Вынесеныя прысуды па справе блакавання дарогі ў Серабранцы
22 снежня ў Ленінскім судзе г. Мінска вынесеныя прысуды па справе па блакаванні дарогі ў Серабранцы. Вользе Класкоўскай прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Артуру Булаўскаму і непаўналетняму Максіму Бабічу — два з паловай і тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову ("хатняй хіміі") адпаведна. Хлапцоў вызвалілі з-пад варты ў залі суда.
Крымінальная справа ў адносінах Вольгі Класкоўскай, Максіма Бабіча і Артура Булаўскага была распачатая па ч.1 арт.342 і ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу. Іх абвінавацілі ў перакрыцці руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава ўвечары 13 кастрычніка. У іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў. Вольга Класкоўская і Максім Бабіч прызнаныя палітвязнямі.
Справу разгледзела суддзя Марына Запаснік.
У справе пяцёра пацярпелых. Усе яны не мелі прэтэнзій.
Справа па блакаванні дарогі ў Серабранцы: для Вольгі Класкоўскай запрасілі два гады пазбаўлення волі
У апошнім слове Вольга Класкоўская казала:
«Калi мяне затрымлiвалi, вельмi моцна збiлi. Мне стала вельмi кепска ў мiлiцыi, выклiкалi медыцынскую дапамогу. Мяне адвезлі ў 5-ы шпiталь, дзе дыягнаставалi ЧМТ і страсенне мозгу. Гэта ўсё ёсць у крымiнальнай справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. Пасля таго, як мне было прызначана лячэнне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. Калі я трапiла на Акрэсцiна, а пасля ў Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на заключэнне. У РУУСе я адмовiлася даваць паказанні, мне некалькi разоў пагражалi расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо iншых людзей. Я адмовiлася. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Калi мяне асудзяць па гэтым артыкуле, для мяне гэта будзе вялiкi гонар. Значыцца, маё жыццё было пражыта недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!»