viasna on patreon

"Адміністрацыя калоніі ламае тое, што не змаглі зламаць у ІЧУ ці СІЗА", — вялікае інтэрв'ю з экс-палітвязнем бабруйскай калоніі  

2023 2023-01-11T13:18:01+0300 2023-01-13T10:00:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhuk_8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шматдзетнага бацьку з Кобрына Віталя Жука асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі за каментар пра Лукашэнку і накіравалі адбываць пакаранне ў бабруйскую калонію № 2. Палітвязня ў чэрвені 2022 года двойчы змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА), зрабілі "злосным парушальнікам рэжыму", а потым на пяць месяцаў — да канца тэрміну — адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Калі Віталя ўтрымлівалі ў калоніі, да ягонай жонкі некалькі разоў прыходзілі з вобшукамі. Мужчына цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня выйшаў на волю. Ён з сям'ёй пакінуў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Чаму амаль усе зняволеныя калоніі — злосныя парушальнікі рэжыму, як абвяшчэнне амністыі паўплывала на запаўненне штрафных ізалятараў, у чым адрозненне жоўтай біркі і жоўтага трохкутніка на форме зняволеных, што змянілася ў калоніі з пачаткам поўнамаштабнай вайны, паводле якіх прыкметаў адміністрацыя калоніі дзеліць палітвязняў і на што гэта ўплывае? Былы палітвязень Віталь Жук распавёў "Вясне" пра гэта і шмат што іншае, што яму давялося перажыць у зняволенні.

Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя
Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя

"Супрацоўнікі разумеюць, што пры змене ўлады яны панясуць адказнасць"

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у бабруйскай калоніі № 2 цяпер утрымліваецца 97 палітвязняў. Але, як адзначае Віталь, паводле яго падлікаў там знаходзіцца каля 150 асуджаных па палітычных матывах — шмат хто баіцца паведамляць пра пераслед. Сваякі шматлікіх палітвязняў адзначаюць, што ўмовы для іх робяцца больш жорсткімі. Гэта сапраўды так, але пры гэтым, на думку Віталя, цяпер адміністрацыя калоніі баіцца рабіць якія-небудзь радыкальныя захады ў адносінах да асуджаных паводле палітычных матываў. 

"Магчыма, гэта звычайны страх перад адказнасцю. Супрацоўнікі адміністрацыі калоніі атрымліваюць пэўныя загады з Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП), адміністрацыі Лукашэнкі, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і іншых ведамстваў. Я думаю, што адміністрацыя бабруйскай калоніі — не ведаю, як у іншых — бачыць, што адбываецца ў краіне, гэтую ўсю абвостраную сітуацыю, і пабойваецца, нават калі сама хоча "жасціць". Супрацоўнікі ж бачаць, што ўсё можа змяніцца, таму што ў нас у краіне ўсё нестабільна, і разумеюць, што пры зрынанні рэжыму і змене ўлады яны панясуць крымінальную адказнасць. Акрамя гэтага, ад сваякоў, якія цяпер у жахлівым напружанні, можа пачацца элементарная помста. Яны гэта ўсё цудоўна разумеюць, таму на цяперашні момант асцерагаюцца. Але яны ідуць на хітрасці: спрабуюць зрабіць штосьці з палітвязнямі рукамі зняволеных, асуджаных паводле іншых крымінальных артыкулаў. Паказваючы палітвязням, што кіраўніцтва нібыта ні пры чым, і шкадуюць, што так адбываецца з намі, настройваюць іншых зняволеных супраць палітвязняў. Зняволеныя, якія сядзяць па пяць-дзесяць і больш гадоў, не ведалі, што адбываецца ў нас у Беларусі цяпер, таму што там поўны інфармацыйны вакуум. Так, звычайныя крымінальнікі, не ведаючы ўсёй палітычнай сітуацыі, з указкі штаба пачынаюць правакаваць нас на сваркі, скандалы, сутычкі. На гэта, вядома, рэагуе адміністрацыя і патрабуе тлумачальныя ў бакоў канфлікту. Віна ў выніку заўсёды скідваецца на палітвязня — яму выпісваюць парушэнні ў ШІЗА і ПКТ. Адміністрацыя працуе такімі метадамі". 

"Нас пачалі вадзіць у клуб на прагляды дакументальнай хронікі пра Трэці рэйх і фашыстаў" 

Паводле Віталя Жука, сітуацыя ў калоніі пагоршылася з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Акрамя кантролю за зняволенымі, з'явіліся дадатковыя прафілактычныя мерапрыемствы. Уваходная карэспандэнцыя, за выключэннем лістоў ад блізкіх сваякоў, у бабруйскай калоніі была спыненая ўжо ў сярэдзіне лютага — яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

"Але нам было вядома, што ў іншых калоніях зняволеныя атрымлівалі ўваходную карэспандэнцыю. І я думаю, што гэта той выпадак, калі адміністрацыя асабіста прымае рашэнні без аніякіх загадаў. Мы маглі атрымліваць лісты толькі ад сваякоў, ад чужых людзей — не. І гэта правіла было не для ўсіх зняволеных, а толькі для палітычных.

Натуральна, мы не верылі ў тое, што казалі на гэтых прапагандысцкіх нацыянальных каналах. Мы збіраліся з палітычнымі маленькімі гурткамі і абмяркоўвалі навіны ва Украіне. І калі адміністрацыя пабачыла, што мы збіраемся разам і размаўляем са звычайнымі зняволенымі, то ўгледзелі ў гэтым пэўную пагрозу іх рэжымнаму аб'екту.

Калі ты не маўчыш, адстойваеш сваю пазіцыю, размаўляеш з іншымі зняволенымі на палітычныя тэмы ці пра падзеі 2020 года, то адміністрацыя робіць больш жорсткім сваё стаўленне да цябе — палітвязняў адпраўляюць у ШІЗА і ПКТ. У атрадзе пачынаюцца ўяўныя праверкі, за якія выпісваюць парушэнні з надуманых прычынаў: праверкі тумбачак, спальнага месца, праверкі вопісаў асабістых рэчаў у сумках, якасць прыборкі і г. д.

Ад пачатку вайны, мабыць, згодна з распараджэннем ДВП, нас пачалі вадзіць на прагляды тэлеперадач. Гэта было абавязковымі мерапрыемствамі. Нас вадзілі на прагляды праграм расійскіх прапагандыстаў: Салаўёва, Скабеевай — і Азаронка. Таксама нас пачалі вадзіць у клуб на прагляды дакументальнай хронікі пра Трэці рэйх, фашыстаў і на падобную тэматыку.

У такія моманты цяжка раздзяліць: гэта "жасціць" адміністрацыя ці ў яе лаяльнае стаўленне. Трэба разумець, што адміністрацыя калоніі — частка дзейснай улады. І калі ты дагэтуль застаўся ў гэтай сістэме, працягваеш працаваць і прымаеш усе гэтыя ўмовы, зранку надзяеш форму і выконваеш незаконныя загады, то тут няма апраўданняў і быць не можа".

Як распавядае Віталь, адміністрацыя пасля бунту ў калоніі ў 2020 годзе вельмі баіцца, калі збіраюцца разам больш за два палітвязні.

"Пасля гэтых падзей адміністрацыя вельмі баялася палітычных. І калі туды пачалі звозіць палітвязняў, а тыя яшчэ і пачалі гуртавацца, то гэта іх уводзіла ў ступар, а часам — у шаленства".

"Да тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у мітынгах, стаўленне на некалькі этапаў горшае"

Былы палітвязень адзначае, што адміністрацыя ў калоніі дзеліць зняволеных на групы паводле розных прыкметаў — гэта ўплывае на стаўленне да іх.

"Адміністрацыя ўсё ж дзеліць людзей. Стаўленне да ўсіх дрэннае, але самае жудаснае да тых, хто сябе жорстка праявіў падчас пратэстаў, і знакамітых людзей. Таксама адміністрацыя дзеліць палітвязняў на пратэстоўцаў і каментатараў — стаўленне да гэтых людзей таксама рознае. Да тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у мітынгах, стаўленне на некалькі этапаў горшае. Таксама ў адміністрацыі негатыўнае стаўленне да тых, у каго былі сутычкі з АМАПам, ГУБАЗам, міліцыянтамі і іншымі сілавікамі.

Але горш за ўсё, калі ў калонію заязджае нашумелы палітвязень, як, напрыклад, Дзмітрый Папоў паводле "справы Ціханоўскага". Адміністрацыя адразу перавяла яго да людзей, як яны іх саміх называюць, нізкага сацыяльнага статусу — да "пеўняў" і "пакрыўджаных". Нават паводле турэмных паняццяў гэта бясчынства. Так нельга рабіць, але яны гэта зрабілі. Ці на Андрэя Новікава — валанцёра Ціханоўскай — быў моцны прэсінг. Яго адразу прыбралі ў ПКТ, у камеру з відэаназіраннем — за ім увесь час назіралі. Адносіны да яго было вельмі негатыўнымі.

Думаю, што такія няроўныя адносіны і ёсць загад з Дэпартамента выканання пакаранняў: да гэтых праяўляйце найболей жорсткае стаўленне, а на гэтых не зважайце. Да першых, акрамя тых, каго назваў, таксама адносяцца знакамітыя дзеячы і тыя, хто засвяціўся з Ціханоўскім, фігуранты гучных спраў, напрыклад, за падрыхтоўку падпалаў мінскіх "Табакерак". Да другіх — каментатары.

Калі заязджаеш у калонію, то праходзіш карантын, дзе ўжо стаўленне не да ўсіх аднолькавае — да палітвязняў яно на парадак горшае, чым да асуджаных паводле іншых крымінальных артыкулаў. А пасля карантыну выклікаюць у штаб, дзе "апера" гутараць з табой, малююць нейкую карціну чалавека, з якой разумеюць, што ты за чалавек, ці пойдзеш ты на саступкі або будзеш стаяць на сваім".

"Выглядае гэта на тэрыторыі рэжымнай установы дакладна як і ўсё ў нашай краіне — улада не можа памыляцца" 

Паводле Віталя, у папраўчай калоніі № 2 з усіх палітвязняў робяць злосных парушальнікаў рэжыму — так званых "злоснікаў". На гэта адміністрацыі патрабуецца мінімум — тыдзень, максімум — паўгода. Гэта робіцца дзеля таго, каб не выпускаць людзей па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, каб не было замены рэжымаў на мякчэйшыя і, вядома, каб не падпасці пад амністыю. Згодна са снежаньскім Законам "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства", не падпадаюць пад амністыю злосныя парушальнікі парадку падчас адбывання пакарання.

"Усе палітвязні ў калоніі № 2 з'яўляюцца "злоснымі парушальнікамі рэжыму". Наогул, калі браць усю зону, то не "злоснікі" — гэта заггасы і днявальныя, памочнікі днявальных, зняволеныя, якія атрымліваюць нейкія ўнутраныя пасады, і тыя, якія заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй. Гэта тыя людзі, у якіх ёсць шанец на амністыю і на датэрміновае вызваленне.

