viasna on patreon

Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую асудзілі да 2,5 гадоў калоніі Дапоўнена

2022 2022-01-20T17:57:00+0300 2022-01-21T08:40:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/klaskouskaya_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 19 студзеня пачалі разгляд новай крымінальнай справы супраць палітзняволенай Вольгі Класкоўскай, якую распачалі супраць яе, калі яна ўжо адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі па другой справе. Год таму Вольгу асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, цяпер яе судзяць па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) за каментар у адрас брэсцкага міліцыянта. У судовым працэсе палітзняволеная ўдзельнічаць адмовілася, паколькі "суд над ёй незаконны і несправядлівы" і са словамі "Жыве Беларусь" пакінула пасяджэнне. Вядома, што пракурор папрасіў суд пакараць яе двума з паловай гадамі калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Марыя Аліферук на наступны дзень прызначыла менавіта такое пакаранне, якое запрашвала дзяржабвінавачванне.

Палітзняволеная Вольга Класкоўская
Палітзняволеная Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская абвінавачваецца ў абразе супрацоўніка Ленінскага РАУС Андрэя Хвесюка. Гэты каментар быў змешчаны яшчэ да ейнага арышту, але справу супраць палітзняволенай узбудзілі толькі ў жніўні 2021 года — праз сем месяцаў пасля прысуду па першай справе.

На судзе Вольга адмовілася ўставаць пасля абвяшчэння склада суда і назваць сваё імя і прозвішча. Яна таксама адразу заявіла хадайніцтва аб сваім выдаленні з залы пасяджэнняў і заявіла, што "суд над ёй незаконны і несправядлівы і ўдзельнічаць ў гэтым яна не збіраецца". Паколькі Вольга цвёрда на гэтым настойвала, суд задаволіў яе хадайніцтва. Палітзняволеная пакінула залу судовага пасяджэння пад канвоем з воклікам "Жыве Беларусь". Разам з ёй гэтае пасяджэнне пакінула і яе маці Людміла, якая прыехала ў Брэст падтрымаць сваю дачку.

Як паведаміў потым адвакат, якога Людміла Класкоўская чакала на калідоры, пракурор запрасіў для Вольгі два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. 

"Вольга выглядае бадзёрай і прыстойнай, упэўненай ў сваёй праваце", — распавяла Людміла, якая не бачыла дачку больш за год.

20 студзеня суддзя Марыя Аліферук прызначыла менавіта такое пакаранне, якое запрашвала дзяржабвінавачванне — 2,5 года калоніі.

Нагадаем, раней Вольгу ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі па ч.1 арт. 342 КК за перакрыццё руху транспарту ў мінскай Серабранцы. За ўвесь час у няволі Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцар і ў памяшканне камернага тыпу. Вольга ўжо адбывала пакаранне ў гомельскай калоніі №4, калі супраць яе ўзбудзілі новую крымінальную справу. У СІЗА-7, куды яе этапавалі з калоніі пасля ўзбуджэння крымінальнай справы, яе паставілі адразу на два прафілактычных улікі: як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». У сярэдзіне снежня 2021 года палітзняволеную накіравалі ў Навінкі для псіхіятрычнай экспертызы, дзе яна была тыдзень. Але этап з СІЗА-7 у Брэсце туды і назад быў доўгі — за месяц яна двойчы паспела пабыць у баранавіцкім СІЗА-6 і на «Валадарцы». Гэты шлях сама Вольга, жартуючы, назвала «Калядным турам». Падчас этапу жанчына прастудзілася, але аптымізму не згубіла, бо «пазнаёмілася з новымі людзьмі, даведалася шмат навінаў і нават сустрэлася з ужо знаёмымі палітвязнямі».

У палітзняволенай, якая ўтрымліваецца ў зняволенні больш за год — з кастрычніка 2020 года, пагоршылася здароўе. У снежні Людміла Класкоўская распавядала, што ў Вольгі пагаршаецца зрок: перад вачамі мутна і лётаюць «мошкі». Вольга ўжо пачала лячэнне і п'е вітаміны. З-за дрэнных умоваў утрымання да палітзняволеная вярнуліся старыя хваробы: ацёкі ног, болі ў пазваночніку і ў галаве. 

Падтрымаць Вольгу лістамі салідарнасці:

СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37,

Вольга Аляксандраўна Класкоўская

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства