viasna on patreon

Пяць пунктаў пра тое, чаму змены ў закон аб масавых мерапрыемствах нічога не мяняюць

2017 2017-10-06T18:00:00+0300 2017-10-09T09:50:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sacyjalnaja_akcyja-svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org

Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org

29 верасня Саветам Міністраў у Палату прадстаўнікоў быў унесены праект “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў”.  

Чаму прапанаваныя змены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах” на практыцы мала чаго зменяць для грамадзянскай супольнасці, тлумачыць юрыст Праваабрончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

1. Паведамляльны характар для правядзення масавага мерапрыемства, але месцы па-ранейшаму вызначаюць улады

У закон дадалі “паведамляльны” характар правядзення масавых мерапрыемствах у месцах вызначаных для іх пастаяннага правядзення мясцовыя органы ўлады. Заяўнік падае пісьмовае паведамленне за 10 дзён да правядзення плануемага мерапрыемства, а мясцовыя ўлады абавязаныя за пяць дзён паведаміць арганізатару, калі правядзенне яго недапушчальна.

Адной з падставаў для адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства з’яўляецца тое, што нехта раней падаў адпаведнае паведамленне на правядзенне ў гэтым месцы. Другой – афармленне пісьмовага паведамлення з парушэннямі патрабаванняў заканадаўства.

У іншых выпадках усе змены па правядзенні масавага мерапрыемства павінны праходзіць па ўзгадненні з арганізатарамі.

Аднак, важна адзначыць, што мы ўсе выдатна ведаем, што за месцы абіраюцца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Фактычна ў кожным раённым цэнтры ёсць пастанова мясцовых органаў улады, дзе напісана, што ў цэнтры горада праводзіць масавыя мерапрыемствы, акрамя дзяржаўных, забаронена, а можна толькі на стадыёне, у парку, у лесе ці яшчэ якім-небудзь аддаленым месцы.

Добра гэта ці дрэнна? У міжнародных стандартах па свабодзе мірных сходаў і выказванні меркаванняў гаворыцца, што сход, пікет, дэманстрацыя павінны адбывацца каля мэтавай аудыторыі, менавіта каля таго месца, дзе ёсць тыя, да каго вы хочаце данесці свой пасыл, выказаць пратэст і г.д. Калі я пікітую мінздраў, то я мушу каля яго стаяць, а не ў нейкім парку. Такое абмежаванне па месцы правядзення нівелюе сэнс свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, робіць яго бессэнсоўным.

Таксама сам факт вызначаных месцаў абмяжоўвае віды масавых мерапрыемстваў, якія могуць быць рэалізаваныя ў паведамляльным парадку: толькі статычныя – пікет, мітынг і сход.  

Па-ранейшаму прадугледжаны і заяўляльны прынцып падачы заяўкі, калі гэта не датычыцца пастаянна вызначаных месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў.

2. Аплата паслугаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі

Па-ранейшаму патрабуецца аплата па  ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі, аднак зараз кошт будзе вызначацца не мясцовымі органамі ўлады, а адзінай пастановай Савету міністраў.

З аднаго боку, добра, што кошты будуць ўніфікаваныя і будзе адзіны падыход, а не кожны раён будзе сам вызначаць, але з іншага боку – сутнастна гэта нічога не змяняе. І тое, пра што мы ўвесь час гаворым – мы не мусім плаціць за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў, а гэта ўваходзіць у пазітыўныя абавязальніцтвы дзяржавы, якая павінна спрыяць правядзенню масавых мерапрыемстваў і аплочваць паслугі па прыборцы, медыцынскім абслугованні і ахове правапарадку з дзяржбюджэту.

 3. Не дапускаецца правядзенне спантанных акцый і контрдэманстрацый

Унесеныя змены ў закон, як і раней, не прадугледжваюць і не дапускаюць правядзення спантанных акцый і контрдэманстрацый, што значна абмяжоўвае грамадзян у іх праве на свабоду мірных сходаў. Гэта значыць, што людзі не могуць своечасова рэагаваць на нейкія змены ў грамадстве і выказваць свае меркаванні ў тым ліку праз мірныя сходы, а павінны чакаць як мінімум 10 дзён для гэтага. Таксама закон прама забараняе правядзенне больш, чым адно масавае мерапрыемства ў адным і тым жа месцы ў адзін і той жа час.