Бабруйская калонія — так званая чырвоная зона: гэта значыць, там няма практычна старых турэмных паняццяў і законаў. Існуе толькі закон мянтоў і адміністрацыі, таму сама адміністрацыя прыдумляе правілы, паводле якіх ты будзеш жыць там. І адно з іх і самае галоўнае для адміністрацыі — гэта супрацоўніцтва. На тэрыторыі зоны ўжо няма ніякіх "сматрашчых", як гэта было раней. Іх функцыі цяпер выконваюць заггасы і днявальныя — гэта людзі, як правіла, з вялікімі тэрмінамі, таму што на такіх людзей лягчэй за ўсё націснуць спатканнямі, пасылкамі, званкамі, парушэннямі. Там выбудавана такая ментаўская сістэма. Зняволеныя, адчуўшы смак гэтых роляў, выконваюць усё з неверагодным азартам. Часцяком іх дзеянні мне нагадвалі дзеянні паліцаяў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў часова акупаваных раёнах. Цяжка перадаць іх азарт, з якім яны гэта ўсё рабілі. Часцяком нават падобныя зняволеныя самі даюць мянтам ілжывую інфармацыю супраць палітычных, атрымліваючы за гэта пэўныя заахвочванні. Кіраўніцтва не разбіраецца, дзе праўда, а дзе хлусня, асабліва калі гэта звязана з палітвязнямі. Выглядае гэта на тэрыторыі рэжымнай установы дакладна як і ўсё ў нашай краіне — улада не можа памыляцца. А дзеянні зняволеных нагадваюць дзеянні сталіністаў у 1930-я гады, калі для асабістай і карыслівай выгады бегалі ў НКУС з ілжывымі даносамі. Нічога не змянілася.

"Калі робішся злосным парушальнікам, то з цябе паказальна зрываюць гэты трохкутнік"

Злосны парушальнік — гэта першы крок для адпраўкі зняволенага ў памяшканне камернага тыпу. У штрафны ізалятар наогул могуць адправіць і за адно парушэнне. Але калі ў цябе тры ці больш парушэнняў, то ты робішся "злосным парушальнікам".

Як толькі ты заязджаеш у такія рэжымныя ўстановы, то з табой праводзяцца гутаркі з удзелам начальніка ці яго намесніка, "апероў". Потым цябе размяркоўваюць у атрад, а пасля запісваюць у секцыю. Напрыклад, у секцыю аховы працы ці ў секцыю ўнутранага парадку. Табе выдаюць трохкутнік з пазначэннем адпаведнай секцыі, напрыклад "СБД" — "секция быта и досуга". Гэты трохкутнік ты павінен нашыць на форму. У чым іх сэнс? Ды ніхто не ведае насамрэч, у чым іх сэнс. Гэта абсурд, прыдуманы самай адміністрацыяй. Уваходзячы ў любую з гэтых секцый, гэта азначае, што ты падпісваеш паперы і абавязваешся выконваць унутраныя правілы. Па факце гэта нагода пры аказіі навешаць на цябе яшчэ больш парушэнняў. Бо як яны потым любяць казаць: "Вы парушылі, вы вінаватыя, бо вы ж самі падпісалі пагадненне". Але і не падпісваць абавязальніцтва аб уваходжанні ў секцыі можа азначаць, што ты тады адразу з карантыну паедзеш у ШІЗА, далей — у ПКТ, ну а потым, магчыма, атрымаеш і дадатак да тэрміна па артыкуле 411 КК як злосны парушальнік.

Калі ты робішся злосным парушальнікам, то з цябе паказальна зрываюць гэты трохкутнік, каб усе бачылі, што ты не варты знаходзіцца ў гэтай секцыі. І па калоніі ты ходзіш без гэтага трохкутніка — усе разумеюць, што ты з'яўляешся "злоснікам". Такая гульня на публіку і запалохванне іншых зняволеных. Ты ўжо ходзіш па атрадзе без трохкутніка з пазначэннем секцыі і ў чаканні яшчэ аднаго парушэння і адпраўкі ў ПКТ. Акрамя гэтага, такіх зняволеных абмяжоўваюць у спатканнях, пасылках, то бок максімальна адсякаюць ад тваіх родных, адзіная сувязь з домам — лісты. Дарэчы, з нядаўняга часу гэтыя нарукаўныя трохкутнікі зрабілі жоўтага колеру, як і біркі, якія ты носіш на грудзях. І палітычныя жартуюць, што калі нашыць адзін трохкутнік на іншы, то атрымаецца зорка Давіда. Нічога не нагадвае? Той, хто любяць так шмат успамінаць пра шматпакутны беларускі народ, нястомна кажа пра Хатынь, нагадвае нам пра зверствы фашыстаў — сам зладзіў і разгарнуў на нашай зямлі сетку падобных лагераў.

Палітзняволены Андрэй Маслаў у ПК № 22. На ягоным рукаве жоўты трохкутнік "злоснага парушальніка рэжыму". Скрыншот з дзяржаўнага ТБ
Палітзняволены Сяргей Вайцюк у ПК № 22. На ягоным рукаве жоўты трохкутнік "злоснага парушальніка рэжыму". Скрыншот з дзяржаўнага ТБ

Ад пачатку абвяшчэння амністыі штрафныя ізалятары пачалі запаўняць зняволенымі. Але гэта датычыла не толькі палітвязняў — гэта датычыла ўсіх. Калі адміністрацыя не хоча адпускаць чалавека, то яны яго і не адпусцяць, нават калі няма парушэнняў, пазоваў, штрафаў".

"Як бы ідэальна ні быў складзены вопіс — будзь гатовы ехаць у ШІЗА"

Але, як адзначае былы палітвязень, дакладнай і вызначанай сістэмы адпраўлення ў ПКТ няма:

"Мяне, напрыклад, прыбралі вельмі хутка — хапіла пары парушэнняў. У некаторых 10-15 парушэнняў і іх не адпраўляюць у ПКТ. Часам гэта робіцца паводле рашэння самой адміністрацыі, а часам — паводле загаду з ДВП.

Ёсць вызначаны графік, які ты павінен выконваць. У пэўныя гадзіны ты павінен рабіць прыборку, незалежна ад часу адбою. Цябе павядуць у нарад у сталоўку, якую ты да першай ночы будзеш выдрайваць. Я думаю, што гэта парушэнне, калі зняволены пасля адбою — а 22-й гадзіне — не на сваім спальным месцы, а займаецца прыборкай да паловы ночы. Калі ты не ідзеш на прагляд тэлеперадач ці ў клуб, напрыклад, то на цябе адразу вешаецца парушэнне. На зняволенага складаецца акт, у яго бярэцца тлумачальная і яму выпісваюць парушэнні". 

Парушэнні выпісваюцца з любых надуманых прычынаў: ад размоваў да адмовы ад прыборкі, кажа Віталь. Галоўнае тут — толькі жаданне адміністрацыі націснуць на цябе. 

"Нагодаў для парушэння ў калоніі — велізарная колькасць. Яны выпісваюцца за размовы ў страі, за курэнне ў неналежным месцы, за тое, што падняўся ў сталоўцы і пайшоў кудысьці, калі ў асабістых рэчах у пакоі захоўвання асабістых рэчаў (ПЗАР) захоўваюцца рэчы не згодна з тваім вопісам. Часта даходзіла да абсурду: напрыклад, калі я прыехаў у калонію, то ў мяне былі з сабой ватныя палачкі для вушэй — мне сказалі пазначыць у вопісу іх колькасць у штуках, а не пакунак. Расказвалі, што былі моманты, калі людзі пазначалі колькасць пачак запалак у сваім вопісу, але супрацоўнікі калоніі вешалі парушэнні за тое, што яны не пазначалі колькасць запалак у кожным пачку. Нам часта іншыя асуджаныя казалі: "Вы ж палітычныя. Да вас яны так ставіліся толькі да асуджаных паводле артыкулу 328 ("незаконны абарот наркатычных сродкаў"). Як бы ідэальна ні быў складзены вопіс — будзь гатовы ехаць у ШІЗА". Мне неяк хацелі выпісаць парушэнні за захоўванне ў сумках у ПЗАР некалькі акуратна складзеных поліэтыленавых пакетаў".

"У ШІЗА першапачаткова створаны такія ўмовы, каб на цябе гэта ўся ціснула"

Былы палітзняволены, які сам прайшоў праз 15 сутак у ШІЗА і пяць месяцаў у ПКТ, распавядае, што яму выпала перажыць там, як яны ўладкаваныя знутры, і як выбудавана карная сістэма ў калоніі:

"Камеры ў ШІЗА розныя: ад двух- да шасцімесных. Але, як правіла, палітвязняў трымаюць па адным. Калі яны хочуць "пажасціць", то могуць зачыняць у камеры з пенсіянерамі, з правакатарамі і неадэкватнымі людзьмі: агрэсіўнымі, з няўстойлівай псіхікай. У ШІЗА мяне пасадзілі адразу з двума пенсіянерамі. Складана было знаходзіцца з імі ў адной камеры: у іх былі праблемы з гігіенай. У аднаго з іх быў разлад псіхікі — ён начамі бегаў па камеры і спускаў з сябе штаны. Другі пенсіянер памёр праз месяц у атрадзе. А ўжо калі я быў у ПКТ, то амаль пад канец майго тэрміна пасадзілі чалавека 1944 года нараджэння — ён быў надзвычай цяжкі. З прычыны свайго веку ён ужо дрэнна цяміў, што адбываецца.

Умовы ў кожнай камеры аднолькавыя ў вялікай ступені — яны адрозніваюцца толькі памерамі. Быццам бы нават ёсць камеры-адзіночкі. На ПКТ, як і ў ШІЗА, камеры бываюць сырымі і халоднымі, ці проста халоднымі. Там размешчаныя толькі лаўка, стол, умывальнік, туалет і некалькі металічных паліц. У некаторых камерах лаўка і стол — цалкам жалезныя, і высядзець доўга на такіх лаўках папросту немагчыма, асабліва калі і ў камеры холадна. А нармальна там толькі ўлетку і ўвесну, з надыходам халадоў ацяпленне падтрымліваецца на мінімуме, каб прыносіць зняволеным псіхалагічную і фізічную шкоду. У такіх умовах ні ляжаць, ні сядзець немагчыма. Ты ходзіш у камеры, прысядаеш, адціскаешся або гадзінамі стаіш каля цёплай трубы, саграваючы хаця б рукі. Увечары адзіная думка і мара — каб табе хутчэй далі матрац, на якім можна легчы і заснуць. Ты выматаны фізічна і маральна.

У ШІЗА ў цябе могуць быць толькі туалетная папера, ручнік, зубная шчотка і паста, кавалак мыла. Знаходзячыся ў жылой зоне, акрамя верхняга турэмнага касцюма, ты пад нізам можаш насіць свой спартовы. Але нават пры паступленні ў ШІЗА, нягледзячы на холад, яны прымушаюць здымаць спартовы касцюм. І нават свой турэмны ты не можаш пакінуць пры сабе. Яны выдаюць табе іншы баваўняны касцюм з пазнакай "ШІЗА". Больш у цябе нічога не павінна быць. Цэлы дзень ты там нічога не робіш — сядзіш і ходзіш у гэтым маленькім памяшканні. Ты не маеш ні кнігі, ні паперы — усяго ты пазбаўлены. І тут ёсць цікавы момант: нават паводле правіл унутранага распарадку (ПУР) адміністрацыя не можа перашкаджаць аніякім тваім рэлігійным перакананням, але калі ты ў ШІЗА — не прапускаюць біблію ці каран. Вось так іх жа закон пярэчыць сам сабе. То бок у ШІЗА першапачаткова стварылі такія ўмовы, каб на цябе гэта ўсё ціснула. Усё там робіцца дзеля таго, каб стварыць псіхалагічную ломку і дыскамфорт. Такая карная сістэма ў нашай краіне існавала заўсёды — яна не прыйшла цяпер са з'яўленнем такой колькасці палітвязняў.

