не ўпасці, галоўнае — утрымацца"
Віталь падрабязна ўспамінае, што ў аўтазаку яго з усімі торбамі змясцілі ў маленькі адсек, дзе было нават цяжка развярнуцца:
"Не можаце ўціснуцца з-за сумак? Не хвалюйцеся, бо клапатлівыя карнікі заўсёды вам дапамогуць. Заўсёды штурхнуць вас у спіну і прыціснуць дзвярыма. Вось вы і ўнутры — вакол метал і цемра. Кайданкі ніхто не здымае. І ты ўжо молішся, каб гэта хутчэй спынілася, але ж наша падарожжа толькі пачалося... І вось мы едзем на вакзал майго горада Кобрына. Ехаць прыкладна 15 хвілін. Цёмна і цесна, а на ямах хістае і б'е аб металічныя сценкі. Добра, што ехаць недалёка. На вакзале ты чакаеш свайго цягніка. Вагон у гэтым цягніку называюць "сталыпіным". І не дзіўна, бо ўся цяперашняя карная сістэма каранямі сваімі ідзе як раз-такі ў тыя параўнальна недалёкія сталінскія часы.
Калі цягнік прыбывае, то аўтазак пад'язджае досыць блізка да вагона і табе толькі трэба прабегчы невялікі адрэзак шляху і забрацца ў вагон. Хоць гэты шлях даволі кароткі, для цябе пачынаюцца новыя пакуты. Цяпер жа, зноў ні за што не трымаючыся, зноў з торбамі на выцягнутых руках табе трэба спусціцца па прыступках аўтазака і паспрабаваць не ўпасці, асабліва калі будзеш саскокваць з апошняй прыступкі. Зноў лаянка і трэба спяшацца, падаць нельга, таму што не ведаеш, што з табой будзе. Злева і справа стаяць карнікі, і кожны з іх крычыць: "Давай быстрее!" Ад аўтазака да вагона ўсяго з дзясятак крокаў, але затое якіх... І вось ты перад прыступкамі вагона, і цяпер трэба падняцца па іх – але гэта мы ўжо нядаўна праходзілі. Крыкі працягваюцца – крыкі ў спіну, крыкі і ад тых, хто прымае цябе ў вагоне. Галоўнае — не ўпасці, галоўнае — утрымацца, бо ніхто з іх не падасць табе рукі. Яны здольныя толькі крычаць і радавацца ўбачанаму. І вось ты сяк-так узлез. Першае, што ты бачыш, – гэта доўгі калідор праз увесь вагон, а справа ад цябе шмат камер з металічнымі кратамі. Калідор досыць вузкі. Табе крычаць рухацца наперад па гэтым калідоры да той камеры, у якую ўжо адчыненыя дзверы. І зноў ўціскаешся з гэтымі торбамі праз вузкія дзверы камеры. І вось ты ўжо ўнутры — нарэшце можна выпусціць гэтыя сумкі з рук. З цябе здымаюць кайданкі, але тут жа зашпільваюць новыя, мабыць, тыя неабходна вярнуць тым, хто цябе прывёз".
"Зразумеў, што і кайданкі з мяне не здымуць да канца нашага этапу"
Былы палітвязень падрабязна апісвае купэ для этапу зняволеных: злева і справа знаходзяцца паліцы. Усё як у звычайным вагоне, але няма ні століка, ні акна.
"Здавалася б, што ўжо можна расслабіцца, але не. Прыходзіць старэйшы па званні са сваімі двума падначаленымі і трымае тэчку, мабыць, са суправаджальнымі дакументамі, і ты павінен цалкам прадставіцца – хто ты такі, аж да твайго дакладнага адрасу. Затым яны адкрываюць дзверы, заходзяць унутр, і кажуць, каб ты выкладваў цалкам усе рэчы з сумак і раскладваў на паліцах. Пакутлівая працэдура, бо на руках засталіся кайданкі. Праводзіцца поўны дагляд тваіх прадуктаў і рэчаў. Калі ты паліш, то запалкі ў цябе забіраюць – палітычным забаронена паліць.
Калі яны сыходзяць, то зноў збіраеш усе свае перавернутыя рэчы з зашпіленымі ў кайданкі рукамі. Ты чуеш, што ў суседніх камерах размаўляюць людзі, але ты едзеш адзін. Робяць яны гэта адмыслова – гэта ізаляцыя ад людзей, каб ты ні з кім не камунікаваў. Я ўжо зразумеў, што і кайданкі з мяне не здымуць да канца нашага этапу. Часам цягнік спыняўся на спадарожных станцыях, і ў вагон заводзілі новых людзей. Я ўжо думаў, што буду ехаць да СІЗА адзін, як раптам у камеру да мяне завялі чалавека. Падобны працэс з кайданкамі і надглядам рэчаў паўтарылі і з ім. Я зразумеў, што ён таксама палітычны. Але ён быў падаўлены і негаваркі. Мне нават у нейкі момант здалося, што ён быў збіты – настолькі цяжка яму было стаяць. Калі кантралёры сышлі з камеры, то я пацікавіўся, хто ён і што з ім адбылося. Ён распавёў, што супраць яго ўзбудзілі справу за абразу прадстаўніка ўлады, і ён таксама едзе ў СІЗА. А дрэнна яму ад таго, што ён хворы на COVID-19 і папрасіў трымацца ад яго падалей, і дадаў, што яму цяжка доўга гаварыць. Я яму сказаў, каб клаўся адпачываць. Больш я з ім не размаўляў, а ён ляжаў, перыядычна засынаючы. Я ўжо тады пачаў разумець, што яны робяць падобныя рэчы адмыслова. Яго адправілі на этап, хоць чалавека патрабуецца экстранна шпіталізаваць. І калі з ім нешта здарыцца, то гэта заўсёды можна спісаць на каранавірус. Пасадзілі нас у адну камеру, відавочна ведаючы і разумеючы рызыкі майго заражэння. Ужо тады я пачаў разумець, што для нас – палітычных – усе жахі толькі наперадзе".
Віталь успомніў кантралёра з таго этапу і красамоўную размову з ім:
"Я памятаю яго погляд, калі ён, праходзячы міма, кожны раз з цікаўнасцю глядзеў на мяне. Потым, мабыць, не ўтрымаўшыся, ён пацікавіўся, што я такога зрабіў, што мяне так перавозяць. Я адказаў, што я падазраюся ў абразе і абвінавачванні Лукашэнкі ў асабліва цяжкіх злачынствах, і што так мяне перавозяць нягледзячы на тое, што гэта яшчэ не даказана і суд нада мной яшчэ не адбыўся. Ён відавочна і непрытворна быў здзіўлены. Мы разгаварыліся з ім, і я памятаю, як ён з упэўненасцю мне даводзіў, што калі б яны не задушылі тады мітынгі, то ў нас было б як на "Майдане" ва Украіне. І што душылі яны як раз такі для міру ў краіне, а не для падтрымання лукашэнкаўскага рэжыму. Я задаваў яму пытанні, наколькі моцна яны пацярпелі ад стужачак і балонікаў, і калі б рэжым Лукашэнкі паў, то для чаго нам патрэбны быў бы такі майдан? Бо калі сілавікі ў Кобрыне 9 жніўня 2020 года апусцілі шчыты, то на іх ніхто не нападаў і не збіваў, людзі крычалі ім: "Малайцы!", апладзіравалі і ціснулі ім рукі. Ён не знайшоў, што адказаць, а толькі задаў пытанне: "Ну а хто, калі не ён?""
"Адказ просты: бо ты палітвязень"
Так Віталь праехаў каля 160 кіламетраў з Кобрына ў Баранавічы:
"Так мы прыехалі ў Баранавічы. І ўсе зноў паўтараецца: сумкі на выцягнутых руках у кайданках, вузкія дзвярныя праёмы, высокія прыступкі вагона і аўтазака, канваіры, якія ўсміхаюцца, брэх сабак, ногі, якія заплятаюцца, крыкі: "Быстрей!" Зноў такі ж аўтазак з маленькім адсекам, глухія жалезныя дзверы і цемра. Зноў цябе вязуць, але ўжо даўжэй. Зноў аўтазак хістаецца на ямах і цябе б'е аб металічныя сценкі. Зноў цябе наведвае думка: "Калі ж гэта ўсё скончыцца?”
Наўпрост з аўтазака цябе заганяюць у памяшканне, дзе праз калідор заводзяць у невялікі пакой, так званы адстойнік, памерам прыкладна тры на тры метры (часам больш). Яго могуць запоўніць людзьмі ў колькасці 30-40 чалавек – у залежнасці ад этапу. Ты стаіш ушчыльную адзін да аднаго, і пашанцавала тым, хто трапляе туды апошнім – тады ёсць шанец стаць каля дзвярэй і праз вентыляцыйную шчыліну знізу атрымаць глыток свежага паветра. Я памятаю, як людзі не ўлазілі ў гэты бокс, і канваіры іх проста запіхвалі. Гэта было падобна на цісканіну. Так можна было прастаяць некалькі гадзін. Ні прысесці, ні павярнуцца, ні папрасіцца ў туалет. Халоднае памяшканне хутка награвалася ад колькасці людзей. Паветра моцна не хапала. Пры гэтым, палітычныя заўсёды былі ў кайданках. Праз некаторы час адчынялі дзверы і па прозвішчы выклікалі чалавека і адводзілі на "шмон" – чарговы дагляд рэчаў.
У пакоі, дзе сядзіць некалькі супрацоўнікаў СІЗА, стаяць розныя сканеры, праз якія трэба прайсці самому і прасканаваць сумкі. Але ўсё роўна кантралёр кажа, каб ты дастаў усё з сумак і распранаўся дагала. Усё, як і ў ІЧУ. І зноў ты спрабуеш скласці ўсё ў сумкі, але ўжо не скручваючы рулоны туалетнай паперы, а проста запіхваючы іх. Пасля гэтага нас перавялі ў так званую "этапку", дзе мы павінны былі чакаць размеркавання па камерах. Гэта пракуранае і абсалютна не вентыляванае памяшканне, жудасна бруднае. Там людзі знаходзяцца па некалькі гадзін. І вось калі пачынаецца размеркаванне па камерах, і, здавалася б, што мае пакуты хоць на нейкі час скончыліся, то мяне павялі не ў камеру, а зноў на дагляд. Зноў праходзіць працэдуру з распрананнем і выкладваннем рэчаў. Чаму? Навошта? Адказ просты: бо ты палітвязень. І толькі пасля гэтай паўторнай працэдуры мяне вядуць у камеру – туды, дзе ёсць хоць трохі цішыні і спакою, дзе, магчыма, ёсць такія ж, як і ты".
Чытаць гісторыі палітвязняў:
"Адміністрацыя калоніі ламае тое, што не змаглі зламаць у ІЧУ ці СІЗА", — вялікае інтэрв'ю з экс-палітвязнем бабруйскай калоніі
"Усё зроблена, каб паралізаваць тваю волю", — былая палітзняволеная Вольга Класкоўская