"Гэта парушае правы чалавека". Што вядома па справе затрыманага японца ў Беларусі
Чацвёртага верасня стала вядома, што ў Беларусі затрыманы грамадзянін Японіі Наканісі Масатосі. Японца затрымалі яшчэ ў ліпені 2024, але падрабязнасці яго пераследу распавялі толькі цяпер у сюжэце БТ. Наканісі ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ па абвінавачанні ў "агентурнай дзейнасці" (арт. 358-1 КК). Грамадзяніну Японіі ў Беларусі пагражае да сямі гадоў калоніі. Адразу пасля выхаду сюжэту на БТ Токіа заявіла пратэст у МЗС Беларусі. Генеральны сакратар кабінета міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі заявіў, што змест праграмы парушае правы чалавека. "Вясна" распавядае ўсё, што вядома па справе затрыманага японца.
Пятага верасня БТ выпусціла сюжэт, дзе расказалі, у чым вінавацяць японца. Паводле прапагандыстаў, у 2008-м Масатосі пачаў падарожнічаць па краінах Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у кітайскую ініцыятыву "Адзін пояс — адзін шлях". Рабіў ён гэта, сцвярджаецца, з мэтай разведкі.
Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак агучыў абвінавачванне:
"Знаходзячыся на тэрыторыі нашай краіны, ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару. У прыватнасці, аб беларускай ваеннай інфраструктуры, аб перамяшчэнні войскаў і вайсковай тэхнікі, аб бягучай сітуацыі на паўднёвым напрамку і іншае. Акрамя таго, замежніку разведорганам адпрацоўваліся заданні па вярбовачным вывучэнні беларускіх грамадзян, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў".
У 2016-м Наканісі ва ўкраінскім Купянску прыняў праваслаўе, а ў 2018-м годзе пераехаў у Гомель. Ён ажаніўся з беларускай, пасля развёўся. Наканісі па адукацыі юоыст, выкладаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. У Беларусі адыкрыў фірму "БелНіханІнтэрнэшнл". Але, як сцвярджаюць прапагандыста, усё гэта для прыкрыцця. Бо фірма за час дзейнасці не заключыла ніякіх здзелак і не мела прыбытку, а жыў Масатосі на грошы, якія штомесяц здымаў з японскага рахунку — 1500—2000 рублёў.
Ніканісі, сцвярджаецца ў сюжэце, меў куратара і пастаянна яму даваў справаздачу, неаднаразова позна ўвечары сустракаўся з супрацоўнікам пасольства. Асабліва пасля пачатку вайны ў 2022-м — яго куратара цікавіла, ці працуюць санкцыі, ці затрымліваюць на вуліцах за фоты стратэгічных аб’ектаў, што з цэнамі, расійскімі вайскоўцамі і ўзбраеннем. З Гомеля ён часта ездзіў у населеныя пункты каля ўкраінскай мяжы і фатаграфаваў там. Здымаў транспарт, дарогі, масты, чыгунку, вакзалы, аэрапорт. Зрабіў больш за 9 тысяч фота з беларуска-ўкраінскага памежжа, сцвярджае прапаганда. У сюжэце паказалі кадры з японцам, знятыя схаванай камерай. Справаздачы з Гомеля ў Токіа Масатосі адпраўляў пад псеўданімам "Маса". Як сцвярджаюць на БТ, таксама Наканісі нібыта ездзіў у Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, звязваўся з беларускімі прадпрыемствамі, каб разведаць эканамічную інфармацыю.
Рэакцыя Токіа
У Токіа пацвердзілі, што грамадзянін Японіі быў затрыманы ў Беларусі. Яму аказваецца консульская дапамога, але падрабязнасці па справе не выдаюцца.
"Пасольства Японіі пацвердзіла, што мужчына ва ўзросце 50 гадоў быў затрыманы мясцовымі ўладамі за парушэнне ўнутранага заканадаўства. На консульскай сустрэчы з грамадзянінам мы пераканаліся, што асаблівых праблем са здароўем у яго няма", — паведаміў галоўны сакратар кабінета міністраў Японіі.
Увечары пятага верасня праз амбасаду Токіа заявіў пратэст Мінску пасля выхаду тэлесюжэту аб арыштаваным у Беларусі японцы. У пратэсце, сярод іншага, гаворыцца аб парушэнні правоў затрыманага. Паводле Хаясі, японскі бок лічыць, што змест праграмы парушае правы чалавека.
Галоўны сакратар кабінета міністраў Хаясі Ёсімаса заявіў, што тэлесюжэт выклікаў "крайняе шкадаванне".
"Мы будзем аказваць максімальную падтрымку з пункту гледжання абароны нашых грамадзян".