Калі ты знаходзішся ў ШІЗА, то там табе таксама выпісваюцца парушэнні. Лёг на падлогу, няправільна прадставіўся на праверцы, штосьці пераблытаў, не прыбраў у час камеру — усё гэта парушэнні. Людзі, якія заязджаюць на 5-10 сутак, у выніку могуць выехаць з ШІЗА толькі праз 50-200 дзён. І ў такіх умовах яны могуць пражываць некалькі месяцаў, паўгода, год. Пры сабе ў цябе толькі цюбік пасты, зубная шчотка, кавалак мыла. Гэты час у ШІЗА ты не можаш чытаць, атрымліваць і пісаць лісты. Ты цалкам знаходзішся сам-насам з самім сабой. Калі цябе садзяць з кімсьці ў ШІЗА, то гэта робіцца толькі з пэўнай мэтай. Напрыклад, могуць пасадзіць з "качкай" — чалавекам, які будзе ўсё выведваць, каб раскруціць на яшчэ адзін крымінальны артыкул. Ці з неадэкватным чалавекам, які наогул незразумела чаму ўтрымліваецца ў такой рэжымнай установе, бо яны павінны знаходзіцца ў псіхіятрычных лякарнях.

"Ламаеш галаву, што самага пажыўнага і вітамінізаванага можна ўключыць у спіс на атаварку" 

Калі ў цябе досыць парушэнняў, каб прызнаць "злоснікам", то з ШІЗА нават могуць ужо не выпускаць у жылую зону, а адразу пераводзяць у ПКТ. Там у цябе ўжо з'яўляецца доступ да карэспандэнцыі і бібліятэкі. Там дазволена захоўваць трошкі асабістых фатаграфій, пісьмовыя прылады, а таксама кубак і кіпяцільнік. А пятай раніцы з ПКТ выводзяць на прагулку у дворык памерам, як і твая камера, на 10-20 хвілінаў. Раз на паўгода там прадугледжана адна бандэроль да двух кілаграмаў. Але не ўсе прадукты адтуль могуць аддаць — некаторыя перадаюць у рэжымны аддзел, які вырашае, аддаць табе іх ці не. Калі яны вырашаюць не аддаваць, то перадаюць гэтыя прадукты начальніку атрада, каб ён паклаў іх у твае асабістыя рэчы, якія аддаюць пасля вызвалення. Напрыклад, мая жонка, акрамя кавы і гарбаты, паклала мне прыправы. Але іх мне не аддалі. Я пытаюся: "Чаму?" Яны на мяне глядзяць і адказваюць: "Не належыць". Але чаму не належаць прыправы — ніхто не тлумачыць.

У ШІЗА і на ПКТ кормяць аднолькава тры разы на дзень. Яшчэ адно адрозненне ад ПКТ — гэта тое, што з ШІЗА не выпускаюць на прагулкі: ты сядзіш у зачыненым памяшканні ўсе 24 гадзіны на суткі. Харчаванне там складана назваць нават убогім — настолькі яно абмежаванае ў вітамінах. Пачуццё голаду пасля прыёму ежы прыходзіць ужо праз 1,5-2 гадзіны. Ежа там абсалютна не сытная і выглядае вельмі дзіўна. Нам казалі, што ежу даюць пратэрмінаваную, яна ляжыць на складах з 1990-х гадоў — гэта ўсё звозіцца на зону. Былі дзівосныя моманты, калі людзям давалі пяльмені ў сталоўцы ці ў ПКТ. Пра такое нават марыць нельга там, але вельмі пужаў іх вонкавы выгляд: яны былі шэрага колеру са спецыфічным пахам. Лепш за ўсё там, калі даюць кашы на вадзе. Порцыі невялікія. Але страшна, калі ў гэтыя кашы штосьці дадаюць накшталт мяса — штосьці незразумелага колеру і смаку.

Адміністрацыя максімальна абмяжоўвае пасылкі, у цябе няма доступу да нармальнага харчавання і вітамінаў. Застаецца толькі атаварка. Вызначаны ліміт на суму адна базавая велічыня. Але з такімі цэнамі, як сёння, там немагчыма нічога набыць. Два дні ты ходзіш і ламаеш галаву, што самага пажыўнага і вітамінізаванага можна ўключыць у спіс на атаварку. Пры гэтым цябе не знаёмяць з асартыментам і цэнамі ў краме — ты не ведаеш, што там ёсць і чаго няма. Зусім і ніяк. І гэты спіс ты складаеш наўздагад. Начальнік атрада ідзе са спісам у краму і набірае табе на суму 36 рублёў. Калі чагосьці няма ў наяўнасці, то ён не возьме штосьці іншае на сваё меркаванне і на тую ж суму. І так можа выявіцца, што ён закупіць толькі на суму 20 рублёў. І трэба гэтыя прадукты расцягнуць на цэлы месяц да наступнай крамы. Натуральна, гэта нерэальна. Галоўным чынам, зняволеныя набіраюць гарбату і каву — тое, чым можна сагрэцца ў халодныя дні. Калі ў цябе былі прадукты ў жылой зоне, то ў ПКТ іх нельга з сабой забраць. Гэта парадокс! А прадукты хлопцаў, якіх пераводзяць у ПКТ, застаюцца заггасам і днявальным. Гэта ўсё зроблена адмыслова".

"Усе хлопцы, якія праходзяць ШІЗА і ПКТ, маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе"

Віталь Жук. Фота з асабістага архіву героя
Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя

Умовы ў камерах у ПКТ, у якіх былы палітвязень правёў пяць месяцаў, Віталь параўноўвае са сталінскімі часамі:

"Раней была такая рэч — адно з улюбёных катаванняў бальшавікоў — катаванне холадам. Гэта ўсё засталося па сённяшні дзень. Усім тым, што было прыдумана ў тыя страшныя часы, у рэжымных установах кіруюцца і сёння. На ПКТ сядзяць не толькі палітзняволеныя, а ўсе. На ПКТ ёсць дзве самыя халодныя камеры. І я быў у адной з іх. У калоніі без ведама начальніка нічога не робіцца — значыць, гэта было паводле ягонага загаду. З надыходам халадоў я не мог ляжаць на падлозе, таму што вельмі цягнула з-пад дошак, быў скразняк. Я сядзеў і хадзіў цэлымі днямі. Труба з ацяпленнем у маёй камеры была пасярэдзіне сцены, а не знізу, як у іншых камерах. Калі ўключылі ацяпленне, то я значную частку часу праводзіў трымаючыся за гэтую батарэю. Я проста стаяў у камеры і дзвюма рукамі трымаўся за трубу, часам клаў на яе галаву. І так мог прастаяць да дзвюх гадзін. Але і ацяпленне моцна не ратавала ад холаду, таму што яго трымалі на мінімуме. Калі пачаліся дажджы, сырое надвор'е (канец кастрычніка), то першае, што я ўбачыў, — што мая сцяна пачала змакаць знутры. З прыходам халадоў і дажджоў у верасні сцяна змакрэла ўверх ад плінтуса дзесьці на 10 сантыметраў, а ў снежні ўжо дайшла да ўзроўня стала, прыкладна на метр ад падлогі. У верасні на столі каля гэтай жа сцены з'явіліся першыя прыкметы цвілі. А ў снежні на столі гэта ўжо была суцэльная паласа грыбка ўздоўж усёй гэтай сцяны. Ад кута да кута і шырынёй у 15 сантыметраў. На столі ўтварыўся кандэнсат, які, калі збіраўся, пачынаў крапаць на галаву. І я ўсім гэтым усім дыхаў. Любыя скаргі цалкам ігнараваліся. У ПКТ таксама не належыць мець целагрэйку. Там ты знаходзішся ў сваім спартовым касцюме і надзетым наверх баваўняным касцюме. Але і гэта не ратуе. Іншыя камеры былі не такія сырыя, але халодныя былі ўсе.

У ПКТ заўсёды грае радыё. Яго ўключаюць а пятай раніцы і выключаюць падчас адбою. Назаўжды застанецца ў памяці выпадак, калі, знаходзячыся ў ПКТ, я стаяў і калаціўся ад холаду, трымаючыся за трубу рукамі ў спробе хоць неяк сагрэцца, а ў гэты момант у навінах дыктар вяшчаў, што "наша" — не хачу называць нашай — улада абураная дзеяннямі Еўрасаюза ў адносінах да беларускіх улад. Бо Лукашэнка заявіў, што ў нашай краіне заўсёды выконваліся і выконваюцца правы чалавека. І дзеянні Еўрасаюза цалкам неабгрунтаваныя. Мне хацелася ў той момант толькі выйсці хутчэй і распавесці ўсім, што адбываецца. Што ніякіх правоў не было, няма і пры гэтай уладзе ў беларусаў іх ніколі не будзе.

Першая думка палітвязняў, якія трапляюць на ПКТ, пра тое, як яны вызваляцца. Ці вызваляцца яны з ПКТ, або ўсё яшчэ працягнецца з дадаткам да тэрміна па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае парушэнне рэжыму).

Усе хлопцы, якія праходзяць ШІЗА і ПКТ, маюць патрэбу і будуць мець патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Гэта працяглае ўтрыманне без вітамінаў. Чым даўжэй там там сядзіш, тым больш узнікае праблем з нагамі. Ад металічнага кутка на лаўцы пераціскаюцца вены. Я пасля чатырох-пяці месяцаў заўважыў, як у мяне ссінелі вены і пачалі вылазіць новыя павуцінкі вен — напэўна нейкая хвароба. Калі я перакрыкваўся з іншымі хлопцамі, то ў тых, хто ўжо доўга сядзіць, выявіліся тыя ж праблемы. Потым, з часам, пачалі моцна балець суставы. Гэта ўсё моцна адбіваецца на ўсім арганізме, і, вядома, на псіхалагічным здароўі".

У ШІЗА адпраўлялі за інфармацыю пра поспехі ўкраінскага войска на вайне

Як распавядае былы палітвязень, у ШІЗА не адпраўлялі зняволеных за колькасць лістоў, але маглі адправіць за змест лістоў, якія прыходзяць і нават якія прапусціў цэнзар:

"Асабліва так было з інфармацыяй пра вайну. Калі ў лісце напісалі, а ты потым ходзіш па атрадзе і кажаш, якія ўкраінцы малайцы і выйграюць на вайне, або змаглі даць годны адпор рускім, то за такія навіны цябе адразу прыбяруць з жылой зоны".

Не існуе ніводнага палітвязня, які не стаў бы "жоўцікам"

Усіх палітвязняў у калоніі адразу аўтаматычна ставяць на прафілактычны ўлік. Іх некалькі: схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці (жоўтая бірка), схільны да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю (жоўтая бірка), схільны да суіцыду (жоўтая бірка), схільны да ўцёкаў (чырвоная бірка). Віталь адзначае, што на ўлік ставіць спецыяльная камісія, але гэта ўсё фармальнасць. Як распавядае мужчына, жоўтыя біркі на адзенні палітвязняў былі адным са спосабаў у калоніі пазнаць "сваіх".

"Не існуе ніводнага палітвязня, які не стаў бы "жоўцікам" — так мы называлі палітвязняў з жоўтымі біркамі. Калі ты заехаў у калонію па палітычным артыкуле — ты беспярэчна становішся на такой прафілактычны улік. Таму, калі ты бачыш чалавека з жоўтай біркай, то падыходзіш, знаёмішся і гутарыш. Але звычайныя зняволеныя часта дакладвалі на зносіны палітвязняў. Поле гэтага выклікалі ў штаб на допыт. І гэта ўсё магло скончыцца часам паездкай у ШІЗА проста са штаба.