Больш за тое, мы крытыкавалі і крытыкуем, што гэты закон рэгулюе абсалютна розныя па сваёй сутнасці віды масавых мерапрыемстваў. З аднаго боку мы гаворым пра пікеты, шэсці, дэманстрацыі як непасрэдную рэалізацыю свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, з іншага боку - гэты ж закон рэгулюе відавочна мерапрыемствы камерцыйныя: спартовыя, культурныя, відовішчныя. Аднак, гэта зусім розныя рэчы. І тут мы вяртаемся да папярэдняга пункту –  у адным выпадку зразумела, чаму трэба аплочваць расходы на правядзенне мерапрыемства: калі ты праводзіш камерцыйнае мерапрыемства, то ты мусіш заплаціць за ахову, прыборку тэрыторыі, медыцынскую дапамогу. Але калі я праводжу адзіночны пікет, то не зразумела, чаму трэба плаціць за ўсе гэтыя паслугі?

 4. Журналісты павінны быць акрэдытаваныя і абазначаныя, пра назіральнікаў нічога не сказана

Журналістам, якія не акрэдытаваныя ў Беларусі, будзе цяпер вельмі складана асвятляць масавыя мерапрыемствы, бо ў зменах вельмі дакладна сфармулявана, хто можа прысутнічаць з прадстаўнікоў СМІ падчас правядзення масавага мерапрыемства: гэта павінны быць акрэдытаваныя журналісты ў Беларусі, альбо журналісты беларускіх СМІ з дакументамі, які падцвярджае асобу, адпаведнымі журналісцкімі пасведчаннямі і візуальна абазначаныя камізэлькамі, нарукаўнымі павязкамі, бэйджамі.

Што датычыцца незалежных назіральнікаў, то змены ў законе ніякім чынам не закранулі іх прысутнасці і дзейнасці падчас правядзення масавага мерапрыемства. Тэарытычна гэта можа ствараць нейкія цяжкасці для ажыцяўлення назірання, бо ГУУС і раней заяўляў, што пра назіральнікаў у законе нічога не напісана. Але мы настойваем, што назіральнікі маюць права прысутнічаць: яны не ўдзельнічаюць у сходзе, а толькі назіраюць за тым, як ён адбываецца. У тым ліку пра назіранне за масавымі мерапрыемствамі напісана і ў кіруючых прынцыпах АБСЕ па свабодзе мірных сходаў, і гэта недахоп нашага закона, бо трэба, каб там быў прапісаны і такі суб’ект.

 5. Пашырылі кола асобаў, якія падпадаюць пад адміністрацыйную адказнасць 

Змены ўдакладнілі больш падрабязна абавязкі ўдзельнікаў сходаў. Цяпер канкрэтна прапісалі, што нельга “мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую цi iншую зброю, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, іншыя прадметы, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці зброі, ядавiтыя, атрутныя, рэчывы, якія з'едліва пахнуць, лёгкаўзгаральныя рэчывы, вогненебяспечныя і піратэхнічныя рэчывы або вырабы (за выключэннем запалак і кішэнных запальніц), іншыя рэчывы, прадметы, вырабы, у тым ліку самаробнага вырабу, выкарыстанне якіх можа прывесці да задымлення, ўзгарання, а таксама алкагольныя, слабаалкагольныя напоі (або) піва”.

Змены ўнеслі і ў артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе дадалі яшчэ адну частку датычна парушэння парадку арганізацыі масавага мерапрыемства арганізатарамі масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года, а таксама дадалі адказнасць не толькі для арганізатараў і ўдзельнікаў, але для юрыдычных і іншых асобаў.

Распісалі больш падрабязна пра абвесткі праз інтэрнэт. Аднак і раней была практыка такая, што гэта расцэньвалася як парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў, калі праз інтэрнэт распаўсюджваліся заклікі на мерапрыемства без атрымання дазволу для яго правядзення. Цяпер абазначана, што арганізатары могуць апавяшчаць удзельнікаў пра адмову ад правядзення масавага мерапрыемства “ў тым ліку праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт”.

Такім чынам, прапанаваныя змены не набліжаюць закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” да міжнародныхстандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, паколькі ў ім застаюцца істотныя абмежаванні правоў грамадзянаў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства