viasna on patreon

Шматдзетную маці Юлію Лаптановіч будуць судзіць трэці раз

2025 2025-01-21T14:14:58+0300 2025-01-21T14:14:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/laptanovichy01.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеная Юлія Лаптановіч утрымліваецца за кратамі больш за тры гады і тры месяцы. Напачатку студзеня да "хатняй хіміі" асудзілі яе маці — Таццяну Васільеву, а муж Юліі Ігар Лаптановіч у 2023 годзе цалкам адбыў пазбаўленне волі. Жанчыну ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных справаў, але цяпер жанчыну зноў чакае суд. Гэтым разам яе абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу пачнуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 27 студзеня, суддзя — Кацярына Груда. Што менавіта ставіцца ў віну Юліі, невядома, піша "Берасцейская Вясна".

Ігар і Юлія Лаптановічы з дзецьмі

Нагадаем, Юлія і яе муж — актывісты з Пружанаў. У сям'і чацвёра непаўнагадовых дзяцей. Юлію і Ігара асудзілі 4 жніўня 2021 года ў Брэсце па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод і спявалі песні, а іх разагналі вадамётам. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію — да трох гадоў «хатняй хіміі». Праз некалькі месяцаў пасля вынясення прысуду, 13 кастрычніка 2021 года, дома ў Юліі прайшоў ператрус, пасля якога яе затрымалі ў межах новай крымінальнай справы.

Як паведамляў Следчы камітэт, падчас допыту Юлія распавяла, што ў сацсетках з ёй звязаўся карыстальнік, які прапанаваў фінансавую падтрымку за прадастаўленне інфармацыі аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі ў дачыненні да яе сям'і крымінальны пераслед. Жанчына пагадзілася праз цяжкае матэрыяльнае становішча, бо выхоўвае траіх непаўнагадовых дзяцей, а муж знаходзіцца ў калоніі. Паведамляецца, што шматдзетная маці выканала ўсе ўмовы суразмоўцы і атрымала грашовы перавод на суму больш за 500 еўра. Акрамя гэтага, на рахунак абвінавачанай пераводзіліся грошы, якія яна перадавала сваім знаёмым у якасці фінансавай дапамогі з-за мяжы. Лаптановіч нібыта перадала інфармацыю аб персанальных дадзеных і дзейнасці службовых асобаў сваёй знаёмай, у якой быў выхад на экстрэмісцкія телеграм-каналы. Усе звесткі былі апублікаваныя, а пацярпелым, як сцвярджае следства, паступалі пагрозы і абразы ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

14 ліпеня 2022 года на судовым пасяджэнні пракурор запрасіў для Юліі пяць гадоў калоніі, а таксама пакараць яе штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў). 

Яе прызналі вінаватай паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 188 (Паклёп); ч. 1 арт. 13 арт. 369 (Стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 1 арт. 389(Стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі); ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 366 (Садзейнічанне да пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы); ч. 3 арт. 203-1(Незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі); ч. 1 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Віктар Сянько вынес прысуд — пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 80 базавых велічыняў (2 650 рублёў). Таксама суд пастанавіў сплаціць 5 000 рублёў маральнай кампенсацыі на карысць аднаго пацярпелага пракурора.

У выніку апеляцыі Вярхоўны суд скараціў ёй тэрмін на тры месяцы — да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў зняволення, а таксама скарацілі суму штрафа амаль на тысячу рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства