Філосаф, святар, велаактывістка, рэдактар: за кратамі застаецца больш за 40 сталых людзей
Паводле інфармацыі "Вясны", сёння за кратамі знаходзяцца мінімум 42 сталыя чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў. Шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем, ва ўмовах зняволення іх стан імкліва пагаршаецца. Такія ўмовы становіцца вялікім выпрабаваннем для чалавека з добрым здароўем, а для людзей ва ўзросце апынаюцца хіба што не катаваннямі.
У Міжнародны дзень сталых людзей распавядаем некаторыя з іх гісторый.
Найстарэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
74-гадовы Барыс Кучынскі асуджаны да двух гадоў калоніі. Яго затрымалі, калі мужчына быў на агародзе. Па адукацыі Кучынскі эканаміст, грае на трубе, саксафоне, кларнеце, гітары, клавішах. Больш за ўсё яму падабаецца джаз. У лістах на волю мужчына пытаўся ў сям’і, ці падкармілі яны дрэвы, як то рэкамендуюць у інтэрнэце. У мужчыны праблемы са слыхам. Штраф і маральную кампенсацыю, якія яму прысудзілі, вылічваюць з пенсіі.
64-гадовы Уладзімір Гундар быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі паводле некалькіх артыкулаў. Мужчына мае інваліднасць другой групы, бо не мае нагі. Вядома, што яшчэ да суда ўвесь час у зняволенні на Уладзіміра ціснулі: яго змяшчалі ў карцар, а аднойчы падчас этапу прымусілі ісці без мыліц.
Падчас працэсу ён распавёў пра збіванне падчас затрымання. Падчас знаходжання ў карцары Турмы №1 ён стаў дрэнна чуць у апошні дзень тэрміну. Пасля выхаду яго стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова. Пазней стала вядома, што да палітвязня часткова вярнуўся слых пасля агляду і дапамогі лекара. Палітвязень пісаў, што страчаны ў карцары слых да яго вярнуўся, але не цалкам — ён недачувае.
Паведамлялася, што палітвязня трымалі ў адзіночнай камеры. Спачатку яго выводзілі на прагулкі на мыліцах, але потым гэта стала немагчыма: сцерліся гумавыя наканечнікі мыліц, а замяніць іх там не было чым. Сваякі сабралі рэчавую пасылку, але ці дайшла яна, невядома
67-гадовая палітзняволеная Ірына Мельхер перанесла гіпертанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання яна не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакаяльныя. У брэсцкім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, аднак яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла злезці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі. Таму калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль хтосьці прачнецца і дапаможа ёй забрацца назад наверх. У выніку яе асудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі.
Таксама ў зняволенні знаходзіцца 63-гадовая Галіна Дзербыш, якая пакутуе на анкалогію, мае другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам. Яе стан здароўя ў зняволенні пагоршыўся, адразу пасля затрымання яе змяшчалі ў карцар, дзе яна некалькі разоў губляла прытомнасць. Вядома, што неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі наогул. Яе асудзілі да 20 гадоў калоніі.
Да пяці гадоў пазбаўлення волі асудзілі 67-гадовага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, нягледзячы на сталы ўзрост, ён трымаў галадаванне. Падчас яго ў мужчыны знізіўся ціск, нямелі рукі і ногі, адчувалася вялікая стомленасць. У пачатку жніўня 2023 г. у Рэспубліканскай бальніцы палітвязню зрабілі планавую аперацыю, 18 жніўня 2023 г. філосафа перавялі са шпіталя назад у турму.
67-гадовага Мікалая Статкевіча асудзілі да 14 гадоў зняволення. Ён як мінімум тройчы хварэў на ковід падчас зняволення — на гэтым фоне ў яго развілося запаленне лёгкіх.
За кратамі знаходзіцца 72-гадовы палітзняволены пенсіянер Васіль Дземідовіч. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі, пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс "тэрарыстаў". Адзначым, што за апошні год мужчына перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у "сталыпінскім" вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках, закаваных у кайданы. Таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.
64-гадовы святар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў. Вернікі лічаць, што валожынскага пробашча могуць вызваліць пасля суда праз працэдуру памілавання — дзеля таго, каб "хворы чалавек не памёр у турме, каб не было шуму".
60-гадовага Віктара Бабарыку асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі. У зняволенні ён працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Ён увесь час мусіў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30. У лістападзе 2023 года стала вядома, што цяпер палітвязень выпальвае драўняны вугаль. Поўны 9-гадзінавы працоўны дзень 6 дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы, без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Вядома, што Віктар мае медыцынскія супрацьпаказанні для такога кшталту працы.
У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 г. Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Таксама стала вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, калі дакладна гэта адбылося — невядома. Да таго ж паведамлялася, што доўгі час зімой Бабарыка правёў у ШІЗА.
66-гадовага рэдактара “Рэгіянальнай газеты” Аляксандра Манцэвіча асудзілі да чатырох гадоў калоніі. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.
68-гадоваму пенсіянеру з Ляхавіч Барысу Вітко прысудзілі сем гадоў і тры месяцы калоніі і штраф у суме 12 тысяч рублёў. Мужчына мае праблемы з сэрцам, увесь час павінен прымаць лекі. Паводле інфармацыі сукамернікаў, у яго таксама былі інсульты.
65-гадовы мастак Генадзь Драздоў перанёс два інсульты, яго змяшчалі ў ШІЗА зімой 2023 году.
66-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябет, яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі.
68-гадовы Вацлаў Арэшка мае шэраг захворванняў, у тым ліку – праблемы з вачыма, праз якія яму можа пагражаць слепата. Ён асуджаны да васьмі гадоў калоніі.
63-гадовая Святлана Кароль асуджаная да 1,5 гадоў пазбаўлення волі. Яна пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля, былая старшыня абласнога грамадскага аб'яднання "ВелаГомель". Раней Кароль працавала педагогам-арганізатарам. Дома на жанчыну чакаюць маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.
68-гадовую пенсіянерку Наталлю Малец асудзілі да 3,5 гадоў пазбаўлення волі за дапамогу палітвязням.
66-гадовага бізнесоўца Пятра Старацітарава асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за за антываенныя паведамленні, якія абражалі Лукашэнку.
Ірына Такарчук — 64-гадовая маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук. Была затрыманая 23 студзеня 2024 году, падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў. Асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі.