"Гэта проста карная псіхіятрыя". У якіх умовах утрымліваюць Юрыя Кавалёва ў псіхіятрычнай лякарні
Суд Ваўкавыскага раёна 28 чэрвеня асудзіў палітвязня Юрыя Кавалёва, які мусіў выйсці на волю праз тры дні, за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі" (арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Ініцыятарам узбуджэння справы выступіла адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11, дзе палітвязень адбываў тэрмін за абразу Лукашэнкі. Суд прызначыў яму прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Са жніўня палітвязень знаходзіцца ў псіхіятрычнай лякарні. Знаёмы Кавалёва распавёў "Свабодзе", у якіх умовах утрымліваюць цяпер палітвязня.
У сярэдзіне чэрвеня 2022 года стала вядома, што адміністрацыя ваўкавыскай калоніі ініцыявала супраць жыхара Чачэрску Юрыя Кавалёва ўзбуджэнне крымінальнай справы за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі" (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Паводле гэтага артыкула, палітвязню пагражала да яшчэ аднаго года ў зняволенні. Але, як паведамілі сыну Юрыя ў судзе, яму прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
Такое рашэнне суд мог прыняць па выніках медыцынскай экспертызы пра бессвядомасць Юрыя. Вядома, што ў пачатку красавіка 2022 года Кавалёва часова перавялі ў СІЗА-1 у Мінску, адкуль вазілі на экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя. Але дакладныя вынікі экспертызы невядомыя.
У жніўні Юрыя змясцілі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя мінімум на шэсць месяцаў.
«Яму там надзвычай цяжка. Ён кажа, што нашмат лягчэй было на зоне, і нават у ШІЗА ці ў карцары. Там у шпіталі абвясцілі каранавірус. Тры тыдні Юры ня мог тэлефанаваць. Спатканні скарацілі з 20 да 5 хвілін, і тыя праз шкло. Да ўсяго яшчэ яму колюць страшныя, як па мне, лекі. Я пачытаў — за галаву схапіўся. Баюся за ягоны стан пасля тых лекаў.
На паўгода яго заперлі ў псіхіятрычны шпіталь. Пасля шасці месяцаў кансіліум будзе вырашаць — выздаравеў ён ці не. Калі надта пашанцуе, то ён трапіць яшчэ на тры месяцы на "вольны" шпіталь, псіхіятрычны. Калі не — кансіліум можа працягнуць яму тэрмін прымусовага лячэння. Пры самым "добрым" раскладзе, калі ён трапіць яшчэ на тры месяцы ў "вольны" шпіталь, яму будзе пасля яшчэ нагляд на год. Гэта значыць — аўтаматам забяруць правы кіроўцы, не дазволяць займацца якой-небудзь дзейнасцю, і ён мусіць хадзіць да псіхіятра. Тэрмін прымусовага лекавання могуць працягнуць на столькі, на колькі яны пажадаюць. Гэта проста карная псіхіятрыя», — расказаў знаёмы палітвязня Свабодзе.
ШІЗА, ПКТ і суд па новай справе за тры дні да вызвалення
Юрый Кавалёў — жыхар Чачэрску, які ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе ўдзельнічаў у агітацыі за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую. За некалькі дзён да выбараў ён быў затрыманы міліцыяй і асуджаны на 15 сутак арышту. Пазней Кавалёва яшчэ некалькі разоў адпраўлялі за краты паводле адміністрацыйных справаў за "несанкцыянаваныя пікетаванні": то за сцяг, які вывесіў на доме, то за нашэнне «няправільнай» майкі.
Палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне па новай крымінальнай справе
Юрый быў затрыманы 23 ліпеня 2021 года за тое, што праходзячы медыцынскую вадзіцельскую камісію ў лякарні Чачэрску, назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псіхіятаркі, якая абражала Ціханоўскую. У выніку лекарка паскардзілася на Кавалёва ў міліцыю і супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
22 ліпеня 2021 года суд Буда-Кашалёўскага раёна ў закрытым рэжыме прысудзіў Кавалёву год калоніі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Юрый сваёй віны не прызнаў. Тэрмін палітвязень адбываў у ваўкавыскай калоніі № 11. Вядома, што адміністрацыя калоніі неаднаразова змяшчала Юрыя ў ШІЗА, а потым яго закінулі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На волю Кавалёў мусіў выйсці 1 ліпеня, а 28 чэрвеня над ім адбыўся суд паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці:
РНПЦ псіхічнага здароўя, 220053, г. Мінск, Даўгінаўскі тракт, 152
Юрый Васільевіч Кавалёў