Ну і яшчэ раз паўтаруся: з нядаўняга часу ўвялі жоўтыя трохкутнікі ў "злоснікаў" з надпісам секцыі, якія потым зрываюць. Раней яны былі белымі, а цяпер яны зрабіліся жоўтымі".

Палітвязняў на прамзону амаль не пускаюць

На прамзону палітвязняў практычна не пускаюць:

"Толькі адзінкі з палітычных туды пускаюць. Нас адпраўлялі на працы "на гуму". Зняволеныя там выдзіраюць металічны корд з гумы, якая прывозіцца на прадпрыемства "Белшына". Гэта знаходзіцца не на прамзоне. Згодна з якімі крытэрамі туды адпраўляюць палітычных — я не ведаю. Потым гэтую гуму забіралі і везлі. Паводле іншых зняволеных, частку яе везлі ў бок Украіны, яшчэ з часткі рабілі ментаўскія дубінкі і г. д.

"На гуме" працуюць па дзве гадзіны, а на прамзоне — восем гадзін. Сярод зняволеных адпраўка на прамзону — гэта выдатна, таму што гэта адзіная магчымасць зарабіць. За месяц заробак там складае адзін блок цыгарэт. І простыя зняволеныя гатовыя дзеля яго столькі працаваць. Гэта мяне вельмі дзівіла. Я наогул не бачыў ніякіх перавагаў прамзоны на васьмігадзіннай бясплатнай працы. Але некаторыя казалі, што ім прасцей быць на прамзоне, таму што дзень хутчэй праходзіць і не чапаюць мянты.

Яшчэ з гутарак з тымі, хто працаваў на прамзоне на "швейцы", мне стала вядома, што паступіла замова на пашыў разгрузных камізэлек для вайскоўцаў. Адбылося гэта пасля абвяшчэння вайны Украіне. Пытанне застаецца — для чыіх вайскоўцаў была замова?"

"Мы заўжды толькі за тое, каб чалавек хутчэй выйшаў на волю — і ўсё адно, якім спосабам ты вырвешся адтуль" 

Віталь Жук. Фота з асабістага архіву героя
Віталь Жук. Фота з асабістага архіва героя

У 2021 годзе шмат палітзняволеных і іх сваякоў спадзяваліся на масавае памілаванне. У выніку з сотняў палітвязняў былі памілаваны толькі каля дваццаці чалавек. Віталь распавёў, як да гэтага ставіліся самі вязні ў калоніі: 

"Мы абмяркоўвалі ў калоніі тэму напісання памілавання з іншымі зняволенымі. Мы не можам асуджаць тых палітвязняў, якія напісалі прашэнне на імя Лукашэнкі на памілаванне, таму што жыццёвыя сітуацыі ёсць розныя: у кагосьці ёсць сем'і, у кагосьці дзеці, у кагосьці хворыя бацькі. Мы не ведаем усіх сітуацый чалавека, і гэта асабістая справа кожнага чалавека. Мы заўсёды толькі за тое, каб чалавек хутчэй выйшаў на волю — і ўсё адно, якім спосабам ты вырвешся адтуль (я не маю на ўвазе супрацоўніцтва са штабам). Напісаўшы гэтае памілаванне, ты проста ідзеш на пэўную хітрасць. Але не ўсе падзялялі гэту пазіцыю.

Стаўленне з боку адміністрацыі да людзей, якія падпісалі памілаванне, было ўжо больш лаяльным і менш агрэсіўным. Пісаць на памілаванне ўгаворвалі як самі супрацоўнікі адміністрацыі, так і праз іншых зняволеных. У нас нават сярод палітвязняў былі тыя, хто актыўна агітаваў усіх напісаць на памілаванне — зараблялі балы. У мяне асабіста тры разы пыталіся, ці напісаў я на памілаванне, я адказваў, што не, і калі я зразумеў, што ад мяне не адстануць, то адкрыта сказаў, што пісаць не буду. Калі некаторыя палітвязні ўгаворвалі мяне напісаць на памілаванне, то прасілі мяне, каб, калі я пайду пісаць, то не забыўся сказаць, хто менавіта мне гэта параіў. Вось так зарабляюцца балы. Шчыра кажучы, вельмі сумна за гэтым назіраць. Адміністрацыя калоніі проста ламае тое, што не змаглі зламаць у ІЧУ ці СІЗА".

"Чаго яны дамагаліся? Магчыма, смерці палітычных"

Палітвязень узгадвае і іншыя спосабы ціску да этапу ў калонію:

"Калі я быў асуджаны і мяне этапавалі з Кобрынскага ІЧУ ў СІЗА-6 г. Баранавічы, то ў вагоне мяне перавозілі асобна ад іншых асуджаных.Так з усімі палітычнымі. Едуць усе палітычныя ў кайданках. Прычым так перавозяць яшчэ да суда, нават калі яшчэ няма прысуду і чалавек не на прафуліку.

У ІЧУ яшчэ да майго прысуду мяне будзілі кожныя дзве гадзіны, каб я падыходзіў да "кармушкі" і прадстаўляўся па форме. А ўсе пераходы з камеры да адваката яны суправаджаюць з зашпіленымі ззаду рукамі ў кайданкі, прычым вядуць цябе сагнуўшыся максімальна тварам уніз, а рукі заломліваюць максімальна ўгару. Так робяць толькі з "асобікамі"— людзьмі, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы.

Палітзняволены Сяргей Думава ў судзе ў Віцебску
Палітзняволены Сяргей Думава ў судзе ў Віцебску

Калі мяне перавозілі ў СІЗА-6, то да мяне ў вагоне пасадзілі чалавека, хворага на каранавірус. Ён сам у гэтым прызнаўся. Я бачыў ягоны цяжкі стан. Выявілася, што ён таксама этапуецца ў СІЗА-6 і таксама паводле палітычнага артыкулу. Я зразумеў, што гэта было зроблена наўмысна. У СІЗА-6, праз больш як тыдзень, я вельмі моцна захварэў. Тэмпература была часам пад 40 градусаў, але мяне не лячылі. Забаранялася класціся на спальнае месца. Калі, седзячы на лаўцы, я заплюшчваў вочы, то кантралёры тут жа грукалі ў дзверы і казалі, што мне закінуць парушэнне за сон. Толькі адзін раз я змог прылегчы з дазволу лекара з абеду да вечара. Але я ачуняў. Ужо потым, пабываўшы ў ПК № 2, я дазнаўся, што так рабілі шмат з кім. Чаго яны дамагаліся? Магчыма, смерці палітычных, каб заўсёды можна было ў момант пандэміі спісаць усё на каранавірус і пнеўманію".

"Калі цябе выкідаюць за агароджу, то няма ніякага пачуцця свабоды"

Віталь на волю выйшаў адразу з ПКТ, не трапляючы ў жылую зону. Ён дзеліцца сваімі перажываннямі:

"Калі ты там сядзіш, то марыш толькі пра вызваленне. Ты жывеш толькі пачуццём свабоды. Ты ўяўляеш сустрэчы з маці, жонкай і дзецьмі. Ты шмат фантазуеш і будуеш планы. Але калі прыходзіць дзень вызвалення, калі цябе выкідаюць за агароджу, то няма ніякага пачуцця свабоды. Першае, што я адчуў за варотамі, — гэта пачуццё неабароненасці, небяспекі і параноі. Калі ты паўгода сядзіш у камеры 3,5 на 3,5 метра, а потым ідзеш па горадзе і цябе атачаюць людзі, то я адчуваў жудасны дыскамфорт і паніку. Мне было вельмі цяжка — прысутнасць людзей на мяне вельмі ціснула. 

Віталь Жук пасля вызвалення з калоніі са сваімі дзецьмі. Фота з асабістага архіву героя
Віталь Жук пасля вызвалення з калоніі са сваімі дзецьмі. Фота з асабістага архіва героя

Я ўяўляю, што могуць адчуваць хлопцы, якія ўтрымліваюцца на ПКТ да года. Магчыма, што прасцей тым, каго вязуць на "крытую", бо там па некалькі чалавек у камеры і ёсць зносіны. 24 гадзіны на суткі ты не знаходзішся сам з сабой: ты там не сам-насам са сваімі думкамі, праблемамі і ты можаш пераключаць увагу. Але гэта магчыма. Пра гэта, я думаю, нам распавядуць іншыя. А на ПКТ адмыслова трымаюць у адзіночцы. Ведаю, што некаторыя пасля ПКТ псіхалагічна так і не аднавіліся. У мяне атрымалася перамагчы шматлікія моманты дзякуючы жонцы і дзецям, але пакуль, нажаль, я не ўсяму даю рады".

"Адміністрацыя баіцца, калі пра яе пішуць, — значыць, мы рухаемся ў правільным кірунку"

Як адзначае Віталь Жук, тое, што чалавек не прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, не вызваляе яго ад таго, што ён не зробіцца "злосным парушальнікам рэжыму" з усімі наступствамі. Іх ставяць на прафулік і на іх вешаюцца такія ж жоўтыя біркі, як і на ўсіх асуджаных паводле палітычных матываў. Мужчына разважае, ці трэба апублічваць факты пераследу:

"Асабіста я за тое, каб як мага больш палітычных атрымлівалі гэты статус, каб пра гэтых людзей казалі, іх не забывалі, каб у іншых краінах ведалі праўдзівую карціну, колькі нас сядзіць. Але ў нас моцная сістэма страху і запалохвання. Я лічу, што кожны непрызнаны палітвязень важны. Таму я ўпэўнены, што калі скажу, што ў бабруйскай калоніі знаходзіцца мінімум 150 палітзняволеных, я не памылюся.

Маё меркаванне — трэба казаць пра палітвязняў. Маўчаць нельга. Сама адміністрацыя баіцца, калі пра яе пішуць, — значыць, мы рухаемся ў правільным кірунку. Думаю, што 28 гадоў — занадта вялікі тэрмін, колькі людзі маўчалі. Я прыгадваю словы Юрыя Захаранкі, які казаў, што гэта страшней за фашызм. І я цалкам з гэтым згодзен. Ён ужо ў тыя гады бачыў, куды гэта ўсё рухаецца і да чаго гэта ўсё можа прывесці. І як бы груба гэта ні гучала, мы цяпер атрымліваем тое, што заслужыў беларускі народ, таму што ўсяму віной — нашы маўчанне і страх. І чым больш мы маўчым і баімся, тым усё больш зацягваем гэта. Мы самі дазваляем гэтаму рэжыму кіраваць намі. Таму я лічу, што трэба апублічваць усё і казаць. Так, гэта можа паўплываць на ўмовы ўтрымання зняволеных і лёс іх родных. Але калі ты цяпер прамаўчыш, то потым сядзеш паводле іншага артыкулу. Я думаю, што калі казаць, то казаць усім. І трэба быць гатовым, што можа быць горай. Але калі мы ўзяліся зрынуць гэты рэжым, то мы павінны пайсці на пэўныя ахвяры. Ніколі не было такога, каб людзі зрыналі такую тыранію і не ахвяравалі чымсьці: свабодай, стаўленнем да сябе. Такога проста не бывае. Цяпер ва ўладзе сапраўднае зло, якое будзе рабіць усе спробы, каб цябе растаптаць, знішчыць і адпомсціць усім тваім родным. І можа быць так, што за наша маўчанне будуць расплачвацца нашы дзеці і ўнукі".


Распавесці "Вясне" сваю гісторыю пераследу, пра ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення і іншыя факты парушэння правоў чалавека (можна ананімна) — @spring96info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства